14. Шпіталь. Дарога на фронт
14. Шпіталь. Дарога на фронт
Вайна — бадай, скрозь чалавечае няшчасьце, а шчасьце, як вядома, рэч дужа адносная. У параўнаньні зь перадавой кожны шпіталь можа здацца курортам. Шпіталь у Александрыі якраз у цэнтры горада, здаецца, у будынку школы. Памылі ў лазьні, пражарылі вашывую вопратку, далі чыстую бялізну. Параненых шмат, месцаў, як заўжды, не хапае. Афіцэры ляжаць па два ў ложку. Памятаю, маім суседам быў лейтэнант-танкіст са знакамітым прозьвішчам Варашылаў. (З Варашылавым ляжаў, казаў пасьля.) Той шпіталь належаў Пятай танкавай арміі, таму пераважна тут былі танкісты — параненыя, абгарэлыя, розныя. Абгарэлыя асабліва страшныя. Абпалы дужа балючыя і доўга ня гояцца. Людзі пакутуюць, часта нэрвуюцца і лаюцца. Зь сёстрамі, між сабой, з начальствам. А начальства — дактары — тут ці ня спрэс жанчыны рознага ўзросту. Мужчыны — толькі палітрукі, якія і тут ведаюць адно і тое ж — сваю надакучлівую прапаганду, прывіваць нянавісьць да нямецкафашыстоўскіх захопнікаў. Тае нянавісьці ў нас саміх звыш меры — і ня толькі да фашыстоўскіх захопнікаў. Некаторыя параненыя, не стрываўшы, са злосьці пасылаюць начальнікаў на тры літары, тады ў палаце скандал, вечарам ці ноччу паяўляецца сьмерш, недысцыплінаванага кудысь пераводзяць. На перадавую, аднак, ніхто ня рвецца, усё ж тут як-ніяк цёпла, ціха і не забіваюць. Праўда, галаднавата, але да голаду за жыцьцё мы прывыклі.
Часам узьнікаюць размовы, успаміны пра нядаўнія баі.
Там я шмат што пачуў наконт славутага «порядка в танковых войсках», пра якасьць хвалёных танкаў. Пра саракапяткі танкісты і слухаць не хацелі, для іх гэта быў не супрацьтанкавы сродак, а «хлапушы», як яны казалі. Гаворка часьцей ішла пра «тыгры» і «фэрдынанды», якія са зручных пазыцый выбівалі нашы танкавыя батальёны. А іх паспрабуй дастаць. Пастаўленая на трыццацьчацьвёрцы 76-мм гармата іх ня брала, а яны са сваёй 88-мілімэтроўкі наскрозь прабівалі браню нашых танкаў. А мы, дурні, былі засвоілі, што наша трыццацьчацьвёрка — лепшы танк у сьвеце. Паслухалі б прыхільнікі гэтых трыццацьчацьвёрак, што пра іх кажуць тыя, хто ў іх гарэў і гінуў. Але ж наша, рускае, усё лепшае — і састарэлая «драгунка» ўзору мінулага стагодзьдзя, і ППШ — аўтамат фінскага ўзору, што выпускаўся там з 1934 году, і вядома ж, наш суконны шынэлак на «рыбіным мяху». Што ўжо казаць пра франтавыя шпіталі, пра якія ня раз з болем і гневам пісаў Віктар Астаф’еў. Галоўнае шпітальнае лякарства — іхтыёлавая мазь, чорная сьмярдзючая мазюка, якой мазалі ўсе раны. Добра, калі рана чыстая, а калі ў ёй зямля, часткі бруднай апраткі… Пэніцыліну ж тады не было. Найбольшая надзея была на хірургаў, якія рэзалі няшчадна, тым, можа, і найбольш ратуючы. Кармёжка ўсё тая ж, вайсковая, хіба што гарачая — хлеб, каша пярловая, радзей пшонная, суп вермішэлевы ці зноў жа пярловы. I традыцыйны чай. (На фронце мы дзівіліся, што немцы п’юць каву — напой, які мы ў сялянстве ніколі ня спытвалі і які здаваўся нам агідным, бы з сажы. Але яны пілі яго з малаком.)
Афіцэраў усё ж імкнуліся разьмеркаваць па якіх-небудзь будынках, салдатаў жа клалі звычайна ў апусьцелых за вайну калгасных аборах, кароўніках ці сьвінарніках. Трохі вычышчалі гной, слалі салому, якую накрывалі зьверху ўнівэрсальнай салдацкай апраткай — плашч-палаткамі. Укрываліся кожны сваім шынялём ці ватоўкай, спалі нераспранутыя. Зімой на праходзе ставілі жалезную грубкубочку, якую палілі круглыя суткі. Вакол яе месьцілася 23 сотні параненых. Адаспаўшыся пасьля перадавой, спакваля пачалі адзін з другім знаёміцца, моладзь — кучкавацца па інтарэсах. Нават гуляць у карты. Калі-небудзь ноччу пры сьвятле капцілкі можна было пачуць пад ціхенькі перабор балалайкі якую з папулярных песьняў. А то і салдацкі фальклёр. («Первая болванка попала в бензобак, вылез я из танка сам не знаю как. Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить, — в танковой бригаде мне уж не служить. А наутро рано ведут в особотдел: что же ты, подлюга, в танке не сгорел? Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить…
Очень виноватый, я им говорю: в завтрашней атаке обязательно сгорю…» — і г. д.).
