8. Украіна. Вайна. Белгарад

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

8. Украіна. Вайна. Белгарад

Пагодным чэрвеньскім ранкам мы прыяжджалі на Украіну… Белыя мазанкі, таполі, нечуваная мова на станцыях, гогалеўскія асацыяцыі пераносяць мяне ў іншы сьвет, рамантычны і казачны. Ня думалася тады, што гэтак шмат драматычнага і трагічнага будзе зьвязана ў мяне з гэтай краінай.

Не пасьпеў агледзецца, як сьлед пазнаць горад і нават адшукаць дзядзьку, як выбухнула вайна.

Прызнацца, тое маладых сьпярша і ня надта палохала. Была ж толькі нядаўна фінская вайна, перад тым — вызвольны паход у Заходнюю Беларусь, усё сканчалася трыюмфам перамог. Пераможам і тут. Тым болей, калі намі кіруе непераможны таварыш Сталін. Але пакрысе рабілася сумна, а затым і страшнавата. Хацелася дамоў, бліжэй да родных мясьцінаў. Ды не было як. Калі нямецкі вермахт захапіў Менск і Гомель, падступіў пад Кіеў, нас змабілізавалі цераз ваенкамат. Сьпярша на абаронныя работы. Можа, месяц капалі даўжэзны і глыбокі супрацьтанкавы роў, здаецца, пад Пірагоўкай, які затым кінулі, бо немцы ўжо замыкалі сваё акружэньне Кіеўскага катла…

Пачынаецца эвакуацыя. Тысячныя калёны 17—18-гадовых юнакоў пацягнуліся пыльнымі дарогамі на ўсход. Стаяла паўднёвая сьпёка. У сёлах і гарадках, дзе мы праходзілі, нас праводзілі жанчыны і дзяўчаты, давалі якую ежу, садавіну, махалі хусткамі. Некаторыя плакалі. Мы паводзілі сябе вольна, жартавалі. Нас, жменьку беларусаў, ніхто не аплакваў, нашыя плакальшчыцы засталіся далёка. Але і ўкраінкі нас шкадавалі і любілі. На ўскраіне старажытнага Глухава адна чарнакосая ўкраінка падбегла і пацалавала мяне — то быў першы хвалюючы дзявочы пацалунак у маім жыцьці. Начавалі звычайна ў гумнах, аборах, ужо апусьцелых школах. Хлопцы-ўкраінцы дужа добра сьпявалі. Як ні былі стомленыя за дзень, у цемрыве летняй зорнай начы дзе-небудзь на краі сяла доўга гучала самая любімая і знаёмая «Распрагайтэ, хлопці, конэй та лягайтэ спачывать, а я пійду ў сад зэлэній та крынычэньку копать». Як разьвіднее — пад’ём і на сьпякотную дарогу, пакуль ня зьявяцца ў небе нямецкія каршуны.

Харчуемся, чым дзе прыйдзецца. Болей самапасам. Быў вялікі ўраджай яблыкаў, гародніны. Забягаем у прыдарожныя крамы, у якіх, аднак, амаль пуста. Усё расхапалі да нас. У Белгарадзе я спрабаваў купіць фруктовага чаю, які можна было есьці, ды загруз у натоўпе каля прылаўка. Праз тое адстаў ад калёны, а затым і згубіў яе. Пакуль бегаў па забітых войскамі вуліцах, настала ноч. Стомлены зайшоў у паўразбураную бомбай хаціну і заснуў. Пабудзілі камэнданцкія патрулі. Адвялі ў камэндатуру. Там уначы допыт — хто такі, чаму адстаў, зь якой мэтай? Абшукалі, адабралі дакументы. Знайшлі ў маёй валізцы карту — выдраны з падручніка аркушык, на якім я, грамацей, адзначаў, як рухаецца фронт. Той аркушык мяне ледзь не загубіў. Лейтэнант у сіняй фуражцы, што дапытваў мяне, пасьля першых жа словаў выцяў у адно вуха, затым зь іншай рукі — у другое: «Почему скрывался?» Я спрабаваў давесьці, што адстаў ад каманды, што іду з Сумской вобласьці. А мой сьледчы на тое адказваў: «Все так говорят, грубо работают ваши фашисты, по шаблону. Но мы выбьем из тебя признание, японский городовой!» Тую адмысловую лаянку я тады чуў упершыню і запомніў на ўсё жыцьцё.

