87. Парыж

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

87. Парыж

Газэта французкіх камуністаў «Юманітэ» ладзіла свой штогадовы фэст і запрашала гасьцей. Пэўная дэлегацыя павінна была прыехаць і ад КПСС, але сталася так, што адносіны між дзьвюма кампартыямі раптам пагоршыліся. Дэлегацыю з Масквы скарацілі да пяці чалавек, а пасьля да двух. А перад яе ад’ездам вырашылі не пасылаць у Парыж камуністаў. Такім чынам, ад усёй дэлегацыі застаўся адзін беспартыйны Быкаў. Якраз напярэдадні ў мяне выйшла там кніжка «Сотнікаў», што, мабыць, і сталася прычынай пэўнага выбару на паездку. Прысутнасьць беспартыйнага аўтара на фэсьце ў тых умовах не магла чапляць ні адзін, ні другі бок.

Перад адлётам у Міністэрстве замежных спраў належала атрымаць дакумэнты, прайсьці нейкі інструктаж. Дакумэнты далі, а інструктажу я так і не дачакаўся, паляцеў бяз пэўных абавязкаў і пэўнай мэты. У аэрапорце Орлі мяне спаткалі два работнікі гандлёвага прадстаўніцтва, да аднаго зь якіх, Уладзімера, і завезьлі на кватэру. Далей Уладзімер мной і апекаваўся — вадзіў па горадзе, паказваў — Трыумфальную арку, Эйфелеву вежу, палац Шайё на Трыкадэра. Па дарозе зайшлі ў невялічкае кафэ — бістро, дзе выпілі па фужэру піва. Французскае піва я смакаваў першы раз, і яно мяне ўразіла. Пасьля памыйнага «Жыгулёўскага» тое сапраўды было, нібы боскі нэктар. На што-небудзь болей грунтоўнае ў мяне не было грошай, а мой гаспадар, мяркуючы па ўсім, пачуваўся дужа ашчадна, — зьбіраў на каапэратыўную кватэру ў Маскве. Але, як сказаў Уладзімер, мабыць, каб суцешыць госьця, пачастуемся заўтра на фэсьце.

Назаўтра выправіліся ў прыгарадны парк, дзе ладзіўся фэст. Тут сапраўды раскашавала стыхія сьвята, якога я ніколі ня бачыў. У вялізным парку між дрэў стаялі сотні вялікіх і малых палатак-шопаў, у якіх лілася, віравала і смажылася розная смаката. Тысячы людзей, пераважна маладога ўзросту, з усяе Францыі балявалі тут з учарашняга дня — праз усю ноч, месьцячыся ў сваіх усюды і абыяк расстаўленых палатках. Афіцыйная частка з выступам генсека Маршэ чакалася заўтра, а сёньня — адпачынак і зноў баляваньне. Недзе, таксама ў шапіку, павінны былі прадаваць маю кніжку, толькі што выдрукаваную выдавецтвам «Альбін Мішэль». Мы доўга блукалі ў гандлёвых джунглях, пакуль нарэшце знайшлі той шоп. Сярод мноства іншых кніжак і пакункаў ляжалі і пакункі з «Сотнікавым». Але іх чамусь не чапалі, — чакалі кагось з функцыянэраў кампартыі. Як той прыехаў, адразу далі яму маю кніжку. Функцыянэр паглыбіўся ў прадмову, прачытаўшы якую, штось буркнуў і зьехаў. Усе пакункі пачалі загружаць назад у аўто, каб кудысь везьці. Я не разумеў, што адбываецца. Мой гаспадар сказаў: пойдзем, пасьля раскажу.

Як мы адышліся ад кніжных гандляроў, ён распавёў, што здарыўся недагляд. Прадмову да кніжкі напісаў Жан Катала, журналіст і дыплямат, які перастаў быць прыхільнікам кампартыі і пачаў крытыкаваць Маршэ. Таму ФКП ня хоча, каб кніжку зь ягонай прамовай прадавалі на фэсьце «Юманітэ». Я тую навіну прыняў спакойна — ня хочуць, хай не прадаюць, мне менш клопату. Усё роўна мне не заплоцяць, мабыць, мой ганарар пайшоў ужо на патрэбы замежнага аддзелу КПСС. (Колькі пасьля ў Францыі выдавалі мае кніжкі, ганарары заўсёды прысвойваліся Масквой. Толькі апошні раз, у гады «незалежнасьці», аташэ па культуры прывёз мне ў Менск трохі франкаў.)

Мы кудысьці ішлі між вясёлага, гаманкога, яўна п’янаватага людзкога мурашніку, што віраваў у дыме ад шашлыкоў, смажаных індычак, каўбас і процьмы іншае гарачае смакаты. Уладзімер напаткаў кагось вялікага і вусатага, які абрынуўся на нас з пачосткай, асабліва як дазнаўся, што я з Масквы. Ад яго перайшлі да іншых, а затым далей і яшчэ. Там давялося пакаштаваць шампанскага з далінаў Шампані, каньяку з гораду Каньяк. Побач ва ўсім гэтым вялізным парку жвава частаваліся і французы — камуністы і некамуністы, белыя і чорныя, хлопцы і кабеты. У канцы дня мы ледзьве дабрылі да ўскраіны Булонскага лесу, дзе асталявалася жыхарства савецкай гандлёвай місіі.

