115. Нацыяналізм

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

115. Нацыяналізм

Я гутарыў зь некаторымі пісьменьнікамі, у бальшыні маімі сябрамі, наконт іх прыцягненьня ў БНФ. Але тое давала невялікі плён — пісьменьнікі былі іншае думкі пра Пазьняка. I наогул мелі намер трымацца ад палітыкі далей. Толькі Рыгор Барадулін ды Артур Вольскі згодна і рэгулярна працавалі ў сойме. Гілевіч адасобіўся ў створанае ім ТБМ, Бураўкіна неўзабаве зьнялі з тэлебачаньня (калі ён дапусьціў да прамога эфіру Пазьняка) і адправілі амбасадарам у Амэрыку. Для мяне гэта было адчувальнай стратай на доўгія тры гады. Я любіў Генадзя за яго таварыскую чуласьць, нераўнадушнае стаўленьне да балючых грамадзкіх праблемаў. Ён таксама па-добраму адносіўся да мяне, зрэдчас тэлефанаваў з Нью-Ёрку, прысылаў лекі, запрашаў прыехаць для сустрэчы з дыяспарай. Але я не наважыўся — стала пагаршацца здароўе, аднойчы «хуткая дапамога» завезла мяне ў рэанімацыю.

Яшчэ адзін раз удалося тады зьезьдзіць у Вушачу — я, Барадулін і наш трэці вушацкі зямляк Сяргей Законьнікаў, які ёсьць родам з Глыбачкі. Ён звазіў нас у тую прыазёрную вёску, дзе пазнаёміў з бацькамі, былымі сельскімі настаўнікамі. Сярожа быў добры сын, трапяткі і шчыры, зрабіў пэўныя посьпехі ў службе і ў літаратуры, але бацькі не сьпяшаліся ехаць да сына ў вялікі горад і жылі ў абладжанай уласнымі рукамі хатцы на беразе возера. Наогул заўважана, што нашых старых здаўна вабілі азёры, і калі наставала магчымасьць выбару жытла, тыя выбіралі, каб бліжэй да вады. Вада заспакойвала, гаіла душу і дадавала веку. Тое старыя ведалі добра.

Як заўжды, пра найбольш важныя падзеі даведваўся з «Панасоніку», які звычайна ўключаў позна ўвечары або ранкам. Па тым часе глушыць перасталі, чутнасьць была неблагая, ня тое што некалі. Хаця слухалі і раней, праз гул і трэскат глушылак, то была адзіная крыніца інфармацыі са свабоднага сьвету. Я так прыахвоціўся да «Свабоды», што, калі можна было, не прапускаў ніводнай зь яе перадачаў. I ня толькі пра палітыку ці бягучыя падзеі, але слухаў навуковыя і літаратурныя перадачы, гістарычныя агляды. «Свабода» шмат каго інфармавала і адукоўвала, таксама, дарэчы, як і Бі-Бі-Сі ці «Голас Амэрыкі». Лекцыі і перадачы Аўтарханава, культуролягаў В. Вэйдле, Ф. Сарторы, Гольдбэрга, А. Шлемана. Перадачы беларускай рэдакцыі гучалі куды цішэй, але таксама зрабілі, напэўна, немалы ўклад у фармаваньне духоўнага стану грамадзянаў заняволенай краіны.

Яшчэ на пачатку перабудовы мне спадабалася кніжка беларускага журналіста Аляксандра Лукашука, да якой я напісаў невялічкую прадмоўку. З тае пары ў нас з аўтарам устанавілася добрае сяброўства, якое набыло характар сталага супрацоўніцтва, калі зь цягам часу Аляксандар Лукашук стаў дырэктарам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Ён, як і мой калега па БНФ Сяргей Навумчык, асабліва прычыніліся да майго лёсу, як я апынуўся за мяжой, пераехаў у Прагу. Ну але тое здарылася значна пазьней.

А тады зь перадачаў «Свабоды» пачулася штось неверагоднае — раптоўна ў адпачынку захварэў Гарбачоў, а ў Маскве адбылося штосьці вельмі падобнае да путчу. Тэлебачаньне перапыніла ўжо сваю праграму, перадавала клясычны балет, а пасьля на экранах паявіліся нейкія малазнаёмыя пэрсоны, паведамілі аб стварэньні ГКЧП. Toe было незразумела, нараджала неспакой і трывогу. Што адбываецца?

