39. Замена. Лапічы
39. Замена. Лапічы
У адпаведнасьці зь існуючымі законаўстанаўленьнямі афіцэры на Далёкім Усходзе павінны былі служыць тры гады і пасьля замяняцца зь іншымі на цэнтральныя і заходнія акругі. Але то — павінны. На справе ж служылі па чатыры, пяць і шэсьць гадоў без замены і адпачынкаў, кожны год пішучы рапарты, якія заставаліся без адказу. Звычайна прасіліся ў болей камфортныя Маскоўскую або Кіеўскую ці Закарпацкую акругі, часам у Прыбалтыйскую. У Беларускую было мала аматараў, лічылася, што там жыцьцё беднае. Калі з дэмабілізацыяй у мяне нічога не атрымалася, я пачаў дамагацца замены і напісаў, што жадаю паехаць у Беларускую акругу. Нечакана на шостым годзе далёкаўсходняй службы прыйшоў загад аб маёй замене. Належала здаць батарэю, разьлічыцца са службамі і адбыць у горад Асіповічы, БССР.
Я асьцярожна парадаваўся і пачаў складаную працэдуру разьвітаньня з палком.
Здаць батарэю, яе маёмасьць, зброю і тэхніку аказалася надзвычай складана. Суцэльныя недахопы. Нешта згубілася, нешта ў час ня сьпісана і, хоць даўно знасілася, значыцца ў наяўнасьці. Штось даўно перададзена іншаму падразьдзяленьню, а ў палкавых дакумэнтах таго не адзначана. Калі ўжо шмат з чым разабраліся, выявілася, што не хапае аднаго буйнакалібернага кулямёта, які некалі выкарыстоўвалі для імітацыйных стрэльбаў. Праз той кулямёт я рызыкаваў застацца зімаваць на Сахаліне. Выйсьце падказаў адзін вопытны служака. Ён сказаў: «У цябе знойдзецца восем дваццаць? Схадзі ў краму, купі бутэльку каньяку, пастаў начальніку боепітаньня». Так і зрабіў. Калі мы з начбоем выходзілі ўвечары з забягалаўкі, я папытаўся, дзе ўсё ж ён знойдзе той кулямёт? Ці хоць бы дастане на замену? А маёр кажа: нашто мне яго шукаць? Я яго проста выкрасьлю з кнігі ўліку…
Нарэшце ўсё было скончана, усе бегункі падпісаныя, атрымаў дакумэнты на праезд ад Сахаліну да ст. Асіповічы, што ў Беларусі. Зноў прыйшлося з тыдзень ці больш нудзіцца на бакавых паліцах плацкартнага вагону, пакуль даехалі да Масквы. Ехалі спрэс афіцэры, што адслужылі сваё на дзікім Усходзе і цяпер радыя былі, што дапяліся цывілізаванага Захаду. У Маскве жонка з сынам паехалі наведаць яе сястру, што жыла ў Моніна, а я пайшоў паглядзець сталіцу, у якой па сутнасьці яшчэ ня быў. Пачаў, вядома ж, з Чырвонай плошчы, якая зусім не здалася мне вялікай, якой уяўлялася на сьвяточных здымках, затое сьцены Крамля падаліся куды вышэйшыя, чым уяўлялася. У даўжэзную чаргу да маўзалею ня стаў, пайшоў па вуліцы Горкага ўгару. Хадзіў-хадзіў, захацелася дзе-небудзь перакусіць. Сярод сталічнага люду адчуваў сябе, як і трэба было чакаць, няўклюдай — бы чалавек, што прыехаў з тайгі ў цывілізаваны край. Хадзіў спатнелы, у кіцелі, юхтовых ботах. Афіцыянтка кафэ, куды не без ваганьняў завітаў, вядома ж, найперш зьмерала наведвальніка пагардлівым позіркам і праз зубы папытала, чаго ён жадае. Чаго я мог пажадаць? Сто грамаў і чаго-небудзь на закусь. Спытала — амлет? Хай будзе амлет. Асабліва выпіваць аднаму не хацелася, але мусіў. Памятаў, як колісь у Мікалаеве, ідучы ранкам на службу з Валькам Бахцігозіным, заўжды хацелі есьці. На вуліцах у латках прадавалі бутэрброды з кількай і тут жа гарэлку на разьліў. Купляць адны бутэрброды было сорамна, дык мы дадавалі: ну і сто грам. Тады бойкія цёткі-прадаўшчыцы роблена зьдзіўляліся: ай-яй, такія маладыя, што вам па сто грам! Бярыце па дзьвесьце! Даводзілася браць па дзьвесьце. Гэтак і тут. Выпіў сто, пасьля яшчэ сто. Ну і добра! Настрой стаў весялейшы і Масква прыгажэйшая.
