15. Пагорак. Санінструктаркі

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

15. Пагорак. Санінструктаркі

Празь дзень ужо трываў бязьлітасную агнявую калатнечу, ад якой грунтоўна адвык за шпітальныя месяцы. Трудна было зноў прывыкаць, асабліва як неўзабаве на нас наваліліся нямецкія танкі. Аднойчы пры перамене пазыцыяў наляцела шасьцёра «юнкерсаў», якія канчаткова дабілі батарэю, і мы засталіся без гарматаў.

Сталася так, што пяхота пайшла наперад, а мы адставал і, трэба было мяняць пазыцыі. Падагналі перадкі, прычапілі гарматы… Але неўзабаве за пагоркам наткнуліся на вінаграднік, ад якога павярнулі ў аб’езд, да дарогі. Тут якраз і наляцелі нямецкія пікіроўшчыкі. Адзін зь іх павярнуў да нас і сьпікіраваў на гармату. Першаю бомбай разьбіла перадок, перабіла станіны з сашнікамі, параніла каня, які, аднак, тузаўся, спрабуючы падняцца. Тады два іншых самалёты сьпікіравалі на ўцалелую гармату, якую ездавыя што было сілы гналі ўздоўж вінаградніку. Гэтую яны найперш абстралялі з кулямётаў і паклалі коней. Затым стала ўсё прасьцей. Салдаты, натуральна, адбегліся ў вінаграднік, а гэныя з двух заходаў ушчэнт раскалашмацілі гармату. Два салдаты (ездавыя) былі там забітыя, два параненыя, снарады зь перадкоў раскіданыя выбухамі па ўсім вінаградніку. А мы з камбатам толькі надарвалі горлы ад крыку, а зрабіць не маглі нічога. Усё сталася цягам якіх пяці хвілінаў.

Уцалелі дванаццаць салдатаў, я і камандзір батарэі — капітан. Салдатаў аддалі ў батальёны на папаўненьне, а мы сядзім на КП за ўзгоркам. У мяне настрой — горш не прыдумаеш[: ] толькі прыйшоў у «вязучую» дывізію, і на табе — зноў разгром. Капітан не сумуе: ён атрымаў новае прызначэньне — начальнікам артылерыі суседняга палку. А начальнік артылерыі — гэта не камандзір батарэі, бяры вышэй, і рызыка мінімальная — жыць будзеш. Вось ён дастаў фляжку са сьпіртам, мы трохі выпілі. Капітан чакае канавода з канём, якога ўжо за ім паслалі з новае службы. А во і канавод, вядзе на повадзе ладнага коніка для новага начарта. Мы разьвітваемся. «Ну, Быкаў, жадаю табе дажыць да пабеды». Ты дык, можа, і дажывеш, думаю я. А мне… Зь ціхай зайздрасьцю праводзіў яго. Наш КП, можа, за кілямэтар ад пярэдняга краю, але за пагорачкам. А яму трэба ехаць у тыл, але таксама цераз пагорачак, дарэчы, увесь раскапаны міннымі выбухамі. Праўда, ёсьць і другая дарожка — у аб’езд, па лагчынцы. Гляджу, мой капітан даскакаў да гэтай разьвілкі, трохі прымарудзіў, мабыць, рашаючы, куды скіраваць. I скіраваў наўпрасткі, цераз пагорак. Дужа порстка паехаў. I вось ён выскоквае на пагорак, а тут міны — бах, бах! Ён хутчэй. А міны зноў бах, бах, бах! I ўсё там завалакло дымам ды пылам. А як тое воблака зьдзьмула ветрам, гляджу, конь бяжыць з пагорку, повад матляецца, а седака няма. Канавод вярнуўся адзін. А ўвечары выцягнулі забітага капітана. Во такі ён, вайсковы лёс!

Пад Унгенамі — ёсьць такая памежная станцыя перад Румыніяй (дзе пасьля мытнікі рабілі свой славуты савецкі «шмон») — сталі у абарону. Калісьці мы гэтую станцыю бралі, здавалі таксама. Гэта перад якой — «Праклятая вышыня. Паколькі я без гарматаў, паслалі мяне на ПНП (перадавы назіральны пункт) камандзіра палку дзяжурыць ноччу. Камандзір палку на сваім КП сьпіць (отдыхает, на уставном языке), а мы павінны ня спаць, глядзець і слухаць. У маім падначаленьні разьведчык і тэлефаніст. Увогуле ПНП — гэта земляная шчыліна, трохі прыкрытая жэрдкамі з плашчпалаткай наверсе. На перадавой усталявалася некаторае зацішша, асабліва ўначы. Перад намі трошкі ўбаку на нэўтралцы месьціцца невялічкае малдаўскае сяльцо, хатаў, можа, 10–15. Людзі адтуль, канешне, уцяклі ў тыл, хто ж уседзіць там пад абстрэлам. Некалькі хатаў ужо згарэла, а рэшта пакуль стаіць. Мой разьведчык надыбаў там ноччу нейкага дзядзьку, які застаўся пільнаваць хату. Ну і, канешне, у яго ёсьць некалькі курыц і віно. I вось мы аднойчы… Камандзір палку калі пазвоніць ноччу гадзінаў у дванаццаць, а так — цішыня. Тэлефаніст застаецца, а мы ідзём, тым болей блізка, можа, якіх метраў сто ўніз па схіле. Дзядзька зловіць нам курачку, абскубе, зварыць (уначы дыму не відно), прынясе гарлачык віна. Мы самі паямо ў цяпле і тэлефаністу прыхопім у кацялочку. У полі халадэча, а ў хаце добра. Вырашылі, што можна і кімарнуць з гадзіну ў цяпле. Так мы там пасьвіліся. Не сказаць, што часта, але разы чатыры хадзілі.

