11. Фронт. Кашара. Севярынка
11. Фронт. Кашара. Севярынка
Увосень 43-га прысвоілі званьне малодшага лейтэнанта. Пагоны выдалі залатыя, на якія кожны з выпускнікоў прышпіліў па адной маленькай зорачцы. Атрымалася даволі прыгожа, пайшлі сфатаграфавацца. Ды атрымаць фота не пасьпелі — ноччу ўсіх паднялі для адпраўкі на станцыю, дзе ў тупіку стаялі пустыя таварныя вагоны. Праўда, з жалезнымі печкамі, і то добра.
Ехаць давялося доўга, месцы ў вагонах абсталёўвалі самі — цягалі на станцыях дошкі для нараў. Прадукты атрымалі мукой, па кіляграму на чалавека, з тае мукі пяклі на печках ляпёшкі, якімі і харчаваліся ўсю дарогу.
А тыя прыгожыя пагоны ніяк нам не паслужылі. У дывізіі, куды ўрэшце прыйшлі, начальнік штабу сказаў проста: «Зьняць! Тут вам не парад». Зьнялі, але палявых не атрымалі і пайшлі ў бой беспагоннымі. Я да зімы хадзіўбегаў у шынялі без пагонаў, трымаючы залатыя ў сумцы. Пасьля старшына роты зьняў з забітага артылерыста зялёныя, якія ці не паўгоду давялося насіць на сваіх юначых плячох.
Фронт пачынаўся з Дняпра, на ўжо адбітых пад той час пляцдармах. Так што пашэньціла — фарсіраваць Дняпро не давялося. Але і за Дняпром хапіла пекла, у якое мы трапілі. Найперш няўдалае наступленьне на Крывы Рог, адкуль нас турнулі немцы. Кілямэтраў 60 нашая пяхота і танкі адступалі на поўнач. Пасьля, трохі перадыхнуўшы, завязалі баі за Александрыю і Знаменку…
Я быў у звычайным стралковым палку камандзірам узводу. Пачалася зіма, сьцюжа, хоць і не такая, як на Волзе. Сёлы ўсе разьбітыя, баі за кожны пагорак, за кожную балку… Ахвяры страшэнныя. Пяхоту выбівалі спрэс.
Страты былі аграмадныя. Трапіўшы ў стэпе пад кулямётны агонь, рота за гадзіну ці не палову байцоў пакідала на сьнезе. Або ў кукурузе. Ці на краі сланечнікавага будыльля. Іншага сховішча тут не надаралася. Падалі забітыя, не ўставалі параненыя. Кідацца ратаваць каго не выпадала, тое было справай санінструктараў, калі яны яшчэ ўцалелі. Лёгкапараненыя ратавалі сябе самі — паўзьлі ў тыл. Суправаджаць іх ніхто ня меў права, тое забаранялася статутам і ўважалася як ухіленьне ад бою. Шмат якія параненыя, калі не маглі самі выпаўзьці, апыналіся параненымі другі раз, а то і забітымі. Мой сяржант, паранены ў сьцягно, перш чым паўзьці ў тыл, захацеў закурыць і счакаў, пакуль хлопцы прыпаляць яму цыгарку. Ды дачакаўся асколка ў жывот. Ня ведаю, ці давезьлі яго да санчасткі…
Хаваць сваіх забітых нам не даводзілася, звычайна кожнага пакідалі на тым месцы, дзе яго напаткала сьмерць. Не было калі і не было як пад агнём, а пад агнём мы былі заўсёды. Ці кулямётным, ці мінамётным, ці пад абодвума разам. Старэйшыя камандзіры ўсё гналі пяхоту «ўпярод і ўпярод!». Забітых хавалі пасьля, у тыле, пра тое дбалі адмысловыя «пахаронныя каманды». Дзе-небудзь у сяле ці ля дарогі яны капалі братнія магілы, звозілі са стэпу трупы. Распраналі, вымалі з кішанёў дакумэнты, зьбіралі на сьнезе зброю. Працы ў іх было шмат, таму ня надта глядзелі на тое, труп перад імі ці яшчэ жывы. «У яме дойдзе, — казалі. — А валёнкі спатрэбяцца. Шынялі таксама»… Сьпісы на забітых складалі ў штабе, там жа адзначалі, дзе хто пахаваны. Але тое зусім ня значыць, што ў пэўнай магіле пахаваны пералічаныя асобы. Яны маглі быць пахаваны ў іншай, як і ў гэтай пахаваны зусім іншыя, чым тыя, што пазначаныя ў штабных сьпісах.