Наступныя дні, поўныя палітычнага драматызму, паказалі, што адбываецца кепскае, што камуністы вырашылі прыбраць Гарбачова, зьмяніць яго курс. Але на які? Хутка стала зразумела, што — на ранейшы, звыклы і выпрабаваны, дужа вядомы сьвету, пачынаючы з кастрычніку сямнаццатага году. З таго часу ён увогуле не мяняўся, падобна, набыў устойлівыя відавыя рысы. I першы, хто памкнуўся яго зьмяніць, быў Гарбачоў. Але, відаць, і ягоная спроба змушана застацца безвыніковай…

Мяркуючы па ўсім, перабудова ляснулася, і зь ёй — адчайная і няўмелая спроба рэфармаваньня ягонае партыі. Але калі тое рэфармаваньне не ўдалося генсеку партыі, дык каму ж тады яно можа ўдацца? Як паказала жыцьцё, тая партыя наогул не рэфармуецца. Яна або можа існаваць у ранейшым, створаным Леніным стане, або загінуць.

Я дужа шкадаваў, што ў той час у Менску не было Адамовіча, які стаў вельмі патрэбны. I ня мне аднаму.

Зянон пры чарговай сустрэчы сказаў пра апошнія падзеі трохі інакш, чым мне адчувалася. Ён сказаў, што гэта — добра. Гэта толькі паскорыць іхнюю агонію. Сьмерць прыйдзе знутры. Трэба толькі не чакаць, выхапіць з полымя тое, што нам належыць, — нашу свабоду. Бо іхняй свабоды ўжо не ўратаваць нікому.

Тое былі разумныя словы, толькі як дамагчыся іхняга спраўджаньня?

Беларускае кіраўніцтва (старшыня Вярхоунага Савету А. Дземянцей), канешне ж, падтрымала ГКЧП. Для камуністычнай намэнклятуры тут не было праблемаў, яна заўжды настроена на ўладу і зараз жа адварочваецца ад яе, калі тая перастае быць уладай. Гарбачоў яўна губляў уладныя функцыі, і беларускія кіраўнікі сьпяшаліся ад яго адцурацца, каб прыляпіцца да іншых. У той час — найперш да арганізатару путчу Кручкова і яго ўсемагутнага ведамства.

А ў Маскве, між тым, на авансцэну палітычнае барацьбы выходзіў Б. Ельцын, якога абралі старшынёй ВС Расеі. Гэтага кіраўніка я мала ведаў, хаця на зьездах і па тэле ён фігураваў дастаткова часта. Візуальна то была ўнушальная фігура, стандартны партыйны лідэр з прыгожым сіваватым чубам і нязлым упэўненым позіркам. Але яго папярэдняя дзейнасьць мала чым адрозьнівалася ад падобных да яго — той жа намэнклятуршчык абласнога маштабу. Наўрад ці ён мог сур’ёзна пайсьці супраць партыі, у якой зрабіў немалую кар’еру. Наступныя падзеі, аднак, паказалі, што такія думкі былі часткова памылковыя, падзеі ў Маскве, як і належала для гісторыі, разьвіваліся непрадказальна. Ельцын выступіў супраць партыі, але на паўдарозе спыніўся, мяркуючы па ўсім — спалохаўся. За сябе, за сям’ю ці за партыю — цяпер ужо ня мае значэньня. Як нярэдка бывае ў палітычнай гісторыі, паліятывы загубілі немалыя магчымасьці. А што да Расеі, дык і ўсё паблыталі: камунізм з капіталізмам, свабоду зь няволяй, тыранію з дэмакратыяй. Як бы цяпер сказалі — палітыка Ельцына праявіла свой поўны непрафэсіяналізм.

Алесь Адамовіч, які апошнім часам адасобіўся ад Гарбачова, сказаў, што трэба падтрымліваць Ельцына. Што той павядзе краіну далей, чым вёў Гарбачоў. Далей, але куды? Зрэшты, вельмі магчыма, што ў тым становішчы, у якім апынулася краіна СССР, не было альтэрнатывы, тупік аказаўся такі безвыходны, што ўсе спосабы выбавіцца зь яго апынуліся няспраўджанымі. Належала хіба павярнуць назад. Ды гісторыя, на жаль ці на шчасьце, ня мае задняга ходу.

Дык тое — у Расеі. А ў нас?

