108. БНФ

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

108. БНФ

Але пакуль што ідэя справядлівасьці і асуджэньня сталінскіх рэпрэсіяў была яшчэ моцнай, асабліва сярод нацыянальнай інтэлігенцыі. Паводле ініцыятывы Зянона Пазьняка было вырашана стварыць адмысловае таварыства — Беларускі мартыралёг з пэрспэктывай ператварэньня яго ў іншую, болей радыкальную арганізацыю. Пасьля Пазьняк скажа, што пра яе стварэньне, апроч яго, ведалі Дубянецкі і Быкаў, але тое не зусім так. Кастрычніцкім надвячоркам я ішоў у Чырвоны касьцёл, як і шмат хто, для стварэньня Мартыралёгу. Туды ж прыйшлі некаторыя пісьменьнікі і мастакі — Максім Танк, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Уладзімер Калесьнік, Міхал Дубянецкі і шмат іншых.

Аднак і другі бок прыняў свае меры і няблага падрыхтаваўся. Каб заняць месцы ў зале і не дапусьціць іншых, за гадзіну да пачатку туды папрыходзіла маса кадэбістаў у штацкім, сакратары гаркаму, прадстаўнікі пракуратуры на чале з намесьнікам генэральнага пракурора Кандрацкім. Самы першы прыйшоў з ЦК інструктар Бузук, які, мяркуючы па ўсім, меў выразнае заданьне сарваць сход.

Я таксама прыйшоў крыху раней і забег у кабінэт дырэктара Дома кіно, якім тады быў Чырвоны касьцёл. Там якраз і стаўся сьведкам таго, як гэты Бузук схапіўся з Пазьняком — наконт маючай адбыцца імпрэзы. Пазьняк даў яму добры адлуп, і я падумаў тады: «Цьвярды характар! Каб такіх болей у Беларусі».

Заля ўжо была поўная, заняў свае месцы прэзыдыюм. Кіраваць усім, здаецца, узяўся Міхал Дубянецкі, які сядзеў поруч са мной. Належала абраць кіраўнічыя органы Мартыралёгу, тут і ўсчаўся вэрхал. Асабліва як настала чарга абраць старшыню. Нахіліўшыся да мяне, Дубянецкі сказаў: зараз пасыпяцца прапановы — Быкава. Ужо таго я дапусьціць ня мог і, устаўшы, запрапанаваў Пазьняка.

У залі настаў шум, гоман і крыкі тых, што прыйшлі сюды з намерам сарваць сход. Нешта супраць Пазьняка даводзіў пракурор Кандрацьеў, істэрычна выкрыквала зь месца сакратарка гаркаму. Дубянецкі з трыбуны аб’явіў галасаваньне, але як дайшло да Пазьняка, да яго падскочыў Бузук, пачаў сьпіхваць з трыбуны. Заля абурана крычэла. Тады я ўстаў з-за стала і прапанаваў прадоўжыць галасаваньне. Хто за, хто супраць, аднагалосна! — аб’явіў я, як гэтаму навучыўся на сэсіях Вярхоўнага Савету. На тым усё скончылася. Старшынёй Мартыралёгу быў абраны Зянон Пазьняк.

I тады хтось (ня памятаю хто) прапанаваў з залі: лічыць абраны камітэт Мартыралёгу — аргкамітэтам Народнага фронту. Заля аглушальна запляскала, тыя аплядысмэнты палічылі за згоду. Апанэнты былі ў ярасьці, сьцяміўшы, што ашукаліся. Але ўжо нічога нельга было перарабіць, пратакол сходу пісаўся бязь іх. Як і гісторыя Беларусі таксама. Прынамсі, мы так меркавалі, віншуючы адзін аднаго зь перамогай.

Але тое, што адбылося ў Чырвоным касьцёле, не было аканчальнай перамогай, не было нават яе паловай. Назаўтра мяне паклікаў старшыня Вярхоўнага Савету Г. Таразевіч. Увогуле зь нейкага часу мы былі ў добрых адносінах. Яшчэ вясной я зьвяртаўся да яго з просьбай аб рэабілітацыі шмат якіх дзеячаў культуры. Перад тым на нарадзе ў ЦК мы зьвярталіся да Я.Сакалова наконт рэабілітацыі А. Гаруна і Ц. Гартнага, але Сакалоў сказаў, што, «на жаль», няма адпаведных дакумэнтаў. Пасьля прыватным чынам я гутарыў наконт таго ж з другім сакратаром Iгруновым, але ўсё бяз вынікаў. Таразевіч сказаў: «Складзіце сьпіс і падайце мне быццам на памілаваньне». Я абзваніў усе творчыя саюзы, тэатры, кансэрваторыю — набраў 55 чалавек, аднёс у Вярхоўны Савет. I празь якія два месяцы выйшаў указ, падпісаны Таразевічам, аб рэабілітацыі ўсіх, апроч Ф.Аляхновіча, крымінальная справа якога знаходзілася ў Літве, дзе ён загінуў.

