105. Чарнобыль

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

105. Чарнобыль

Я сядзеў на дачы і замест таго, каб паліваць свае ружы, пісаў нейкі артыкул. Апошнім часам здорава даймалі газэты і часопісы, зрэдчас радыё і тэле, — усім спатрэбіліся артыкулы наконт перабудовы. Мабыць, прафэсіяналаў-перабудоўшчыкаў бракавала, і яны ўспомнілі аматара Быкава. Нядаўна яшчэ пазьбягалі ўспамінаць маё імя, цяпер жа напрамілы Бог прасілі: напішы хоць што-небудзь. Я і пісаў, а яны рэдагавалі, было, што і дапісвалі і перапісвалі так, як ім было трэба. Колькі разоў я даваў зарок не пісаць, але яны былі кваліфікаваныя прафэсіяналы і ўмелі дамагчыся свайго. I Быкаў чарговы раз змушаны быў пісаць.

У такі час прыйшла наша мілая суседка Валянціна Мікалаеўна Мільто, сказала, што ўчора адбылася нейкая катастрофа на Украіне, Захад дужа ўстрывожаны. Катастрофаў у нас заўсёды хапала, хаця пра іх і не паведамлялі, каб не псаваць настрой працоўных, не выклікаць панікі. I я не трывожыўся — працягваў сваю пісаніну. Але ўсё ж весткаў пра бяду болела, штось перадало Бі-Бі-Сі. Надвячоркам стала вядома, што сапраўды сталася катастрофа — выбухнуў рэактар у Чарнобылі. Але тое — на Украіне, чаго нам баяцца?

У Беларускім ЦК так і сказалі, калі туды патэлефанаваў хтось з дачных суседзяў. Але неўзабаве на сваю дачу ў пасёлку прыехаў Васіль Барысавіч Несьцярэнка, які быў дырэктарам ядзернага цэнтру ў Соснах. Ён толькі што прыляцеў з Масквы і першым чынам завітаў у ЦК біць вялікую трывогу, прымаць меры. Радыенукліды ўжо засыпаюць Беларусь — прыборы рэгіструюць небясьпечныя дозы. Кіраўніцтва ЦК яго супакойвала — нічога страшнага. Той, аднак, не сунімаўся — тузаўся да ўсіх інстанцыяў, ужо ён разумеў, чым тое пагражала народу. Але што ён мог зрабіць? Што наогул можна было зрабіць? Кузьмін, якому я патэлефанаваў, сказаў, што трэба ўжываць ёд. Некалькі кропляў ёду на драбок цукру, і ўсё. Болей сродкаў ад атаму мы ня мелі.

Увечары зь Кіславодзку патэлефанаваў Адамовіч, — ён выяжджае. Я жартам сказаў, каб з тым не сьпяшаўся, хай бы захаваўся адзін зь беларусаў — дзеля чысьціні генафонду. Нам ужо ратавацца позна. Тым ня менш Адамовіч прыехаў. Адразу пабег у ЦК, дзе супакоіць яго таксама нічым не маглі. Хаця перад тым і запэўнілі Гарбачова, што беларусам чарнобыльскі атам не пагражае. Гарбачоў паставіў іх у прыклад украінцам, якія запанікавалі і прасілі грошы. Беларусы нічога не прасілі. Тады Адамовіч спаткаўся зь Несьцярэнкам і дазнаўся ад яго, што насамрэч нашыя справы — дрэнь. Галоўнае, няма прыбораў, каб мераць ступень паразы, няма ніякіх іншых сродкаў. Адамовіч паімчаў у Маскву, да Гарбачова — ратаваць беларускую нацыю. Гарбачоў быў у стане вялікай трывогі і разгубленасьці — каму верыць? Партыйнаму кіраўніцтву, якое маўчала, вучоным, што захоўвалі зайздросную вытрымку, ці «панікёру» Адамовічу? Усё ж ён паверыў дылетанту Адамовічу, якому ўдалося празь яго выбіць нейкую колькасьць дазіметраў. Генсек адчуў нутром, чыя праўда і хто яго ашуквае. Зрэшты, мабыць, і самому Гарбачову хацелася ашукацца, калі б была магчымасьць.