У нас па-ранейшаму буяла засільле камуністаў, сядзелі на сваіх месцах Дземянцей, партбос Сакалоў і ягоны двайнік Малафееў. Зьнізу іх нецярпліва падпіралі маладзейшыя, — яшчэ болей агрэсіўныя і цынічныя. На каго было спадзявацца? Мяне па-ранейшаму тузалі мэдыі, з Масквы і тутэйшыя, быццам болей ня ведалі, да каго зьвярнуцца. Дзе-колечы паявіліся невыразныя намёкі пра мяне як магчымага лідэра нацыі — тое належала прыпыніць. У «Народнай газэце» надрукаваў артыкул, у якім выразна і недвухсэнсоўна паказаў, хто ў Беларусі ёсьць сапраўдны лідэр. Тым таксама вызначыў маё стаўленьне да Пазьняка і спыніў пэўныя закіды ў бок Быкава. Я ня лідэр і не «сумленьне нацыі», я просты, біты жыцьцём беларус, які мае толькі адну мэту — застацца сумленным. Хацелася яшчэ дажыць да свабоды, ды тое, відаць, марнае памкненьне. Майму пакаленьню, як і шмат якім папярэднікам, свабоды ня бачыць. Хіба наступным…

У наступных падзеях бурна чаргавалася надзея з паняверкай, спадзяванкі з расчараваньнем. Былі моманты, калі здавалася, што наша доўгачаканая ісьціна — ужо побач, трэба яшчэ адно-два намаганьні, і мы будзем мець тое, пра што беларусы марылі доўгія стагодзьдзі. Але назаўтра высьвятлялася, што ўсё перамянілася за адну ноч, і наша надзея апыналася адкінутай у пазаўчарашні дзень. Усё трэба было пачынаць спачатку. Але хто вінаваты? Адны казалі — Масква, яна не дае дыхнуць залежным народам і, апантаная імпэрскай ідэяй, ніколі не пагодзіцца з незалежнасьцю Беларусі. Iншыя думалі, што ўся справа ў стаўленьні да нас Захаду. Захаду даражэй адносіны зь імпэрскай Масквой, чым зь няпэўнай Беларусьсю. Ці ня ўсе пры тым сьцьвярджалі, што ў нашай бядзе найболей вінаваты мы самі, бо яшчэ не ўсьвядомілі боскай каштоўнасьці свабоды і незалежнасьці.

Мабыць, горш за ўсё было тое, што ўсе гэтыя меркаваньні мелі рацыю.

Нацыяналізм, гэтая грамадзка-палітычная зьява, стаўся дужа разнастайным у нашым часе, у пэўнай ступені пагарджаным і адпрэчаным грамадзкай сьвядомасьцю. Безумоўна, да таго прычынілася практыка, увасабленьне яго ў жыцьцё, праз што прайшло заходняе грамадзтва і выйшла да іншага. Iдэі нацыяналізму апынуліся дыскрэдытаваныя нямецкім нацызмам, італьянскім фашызмам, шмат якімі драбнейшымі радыкальнымі рухамі. А між тым ці ня ўсімі дзяржаўніцкімі здабыткамі ў нядаўнім мінулым Эўропа (і ня толькі Эўропа) абавязана менавіта нацыяналізму сваіх вялікіх і дробных краінаў. Нацыяналізм стварыў неабходную форму арганізацыі грамадзтва — дзяржаву, якая існуе «не для таго, каб ператварыць зямное жыцьцё ў рай, а для таго, каб ня даць яму канчаткова ператварыцца ў пекла», — як пісаў М. Бярдзяеў. У аснове нацыяналізму — прыроджаны эгаізм, рыса, уласьцівая кожнай жывой істоце. Гора таму арганізму, у якім гэтая рыса выяўлена недастаткова, таксама як і кепска, калі тая рыса выяўлена празьмерна. Нацыяналізм, скіраваны на ўнутраны ўжытак грамадзтва, здаўна мае найменьне патрыятызму, а скіраваны ў іншы сьвет — ёсьць шавінізм або імпэрыялізм. Знакаміты філёзаф Рычард Пайпс падзяляе сучасны нацыяналізм на два яго варыянты: эксплюзіўны (агрэсіўны) і інклюзіўны (памяркоўны); расейскі ён адносіць да першага варыянту, а беларускі проста не заўважае. Мабыць, характар кожнага нацыяналізму вызначаецца мэнтальнасьцю нацыі, яе палітычнымі памкненьнямі ў дадзены гістарычны момант. Расейскі нацыяналізм знайшоў сваё найбольшае ўвасабленьне ў бальшавіцкім імпэрыялізме, нямецкі — у агрэсіўным нацызме. Але што такое беларускі нацыяналізм?