Цяпер Таразевіч выглядаў дужа заклапочаным і спаткаў мяне пытаньнем: «Што гэта вы стварылі, то ж — палітычная партыя. Гэта падсудная справа, пракуратура пачынае расьсьледаваньне…»

Увечары я, Пазьняк і Дубянецкі спаткаліся ў скверы. Дубянецкі прапанаваў мне ўзначаліць аргкамітэт народнага фронту, ды я адмовіўся. Лепш бы, каб яго ўзначаліў Пазьняк, ды Пазьняк ужо задзейнічаны на Мартыралёгу. Народны фронт такім чынам заставаўся без старшыні.

Празь дзень да мяне на кватэру завіталі Васіль Якавенка з Алесем Емяльянавым. Апошні працаваў кансультантам у СП і набыў вядомасьць тым, што прызнаўся, як яго вербаваў КДБ, ды ён не пагадзіўся. Пісьменьніцкая грамадзкасьць падвергла яго астракізму, хоць было невядома за што: за тое, што яго вербавалі, ці за тое, што ён прызнаўся. Абодвух прывёў да мяне адзін клопат — хто стане лідэрам БНФ? Угаворвалі мяне, ды я цьвёрда адмовіўся — я не хацеў ды і не адчуваў маральнага права на тую місію. У канцы нашай размовы я сказаў Васілю: «А чаму б табе не зрабіць тое?». Васіль сказаў, што падумае. I назаўтра якраз перад паседжаньнем аргкамітэту паведаміў, што згодны.

На важнае арганізацыйнае паседжаньне апроч сяброў камітэту прыйшлі таксама сакратар гаркаму П. Краўчанка і кіраўнік СП Ніл Гілевіч. Калі пачалося паседжаньне, абодва выступілі рэзка супраць стварэньня БНФ. Гілевіч глыбакадумна даводзіў, што тое прыдатна для балтыйскіх народаў, але не для Беларусі. Беларускі народ такой арганізацыі ня прыме?. Дзіўна было чуць гэткія словы ад майго нядаўняга сябра, які здаўна лічыўся нацыяналістам нумар адзін. Краўчанка даводзіў тое ж. Як учора дамовіліся, я прапанаваў кандыдатуру Васіля Якавенкі, і прысутныя згодна прагаласавалі «за». Пазьняка на сходзе тады не было.

Але празь дзень-два, як Пазьняк дазнаўся пра тыя выбары, аргкамітэт быў скліканы зноў і адбыліся перавыбары. Старшынёй усё ж стаў Пазьняк. Тое, аднак, адбылося безь мяне. Я па нейкай прычыне на паседжаньні адсутнічаў. Канешне, я лічыў, што кандыдатура Пазьняка ва ўсіх адносінах лепшая за Якавенкаву. I калі я не прапанаваў Пазьняка на першым паседжаньні, дык толькі таму, што ён ужо быў заняты на Мартыралёгу. Цяпер на тое месца была абрана Мая Кляшторная, дачка панішчанага беларускага паэта і сама былая зьняволеная ГУЛАГу.

Якраз у гэты час — празь дзень ці два — насоўваліся Дзяды, меркавалася прыняць у іх удзел. Але на паседжаньні БНФ рашылі, што паколькі Дзяды — сьвята рэлігійнае, дык удзел у іх — справа асабістая. Я тады грыпаваў і на могілкі не пайшоў. А менавіта там разгарнуліся трагічныя для менчукоў падзеі. Як тысячы іх падышлі ад станцыі мэтро да могілкаў, там ужо нарыхтаваліся шэрагі войска і міліцыі — з варанкамі, аўтобусамі і нават вадамётамі. Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газамі з партатыўных балёнчыкаў. Атруцілі і Пазьняка, які ішоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там дарогу калёне перагарадзілі войскі. Тады Пазьняк завярнуў усіх у поле. I ў чыстым полі пад сьняжком, які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалі прамоўцы і сярод іх пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Тады і пасьля шмат людзей апынуліся зьбітыя і затрыманыя ў пастарунках.

Ранкам я зьвязаўся з маскоўскім часопісам «Огонёк» (рэдагаваным тады В. Кароцічам), які быў самым радыкальным друкаваным органам краіны і шмат пісаў пра перабудову. У рэдакцыі сказалі, што прышлюць у Менск спэцкора, але матэрыял пра інцыдэнт патрэбны тэрмінова ў нумар. Ноччу я напісаў артыкул, перадаў яго па тэлефоне, і ён хутка зьявіўся ў «Огоньке». Артыкул называўся «Дубінкі замест перабудовы». Гэта быў ці ня першы матэрыял наконт падаўленьня нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі.