На выхадныя, калі ні ў Маскве, ні ў Менску нікога з начальства нельга было знайсьці, Адамовіч прыехаў дадому. У гарадзкіх умовах спаткацца было немагчыма, нашы кватэры даўно і шчыльна праслухоўваліся, і мы дамовіліся махнуць на прыроду. Паехалі ў бок Iвянца, на Iслач, ля рачнога беражку паставілі машыну. Пакуль жонкі Iрына і Вера ладзілі закусь, паволі пайшлі між дрэваў. Саша пачуваўся дужа заклапочаны, нават падаўлены тым, што нядаўна адбылося. А галоўнае — замшэлай глухатой кіраўніцтва, якое дбала пра адно: каб як мага далей ад народу схаваць небясьпеку. Каб ён ціха сядзеў і памалу, неўпрыкмет канаў, не трывожачы начальства. Мы тады мала што ведалі, але пра небясьпеку радыяцыі Адамовіч ужо начуўся ў Маскве. Ды й наш Несьцярэнка нямала пра тое паведаміў. Акадэмік Лягасаў распавёў болей за іншых, бо, мабыць, лепей за іншых ведаў, што гэта такое — чарнобыльскі выбух. Хутка атамныя электрастанцыі будуць выбухаць адна за адной, сказаў ён — Курская, Смаленская, Ленінградзкая… Паратунку ад таго пры гэтай сыстэме акадэмік ня бачыў і, мабыць, з тае прычыны празь нейкі час скончыў жыцьцё самагубствам. Адамовіч быў вельмі ўстрывожаны і сказаў, што надышоў час, калі трэба званіць ва ўсе званы — ратаваць чалавецтва. Да таго шэраг гадоў ён біў у званы — ратаваў сьвет ад ракетна-ядзернага шаленства, цяпер надышла чарга рабіць тое ад «мірнага» атаму. Мы павінны як мага болей выступаць у друку, па тэлевізіі, проста гаварыць зь людзьмі, даводзіць, што ім нарыхтавала савецкае кіраўніцтва на чале з выпрабаваным ленінскім авангардам. Гарбачоў, падобна, пачынае што-нішто разумець, але ён адзін, да таго ж абкружаны шчыльнай чэкісцкай сьцяной, для якой не існуе нічога, апроч іхняй звыродлівай ідэі — улады на грунце марксызму-ленінізму. Дзеля яе чысьціні і нязрушнасьці яны гатовы ахвяраваць чалавецтвам.

Тады ж Саша распавёў мне, як па сканчэньні ўнівэрсытэту яго вербавалі ў сэксоты і як ён выкручваўся. А нядаўна дазнаўся, што вярбоўка выпускнікоў была зусім ня выбарачнай, як пра тое гаварылі вербаўшчыкі (мы вас паважаем і толькі вам прапануем і г. д.), а спрэс і ўсіх, — каб кожнага мець у сваёй кішэні. З разьлікам на ягоную кар’еру, удачу, непрадбачаныя абставіны, калі завербаваць будзе болей складана. Агенты-сэксоты ўсюды патрэбныя, менавіта яны, а зусім ня члены партыі ёсьць галоўнае апірышча рэжыму. Мабыць, сапраўды ўсе камуністы — патэнцыяльныя ці сапраўдныя сэксоты, хаця, зразумела, ня ўсе сэксоты — камуністы, нямала там і беспартыйных. То ёсьць згуртаваны і разгалінаваны сакрэтны клан, які пераўзыходзіць усе вядомыя ў гісторыі кланы, у тым ліку і масонскі. Калгасьнік з паляводчай брыгады такі ж сэксот з клічкай, як і міністар або прафэсар, і змушаны аднолькава верна служыць свайму куму, якому падпарадкаваны да сьмерці. Бясьпека разводу не дае, слушна заўважыў калісьці Сакрат Яновіч.

Я тады папытаўся: як жа нам адносіцца хоць бы да некаторых сяброў, пра якіх можна з упэўненасьцю меркаваць, што яны — там? Што сэксоты. Саша са скрухай сказаў: «Увогуле тое — невырашальная праблема. Гэта ўсё роўна як сьмяротная кара. Што лепш — забіць усіх, каб сярод іх не прамінуць ніводнага злачынцу, ці ўсіх памілаваць, каб не дакараць ніводнага невінаватага? Тое пазытыўна вырашыць нельга, у любым выпадку застанецца шанец на памылку, і на надзею таксама».

О, гэта праклятая людзкая надзея, матка дурных, як яе трапна вызначыў некалі Максім Гарэцкі! Яе выдатна навучыліся скарыстоўваць усе — ад Гітлера да Сталіна! Няшчасных быццам бы вялі ў лазьню, дзе труцілі цыклёнам, стралялі ў Курапатах, сказаўшы, быццам саджаюць на дзесяць гадоў без права перапіскі. Будавалі турму народаў, а казалі — камуністычнае грамадзтва, і заклікалі да надзеі на сьветлую будучыню. Менавіта надзея болей як страх паралізавала волю, адбірала сілы і суцяшала чалавецтва. А зараз, пасьля Чарнобылю, чым суцешымся? Распад плутонію магчымы праз сто тысяч гадоў. Адамовіч спасылаўся на нядаўнюю выснову Макса Борна наконт таго, што калі нават нуклеярную катастрофу і ўдасца папярэдзіць, нічога, апроч цёмнай будучыні, не чакае чалавецтва. Во што натварыла навука, тэхнічны прагрэс і камунізм разам з капіталізмам напрыканцы тэхналягічнага XX стагодзьдзя.

Мілы, разумны Саша, якую балючую праўду ты кажаш! I як нам жыць, ведаючы тую тваю праўду? — разгублена думаў я.