У вайсковай камэндатуры станцыі Асіповічы, канчатковага пункту майго падарожжа, дазнаўся, што патрэбны мне полк зусім ня тут, а ў Лапічах, гэта дзесьці далей, у лесе. Што гэта — буйнакаліберны (152-мм гаўбіцы-гарматы) армейскі полк. Як дабрацца туды? Звычайна — на шашу і галасаваць.
Так і зрабілі. Неяк ускараскаліся на паўзагружаную трохтонку, куды падсеў яшчэ адзін капітан, які таксама ехаў у Лапічы. Я зь цікавасьцю азіраў восеньскія палеткі наўкола, застаўленыя белымі мяхамі, — сяляне выбіралі бульбу. Дзе-нідзе ў неба віліся празрыстыя дымкі. Надвор’е было ціхае, стаяла пара бабінага лета. Хвойныя бары абапал дарогі выклікалі ў мяне шчымлівае замілаваньне — столькі год гэтае хараство я бачыў толькі ў снах на Усходзе. Сусед-капітан распавёў, як хораша цяпер ловіцца на блясну шчупак, толькі ўчора ён выцягнуў з рэчкі трохкілаграмовую рыбіну. Цяпер там пасьля службы ўсе афіцэры размахваюць сьпінінгамі. Я слухаў яго і раптам падумаў: буду служыць! Хай, калі так сталася, ня змог вырвацца там, дык тут застаюся. Усё ж дома, не на чужыне. Беларусь — не Курылы.
Той увогуле супакоена-ідылічны настрой трохі апаў, калі ўбачыў ля ракі будучую сваю казарму — старую, абшарпаную, яшчэ мікалаеўскіх часін збудоўку з чырвонай цэглы, якая невядома якім цудам захавалася пасьля дзьвюх войнаў. Але падумалася: можа, і добра, затое не згарыць, ня прыйдзецца за яе нікому адказваць. Усё тут я хацеў бачыць лепшым, чым там, на Усходзе. Аднак ідылічны настрой прадаўжаўся нядоўга, у штабе мне далі прачытаць загад па акрузе, дзе я прызначаўся зусім не камандзірам батарэі, а крышку ніжэй, на штабную пасаду. Трохі разважыўшы, вырашыў: можа, і лепш, спакайней будзе. Там жа сказалі зайсьці да нампаліта, які задаў толькі адно пытаньне:
«У партыі быў?» — «Не, — кажу, — ня быў». — «Ну, усё, ідзіце». Пайшоў, трохі, аднак, задумаўшыся над тым невыпадковым пытаньнем.
На кватэрнае ўладкаваньне было дадзена два дні, за якія я яго і вырашыў: знайшоў куток у калгасніка з суседняй вёскі. Цёмны і даволі сьцюдзёны. Гаспадар ляжаў п’яны, гаспадыня лаяла апошнімі словамі і яго, і савецкую ўласьць. Пэўна ж, я тут аказаўся ня самы жаданы. Жонка з сынам паехала ў Горадню да сястры, якая некалі засталася ў нашай кватэры, а пасьля выйшла замуж. Як пісала, — таксама за афіцэра.