104. Аўтамабіль. Ніда

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

104. Аўтамабіль. Ніда

Будаваў у Ждановічах дачу і думаў: буду пісаць! На другім паверсе, у цесным куточку. Між бярозак, што высіліся над дахам, пазіраючы на падворак з ружамі ўнізе.

Але не пісалася мне на дачы. Усё тут шкодзіла — і размовы суседак побач, і брэх сабак, і дзіцячая гамана зь піскам і крыкам. А то яшчэ радыё аднекуль з боку блізкай дарогі. Напрыканцы лета рашыў: паеду ў Ніду. Усе дужа хвалілі — здатнае мейсьцейка на беразе затокі, поруч з жоўтымі дзюнамі.

Пуцёўкі дастаў у літоўскім літфондзе, трэба было здабыць дазвол. Hіда — у памежнай зоне, проста туды не паедзеш. Хтосьці расказваў, як выправіўся без дазволу, дык завярнулі, прывезьлі ў Калінінград, бы парушальніка. Ведама ж, нашыя межы — заўжды на замку. Нават ад саміх сябе.

Па штамп-дазвол давялося хадзіць разы тры. То ня ў тыя гадзіны, то рана, то позна. То начальнік на прафзанятках, то па справах у свайго начальніка. Нарэшце штампы паставіў. Рабіў ён тое з такім шкадаваньнем, бы губляў палову сваёй зарплаты.

На гэты раз ехаў на сваёй «волзе» з Рыгорам Барадуліным, што сеў поруч, ды Iрынай на заднім сядзеньні. Рыгор быў дужа рады, што вырваўся нарэшце з апрыклага Менску, што наперадзе вольны месяц, калі можна папісаць вершы — ня ўрыўкамі, а як мае быць. Цяпер ён штось распавядаў, сыпаў прымаўкамі, дасьціпнымі слоўцамі, праяўляючы надзвычайную рухавасьць розуму і думкі. То, вядома, ня чыста беларуская рыса, мабыць, часткова латыская, прынятая ў спадчыну ад яго паўлатыша-бацькі. Слухаць яго — насалода, нават калі ён гаворыць экспромтам і не абавязкова вершамі, а вельмі дасьціпнай прозай.

Здаецца, ягоная проза ў той раз мяне падвяла.

Трохі заслуханы ёю, за Ашмянамі пачаў выяжджаць на магістральную дарогу. Быў слотны, туманны ранак, пацелі шыбіны ў аўтамабілі. Пярэдняе шкло ўвесь час цёрлі дворнікі, бакавыя заставаліся матавыя. Перад паваротам налева толькі аднойчы зірнуў управа і павярнуў. I тут жа жахнуўся — поруч, амаль упрыцірку, невядома адкуль вынікла машына, абагнала мяне і рэзка затармазіла. Каб ня ўрэзацца ў яе, я таксама затармазіў, а затым і спыніўся. З машыны выскачыў разьлютаваны кіроўца і накінуўся на мяне, стараючыся выхапіць мяне з салёну. Мае пасажыры, нічога не разумеючы, пачалі крычаць, Рыгор выскачыў на дарогу, Iрына дамагалася ў нападніка — у чым справа? Што мы зрабілі ня так? Я дык ведаў, што зрабіў ня так і чаго заслугоўваў. Добра, што той кіроўца, хоць і ліха ехаў, ды не спудлаваў, а то б пакаціліся абодва пад адкос з дарогі. (Цікава, што на тым скрыжаваньні годам пазьней разьбіўся мой гарадзенскі сябра Барыс Клейн, паўгода хадзіў на мыліцах. Заклятае месца!)

Астатняя дарога выдалася без здарэньняў, хаця мае паджылкі яшчэ доўга дрыжэлі.

З таго вопыту я зразумеў, што небясьпека пільнуе аўтамабіліста ня толькі на дарозе, на вуліцы, але можа быць і ўнутры аўтамабіля. Ведама, ва ўсіх адносінах лепей за ўсё езьдзіць без пасажыраў, калі гэта магчыма. Гродзенскі мастак Пушкоў пагадзіўся падвезьці суседа, ды перакуліўся каля Друскенікаў, і змушаны быў некалькі гадоў плаціць таму — за прычыненую інваліднасьць.

Гады праз два пасьля таго здарэньня, на другой ужо машыне ў Менску ня змог пазьбегнуць сутыкненьня (зноў не прапусьціў), і на перакрыжаваньні самазвал дужа ўлупіў мне ў правы борт. Добра, што ў машыне я быў адзін, без пасажыраў.