I вось аднойчы — яшчэ курачка не зварылася, — што такое?.. Страляніна, выбухі гранатаў, нейкія крыкі… Мы, канешне, кулём на гароды… Побач яшчэ нехта бяжыць, страляюць з аўтаматаў, нічога не разабраць у цемры. Прыбеглі на ПНП, а там тэлефаніст ужо апраўдваецца, камандзір палку крычыць у трубку: што адбываецца, дзе Быкаў? У сяле гараць хаты, — страляніна, праўда, сьціхла. Я пачаў тлумачыць: хадзіў даведацца, што там здарылася. А здарылася тое, як пасьля высьветлілася, што туды хадзілі не толькі мы з разьведчыкам, але хадзіў і камандзір батальёну з начальнікам штабу, да таго ж хадзілі і немцы таксама. Во яны і сутыкнуліся. Пабілі нашых, начальніка штабу ўзялі ў палон. Пасьля пачалося расьсьледаваньне, намі займаўся сьмерш, але неяк абышлося. Hі я, ні разьведчык, ні тэлефаніст ня выдалі нашыя паходы па начах, а так рознае магло быць. Маглі прыпісаць кантакт зь немцамі.

Санінструктарамі ў войску часта былі дзяўчаты. Праўда, на перадавой звычайна сустракаліся тыя, што не спатрэбіліся ў тылах. Прыгажэйшыя, маладзейшыя, канешне, заставаліся пры штабах, на розных тылавых пасадах. Штабоў жа, як і тылоў, хапала: апроч вайсковых яшчэ ж і палітадзьдзельскія штабы, штабы тылу ды контрразьведкі сьмерш. Хоць паводле штату дзяўчаты і лічыліся санінструктарамі, сувязісткамі, снайпэрамі, але жылі пры начальстве. Кожны маёр, палкоўнік, тым больш — генэрал меў сабе ППЖ, і тое было як бы ўзаконена. Рэдка якая маладая і прыгожая апыналася ў батальёне, ня кажучы ўжо пра роту. I яны не былі дурніцамі, ня дужа імкнуліся на перадавую. Па дарозе ў дывізію я спаткаў дзяўчыну, старшыну ці сяржанта па званьні, якую таксама накіроўвалі ў нашу часьць. Прыгожая дзяўчына, маладая, здаецца, вострая на язык. Яна ішла ў дывізійны батальён сувязі, але я падумаў, што наўрад ці затрымаецца ў тым батальёне. Якраз пра тое мы тады гаварылі, і яна так калюча адказвала. Потым я пайшоў далей, у полк, батальён, а дзяўчына засталася ў штабе дывізіі. Празь нейкі час сустракаю яе ўжо ў нашым палку, пытаюся: чаго гэта вы тут? А яна кажа: перавялі. Ну, перавялі дык перавялі. А пасьля ўжо, калі я быў камандзірам узводу аўтаматчыкаў і бегаў пад агнём з аднаго флангу на другі, якраз пачуў знаёмы голас. Ля КП батальёну. Трохі мне стала цікава, зазірнуў у ровік, а там ля тэлефона — тая дзяўчына. Я пытаюся: што, зноў перавялі? Так, кажа, ня ўжылася з ротным у палкавой роце сувязі… Значыць, не захацела спаць зь ім, во ён і сьпісаў яе ў батальён. Так яе характар і прывёў яе на самую перадавую. А так бы скончыла вайну ў тыле, пры ўзнагародах. А тут ці хоць жывая засталася, ня ведаю.

Маладыя ў войску, тым болей на фронце, былі пад узьдзеяньнем магіі зброі, асабліва стралковай. Нашыя „драгункі“ (ня кажучы ўжо пра „СВТ“) нікому не падабаліся. Кожны баец пры выпадку наравіў замяніць гэтую даўжэзную няўклюду на які карабін ці трафэйную нямецкую. Таксама як і аўтамат ППШ — праслаўлены (як і ўся нашая зброя, прапагандай) ды няўклюдны. Канешне, нямецкі шмайсэр» быў ва ўсіх адносінах лепшы, але яго трэба было «дастаць». Як і патроны да яго. Зноў жа, на тую замену дужа коса глядзела начальства, магло ўгледзець у тым палітыку. Прасьцей было зь пісталетамі — ня так кідаліся ў вочы. Я першай парой абыходзіўся без ТТ, які належаў [па званьні], але які не далі, у пяхоце меў ППШ, таго было даволі. Але пасьля набыў «парабэлум», які доўга ў мяне быў на дзязе. Праўда, як сталі ў абарону ў Малдавіі, ня стала нямецкіх патронаў, дык я, калі была патрэба, страляў зь яго нашымі, ад ППШ — яны падыходзілі, хаця білі карацей, чым нямецкія. Пасьля атрымаў ТТ, а «парабэлум» замяніў на «Вальтэр» — так і хадзіў з двума пісталетамі на дзязе. Толькі ў шпіталі застаўся бяз зброі, за што ледзьве ня трапіў пад расстрэл заградатраду на Дунайскай пераправе ў Венгрыі.

Страляць зь пісталета ў жывога немца, на шчасьце, не давялося, у аўтаматчыках страляў з аўтамата — на адлегласьці, па тых, што ўцякалі, аднойчы — што атакавалі. Быў бой у траншэях, які апісаны мной у «Яго батальёне», але там болей за ППШ ішлі ў ход гранаты — свае «лімонкі» і нямецкія «яйкі».