77. Хатынь. Суд

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

77. Хатынь. Суд

Шмат якія навіны ў наш час прыходзілі праз тэлефон (цяпер прыходзяць праз інтэрнэт і факс), прыйшла і такая: у Горадні судзяць катаў Хатыні. Выязная калегія зь Менску, пяць падсудных — былых паліцаяў. Адамовіч, які тады пісаў сваіх «Карнікаў», вядома, ня мог прамінуць такой падзеі і прыехаў у Горадню. Карпюк ужо быў на першым паседжаньні суда, на другое прыйшоў і я. Зьнешне то быў суд, мабыць, як і ўсе такога кшталту — судзьдзі, адвакаты. На лаве падсудных сядзела пяцёра пажылых, нямала пакамячаных жыцьцём мужыкоў. Iх сабралі дзе каго — з Украіны, Расеі, аднаго прывезьлі з Казахстану. Але чаму судзяць у Горадні? Чаму хоць бы ня ў Менску?

I тут выяўляецца незвычайны факт. Аказваецца, спалілі Хатынь і пазабівалі ўсіх яе жыхароў зусім ня немцы, а вось гэтыя паліцаі з так званага 118-га ўкраінскага паліцэйскага батальёну, як ён афіцыйна зваўся. То быў, вядома, ня надта прыемны для ўладаў факт, які парушаў вядомы пастулят пра нязрушную дружбу савецкіх народаў. Таму гэты працэс і адсунулі з цэнтру да самай польскай мяжы. Хоць таксама наўрад ці ўдала: сугучнасьць Хатыні і Катыні выклікала і ў Польшчы пэўныя нэгатыўныя асацыяцыі.

Суд адбываўся ў маленькім пакойчыку, публіку з вуліцы туды не пушчалі. Судзьдзі дапытвалі, падсудныя вяла ва ўсім прызнаваліся: было загадана, палілі, стралялі, што ж мы маглі зрабіць? Сярод паліцаяў сядзеў камандзір роты Лапуста, які пасьля вайны зрабіў у Казахстане кар’еру — быў ня раз узнагароджаны, стаў дэпутатам мясцовага савету. Некаторыя з паліцаяў пасьля вызваленьня пабылі яшчэ і на фроньце, дзе няблага ваявалі і былі ўзнагароджаны — да нямецкіх медалёў далучылі савецкія. Адзін меў прозьвішча Сахно (як у маёй аповесьці «Мёртвым не баліць»), што нямала пацешыла нас. Адамовіч нават пажартаваў з гэтага поваду: дрэнна чыталі сьледчыя Быкава, а то б даўно выкрылі Сахно. Ці, можа, шкода было — карпаратыўная салідарнасьць… Так, менавіта, думаў я, усё ў нас зь Нямеччынай перамяшалася — хто свой, хто чужы? Здаецца, двух прысудзілі да сьмяротнай кары, і Карпюк прасіў у пракурора дазволу пасядзець зь імі апошнюю ноч — паназіраць за сьмяротнікамі. Пракурор не дазволіў, а Адамовіч папікнуў: «Toe я павінны быў прасіць, ды не наважыўся». Карпюк быў задаволены, што аказаўся болей адважны. Хаця хто з нас у тым сумняваўся?