Звычайна ўдзень вялі бой за сяло (а сёлы ж на Украіне вялікія), пад вечар выбілі, немцы пайшлі. Але ж мы ў сяле ня спынімся, трэба ж гнаць немцаў, пакуль яны адступаюць. Хіба забяжыш, схопіш дзе кавалак хлеба, калі ён ёсьць, якая цётка дасьць цёплага бурака, і — зноў у поле. Зноў бой і агонь — выбухі мін, танкавыя стрэлы з абодвух бакоў. I крыкі начальства, мат-перамат — асабіста і па тэлефоне. Аж пакуль немцы ня спыняцца ў суседнім сяле. Тады і мы спыняемся ў полі.
Ад бяссоньня і стомы стан увесь час быў блізкі да поўнай абыякавасьці. Пад агнём не хацелася акопвацца ці хавацца. Заб’е — ну і чорт зь ім. Абы хутчэй, менш пакутаваць. Куды болей, чым страх, дацінала сьцюжа. У стэпе, ноччу. Заснуць, аднак, не было як, — мароз змушаў калаціцца, дрыжэць, стукаць нагамі. Хоць бы лежачы ў сьнезе. Той стан перапынялі толькі каманды ды мацюкі камандзіраў. Ды калі блізкі, ва ўпор, абстрэл. Ці мінамётны агонь. Тады на кароткі час ахопліваў спалох. А затым — зноў стома і абыякавасьць да ўсяго.
Зіма на Украіне, можа, і не такая лютая, як у Расеі, але таксама сьцюдзёная — са сьнегам і вятрамі, асабліва ў раўнінным стэпе. Апрануты я быў у тое, што нам выдалі ў вучылішчы — шынэлак, кірзовыя боты, шапка. У палку атрымаў толькі трохпалыя рукавіцы і аўчынную камізэльку, якая ўвогуле мяне ратавала. Тым болей, што тыднямі днявалі і начавалі ў полі. Каскі я не надзяваў. Аднойчы надзеў на шапку, але яна дрэнна трымалася там, і мой памкамузвода, сталы сяржант, кажа: «Што карысьці зь яе! Кідай к чортавай матары…» Перад тым на краі кукурузнага поля забіла нашага самага маладога ва ўзводзе байца — куля трапіла ў каску, калі той ляжаў у ланцугу, і прабіла яе наскрозь. Як увайшлі ў сяло, дзе пад вербамі ляжала некалькі забітых немцаў у касках, усё той жа памкамузводу па чарзе стрэліў кожнаму ў голаў, і ўсе каскі аказаліся прабітыя. Дык я і кінуў у сьнег сваю. Адразу стала спрытней, і я не пашкадаваў ні разу. З салдатаў таксама мала хто насіў каску — хіба самыя абачлівыя. I я ня чуў, каб яна каго ўратавала. Асабліва ў наступу.
Там у першым баі загінуў мой сябра Коля Перажны, зь якім мы ў адным узводзе вучыліся ў Саратаве. Як нас разьмяркоўвалі па часьцях у Ануфрыеўцы, ён усё наракаў, што не далі пісталетаў, якія належалі камандзірам узводаў. Тады сказалі — там атрымаеце. Коля так і не дачакаўся свайго ТТ, раней атрымаў кулю ў сэрца. Другому сябру, Валодзю Леўчуку, пашэньціла болей — ён дайшоў да Бугу, дзе на пераправе быў цяжка паранены. Болей на фронт ня трапіў, жыцьцё дажываў кульгавым інвалідам-франтавіком.
Мяне ж пакуль што кулі і снарады міналі, толькі аднойчы марознаю ноччу ў стэпе згубіў рукавіцы і добра прымарозіў рукі. Але ў тым сам вінаваты. З абмаражэньнямі да дактароў лепей было не зьвяртацца, тое нярэдка ўважалася як знарок і суседзіла з трыбуналам.
Мой першы бой у якасьці камандзіра ўзвода ня надта запомніўся. Помню толькі, як ротны, нейкі камлюкаваты, цывільнага выгляду чалавек у паўшубку, гнаў салдатаў і мяне разам праз шырокае поле кукурузы, пакуль мы ня трапілі пад агонь.