Каб пазьбегнуць аварыі (па ўласнай віне), патрэбна ня толькі выконваць правілы руху, мець спраўную тэхніку і быць цьвярозым. Але яшчэ і мець вераўчаныя нэрвы, заўжды пачувацца спакойным. Нават калі ў цябе ўрэжа самазвал, не губляць раўнавагі. Я так ня ўмею і таму не лічу сябе добрым шафёрам, хоць паезьдзіў за рулём нямала гадоў.

Пасьля я шмат езьдзіў з Рыгорам, прывык да яго гаворкі і рэагаваў на яе нармальна. У чымсь ён нават мяне супакойваў — найперш, вядома, добразычлівай спаважнасьцю, якая для кіроўцы заўжды шмат значыць. Што ж да жонкі, зь якой мы езьдзілі шмат гадоў, дык яна засвоіла абавязак памагаць весьці машыну — папярэджваць, падказваць, напамінаць. Толькі што не круціць руль. Хаця аднойчы, як я нядбайна паставіў на касагоры машыну і тая пакацілася да недалёкай рэчкі, Iрыне давялося яе ратаваць. Яна дагнала машыну, расчыніла дзьверцы, ухапілася за рычаг [ручнога] тормазу і не дала машыне зрабіць буль-буль з крутаватага берагу. Прызнаюся, да майго гонару, — ніколі не сядаў за руль п’яны, нават учора ўвечары выпіўшы. Баяўся збольшага не аварыі (кажуць, што паводле статыстыкі ўсё ж цьвярозыя болей робяць аварый, чым п’яныя), а сустрэчы зь інспэктарам. Уяўляў, што сказалі б мае нядобразычліўцы, калі б пачулі, што Быкаў «папаўся п’яны за рулём». Дужа не хацелася даць ім дадатковай радасьці.

За чвэрць стагодзьдзя я аддаў аўтамабілю ці ня болей сілы і эмоцыяў, чым літаратуры. Прычына таго, відаць, у спазьнелым прыходзе да нас сусьветнае зьявы — аўтамабілізацыі. У той час, як людзі іншых краінаў Эўропы і Амэрыкі выдатна засвоілі машыны і дарогі, мы толькі пачалі садзіцца за руль. Некалькі дзесяцігодзьдзяў наш чалавек за рулём лічыўся аўтааматарам з адпаведнымі да яго адносінамі ў грамадзтве. Неяк будучы ў Балгарыі, я запытаў пісьменьніка Косту Странджава, які вёз мяне з Плоўдзіва ў Сафію, каторая гэта ў яго машына, мабыць, ня першая? Коста з гонарам адказаў: пятая ўжо. А я тады ня меў яшчэ і першай.

Каб набыць першую (папулярныя на той час «жыгулі»), давялося хадайнічаць перад аблвыканкамам, доўга чакаць ды і купіць амаль са скандалам: машына была разьмеркавана ў іншы раён — для перадавікоў вытворчасьці. Позна ўзяўся за руль, затое вучыў машыну, як ніхто з тых, што іх мелі зь дзяцінства. Аднойчы ў Парыжы запытаўся ў Iрыны Сакалагорскай пра нейкую дэталь у яе рухавіку, і яна паціснула плячыма — ня ведаю. Я капот ніколі не адчыняю. — А як жа ты езьдзіш? — Вельмі добра. Калі што псуецца, тэлефаную ў гараж, прыяжджаюць хлопцы і ўсё робяць, што трэба. А я — заплаціла і паехала… I так сорак год за рулём.

У нас так не бывае. У нас за недасканалую тэхніку, дрэнныя дарогі, п’яных суседзяў-кіроўцаў плоцяць нэрвамі і жыцьцём. Мой мілы аўтамабільны сябра Алесь Ставер езьдзіў на разьбітай машыне, зь няспраўным рухавіком, без надзейных тармазоў і загінуў у дарожным здарэньні. Застаўся рукапіс яго партызанскага раману, які ніхто не схацеў выдаваць.

З уласнага вопыту засвоіў простую ісьціну: калі ты сам сабе не паможаш, дык не паможа ніхто. Так ужо быў заснаваны і функцыянаваў наш славуты савецкі аўтасэрвіс, зь якім я, як і шмат якія «аўтааматары», паймеў нямала адносінаў. Тыя адносіны не прыносілі нічога, апроч расчараваньня і прыкрасьці. Калі ня горш. Генэрал Сульянаў паставіў на колькі хвілінаў сваю «волгу» каля менскага басэйну, і яна зьнікла. Доўга шукалі, хадзіў да міністра, наймаў экстрасэнса. Вопытныя людзі спыталі: машыну рамантаваў? Ключы аддаваў? Во ў тых і шукайце… Дужа падобна на праўду, — той аўтасэрвіс ужо тады быў бандыцкі.