Як пачала гаіцца нага, стаў выходзіць у горад. Недалёка быў імправізаваны кірмаш, дзе прадавалі семкі, махорку, малако, гарачую бульбачку, яшчэ нешта. Але тут аказалася, што ў мяне няма разьліковай кніжкі, таму я не магу атрымліваць зарплату. Увогуле зразумела, бо той кніжкі я ніколі ня меў, на перадавой навошта мне былі грошы? Затое ў мяне, апроч шынялька, была аўчынная камізэлька, якую я і загнаў, купіў бутлю бураковай самагонкі. Пасьля на той жа кірмаш аднёс цёплыя, ватныя штаны — блізілася вясна, раставаў сьнег. Рана мая то гаілася, то давала рэцыдыў, разы два на тыдзень рабілі перавязкі. Са сваёй дывізіяй ня меў ніякай сувязі, нікога адтуль не паступала, і ня дзіва: то быў шпіталь іншай арміі. Але за тым, што рабілася на фронце, увогуле сачылі— кожны дзень прывозілі параненых, тыя расказвалі. Асаблівы наплыў быў, як пачаўся наступ на поўдзень, як фарсіравалі Буг. Неўзабаве шпіталь перамясьцілі трохі на поўнач, пад Знаменку. Зноў — у калгасную абору, афіцэраў — у будынак сельскае школкі. Там пачалі выдаваць лёгкі духмяны табак, і я прывучыўся курыць. Мне ішоў дваццаты год, а я яшчэ не пачынаў курыць — ганьба для савецкага афіцэра, як насьміхаліся старыя курцы.
Нарэшце пад чарговы пераезд шпіталю выпісалі. Зь яшчэ адным выздаравелым — параненым танкістам, малодшым лейтэнантам Тавакіным [ — ] атрымалі прадпісаньне ў аддзел кадраў 5-й танкавай арміі. Iшлі пехатой за фронтам, які пачаў наступ. Ад сяла да сяла, кожны раз начуючы дзе заставала ноч, там жа і кормячыся. Тагачасныя ўкраінскія сёлы, двойчы абрабаваныя — калектывізацыяй і вайной — былі не багацейшыя за беларускія. Праўда, можа, ня надта пабураныя — там не было «партызанкі». Звычайна, як мы паяўляліся на парозе, цётка пачынала бедаваць: «Ай, чым жа я вас нагадую, у мяне ж толькі фасоля ды бараболя». Нам добра была і фасоля з бараболяй. Калі-нікалі, праўда, перападала і шклянка самагонкі — сьмярдзючай і мутнай буракоўкі, — і той мы былі радыя.
Усюды па дарогах і сёлах пыталіся з Тавакіным пра свае часьці, і аднойчы мой танкіст нешта надыбаў, напаў на сьлед свайго танкавага корпусу. Але мне туды было неяк, я ж не танкіст, і я прадаўжаў пошукі адзін. Вясна ўжо была ў разгары, сьнег на Украіне той год растаў яшчэ ў лютым. Дарогі былі жахлівыя, суцэльная гразь. Клейкі ўкраінскі чарназём адрываў падэшвы, і мае кірзачы ашчэрылі зубы. Скрозь войскі, войскі… Адны калёны ішлі на поўнач, іншыя на захад ці на поўдзень — не зразумець.
Аднойчы сеў на ўзбочыне перадыхнуць, гляджу, як брыдзе пяхота, за ёй пайшлі перадкі з гарматамі. I раптам бачу на адным знаёмы вусаты твар, — то ж старшы лейтэнант, узводны, зь якім я расстаўся ў ноч майго раненьня. Я да яго — куды і адкуль, як тут апынуўся? Чаму апынуўся, кажа, а я нікуды і не выбываў, толькі перайшоў у батарэю. Але ж дзе наша дывізія? — пытаюся я. А во яна, кажа, перакідваюць на іншы ўчастак. Я падзівіўся: перада мной прайшоў мой полк і — ніводнага знаёмага твару? А старшы лейтэнант кажа: «I ня ўбачыш знаёмых, нікога няма. А наогул навошта табе вяртацца ў гэтую дывізію, якая надта ж невязучая, заўжды яе б’юць. Пашукай чаго іншага». (Наіўны чалавек — ён меркаваў, што дзесьці ёсьць дывізіі «вязучыя».) Але тады я паверыў яму і зрабіў так, як ён раіў.
Празь дзень у нейкім ацалелым маёнтку напаткаў штаб 4-й гвардзейскай арміі, прад’явіў свае дакумэнты, запоўніў патрэбныя анкеты і атрымаў накіраваньне ў 252 СД. Амаль шчасьлівы выйшаў на вуліцу. Вакол было ціха, на фронце ішла перадыслякацыя, толькі ў адным баку нешта надта падазрона грукоча, бы таўкачамі б’юць у зямную ступу. Пытаюся ў сустрэтага афіцэра, можа, ведае, дзе шукаць 252 СД? Той уважліва паглядзеў на мяне і паказвае рукой туды, дзе грукоча. Кіруй, кажа, на тыя грымоты, не заблудзішся. I я трохі пашкадаваў тады пра сустрэчу на дарозе з дывізіяй, якая пайшла ў тыл. Ды было позна.
Таго ж дня ў штабе дывізіі мяне прызначылі камандзірам узводу батарэі 45-мілімэтровых гармат стралковага палку.