Залеглі. Пасьля ішлі зноў. Ноччу ішлі ў батальённай калёне. Зранку і ўвесь дзень нас жахліва бамбілі нямецкія самалёты, і мы то разьбягаліся па стэпе, то зноў зьбіраліся на дарозе. Неяк спыніліся на краі сяла ў пустой аборы, ротны сказаў, што трохі адпачнем і будзем атакоўваць кашару за дарогай. I толькі я задрамаў у кутку на саломе, як усчалося бамбаваньне, трэба было вымятацца ў стэп — пад агонь з-за дарогі. Ротны застаўся ў аборы, дзе яго і забіла пры другім налёце «юнкерсаў». З камандзіраў у роце я застаўся апошні, таму да мяне і прыбег намесьнік камандзіра палку — наступаць, такую тваю маць! Пайшлі наступаць — ланцугом па полі да кашары. На гэты раз нам пашэнціла, агню не было, мы дабрылі да развалюхі-кашары, дзе не знайшлі нікога, немцы вымеліся. Каб чаго ня сталася, я паслаў у тыл аднаго сяржанта далажыць, што кашара ўзята. Як высьветлілася пасьля, таго няварта было рабіць. Сяржант вярнуўся і сказаў, што камандзір палку аб’яўляе мне падзяку. Што ж, добра. Мы залеглі за кашарай у сьнезе, згаладнелыя, замерзлыя. I мой памкамузводу кажа: а давайце ў кашару, трохі пагрэемся. Тым болей, што салдаты дзесь раздабылі тэрмас шнапсу. Акурат для сугрэву.
Пагрэцца, аднак, не пасьпелі, як зь недалёкай кукурузы выпаўзьлі тры бронетранспарцёры і адкрылі па кашары шквальны агонь. Мае паўскоквалі і без усялякай на тое каманды сыпанулі назад, да дарогі. За імі дзе паўзком, а дзе подбегам рушыў і іх няхуцавы камандзір. Там пад абстрэлам даседзелі да ночы. А як сьцямнела, на дарогу прыбег намесьнік камандзіра палку, які тут жа паабяцаў мяне расстраляць, калі я да ранку не вярну страчаную кашару. Аказваецца, ён ужо далажыў пра яе ў дывізію, а яна зноў апынулася ў немцаў. Становішча маё было такое, што горш не прыдумаеш. Ля кашары стаяць тры бронетранспарцёры, а ў мяне засталося якіх пятнаццаць салдатаў. Як яе ўзяць?
Аднак мусіў браць. Уначы пры бліскучай поўні пайшлі, ды хутка вярнуліся зноў: немцы не падпусьцілі і да паловы поля. Стаў чакаць ранку і свайго прысуду. Але за той час штось сталася на фланзе — страляніна, крыкі. Хутка адтуль бяжыць аўтаматчык, — на штаб напала нямецкая разьведка, намкампалку патрабуе, каб усе мы — неадкладна туды, на дапамогу. Пабеглі на дапамогу, ды спазьніліся. Немцы ўжо вымеліся, а намкампалку забіты. Уранку ля школы два маіх салдаты капалі яму магілу. А да нас у роту прыйшоў новы камандзір лейтэнант Міргарад, зь якім я праваяваў да калядаў. Нейкім чынам той выпадак адбіўся ў напісаным праз дваццаць гадоў апавяданьні «Ранак-сьвітанак».
На стэпавай роўнядзі ваяваць было цяжка, схавацца ад кулямётнага агню не было як. Ды й ад мінамётнага таксама. Адзіным укрыцьцём служылі няўбраныя ўлетку кукурузныя палеткі ды адзінокія сьцірты ў стэпе. Але апошнія часьцей за ўсё былі здрадніцкім зманам, бо немцы здалёк бачылі, а болей ведалі, што за імі заўсёды хаваліся, і старанна абстрэльвалі іх. А іх выбіралі для схову ад агню і ветру тыя, што былі трохі ў тыле: санітары з параненымі, абозьнікі, камандзіры. Там яны часьцей за ўсё і гінулі — у тыле пяхотных ланцугоў. У той час, як у ланцугу было часам схоўней.
