71. АТК пайшоў

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

71. АТК пайшоў

Пазваніў Твардоўскі і голасам, які я даўно (а можа, і ніколі) ня чуў, паведаміў, што ён сыходзіць з часопісу. Я разгубіўся і ня ведаў, што яму на тое сказаць, а ён адразу ж папытаўся, ці буду я ў такім разе друкаваць новую аповесьць у «Новом мире»? Яшчэ болей зьбянтэжаны, я штось мармытаў, а затым папытаўся, як ён параіць? Аляксандр Трыфанавіч, як мне здалося, раздражнёна адказаў, што таго раіць ня будзе, — рашайце самі. Гэта была мая апошняя размова з Твардоўскім. Болей гаварыць зь ім не давялося.

Барацьба супраць Твардоўскага і «Нового мира» вялася даўно — галоўнага рэдактара выжывалі з часопісу ўсялякімі спосабамі. Хоць маглі, канешне, зьняць «з трэскам», але, мабыць, у ЦК хацелі зрабіць тое далікатна, рукамі кіраўніцтва Саюза пісьменьнікаў на чале з Федзіным — Варанковым. Тыя, аднак, марудзілі. Начальства наладзіла рэгулярны прэсінг на самога Аляксандра Трыфанавіча, часткова празь некаторых членаў рэдкалегіі часопісу. Галоўнага рэдактара самааддана падтрымлівала рэдакцыя, ці ня ўсе намесьнікі і аддзелы. Тады з ЦК распаўсюдзілі чутку, паводле якой у выпадку добраахвотнага зыходу галоўнага ўся рэдакцыя застаецца ў ранейшым складзе, Аляксандр Трыфанавіч атрымлівае добрую ўрадавую пэнсію, крамлёўскі паёк і да 60-годзьдзя, якое неўзабаве набліжалася, — званьне Героя. Мусіць, гэта нарэшце і паўплывала на аканчальнае рашэньне Твардоўскага, які і напісаў заяву. (Забягаючы наперад, зазначу, што ніводзін пункт з абяцанага ня быў выкананы, рэдакцыю па адным разагналі, а адстаўны рэдактар, страціўшы любімую працу, хутка невылечна захварэў.)

Якраз у апошнія дні старога «Нового мира» я прыехаў у Маскву і дазнаўся, што мая аповесьць ідзе ў чарговым нумары. Паводле свайго рэдактарскага звычаю — не «дражніць гусей» загалоўкам — Твардоўскі назваў яе «Сотнікавым», што ўвогуле мне не спадабалася. (Чаму — Сотнікаў? Ужо з увагі на двух герояў трэба — Рыбак і Сотнікаў.) Але мне патлумачылі, што так лепш — паводле прозьвішча станоўчага героя. Галоўны, маўляў, меў на яго адмысловыя спадзяванкі, — мусіць, гэткія, як і аўтар.

Сазваніўшыся з Адамовічам, які той час таксама быў у Маскве, сабраліся ў рэстаране «Арагві». Прыйшлі Лакшын, Сац, Вінаградаў, Міша Хітроў. Добра пасядзелі, сумна, аднак, гамонячы. Радавацца не было чаму — «Новый мир» канаў. Ззаду заставалася яркая і самабытная старонка расейскай літаратуры, якая наўрад ці калі адновіцца. Тое, што зрабіў гэты гнаны часопіс, калісь будзе належна ацэнена. Таксама як і роля ў ім Аляксандра Твардоўскага. Але калі? Нехта выказаў сумненьне ў тым, бо літаратура — не авангарднае мастацтва, якое звычайна ацэньваецца заўтра. Літаратура важная для сёньня. Калі сёньня яна не спатрэбілася, дык наўрад ці калі спатрэбіцца ў будучым. У будучым будзе свая літаратура, свае аўтары і свае героі. Таксама як і ў палітыцы. Я сказаў пра маю апошнюю размову з Твардоўскім і яго яўнае нежаданьне, каб мая аповесьць была надрукавана пры новым рэдактары. На гэта амаль усе запярэчылі: аповесьць паявілася ў час і на сваім месцы. Вядома, лепш, калі б на месяц раней, пры Твардоўскім. Але ж хто ведаў…

Лакшын сказаў, што пры новым рэдактары доўга не папрацуе — сыдзе ў іншае месца. Сац ужо быў на пэнсіі. Iншыя таксама хутка разышліся хто куды. Даўжэй за іншых заставаўся ў «Новом мире» ягоны сакратар Міша Хітроў. Мне яшчэ наканавана было надрукаваць там невялічкую аповесьць «Абеліск», а пасьля і я сышоў з часопісу надоўга.