106. Дубянецкі. Адамовіч
106. Дубянецкі. Адамовіч
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» выдала некалькі тамоў майго Збору твораў, Надышла чарга двух апошніх, і я здаў у рэдакцыю рукапіс «Мёртвым не баліць». Гэтая аповесьць асобнаю кніжкай у Беларусі не друкавалася (у Расеі таксама), упамінак пра яе не дазваляўся. За тым пільна сачыў сам куратар савецкай цэнзуры, намесьнік загадчыка ідэалягічнага аддзелу ЦК КПСС таварыш Сеўрук. Калі аднойчы В. Аскоцкі ў прадмове да зборніку маіх аповесьцяў напісаў пра яе некалькі фактаў, увесь тыраж кнігі вярнулі ў друкарню і прымусілі выдзіраць тыя старонкі. Друкарня, выдавецтва і аўтар артыкулу пратэставалі, ды марна. Зьнявечаная кніга пайшла ў продаж.
Але час быццам зьмяніўся. З моманту першай, часопіснай публікацыі аповесьці мінула болей за дваццаць гадоў, і выдавецтва вырашыла, што ў Зборы твораў аповесьць можна надрукаваць. Тым болей, як паведаміў мне дырэктар [выдавецтва «Мастацкая літаратура»] Міхал Хведаравіч Дубянецкі, яна значылася ў каталозе і на кніжнай ярмарцы сабрала нямала кантрактаў. ЦК КПБ у асобе А. Кузьміна таксама не пярэчыў яе выданьню. Рэспубліканскі галоўліт паставіў свой штамп, і рукапіс быў адпраўлены на паліграфкамбінат.
Ды выдаўцы і іх аднадумцы, відаць, не ўлічылі аднаго моманту — пільнасьці ўнутраных сэксотаў. I вось менавіта зь іхняй ініцыятывы ў Менск з маскоўскага галоўліту прыйшоў загад аповесьць Быкава не выдаваць. Дубянецкі паведаміў мне пра тое і раззлаваны сказаў, што ён паслаў у Маскву тэлеграму на імя сакратара ЦК тав. Зімяніна, дзе скардзіцца і пратэстуе. Усё ж і Зімянін, і Сеўрук — нашыя землякі, павінны ж яны паспачуваць сваім людзям.
Бедны і наіўны, нягледзячы на свой партыйны вопыт, Міхал Хведаравіч, на што ён спадзяваўся! Я распавёў яму пра выпадак з вайны, калі адзін з паліцаяў расстрэльваў групу землякоў, сярод якіх быў ягоны стрыечны брат. Паліцай быў добры чалавек і як для брата зрабіў выключэньне — падаслаў яму ў магілку сьвежага хвойнічку. Усё ж брат… Дубянецкі мне не паверыў, сказаў: вось убачыце, яны свой загад адменяць. Трэба пачакаць адказу.
Замест іхняга адказу ён неўзабаве дачакаўся выкліку ў ЦК КПБ, строгай вымовы і ўрэшце — адстаўкі. Пазьней з руплівым заступнікам за беларускую літаратуру здарыўся інфаркт, пасьля якога ён хутка апынуўся на Паўночных могілках. Але тады прыгоды са злашчаснай аповесьцю працягваліся. Паклікаўшы мяне пасьля Дубянецкага, Кузьмін сказаў, што трэба ў аповесьці нешта перарабіць, хаця б для прыліку памяняць словы ці што? Тое дасьць падставу паведаміць у Маскву, што аўтар грунтоўна перапрацаваў твор. Я трохі падзівіўся наіўнасьці Аляксандра Трыфанавіча, але зрабіў так, як ён раіў, — трохі пачысьціў стыль. I праўда, аповесьць у такім выглядзе (надта, дарэчы, зьнявечаным пасьля шматлікіх рэдагаваньняў) і была надрукаваная ў апошнім томе майго Збору твораў. На гэты раз Сеўрук ня мог дамагчыся свайго і адступіў — вырашыў дабраць у іншым.
Завітаўшы да мяне на кватэру, Адамовіч сказаў, што напісаў ліст Гарбачову, прынёс, каб я яго прачытаў. То была скарга генсеку на яго падначаленага Сеўрука, які даўно і нязрушна зрабіўся злым геніем беларускай літаратуры, у прыватнасьці да пісьменьнікаў Быкава і Адамовіча. Далей у лісьце ішоў пералік выпадкаў, калі Сеўрук загадваў рэдактарам і дырэктарам выдавецтваў не друкаваць гэтых літаратараў, зьнімаць са старонак часопісаў іхнія творы, выкідваць артыкулы і нават не пушчаць Адамовіча ў замежныя паездкі, дзе ён павінен быў выступаць з дакладамі. Ты падпішаш? — пытаўся Адамовіч. Я выказаў сумнеў у карысьці такога звароту, сказаў, што ніколі гэтым людзям ня скардзіўся, але падпісаў. Чаго за кампанію ня зробіш?
Доўга з Масквы не было ніякага адказу, затым абодвух падпісантаў нечакана паклікаў Кузьмін. Ён зачытаў нам частку паперы, што атрымаў з апарату ЦК. Там паведамлялася, што з нагоды скаргі двух літаратараў у ЦК КПСС праведзена старанная праверка дзейнасьці тав. Сеўрука В. Н. і што ніводзін факт, прыведзены ў іхнім лісьце, не пацьвердзіўся. Дырэктары выдавецтваў і рэдактары часопісаў паказалі, што тав. Сеўрук не ажыцьцяўляў у адносінах да іх ніякага дыктату, што патрабаваньні да пісацеля Адамовіча былі зроблены па іх асабістай ініцыятыве. У заключэньне сакратару ЦК КПБ загадвалася прыняць меры ўзьдзеяньня да двух беларускіх паклёпнікаў, якія дапусьцілі неадэкватныя выпады супраць адказнага работніка ЦК КПСС. Адамовіч слухаў усё тое, і ягоны твар браўся чырвонымі плямамі, я ж адчуваў зласьлівую радасьць за сябра — будзеш ведаць, як скардзіцца! Прачытаўшы, Кузьмін таксама заўсьміхаўся — ну што мне з вамі рабіць? Былі б члены партыі — паставіў бы пытаньне аб выключэньні, а так… Перадам у прафсаюзную арганізацыю, сказаў ён і шчыра засьмяяўся. Мы сумна засьмяяліся разам.
Ня ведаю, ці пісаў што яшчэ Адамовіч у ЦК, я на тую гісторыю амаль забыўся. Але як бы то ні было, Сеўрук усё ж вылецеў з ЦК і апынуўся… намесьнікам галоўнага ў «Известиях». Пасьля працаваў яшчэ недзе, аж покуль ня стаў давераным дарадцам прэзыдэнта РБ. З чым абодвум — нашае зь нябожчыкам [Алесем Адамовічам] віншаваньне!