Што праўда, болей мяне ня білі, яшчэ палаяўшыся, адвялі ў цесную камеру ў сутарэньні. Тут было цёмна, адчувалася прысутнасьць людзей, і я прысеў каля ўваходу. Але неўзабаве прывялі і яшчэ некага, пасьвяціўшы ліхтарыкам, мяне змусілі перасесьці далей. Я прысланіўся плячмі да сьцяны і, здаецца, задрамаў трохі.

Як стала днець, прачнуўся. У камеры трохі пасьвятлела. Тут сядзела чалавек восем, я паўзіраўся ў маіх суседзяў. Адзін ляжаў на баку, выцягшы даўгія ногі ў высока накручаных абмотках. Другі сядзеў побач, на галаве ў яго была фуражка з зоркай над казырком. А яшчэ адзін ляжаў ля мяне, ён быў у белай вышыванцы, з рукамі, закладзенымі назад. Я не адразу здагадаўся, што яны ў яго зьвязаныя, і незнарок памкнуўся іх разьвязаць. Але чалавек тузануўся і прастагнаў: «Не чапай, застрэляць». I я адвярнуўся.

Дзіўна, што да паўдня з камэры нікога не выводзілі, а прывялі яшчэ трох. Усе тут маўчалі, толькі адзін з прыведзеных пачаў плакаць, і на яго крыкнулі: «Сьціхні! Разьнюніўся…» Усе чагосьці чакалі і слухалі, што адбываецца знадворку. А там сапраўды штось адбывалася, грукацелі машыны, чуліся крыкі камандаў ці што. Упаўдзён адбылася жахлівая бамбардзіроўка гораду, усё скляпеньне трэслася, аж сыпалася са столі. Недзе паблізу стралялі кулямёты, але зенітак не было, як стрымана зазначыў мой сусед у абмотках.

Пад вечар некалькі чалавек вывелі, болей не прывялі нікога. У камеры павальнела, але знадворку цішэй ня стала. Недзе, даволі блізка, бахала артылерыя. Я зноў трохі задрамаў. А прачнуўся ад таго, што дыхнула сьвежым паветрам, у дзьвярах стаялі вайскоўцы ў плашчпалатках. Ботамі яны пабудзілі тых, што былі бліжэй, і загадалі выйсьці. Дужа хутка ў другім канцы будынку пачуліся стрэлы.

«Чатыры», — са страхам мовіў хтосьці ў камеры. Твар майго суседа ў вышыванцы стаў зусім белы, бы абсыпаны мукой. Дзьверы затым пачалі часта расчыняцца, падобна, пачалі выводзіць усіх, па чарзе. Недзе, ня так далёка, усчалася страляніна, празь якую мы чулі некалькі блізкіх стрэлаў. Чарговы раз прыйшлі два — малады ў сіняй фуражцы і сталы, вусаты чырвонаармеец зь вінтоўкай. Гэты, вусаты, кіўнуў мне — на выхад, і я паслухмяна падняўся. Не памятаю, як выйшлі са склепу, цераз выбрукаваны двор завярнулі за вугал мураванага будынку на вытаптаныя грады агароду. I там пад старым дашчатым плотам я згледзеў у крапіве даўгія ногі ў высока накручаных абмотках. I я не стрымаўся — сьлёзы самі ручаём паліліся з вачэй. Чырвонаармеец прыпыніўся, бы зьдзіўлены маім бязмоўным плачам, і раптам кажа: «Пацан, бяжы! Хутка!». I я рвануў цераз бульбоўнік да блізкай праломіны ў плоце, чакаючы, што ён зараз у мяне стрэліць. Ён і сапраўды стрэліў, але ўгару, як я зразумеў бегучы, хоць і не азірнуўся нават.

Я бег і за плотам, празь нейкія агароды, пералез цераз драцяную загародку, абабег пахілыя хлеўчукі, апынуўся ў аброслым дзядоўнікам завулку. Добра, вайскоўцаў тут не было, толькі нейкая цётка зь вядром высунулася з-за вугла, я моўчкі яе абмінуў і нарэшце выбраўся да чыгункі. Тут зьніякавеў трохі, ня ведаючы, куды падацца — управа ці ўлева? Пайшоў улева, — каб ад вадакачкі, што блізка высілася над дахамі. Там неўзабаве спаткаў дзядзьку-чыгуначніка, які з мэталёвым чамаданчыкам у руках ішоў кудысь ці аднекуль. Я папытаўся, у якім баку Харкаў, і дзядзька, паўзіраўшыся ў мяне, моўчкі махнуў рукой — там. Я і пайшоў па пуцях на захад. Па дарозе ісьці было нельга, дарогі былі забітыя войскамі, што адступалі, бежанцамі — пешымі і на вазах. Я шпарыў па чыгунцы, кіраваў у Валчанск — гарадок пад Харкавам, дзе, як дачуўся раней, фармаваліся запасныя часткі. Каманда, ад якой я адстаў, накіроўвалася менавіта туды. Але дзе быў той Валчанск? Ці сапраўды пад Харкавам, як паказаў мне чыгуначнік? Болей папытацца не было ў каго. Ды я і баяўся пытацца.