На другі дзень, як мы туды прыехалі, народу бачна паменела. Усе алеі, праходы былі закіданы бутэлькамі, піўнымі бляшанкамі, паперай ад упаковак, газэтным клоччам, нейкім рызьзём ці бялізнай. Сярод таго хламу мой гаспадар нагледзеў і падняў кімсь кінуты білет члена ФКП. Пабалявалі і ўжо стаў непатрэбны, а спатрэбіцца — зноў уступіць, сказаў Уладзімер. Тут з гэтым няма праблемаў. Народу паболела пад абед, як на подыуме летняй сцэны паявілася начальства і сярод яго — камлюкаваты, чорнавалосы генсэк Жорж Маршэ. Ён пачаў прамову, якая доўжылася ці ня дзьве гадзіны. Перад ім хвалявалася мора людзей. Газэты пісалі, што на мітынгу было каля мільёну чалавек. Toe падобна на праўду.

Трэці дзень меркавалася грунтоўна агледзець Парыж, схадзіць у музэі. Ды раптам зранку паявіўся малады калега Уладзімера, які езьдзіў на машыне, сказаў, што мяне клічуць у ЦК ФКП. Чакае сакратар па ідэалёгіі.

Уваход у бэтонна-казематны будынак ЦК быў з аховай — жандараў і каравульшчыкаў ва ўніформе, якія кудысь званілі, націскалі кнопкі, дзьверы-вароты расчыняліся, нібы глытаючы нас, двух прахожых. Пасьля доўга ішлі калідорам, сьцены якога мелі выгляд няскончанай будоўлі — быццам зь іх толькі зьнялі апалубку. Мабыць, гэта быў такі мадэрнова-марксісцкі стыль архітэктурнага прымітывізму. Затое кабінэт сакратара ЦК меў даволі ўтульны выгляд. Немалады ўжо, чарнаваты чалавек з худым і нэрвовым тварам, здаецца, ні пра што не папытаўшы ў мяне, адразу пачаў маналёг, які скончыў толькі ў канцы прыёму. Перакладчык меў магчымасьць пераказаць хіба яго палову, зь якой я мала што зразумеў. Я заўважыў толькі выраз, які паўтарыўся колькі разоў: перадайце Міхаілу Андрэевічу… Якому Міхаілу Андрэевічу? Нашаму мастаку Савіцкаму? I толькі напрыканцы сьцяміў, што сакратар ЦК ФКП меў на ўвазе свайго калегу ў Маскве — таварыша Суслава. Але пры чым тут я? Што, я з Суславым п’ю ранкам гарбату?

Пра тое, аднак, я здагадаўся ў канцы прыёму, калі тэмперамэнтны француз устаў і зусім па-сяброўску працяг мне руку. Орэвуар? Гуд бай? Аўфідэрзэен? — Да пабачэньня! — адказаў я выразам, які ён наўрад ці калі тут чуў.

З ЦК паехалі ўжо з новым гідам-перакладчыкам, ім аказаўся французскі камуніст, колішні малдаўскі яўрэй. Ён распавёў, як шмат год быў прэзыдэнтам розных фірмаў, што належалі ФКП, зарабляў для партыі грошы. Шмат грошай! А цяпер ён бядняк, пэнсія малая, большай у кампартыі не заслужыў. Працоўнаму люду ў Францыі наогул жыць цяжка, цэны высокія, а заробкі малыя. У крамах поўна тавараў, але крамы пустыя — у пакупнікоў няма грошай. Я сказаў тады, што і ў нас таксама: грошай зашмат, а тавараў пуста. Тут мы з вамі зраўняліся. Гідукамуністу тое маё параўнаньне ня надта спадабалася.

Далей гід звазіў мяне ў новы раён Парыжу Дэ-манш зь яго мадэрнова-шкляной архітэктурай, паказаў парлямант, знакаміты Дом Iнвалідаў, дзе пахаваны Напалеон. Завіталі і ў Булонскі лес, сярод дрэваў там блукалі наркаманы і на лаўках спалі клашары. Па дарозе заехалі на Манпарнас, у знакаміты рэстаран мастацтвазнаўцы Льва Дамініка, які трымаў расейскую кухню і пачаставаў гасьцей сапраўднай расейскай гарэлкай. Яна была ў цёмнай бутэльцы з чырвонай сургучнай галоўкай. Непадалёк захавалася арка, колішнія гарадзкія вароты, медная табліца на якіх распавядала, што адсюль у 1791 годзе пачалася Вялікая Французская рэвалюцыя, пасьля таго як улады забаранілі прывозіць у Парыж віно. (А мы прывыклі думаць, што тая рэвалюцыя мела іншую прычыну. Як усё ж важна дапяцца да першакрыніцаў!) Увечары французская кампартыя прэзэнтавала «маскоўскаму госьцю» спэктакль у знакамітай Myлен руж. Седзячы за маленькім, як і ўсюды, столікам, я зь цікавасьцю разглядваў голых прыгажунь у акварыюме на сцэне, як яны там куляліся і скакалі. Бы сапраўдныя русалкі. Iх гульню камэнтаваў зь вялізнага экрану прэзыдэнт Францыі Жыскар д’Эстэн, а японскія турысты дружна пляскалі ў ладкі.

