30. Водпуск

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

30. Водпуск

У лютым нечакана-неспадзявана далі водпуск, і я рынуўся на радзіму. Ехаць давялося праз Крывы Рог, Харкаў, Гомель. На вакзалах пры перасадках было жахліва — натоўпы людзей, вайскоўцаў і цывільных, старых, жанок і дзяцей, чэргі і штурханіна… Неяк дабраўся з чамаданам да Падсьвільля, дзе, ведаў, працуе ў бухгалтэрыі сястра Валя, пабудзіў яе ўначы, — вядома ж, на канцылярскіх сталах, дзе яна начавала зь сяброўкай. Раніцай разам выправіліся па сьнегавой дарозе празь лес у Кублічы. Па дарозе сястра расказвала сваю крыўду, як пасьля нямецкага палону яе паслалі ва Усходнюю Прусію — па каровы для калгасу. Месяц ці болей гналі вялізны статак, даілі і пасьвілі па дарозе, баранілі і даглядалі, самі заўсёды галодныя і халодныя. Але мусілі трываць, бо абяцалі, як прыгоняць, даць карову, — нашую Акулярку ў 43-м зьелі партызаны, — і сястрычка трывала. Але як прыгналі, аказалася, што каровы патрэбныя для разьвіцьця калгаснай жывёлагадоўлі, і ганшчыцы засталіся з носам.

Дома радасна было, што ўсе жывыя, хата таксама цэлая, не спалілі. Але хлеба няма, ашчаджалі крышку насеннай бульбы, а болей ні малака, ні мяса. Не засталося нават курэй, якія некалі да вайны былі галоўнымі пастаўшчыкамі жабрацкага бюджэту. Увечары прыйшлі вяскоўцы, нядаўнія партызаны, распавядалі, як перажылі вайну. Колькі зьведалі гора і крыўд! Ад немцаў, партызанаў, народнікаў… У тым ліку і ад некаторых мясцовых, асабліва з тых, якія да вайны актыўнічалі з Саветамі і ў вайну не прамінулі ўслужыць акупантам. Але што ж, каму не хацелася жыць? Як таму ранейшаму нашаму старшыні калгасу Ягору, што трапіў у палон. Палонных трымалі ў лягеры пад Лепелем, мясцовых пушчалі дадому. Жонка пайшла па яго, ды Ягор не паслухаўся, дамоў не пайшоў. Кажа, дома адразу данясуць, што камуніст, і стрэльнуць. А тут мяне мала хто ведае, можа, перажыву вайну. Не перажыў вайну наш старшыня Ягор, загнуўся ў тым лягеры.

З маіх сяброў-школьнікаў амаль не засталося нікога — хто прапаў у партызанах, хто ў паліцыі (змабілізавалі на пачатку акупацыі), хто быў забіты на фронце пасьля вызваленьня. Некаторыя з маладых, ня трапіўшы пад дэмабілізацыю, прадаўжалі служыць. Iншыя прайшлі ўсе колы пекла — мабілізацыю ў 41-м, палон і канцлягеры, пасьля — вызваленьне, фронт і зноў лягеры — на гэты раз у іншым боку, на поўначы і ў Сібіры.

Зьезьдзіў у раённы цэнтар Вушачу — трэба ж было стаць на ўлік у ваенкамаце. Туды трохі пад’ехаў, а назад ішоў пешшу ўначы. Ледзьве дайшоў, не замёрз. Бо выпіў у колішняга сябра Мішы. Гэты, як і той мой саратавец, яшчэ ў войску пашчыраваў наконт пасьляваеннай кар’еры і цяпер рабіў у райкаме партыі. Але ён быў старэйшы за мяне, болей вопытны, а галоўнае — абачлівы. Toe было відаць яшчэ змалку, калі, атрымаўшы раённую газэту, ён пачынаў яе чытаць зь перадавіцы. Я ж прывык заўсёды чытаць з канца, з чацьвёртай старонкі, дзе друкаваліся зьвесткі зза рубяжу. Перадоўку пакідаў без увагі.

Мой прыезд на радзіму празь сем гадоў небыцьця, вядома ж, ня мог абысьціся без увагі мясцовага НКВД. Пачалі наведвацца тутэйшыя сэксоты, якіх дужа цікавіла, дзе я быў у вайну? (Ці ня быў у пляну?) Адна дык сказала: «А я цябе бачыла, як тут немцы былі». Дзе ты мяне бачыла?

«Ня памятаю дзе, але, здаецца, бачыла. У такой пілотачцы…»

Мабыць, былі такія, якім трэба было нешта ўтойваць, і такія, каб іх выкрываць. Мая ж вайна, хоць і была далёка адсюль, але ўся — пры сьведках. У палоне я ня быў, на акупаванай тэрыторыі не пражываў. Горш давялося сябру Колю, які ці ня ўсю вайну прабыў у Заксэнхаўзэне, працаваў на капальнях у Аўстрыі, а пасьля яшчэ і паваяваў на фронце. Дэмабілізаваўшыся, ён не паехаў дамоў, а скіраваў у Рыгу, дзе жыве і дасюль. У спакоі, дабрабыце і безь вялікіх праблемаў.

Бацька спытаўся пра мае пляны — як далей? Сказаў, што хачу дэмабілізавацца і прыехаць дахаты, у Беларусь, А ён кажа: ці трэба? Усё ж там, у войску, хоць трудна, ды кормяць. А тут даямо бульбачку і — голад. Як да вайны. Цяпер на сваёй палосцы не пасееш — ня тое, што ў вайну.

Ужо зааралі і межы…

Ехаў назад у Мікалаеў з балючым адчуваньнем расчараваньня, вострым усьведамленьнем таго, што на радзіме не знайшоў гаючага заспакаеньня душы, да якога імкнуўся ў свае 22 гады. Няўтульным здаваўся навакольны сьвет — непрыдатны для шчасьця ў вайну, малапрыдатны і ў міры. Зусім ня гэткім ён бачыўся ў дзень, калі скончылася вайна. Мір дужа хутка ткнуў мяне пысай у сьмярдзючую калдобіну жыцьця. Як было зь яе выбрацца?

Адчуваньне пагаршалася яшчэ і тым, што там, у Мікалаеве, была ў мяне дзяўчына, зь якой я меў жаданьне пабрацца. Там яна мела кватэру, радню, усе працавалі на суднабудаўнічым заводзе, казалі, што, дэмабілізаваўшыся, і я мог бы ўладкавацца ля іх. Але менавіта таго я і не хацеў, бо хацеў дамоў, на Беларусь. Ды, як паглядзеў, — куды б я яе ўзяў на Беларусі? I намер мой пакрысе ачах, нібы прысак у затухлым вогнішчы.

Апанураны і зьбянтэжаны вярнуўся ў Мікалаеў.