62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
Седзячы ў Доме Ажэшкі, Карпюк прачытаў у «Новом мире» ўспаміны генэрала Гарбатава, дзе ягоную ўвагу прыцягнуў не расповед генэрала пра сваю кар’еру і франтавыя подзьвігі, а скупое паведамленьне пра тое, што генэрал ня п’е. I ніколі ня піў. Уражаны такім дзівам, Карпюк сунуў часопіс у кішэню і пабег на вакзал. Там, не пасьпеўшы сказаць нават жонцы, сеў у маскоўскі цягнік і ранкам быў ужо ў Маскве. Пасьля працяглых перамоваў з палкоўнікамі Генэральнага штабу раздабыў адрас Гарбатава, які жыў каля Нікіцкіх варот. Карпюк пазваніў у дзьверы, і папярэджаны з генштабу генэрал яго ўпусьціў. Карпюк ветліва прадставіўся — беларускі пісьменьнік, ветэран вайны. Генэрал пасадзіў госьця за маленькі столік, дастаў з шафы гранёны графінчык. Карпюк хацеў абразіцца і заўважыў, што ў часопісе генэрал напісаў, быццам ня п’е. Аказалася, сапраўды ня п’е, а графінчык — для госьця. Тады Карпюк горача паціснуў генэральскую руку, радасна паведаміўшы, што таксама ня п’е. I выклаў яму патрэбу, зь якой прыехаў у Маскву. Ва ўсіх краінах сьвету ёсць таварыствы цьвярозых, а ў нас няма. А між тым шкода ад п’янства… I г. д. Таму трэба зьвярнуцца да грамадзкасьці зь лістом, падпісаным аўтарытэтнымі людзьмі, вось як вы і я, і стварыць таварыства. Тэкст ліста ўжо гатовы, вось пачытайце…
Трохі зьбянтэжаны генэрал прачытаў тэкст і цяжка ўздыхнуў. Справа добрая, сказаў ён. Але хто падпіша? Сярод яго знаёмых цьвярозага генэрала яму не знайсьці. Можа, сярод пісьменьнікаў?..
Карпюк задумаўся. Канешне, ён разумеў, што двух подпісаў было замала для такога ліста, патрэбны быў трэці. Ды знайсьці яго сярод пісьменьнікаў таксама праблема. I раптам ён успомніў пра Адамовіча, які тады быў у Маскве на нейкіх курсах. (Стаўшы ўжо доктарам навук, той усё вучыўся.) Карпюк пабег па Маскве шукаць Адамовіча.
Ён шукаў яго цэлы дзень да вечару, аб’ехаў усе вядомыя рэдакцыі, абзваніў знаёмых. I высьветліў, што Адамовіч сёньня едзе ў Менск. Тады Карпюк купіў білет на вечаровы цягнік і, як той рушыў з Беларускага вакзалу, пачаў абход вагонаў. Ён іх абышоў усе, зазіраў у кожнае купэ і каля Смаленску сапраўды знайшоў соннага Адамовіча. Той выслухаў яго прапанову і сказаў: «Я гатовы ўступіць. Але толькі з умовай разваліць яго знутры». I лёг спаць. Карпюк аблаяў Алеся і выйшаў з цягніка. Раніцай прыехаў да Нікіцкіх варот і аб’явіў генэралу, што трэцяга цьвярозага чалавека ў Расеі не знайшоў. Так высакароднае таварыства не было створана. Hі тады і ніколі болей.
Карпюк, як ён пасьля распавядаў, дарма зьвязаўся з вайскоўцамі, хоць бы і з генэраламі. У сваім жыцьці ён пераканаўся, што з гэтым народам лепей справы ня мець. У вайну Карпюк камандаваў партызанскім атрадам, пасьля ваяваў на фронце, быў двойчы цяжка паранены, а афіцэрскага званьня так і ня выслужыў. У той жа час хлопчыкі, што прыходзілі з унівэрсытэту, так бы мовіць, авансам былі лейтэнанты. А некаторыя і пры ўзнагародах, заслужаных і ня надта. Карпюку ж не далі сабраць нават заслужаныя ім на вайне медалі.
Займеўшы аднойчы вольны час, ён узяўся напісаць лісты.
Адзін быў міністру абароны наконт таго, каб яму выдалі заслужаны ім медаль за ўзяцьце Бэрліну, другі — дзядзьку на Урал. Дзядзька пісаў даўно ўжо, што жыве кепска, з прадуктамі трудна, прасіў дапамогі. Дык пляменьнік яму напісаў: кінь ты гэта расейскае жыцьцё, прыяжджай у Беларусь, тут бульбачкі хопіць. Той жа дзень аднёс лісты на пошту.
I вось празь нейкі час прыбягае з ваенкамату пасыльны, прыносіць позву. Карпюк парадаваўся — ці не прыйшоў ад міністра мэдаль? Прыйшоў да палкоўніка-ваенкама. Той чамусьці глядзіць ваўком, а потым падае аркуш паперы і кажа: «На чытай». Карпюк моўчкі чытае. «Не, ты гучна чытай», — кажа ваенкам. А там на бланку Міністра абароны Саюза ССР напісана: «Загадваю. Параграф першы. Выклікаць і растлумачыць грамадзяніну Карпюку А. Н., што я ў сваяцтве зь ім не знаходжуся і дзядзькам яму не зьяўляюся. Параграф другі. Гродзенскаму аблваенкаму палкоўніку такому-та за нізкі ўзровень палітмасавай работы з асабовым складам аб’яўляю вымову. Міністр абароны маршал Савецкага Саюзу Г. Жукаў». — «Ты зразумеў? — пытаецца ваенкам. — Мне праз паўгода на пэнсію, хто мне цяпер гэтую вымову зьніме? Ці мне бяз пэнсіі ў адстаўку ісьці? Во што ты нарабіў, разгільдзяй!»
Прыгнечаны, з сапсутым настроем Аляксей вярнуўся дадому, дзе яго чакаў ліст ад дзядзькі. Той пісаў хімічным алоўкам на школьнай старонцы: «Дарагі пляменьнік, ці ты там з глузду зьехаў у сваёй Горадні, — які я табе маршал і дзе я табе вазьму гэны мэдаль? Я і ў войску ні дня не служыў…».
Зь дзядзькам, канешне, адносіны ўлагодзіліся, а прадстаўленьне на афіцэрскае званьне ў Карпюка ляснула. Карпюк быў у недаўменьні: падумаеш, напісаў! Я ж маршала не аблаяў. Дык праз тое да пяцідзесяці год хадзіць радавым? А гэтыя, што ў вайну ні разу па жывым немцу ня стрэлілі, ужо маёры запасу. Вунь як той Гаўрушка, што самагон на хутары для камбрыга гнаў. Цяпер ён член бюро гаркаму, — абураўся Карпюк. Тады ён яшчэ не прадбачыў, што прыйдзе час, і гэты брыгадны самагоншчык дасца Карпюку ў знакі…