З баямі мы займалі вялікія і малыя сёлы, ішлі далей. А ў гэты час ззаду, у занятых сёлах пачыналі дзейнічаць тылавыя службы, штабы і палявыя ваенкаматы. Гэтыя зьбіралі ўсіх, хто там сядзеў з 41-га. Такіх набіралася нават зашмат, — партызанаў жа там не было, усе дома. Найперш зьбяруць у стэпе вінтоўкі, што засталіся каля забітых-параненых. Забітых яшчэ не пахавалі, а іхнімі вінтоўкамі ўжо ўзбройваюць прызыўнікоў. Абмундзіроўкі няма, і яны так, у хатняй апратцы, зь «сідарамі» за сьпінай ідуць у ланцуг — атакаваць суседняе сяло. Няшмат, аднак, даходзіць да таго сяла. Тады пачынаецца ўсё спачатку.
З камандзірамі тое ж самае, кадравых мала. У нас у роце было толькі два афіцэры — я і камандзір роты. Тады людзей на ўзводы нават не дзялілі, не было каго. Добра, калі пісар пасьпее перапісаць прозьвішчы, а то ідуць безыменнымі. I гінуць. Таму столькі ў нас цяпер «неизвестных солдат», «пропавших без вести». Такі быў улік. У пяхоце не было ніякага ўліку. Во кулямёты ўлічвалі, гарматы, танкі. Нават снарады начальства лічыла, бо за іх адказнасьць мела. А за людзей адказваў адзін Гасподзь Бог…
Новы, 1944 год сустрэў пад сьціртай у засьнежаным полі. Як пацямнела, бой стаў сьціхаць, — немцы таксама хацелі сустрэць навагодзьдзе. Старшына прынёс вячэру — пярловы суп. Той, хоць і пляскаўся ў тэрмасе, але даўно прастыў і быў сьцюдзёны. Хлеб дык і наогул зьмерзлы — секлі нямецкім штыхом. Але нам, тром афіцэрам, менавіта пад новы год выдалі доппаёк — па жмені сухога пячэньня і баначку шпротаў на трох. Жуючы з кішаня тое пячэньне, я і задрамаў пад сьціртай, не дачакаўшыся запаветнага часу зьмены году.
А недзе на золку паднялі — батальён рушыў у наступ.
Немцы джгалі трасіруючымі зь недалёкага сяла, адкуль іх належала выбіць. На той раз ня выбілі — залеглі ў голым полі.
Звычайна немцы не любілі бліжняга, як ён называецца, бою і нішчылі агнём здаля. Наконт агню яны былі майстры, нічога ня скажаш. Гэта ў нас вучылі салдатаў зь іхніх састарэлых «драгунак», якімі нас угаворвалі ганарыцца, рабіць 6–8 стрэлаў у хвіліну, што было абсалютным глупствам. Немцы сеялі з аўтаматаў колькі маглі, а іхні кулямёт МГ-42 рабіў 1000 стрэлаў у хвіліну. Iхнія мінамётчыкі ўмелі навесіць па 12 мінаў у паветра. Гэта значыць, першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Натуральна, што ў такім шквале агню доўга не выжывеш. Празь дзень-другі — або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як сумна жартавалі салдаты. У нас з агнём было куды горш, заўжды не хапала боепрыпасаў. Нават у шараговага байца, калі ён страляў у баі. Тое, што было з сабой (у падсумках ці магазынах), можна было расстраляць за некалькі хвілінаў. Зноў жа [ — ] куды байцу ўзяць болей патронаў? Хіба за пазуху, у кішані. Немцы для тае мэты скарыстоўвалі боты з шырокімі халявамі, у якія напіхвалі магазынаў. Нашыя ж дыскі ў боты не запіхнеш. Ды й боты не такія, з вузкімі халявамі, а ў байцоў спрэс абмоткі. Таму на полі, у ланцугу, пяхота не страляла, эканоміла для бою ў сяле. Меркавалася, што там, сярод хатаў, можна прымяніць штых-маладзец, бо куля — дура, як вучыў «вялікі Сувораў». Але немцы не падпушчалі блізка, яны нішчылі нас у полі градам куль і асколкаў. Таму наш штыхавы бой, якому дужа вучылі салдатаў і афіцэраў, практычна ў вайну не прымяняўся. (Таксама, дарэчы, як і процігазавыя сумкі, якія марна цягалі да самай перамогі.) Славутыя «кацюшы» ўжываліся рэдка, для транспарціроўкі іхняга боезапасу патрэбны былі дзясяткі аўтамабіляў, а гаручага заўжды не хапала. Таму пяхоту падтрымлівала толькі малакаліберная артылерыя — саракапяткі ды 76-мм гарматы на коннай цязе. Але коні на полі бою жылі меней, чым жылі салдаты.