Увогуле тады мне пашэнціла. Як збоч ад дарогі ў лесе знайшоў сваю каманду, тая ўжо строілася для фармоўкі. Я вельмі ўзрадвваўся, пачуўся амаль шчасьлівым. Але ж у мяне не было ніводнага дакументу, усё засталося ў Белгарадзкай камэндатуры. Добра, што камандзіры ня надта прыдзіраліся — не было часу, ды й хлопцы пацьвердзілі: то наш. I я ці не ўпершыню адчуў радасную еднасьць калектыву, яго шчасьлівую перавагу перад задушанай жыцьцём адзінкай. Пра свае драматычныя прыгоды ў Белгарадзе доўга нікому не распавядаў, пра дакументы пасьля пісаў, што страчаныя падчас вайны. Бяз пэўных падрабязнасьцяў[1].

Нас сфармавалі ў новую каманду, далі нейкую б/у абмундзіроўку, але замест зброі — рыдлёўкі. Абвясьцілі, што з гэтага дня мы — у складзе армейскага інжынэрнага батальёну. Прыбыло нейкае начальства, і нас зноў павялі капаць траншэі на поўнач ад Харкава. Праз колькі дзён выдалі вінтоўкі — па адной на дзесяць чалавек, і мы адчулі сябе байцамі непераможнай Чырвонай арміі. Неўзабаве пачалася катавасія. Падышоў фронт, пачасьціліся бамбёжкі. Прарывы нямецкіх групаў, паветраныя дэсанты, якія належала адбіваць, але часьцей мы ад іх уцякалі. Аднойчы нас кінулі на прыкрыцьцё нашай кавалерыйскай контратакі. Там я ўпершыню адчуў увесь жах гэтай вайны.

Ноччу на ўскрайку кукурузнага поля мы выкапалі акопчыкі. Наперадзе — бураковая ніва, а за ёй вялізнае ўкраінскае сяло. Учора мы празь яго ішлі. А затым ішла кавалерыя — шмат кавалерыі. Дагэтуль бачу: запыленыя, стомленыя коні і людзі, вакол пыл, пыл… На Украіне ўлетку заўсёды пыл на дарогах. Кавалерысты, відаць, ішлі здалёку, удзень над імі вісела нямецкая авіяцыя, увесь час бамбіла. Навакольле ўсё гарыць… А яны ўзброеныя так: вінтоўка за сьпінай, шашка, процігаз, перамётныя сумкі ля сёдлаў… Чамусь запомніліся конскія процігазы. На сядле сумка вялікая, і ад яе ідзе тоўстая гафрыраваная трубка, бы кішка, і маска, — надзяваецца каню, калі газавая атака, якіх, дарэчы, нідзе на вайне не было. На сьвітаньні коньнікі кінуліся на сяло ў атаку, на нямецкія танкі. Немцы падпусьцілі іх даволі блізка і з кулямётаў наладзілі ім такое, што Божа мой! Празь якіх дзесяць хвілін усе адхлынулі назад. I вось бяжыць конь у пене, безь седака, а то сядок вісіць зь сядла ўніз галавой. Конь падае, б’ецца, зь ягонага бруха вывальваюцца вантробы ды яшчэ кішка гэтая процігазная цягнецца. Усё навакол пашкуматана кулямётнымі чэргамі. Хуценька мы адтуль драпанулі — усе, пешыя і коньнікі — у лясок, атака захлябнулася, і болей яе не ўзнаўлялі. Танкі пайшлі далей.

Потым яшчэ было нямала такога ж, бязладнага і дурнога. Мы будавалі для маршала Будзённага камандны пункт, на якім Сямён Міхайлавіч ледзьве ня трапіў у палон. Адыходзілі на Стары і Новы Аскол… Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычніку, армію нарэшце вывелі пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, адны рэшткі.