44. Кіно
44. Кіно
Беларускае партыйнае кіраўніцтва чарговы раз бралася за ўздым сельскай гаспадаркі і ўласнага кінэматографу. На студыю прыйшоў новы дырэктар — дзейны і тактоўны Iосіф Дорскі, беларускімі пісьменьнікамі Куляшовым і Лужаніным «умацавалі» сцэнарны аддзел. Звычайна сцэнары на студыю прыходзілі з Масквы — тыя, што не знаходзілі ўжытку ў сталіцы. Цяпер вырашылі пашукаць дома. Найперш сярод літаратуры. Нехта параіў студыі новую аповесьць Быкава — амаль гатовы сцэнар. Так сказалі і мне. Трэба толькі папрацаваць з рэжысэрам-пастаноўшчыкам, якім ужо прызначаны малады выпускнік ВГIКу Рычард Віктараў. У тых жа Каралішчавічах ладкуецца сэмінар сцэнарыстаў, прыедуць спэцыялісты з Масквы, можна будзе канчаткова зладкаваць і сцэнар. Я ўзяў у рэдакцыі за свой кошт адпачынак і паехаў у Менск.
Кіно для мяне было справай новаю, вопыту ніякога.
Але на студыі было столькі разумных спэцыялістаў, таленавітых рэжысэраў, што толькі слухай і вучыся. Паводле тых парадаў і пад кіраўніцтвам рэжысэра напісаў штось малапрыгоднае ў літаратурным сэнсе, што называлася сцэнарам, а болей нагадвала сумніўны канспэкт празаічнага твору. Пайшлі доўгія шэрагі паседжаньняў, абмеркаваньняў, кансультацыяў, зацьверджаньняў. Пісалася і перапісвалася — спачатку ў Менску, затым у Каралішчавічах. Тут дарадцаў прыбавілася — прыехаў прафэсар ВГIКу Канстанцін Скварцоў, работніца кінаглаўку Бялова ды іншыя. У другім канцы будыніны працавала некалькі кінадакумэнталістаў і сярод іх малады журналіст Мікола Матукоўскі, ладзілі нейкі фільм.
Несумненнай карысьцю таго каралішчавіцкага мерапрыемства была арганізацыя паказу заходніх фільмаў, якіх не было ў нашым пракаце, — «Верыдыяны» Бюнуэля, «Дыктатара» Чапліна, «Дзяцей Райка» Рэнэ Клера або японскага «Рышамона». А таксама некаторых савецкіх фільмаў 20-х гадоў, як напрыклад, «Кацька — бумажны ранэт» ды іншых. Гэтыя фільмы ашаламлялі нашых кінадзеячаў, якія нават не адважваліся параўноўваць зь імі сучасную савецкую кінапрадукцыю. Госьці дужа разумна і эрудзіравана гаварылі пра кіно — нашае і зарубежнае. Кіно, казалі, мастацтва калектыўнае, ніякі самы геніяльны мастак адзін фільм ня зробіць. А паколькі яно яшчэ і дарагое, а грошы дзяржаўныя, дык натуральна, што ў той справе ўдзельнічаюць, апроч студыйнага кіраўніцтва, яшчэ Камітэт па кіно, Галоўны камітэт у Маскве, Саюз кінематаграфістаў. Ну і, вядома, аддзел культуры ЦК КПБ разам з аддзелам прапаганды. I яшчэ — палітупраўленьне вайсковай акругі — карціна ж вайсковая. Неяк мы падлічылі, атрымалася, што каля 60 асобаў маюць права ўмяшацца ў кінапрацэс, нешта забараніць, зьмяніць, запатрабаваць. Што ўвогуле і рабілі, бо кожны хацеў апраўдаць той хлеб, які еў на сваёй хлебнай пасадзе. Пакуль доўжыўся падрыхтоўчы працэс, рэжысэр-пастаноўшчык схуднеў, падобна, пачаў вар’яцець, ня ведаў, на якім сьвеце жыве. Аўтар сцэнару таксама. Просьценькая сцэнка салдацкага побыту ў акопе ператваралася ў прадмет складанага эстэтыка-палітычнага дыспуту — як было, як трэба, як ня трэба і што скажа начальства. Мы перасталі лічыць напісаныя і адкінутыя варыянты сцэнару, спыніліся нарэшце на апошнім, прынятым умоўна. Лета канчалася, зь ім пагражала скончыцца патрэбная для карціны натура, і група нарэшце ад’ехала на здымкі пад Ветку за Гомлю.
Агульнымі высілкамі фільм быў зьняты. Атрымаўся так сабе, шэранькі сераднячок. Здымаўся дапатопнай апаратурай, на бляклую чорна-белую плёнку шосткінскай вытворчасьці. Затое ва ўсіх адносінах правільны: гераічны, патрыятычны. З дадатных герояў можна было браць прыклад, адмоўныя асуджаліся. Ужо пачаўшы здымкі, рэжысэр вырашыў замяніць апэратара, новага ўзяў з Масквы. Можа, ён і меў рацыю. Мой удзел у здымках быў мінімальны. На самым пачатку Віктараў сказаў тактоўна і дабрадушна, як ён гэта ўмеў: «Ты, пісьменьнік, сядзь і сядзі. Сваё ты зрабіў, астатняе — мая справа». Тую разумную параду я запомніў, хоць у наступным не заўсёды карыстаўся ёю. Аб чым ня раз пасьля шкадаваў.