Аднойчы на пачатку зімы я зрабіў першую спробу асвоіць артылерыю. На полі бою каля сьцірты саломы наткнуўся на кінутую саракапятку. Перад тым тут стралялі танкі, і гэтыя артылерысты ці, можа, уцяклі, ці іх пабіла — за сьціртай ляжала некалькі трупаў. А снарады былі — некалькі скрынак. Як страляць з такіх гарматаў, нас у вучылішчы трохі вучылі. I я паспрабаваў. Не па танках — па пяхоце ў недалёкім сяле. Расстраляў усе снарады, мой салдацік мне памагаў. Шкада, гармату мы не маглі ўзяць з сабой, пакінулі ля сьцірты.
Пасьля невялікага перадыху пачалася Кіраваградзкая апэрацыя, за якую маршал Конеў атрымаў ордэн Леніна, як ён пісаў, палемізуючы з аўтарам «Мёртвым не баліць». На ягоную думку і думку Сталіна, то была вельмі пасьпяховая апэрацыя. Можа быць, з гледзішча Крамля так яно і было. Але было іншае гледзішча — салдата з засьнежанага поля, залітага крывёй і здратаванага гусеніцамі танкаў, на якім быў амаль цалкам разгромлены наш полк. Там загінуў камандзір маёй роты лейтэнант Міргарад, камандзір батальёну капітан Сьмірноў, камандзір палку маёр Казар’ян, дзясяткі салдатаў ды іншых афіцэраў.
Пачалося ўсё, як нашу дывізію ўвялі ў прарыў. Наступалі мы ў асноўным ноччу. Дзень звычайна вялі агнявы бой, а ноччу калёнай — у стэп, лезьлі як мага ўглыб, дзе можна пралезьці. Дзе пускалі немцы. Спаць не было ніякай магчымасьці, ніводнай гадзіны. Гэта таксама фэномэн, вынаходзтва савецкай ваеннай навукі — прымусіць салдата абыходзіцца бяз сну. Думаецца, ні ў адной арміі так ня ўмеюць. I вось ідзем сонныя па стэпе, засьнежанай дарогай, шмат хто сьпіць на хадзе, спатыкаецца, падае. Тады іншыя лаюцца. Аднойчы я ледзьве не зайшоў да немцаў. Памятаю, дарога была замеценая, але сьнег не глыбокі. I вось бачу вакол сябе лета, нейкія дрэвы, быццам алея. А наперадзе сьцяна, бы замак, і ў ёй вароты чорныя. Трохі трывожна, але я туды іду, у гэтыя вароты. I раптам чую:
«Куды прэш? Лажысь!» Я прачынаюся. Побач ля дарогі ляжаць нашыя разьведчыкі, а наперадзе пасадка, тонкія дрэўцы. Аказваецца, там немцы, і яны пачалі ўжо джгаць трасіруючымі ў наш бок. Калі б ня гэтыя разьведчыкі, дык і зайшоў бы ў іхнія рукі. А тады сказалі б: перайшоў да немцаў. Дарэчы, гэткія выпадкі на вайне былі дужа распаўсюджаныя — калі заходзілі ці заяжджалі да немцаў. Нават генэралы гэтак траплялі ў палон.
Потым зноў ішлі па начы, помню — шэрань, мароз.
Зноў розныя прыгоды былі. Начальнік штабу палку завёў нас не туды, спыніліся. Пачалі арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, ніводнага арыенціру, толькі няўбраная кукуруза ды сланечнік шархацяць на ветры. Стаялі, стаялі, раптам на «вілісе» даганяе генэрал. Ня ведаю, які, можа, камандзір дывізіі, сарваў з капітана пагоны, давай біць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохі драманулі на сьнезе. Пасьля зноў пайшлі. Пад ранак выйшлі да сяла пад гарой, аказалася, то Вялікая Севярынка — сяло, якое стала брутальным знакам у маім лёсе. Там каля крайніх хатаў нейкія ямы, зь якіх, відаць, улетку бралі пясок, і мой узвод адразу ў іх зашыўся. Як разьвіднела, здаля ўбачылі будынкі ды трубы вялікага гораду Кіраваграду. Але, пэўна, згледзелі нас і немцы. Нам страляць было далёка, а немцы зь цяжкіх мінамётаў пачалі шпурляць па сяле, не давалі нікому высунуцца ў поле. У нас стратаў не было, а там, ззаду, некаторых пабіла, у тым ліку і афіцэраў з нашага палку.