Агульнапрынятая дэфініцыя нацыяналізму кепска дастасуецца да гэтае беларускай зьявы, якая ёсьць іншая, зь іншым нацыянальна-палітычным зьмесьцівам. У сучаснасьці яна праяўлена слаба і, на мой пагляд, недастатковая нават у сэньсе ўнутранага грамадзкага эгаізму, неабходнага для элемэнтарнай самаідэнтыфікацыі нацыі. Можна гаварыць толькі пра нацыянальныя зародкі, спазьнелыя і малавыніковыя, якія ня толькі не пагражаюць іншым народам і нацыянальнасьцям, але і не забясьпечваюць нацыянальных патрэбаў саміх беларусаў.

Напрыканцы XX стагодзьдзя характар нацыяналізму ў Эўропе надта зьмяніўся, патрэба ў ім для цывілізаваных краінаў адпала. Але для тых, якія па розных прычынах у тым не пасьпелі, ён па-ранейшаму застаецца надзённым. Менавіта нацыяналізм, паводле Фрэнсіса Фукуямы, найбольш прычыніўся да вызваленьня народаў ад камуністычнай дыктатуры. Не лібэралізм, не дэмакратыя, а менавіта нацыяналізм заняволеных камунізмам народаў. Там, дзе гэты працэс быў завершаны, зьявілася магчымасьць пераходу да дэмакратычнага лібэралізму, а дзе не завяршыўся, дзе стаўся затрыманы рэакцыйнымі сіламі, там нацыяналізм па-ранейшаму надзённы. Бо толькі нацыяналізм з найбольшнай выніковасьцю здольны аб’яднаць сілы грамадзтва ў ягоным дэмакратычным разьвіцьці. У той жа час ён можа мірна і гарманічна ўжывацца з лібэралізмам, цьвердзіць Фукуяма — «сучасны адвакат нацыяналізму», але і перакананы прыхільнік лібэралізму.

Некалі Алесь Адамовіч казаў, што пры засільлі звыродлівай улады і абмежаванасьці прыродных рэсурсаў Беларусі трэба займець вельмі значную (вялікую!) ідэю, якая вывела б яе ў склад сучасных краінаў. Гэта — праўда. Нацыянальная ідэя — важны чыньнік прагрэсу, а то і фізычнага існаваньня ў сьвеце. Расея, напрыклад, увайшла ў заняпад, бо зжыла сваю імпэрскую ідэю і цяпер паўстала перад праблемай вынаходзтва новай. Але што да Беларусі, дык у яе ёсьць важная і аж занадта актуальная ідэя, гэта — свабода і незалежнасьць. Iдэя клясычная, увасабленьня якой даўно дамагліся шмат якія краіны сьвету, пабудавалі на ёй свой нацыянальны лёс. А беларусы ўсё яшчэ дыскутуюць, ці варта дамагацца таго? Ворагі беларушчыны, вядома ж, даводзяць: ня варта, ёсьць лепшая ідэя — няволя і залежнасьць, яна дае хлеб. (I бэнзін, і газ, і прамтавары.) Амаль як у Бібліі: заваюйце нас, але накарміце нас. Або яшчэ сьцьвярджаюць, што Беларусь ня можа існаваць незалежна ў наскрозь залежным, драпежным сьвеце, дзе ўсё вырашаецца сілай. Але ж іншыя, куды слабейшыя за Беларусь эўрапейскія краіны існуюць і жывуць няблага. Ніхто не занявольвае цяпер маленькую Швайцарыю, Аўстрыю, Венгрыю, Данію ні нават Люксэмбург з Андорай, а іхняя эканамічная залежнасьць ад вольнага сьвету толькі служыць ім на карысьць. Мабыць, з часоў сярэднявечча шмат што зьмянілася ў сьвеце і дае магчымасьць народам жыць і нават разьвівацца.

Народы, якія на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад Хрыстовага нараджэньня не засвоілі гэтае ісьціны, рызыкуюць не засвоіць яе ніколі. I навек застацца рабамі — найперш уласнае цемры і ляноты.