37. Зноў Курылы, Уладзівасток
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
На Кунашыры пачуў навіну: полк расфармоўваецца. Шмат якія афіцэры ад’яжджаюць на мацярык, іншыя чакаюць свае чаргі і пакуюць чамаданы. Куды ехаць мне, пакуль невядома. Але замест палку на ўзьбярэжжы ў глыбіні вострава пачалі будаваць аэрадром для рэактыўнай авіяцыі. Гэта, канешне, быў вельмі глыбакадумны плян Генштабу: зьнішчальны аэрадром у тыле непрыяцеля, за востравам Хакайда. А як яго збудаваць, калі тут не знайсьці і ста мэтраў роўнай плошчы? Значыць, зрабіць такую плошчу. I вось загад: скапаць вяршыні дзьвюх сопак, засыпаць седлавіну, каб атрымаць роўнядзь. Але сьпярша трэба высечы лес, пракласьці дарогу. Тэхнікі ніякай. Затое ёсьць салдацкія рукі — безадмоўныя і бясплатныя. Яны ўсё могуць. Галоўнае для генэралаў — загадаць! А як вядома, загад начальніка — закон для падначаленых.
На другі дзень пасьля прыезду ў Галаўніно я ўжо быў на тых сопках, дзе афіцэры-будаўнікі тлумачылі, як усё трэба рабіць. Яны заўтра зьяжджаюць дадому. Пад маім кіраўніцтвам застаецца два дзясяткі салдатаў, з выгляду валацугаў, у абадраных сьпяцоўках. Гэтыя пытаюцца, калі іх дэмабілізуюць? Бо пайшоў ужо шосты год іхняй службы, а пра дэмабілізацыю Масква, падобна, забылася. Але як ім, так і яны. Назаўтра да абеду ўсе сьпяць, на работу ніхто ня выйшаў. Зьнішчальнікі, кажуць, хай пачакаюць. I м і каля Уладзівастока няблага.
А праз два дні прыяжджае камісія з акругі, мне прыйдзецца ёй усё паказаць. А што я пакажу? Накапаную зямлю ды штабэлі мэталічных палос, якімі належыць выслаць пляцоўку. Зрэшты, хай глядзяць што хочуць…
Камісія прыехала, паглядзела, запісала і паехала. А я зноў застаўся з маімі раззлаванымі будаўнікамі, пачаў іх угаворваць працаваць. Куды там! Прыехаў камандзір палку, сказаў, што ён дэмабілізуецца, на палку застаецца начальнік штабу. Празь нейкі час начштабу пазваніў сам, аказваецца, у палку ЧП: нехта абакраў касу начфіна. Шукаюць, хто. Але падазрэньне падае на аднаго з маіх будаўнікоў. Таму мне патрэбна прыехаць у гарнізон.
У гарнізоне ідзе вялікі шмон, шукаюць злодзея. Iнакш зробяць налік на камандзіра палку ды камандзіра батарэі, г. зн. мяне. Знайшлі багацея. Я сказаў, што ў такім разе на аэрадром не паеду.
Пакуль шукалі злодзея, афіцэры разьяжджаліся на новыя месцы службы. На мяне ж ніякага загаду ўсё не было. Я цярпліва чакаў. I вось дачакаўся, што заўтра адыходзіць апошні параход на мацярык, навігацыя зачыняецца. Паўгода ніякіх зносінаў нікуды не будзе. Але што мне рабіць? Начштабу кажа: рашайце самі. Тут заставацца нельга, бо палку болей няма. Пасёлак апусьцеў. Але і ехаць куды без загаду — самаволка. Дык што рабіць?
Зь вялікім боем, без дакумэнтаў, па ўласнай ініцыятыве ўскараскаўся з жонкай і сынам на апошні параход. Зноў, як і папярэдні раз — позьняя восень, штармавое мора. Усе пасажыры ляжаць покатам — марская хвароба. Адзін толькі мой двухгадовы сынок не баіцца гайданкі, швэндаецца па калідоры судна і просіць каўбасы. Дужа любіў каўбасу…
Ва Уладзівастоку — зноў знакамітая Другая рэчка, казармы з двух’яруснымі ложкамі, дзе ўсе — мужчыны і жанчыны, дзеці. Тысячы, а мо і дзясяткі тысячаў афіцэраў, зрушаныя з ранейшых месцаў службы, чакаюць, калі вызначыцца, каго — куды. Чакалі, мабыць, зь месяц. За гэты час мой Сярожка пабываў у больніцы з ангінай, думалі, дыфтэрыт. Неяк выкараскаўся. А як дайшла чарга да Быкава, кадравікі дужа зьдзівіліся: чаму Быкаў не на Сахаліне?
Яшчэ вясной яго прызначылі туды ў гаўбічны артполк, чаму ён тады не паехаў? «А хто мне пра тое паведаміў?» — думаў я, ледзьве стрымліваючы нямое абурэньне. Выказаць абурэньне голасна было немагчыма.
Зноў — амаль ужо зімовае мора, шторм, шквальны вецер і жахлівая ноч да Карсакаўскага порту.