Але каб даць сабе рады, для пачатку трэба хоць штосьці ведаць. Парады дабрахотаў-дарадцаў можна слухаць заўсёды, але не заўсёды ім верыць. Лепей за ўсё — літаратура. I з усяго яе тэхнічнага мноства, набытага мной, самая надзейная — яна ж і самая элемэнтарная — інструкцыя, што прыкладваецца да машыны. Там ёсьць калі ня ўсё, дык самае неабходнае. У «Аўтасэрвісе» няма і таго.

У слаўны літоўскі Дом творчасьці Ніды трэба было ехаць цераз Клайпеду, пасьля на пароме да прычалу Куршскай касы. За гушчаром хвойнікаў здалёк бялелі пясчаныя горы-дзюны. На ўскраіне ладнага пасёлачку кучкавалася некалькі мадэрновых дамовак з масіўным франтонам сталовай. Далей над хвойнікам высіўся паласаты слуп марскога маяка. То і была знакамітая Ніда.

Там я пісаў «У тумане». Рыгорка ў будынку насупраць чытаў Платонава і пісаў вершы. Увечары мы спатыкаліся і пешаходнай дарожкай ішлі ўніз да берагу мора. Удзень наўзбоч той дарожкі ў траве Iрына зьбірала рыжыкі, саліла на закусь. Закусь была цудоўная! Шкада, Рыгор даўно ўжо ня браў — набраўся ў свой час на жыцьцё. Ён быў упэўнены, што паэт, які не прайшоў алкагольнае загартоўкі, кепскі паэт. Таму ёсьць безьліч прыкладаў і самы красамоўны — сучасная беларуская паэзія, якая — дрэнь. I ўсё таму, што паэты ня п’юць. Паўступалі ў партыю і баяцца атрымаць вымову. А з тым страхам якая ж можа быць паэзія? То была сьвятая праўда. З усіх знаёмых цьвярэзьнікаў мы паважалі толькі аднаго (і то не паэта) Алеся Адамовіча, які тым ня менш цьвёрда і ня раз абяцаў пачаць піць. Ды не сабраўся — заела палітыка. А то жыў бы і дасюль.

Сюжэт «Туману» быў гатовы даўно. Iдэя чалавечай безвыходнасьці нязрушна сядзела ў маёй сьвядомасьці і час ад часу дамагалася рэалізацыі. Некаторыя казалі: пэсымізм, фаталізм, розныя іншыя ўпадніцкія ўплывы. Можа, і так. Але колькі ў людзкім жыцьці здараецца канфліктаў — з сабой ці з грамадзтвам, якія разьвязаць немагчыма. Не паддаюцца ніякім разумным высілкам. I ня толькі ў сытуацыі, калі дабро супрацьстаіць злу. Але і тады, як пісаў Гегель, калі канфлікт ляжыць у адносінах правага з правым. Toe ўжо трагедыя. Як паглядзець, дык усё чалавечае жыцьцё — трагедыя, бо ўсе пачуваюцца правымі. Ніхто ня лічыць сябе вінаватым.

Рыгор дужа хваліў Платонава, я ж чытаў яго без ахвоты. Дужа ненатуральна, нязвыклая мова, зь вялікім націскам на паталёгію характараў. З тае прычыны мне шмат што не падабаецца ў Дастаеўскага. Мабыць, я ўсё ж у большай ступені рамантык, чым некаторым здаецца. Калі не ў сваіх творах, дык у сваіх чытацкіх прыхільнасьцях. Дон Кіхот — во мая кніга. Хаця тая прыхільнасьць у мяне зь дзяцінства, але ж усе мы — зь дзяцінства. Не з унівэрсытэту ж.

Для Рыгора жыць — гэта пісаць вершы. Гаварыць вершамі і думаць таксама вершамі. Таго ніякая сіла ня можа яго пазбавіць. I яшчэ жарсьці. Грышкавы жарсьці — рухавік ягонай паэзіі. Людзей ён дзеліць на дзьве катэгорыі — чорных і белых. Можа, і спрошчана, але затое дакладна. Ці так, ці гэтак. Вядома ж, тое не хрысьціянскі — цалкам паганскі прынцып. Але натуральнаму чалавеку — Рыгору падабаецца паганства. Здаецца, пасьля ўсіх перажытых намі мітрэнг ён мае рацыю.