70. Ларыса Геніюш
70. Ларыса Геніюш
Аднойчы ў Горадню завітала Ларыса Геніюш. Раней яна ніколі не прыяжджала сюды, жыла ў сваёй Зэльве, пісала. Звычайна езьдзілі да яе, у тым ліку аднойчы і мы з Карпюком. Перажыўшы нямала драмаў і трагедыяў, яна ўвогуле была жанчына негаваркая, мала каму давярала, шмат што перажывала ў сабе. Мы спаткаліся зь ёй у доміку Ажэшкі, на той раз яна здалася нам дужа вясёлай і абнадзеенай. Зрэшты, было чаго — яе пусьцілі ў Беласток, дзе яна мелася сустрэцца з сынам, якога ня бачыла з моманту свайго арышту ў Празе. Паказвала грошы, «цэлую кучу», якую яна зарабіла, дзякуючы Максіму Танку, што дамогся выхаду яе зборніка. Мы шчыра парадаваліся шчасьліваму павароту ў яе жыцьці. Там жа Карпюк, адвёўшы госьцю ў ціхі закутак, уручыў ёй ліст для перадачы ў Беластоку аднаму чалавеку. Тым чалавекам быў нядаўна намі падазраваны Олек Амельяновіч. Я дужа сумняваўся ў правільнасьці карпюкоўскага ўчынку, баяўся, што тым ён можа «падставіць» Ларысу. Баяўся, атрымалася, марна.
Геніюш была старая кансьпіратарка і зрабіла ўсё як належыць. Усё як належыць зрабіў і Амельяновіч. Паехаў у Штутгоф, дзе на месцы былога канцлягеру арганізавалі архіў, і там сярод процьмы іншых дакумэнтаў адкапаў злашчасную нямецкую ведамасьць. На першай старонцы гэтай пажоўклай паперыны выразна значылася: Рэестар грашовых пераводаў, якія паступілі палонным ад іхніх родзічаў. Далей ішлі дробныя сумы ў дойчмарках і подпісы тых, каму яны прызначаліся. Вядома, ніякіх марак зняволеныя не атрымлівалі, але бухгалтарская пунктуальнасьць патрабавала, каб усе расьпісаліся. У тым ліку і зьняволены Карпюк, які расьпісаўся і забыўся. Ніякіх грошай ён, вядома, ня бачыў, дык навошта было пра іх памятаць. Ягоная галава ў той час была занятая праблемай уцёкаў, якія ён і зрабіў. А пасьля пры допытах у КДБ тыя, што там даседзелі да вызваленьня, сьцьвярджалі, што ўцячы са Штутгофу было немагчыма. Што Карпюка, можа, выпусьцілі. I ім верылі, ня ведаючы, што каму — немагчыма, а Карпюку стала магчыма. Бо Карпюк заўжды «тузаўся», такім ужо валодаў характарам.
Дагэтуль невядома, ці мелі члены бюро ЦК КПБ на руках тую ведамасьць, як вырашалі лёс Карпюка, бо Карпюк атрымаў яе значна пазьней. Але абмяркоўвалі ўсе пункты абвінавачваньня доўга і старанна. Пасьля галасавалі. На галасаваньне было пастаўлена дзьве прапановы: выключыць або даць страгача. За выключэньне прагаласавалі два даўнія «сябры» Аляксея — генэрал Дэбалюк і Міцкевіч. За страгача — Кузьмін і Аксёнаў. Сам Машэраў устрымаўся. То быў паратунак. Урэшце спыніліся на страгачы, які Карпюк пранасіў год і стаў зусім чысты. Перад партыяй і савецкім народам. А вельмі проста маглі б і засадзіць — за супрацоўніцтва з гестапа ды іншае. А заадно і тых, хто супрацоўнічаў з супрацоўнікам. Ужо былі такія прыклады, і адзін зь іх — драматычная гісторыя слонімскага паэта Анатоля Iверса. Застаўшыся на акупаванай тэрыторыі, ён змушаны быў па заданьні зь лесу пайсьці працаваць ў гарадзкую ўправу, ягонага таварыша ўкаранілі нават у СД. Дапрацаваліся яны там да таго, што ледзь выратаваліся ад арышту. Iверс дык выскачыў у вакно, а сям’я была арыштавана і жонка з дзецьмі загінула. Пасьля вызваленьня нейкі час усё было добра, іхнюю гісторыю ў Слоніме ведалі, іх не чапалі. Але зь цягам часу, калі партызанскія кіраўнікі, на якіх яны працавалі ў немцаў, памерлі або разьехаліся, абодвух «выкрылі». У Горадні быў суд, Iверсаў таварыш атрымаў 15 гадоў, сам Iверс быў звольнены з працы, выключаны з СП і пятнаццаць гадоў прарабіў на смалакурні ў лясгасе.
Клейн у гэтую пару яшчэ рабіў на гародніннай базе, праўда, тады ўжо не цягаў скрынкі, — як чалавека пісьменнага, яго з алоўкам у руках паставілі іх падлічваць. Toe была паслабка. Няхутка яшчэ ён перайшоў на працу ў сацыялягічны аддзел хімкамбінату.
«I высакародны чалавек можа стаць нявольнікам абставінаў, але той, хто робіцца лакеем абставінаў — не высакародны чалавек», — зазначыў калісь Леў Мікалаевіч.