Гаўбічны полк стаяў у лесе за Долінскам. Неяк дабраўся. Далі кватэру — на падсяленьне да нампаліта. Агульная кухня, цесны пакойчык і, канешне, сьцюдзёны. Не пасьпеў прыняць справы ў батарэі, як новы загад: паехаць з камандай маіх жа батарэйцаў на ахову і адгрузку драўніны. Адзін інтэндант, сустрэты па дарозе са штабу, сказаў: глядзі, старшы лейтэнант, там справа нячыстая. Дровы прапілі, раскралі, а як замяло сьнегам, хочуць палічыць, што ўсё цэлае. Як бы не давялося плаціць…
Зноў — плаціць! Як заўжды, у 12,5-кратным памеры. Не пасьпеў прыехаць, і ўжо падстаўляюць. Але каго ж і падстаўляць, калі не чужога. Новенькага. I я назаўтра сказаў: не паеду. Як не паедзеш? Дзіва, афіцэр адмаўляецца выканаць загад камандаваньня! Тады — гаўптвахта. Добра, пайду на гаўптвахту. 10 сутак ад камандзіра дывізіі.
Узяў тоўстую кнігу («Угрюм-река» Шышкова), пайшоў у Долінск, сеў на гаўптвахту. Успомніў, як колісь сядзеў у Мікалаеве. Не, тут трохі іначай. Тут лібэралізм. Сядзі, ляжы, чытай… Увечары прыйдзе хто са знаёмых старых сядзельнікаў, прынясе бутэлечку і рыбца на закусь. Частуемся. Ды яшчэ начальніка каравулу пачастуем. Не, армія наша яўна рэфармуецца. Такога яшчэ нядаўна не здаралася.
Адседзеў усе 10 сутак, позна ўвечары зімовага дня выйшаў. Памятаю, на вуліцы гэтага пасёлку падаў мяккі сьняжок, а радыё на клюбе гучна вяшчала пра тое, што адбыўся суд над здраднікам радзімы, агентам розных замежных разьведак, подлым змоўшчыкам і правакатарам Берыем, які прысуджаны да вышэйшай меры сацпакараньня, і прыгавор ужо прыведзены ў выкананьне. Тая вестка была бы ўзнагарода, бы бальзам на сэрца. Хоць адным зь іх ды стала меней…
Вярнуўся ў полк зь некаторай упэўненасьцю, што ўжо цяпер не пашлюць «на дровы». Наіўны чалавек, ня ведаў, як начальства ўмее свайго дамагацца. Вучылася таму ўсю сваю службу, і ня толькі ў акадэміях. Праз пару дзён мусіў паехаць за гару шахцёрскага пасёлка, што меў чамусьці мой назоў — Быкаў, дзе былі тыя дравяныя нарыхтоўкі. Увечары сядзеў з новым памочнікам старшыной Гузам у горача напаленай падсобцы, і той мяне заспакойваў. Нічога тут не прапіта, усё на месцы.
Бо прапіваць не было чаго. Улетку, як нарыхтоўвалі, пісалі дзьмутыя лічбы, а фактычна тут нічога няма. Гурбы сьнегу, а пад гурбамі пуста. Дзякуй, заспакоіў. Думаў, што прыйдзецца плаціць за які недахоп, а тут, аказваецца, наогул пуста…
Старшына бы ў ваду глядзеў — ніякай ні з кога адказнасьці. Але паколькі дровы патрэбны, дык жалезны загад: пілаваць і вывозіць. Для таго далі паўразьбітую палутарку, якая раз за разам ламалася. Лесапавал рабіўся на схіле гары. Сьпілаваўшы, дрэвы цягнулі ўніз, складвалі ля прабітай у сьнезе дарогі. Адтуль цераз аўражыну — за 20 кілямэтраў на станцыю. Там грузілі на плятформы. I так праз усю зіму таго злашчаснага году. А вясной, як растаў сьнег, у тайзе пачаліся пажары. Жахлівая гэта рэч, лясныя пажары. Суткамі мы іх гасілі, вядома ж, падручнымі сродкамі, вецьцем і рыдлёўкамі, затоптвалі ботамі. Не зважаючы на ўсе салдацкія намаганьні, пажары гойсалі па ўсёй сахалінскай тайзе, выгаралі тысячы гектараў хвойных пародаў. Як ідзе вірлівая сьцяна гэткага палу, з-пад агню ўцякае ўсё жывое — зайцы, лісіцы, барсукі, нават мядзьведзі. Ніхто зь іх не нападае адзін на аднаго, і, што цікава, ніводная жывёліна не палохаецца чалавека. Наадварот, усе шукаюць у яго абарону, толькі на яго і спадзяюцца. I мы ратавалі іх, адганялі ў больш-менш бясьпечнае месца. А адзін малады мядзьведзь дык упадабаў нашу лесавую стаянку, дзе пахла тушонкай ды кашай, і, можа, з тыдзень жыў непадалёк. Пасьля кудысьці сышоў.
Улетку, як скончылася патрэба ў дровах, вярнуўся ў гарнізон на батарэю.