Ці ня ўвесь свой апошні дзень у Парыжы праблукаў па боскіх анфіладах Луўра, дзе ўрэшце закружылася галава і пачалі падкошвацца ногі. Мабыць, як нельга зашмат піць гарэлкі ці есьці смакаты, так нельга за адзін дзень спажыць тое, што напрацавана культурай не аднаго стагодзьдзя. Тым болей знанай і працавітай бабуляй — эўрапейскай культурай. На Луўр ня хопіць ні дня, ні тыдня, ні месяца. У ім трэба жыць гады, можа, нават жыцьцё. Але нашае жыцьцё належыць іншаму, — на вялікі, спазьнелы жаль…

У Лацінскім квартале яшчэ можна было згледзець сьляды нядаўніх маладзёвых падзей, сутычак з паліцыяй, клочча праклямацыяў на сьценах. Матыў адчужэньня гучаў у студэнцкіх выступах, натхнёных радыкальнымі заклікамі сваіх агітатараў, сярод якіх былі славутыя дзеячы эўрапейскай культуры. Рэжысёр Антаніёні, філёзаф Кон-Бендыт клікалі маладых цалкам спустошыцца, вытрасьці зь сябе ўсё, што засталося, каб яно ня труціла новае, што зацеплілася ў іхніх душах. Суладна зь ім вяшчаў французскі камуніст Ражэ Гародзі наконт таго, каб наймацней выказаць аспэкт адчужанасьці, нават не вызначаючы яго прычыны. Тое здавалася празьмерна рэвалюцыйным, хаця ў таго ж Гародзі былі і слушныя выказваньні, напрыклад, супраць эпічнага раману, які здаўна культываваўся ў літаратуры сацрэалізму. Я прыпамятаў, што ў гэтым сэнсе зь ім быў згодны Твардоўскі ды іншыя «навамірцы», якія даўно аддавалі перавагу кароткай аповесьці.

Пасьля мне не аднойчы шчасьціла наведаць Парыж, першасная сьвежасьць адчуваньня памалу страчвалася. Але ў той першы раз я быў ап’янёны ад ягоных палацаў, шыкоўных бульвараў са старымі вузлаватымі дрэвамі, вузенькіх вуліцаў, цесных кафэ з маленькімі столікамі на тратуарах. Жвавая лёгкасьць французаў і прыветная ўсьмешыстасьць парыжанак вабілі і зачароўвалі. Ну а знакаміты МаннМартр быў як дакор нам, што не ўбераглі свайго хараства, для якога ня трэба было ні шмат грошай, ні вялікіх высілкаў. Толькі трошкі павагі да сябе і ўласнай культуры. Калі б ня войны, не рэвалюцыйнае ачмурэньне, чымсьці падобным да Манн-Мартру ў нас маглі б стаць шмат якія гарадкі зь іх старажытнасьцямі (Полацак, Віцебск, Наваградак), касьцёлаў ды цэркваў там хапала, таксама як вузенькіх вулічак і зграбных фасадаў. Ну а мастакоў у нас заўжды было ня менш, чым у Парыжы. Праўда, мы іх не шанавалі, мы ім выкручвалі рукі, змушаючы рабіць тое, што яны не хацелі рабіць. Шагал зьехаў ад нас сюды, у гэтую мастакоўскую мекку, і сусьветнай славы дасягнуў тут, а ня ў нас. У нас яго ўпарта не прызнавалі, нават у васьмідзясятыя гады савецкая ўлада з дапамогай афіцыёзных мастакоў паклёпнічала на яго, бо ён ня наш, не камуніст, буржуазны мастак, да таго ж яўрэй.

Так, ня наш! Шагал належыць Сусьвету, да якога, на жаль, ніяк не пагаджаемся належаць мы. Бо мы — ці ня боскае пракляцьце найперш за нашу дурноту.

Невясёлыя думкі-развагі апаноўвалі мяне ў небе над Эўропай, па шляху назад, і я запісаў у сваім нататніку вешчыя словы вялікага француза: «Я пра[цягваю] думаць, што ў гэтым сьвеце няма вышэйшага сэнсу. Але я ведаю, што нешта ў ім усё ж мае сэнс. Альбер Камю…».