Скандал атрымаўся магутны. ЦК Беларусі на чале з Сакаловым разьюшана прымаў меры. Кіраўнікі найперш узяліся ўсяляк абвяргаць факт паліцэйскай расправы над мірнай дэманстрацыяй. (Міліцыя нікога ня біла, ня труціла «чаромхай». Гэта быў мяцеж нацыяналістаў супраць савецкай улады, які ўдалося падавіць мірнымі сродкамі.) Мяне выклікаў Сакалоў і апрацоўваў у гэткім, прыкладна, пляне. Я яму кажу пра гвалт з боку праваахоўных органаў, а ён даводзіць, што фактаў гвалту няма. Дзеля таго спасылаецца на заключэньне камісіі, якая ўжо расьсьледавала той інцыдэнт. А ў камісіі, кажа, такія паважаныя людзі, як мастак-акадэмік Савіцкі, пісьменьнік-ляўрэат Гілевіч, мы ім змушаны верыць. Шмат якія журналісты даводзілі адваротнае, але ім не было веры. Будзінас нават зьняў пабоішча на кінастужку, усё роўна даводзілі, што газы не прымяняліся. (Камісія ўзважыла запасы «чаромхі» ў МВД — уся ў наяўнасьці.) Прыйшоўшы ад Сакалова, я напісаў ліст Гарбачову, распавёў пра варварскую гісторыю ў Беларусі і прасіў справядлівасьці.

Адказу ад Гарбачова, вядома, не атрымаў — атрымаў выклік на нараду творчай інтэлігенцыі, якая ладзілася на Старой плошчы, у ЦК КПСС. Там у невялічкай залі сабраўся ці ня ўвесь творчы актыў краіны, было шмат знаёмых літаратараў. На сцэну выйшла палітбюро ў поўным складзе на чале з Гарбачовым. Той пачаў штось гаварыць, і М. Шатроў, які сядзеў побач, ціха так кажа: паслухаць бы, што ты скажаш, як яны цябе запруць паслом кудысь у Манголію. Я тое запомніў. I тады раптам чую — Гарбачоў звяртаецца да мяне: «Васіль Быкаў, як так здарылася, што беларусы выйшлі супраць савецкай улады? Спакойны, дысцыплінаваны народ… Не зразумела».

Я пачаў штось тлумачыць, сказаў пра жорсткасьць міліцыі, якая зьбівала і труціла жанок і дзяцей, што ішлі на могілкі, дзе пахаваны слынныя людзі Беларусі, у тым ліку і Машэраў. Гарбачоў недаўменна паціскаў плячыма. Насупраць у першым радзе сядзеў галоўны арганізатар таго Я. Сакалоў і маўчаў. Пачалі выступаць гаваркія артысты і пісьменьнікі, гаварыць пра перабудову. Напрыканцы, стоячы ў праходзе, загаварыў Віктар Астаф’еў, які вельмі рэзка асудзіў беларускіх камуністаў за «зьверства да самага, можа, спакойнага са славянскіх народаў» і запатрабаваў расьсьледаваць злачынства, учыненае на Дзяды. Я быў дужа ўдзячны майму расейскаму сябру і горача абняў яго. Віктар Пятровіч быў адным з тых, хто мог сказаць, што хацеў і каму хацеў. Ён меў гонар і адвагу, уласьцівыя сапраўднаму народнаму заступніку.

Забягаючы наперад, зазначу, што той канфлікт меў працяг. Як у Крамлі адбылося паседжаньне савету старэйшынаў (пасьля выбараў народных дэпутатаў СССР), на перапынку Гарбачоў падышоў дa мяне і папытаўся, як цяпер у Беларусі? Ці пацішэла кіраўніцтва? Я пачаў апавядаць пра дэталі, але тут да нас падскочылі іншыя з шырокімі вушамі, і Гарбачоў прыпыніў размову. Сказаў, пасьля… Але пасьля ўжо не настала. Настала іншае пасьля, пры якім Гарбачову стала не да Беларусі…

Ішло вылучэньне кандыдатаў у Вярхоўны Савет БССР. Канчатковаму іх зацьверджаньню папярэдніла прыдзірлівая селекцыя-абмеркаваньне на т. зв. выбарчых сходах. Прадстаўнікі «грамадзкасьці» падрабязна абмяркоўвалі ўсіх і «рэзалі» няўгодных. Уся справа была ў палітычнай арыентацыі кандыдатаў і падборы прадстаўнікоў.

У Дом культуры, што ля ст. мэтро «Маскоўская», дзе змушаны былі трымаць «агледзіны» з тузін кандыдатаў, прыйшлі (вядома ж, арганізаваныя гаркамам) некалькі соцень спартсмэнаў з Інстытуту фізкультуры. Яны былі вельмі актыўныя, дружна галасавалі за кандыдатаў-камуністых і рэзалі інтэлігентаў. Тады яшчэ да выбарчага старту адхілілі многіх. Але напрыканцы, відаць, стаміліся — забалелі горлы выступаць як «за», так і «супроць». Адзін кандыдат, які доўга чакаў свае чаргі, меў прозьвішча на адну з апошніх літараў алфавіту, і сход на яго проста слаба адрэагаваў у сваім змоўніцкім адмаўленьні.

Тым кандыдатам апынуўся С. С. Шушкевіч, які з таго сходу зрабіў свой бліскучы палітычны старт.