12. Першае раненьне
12. Першае раненьне
Увечары, як пацямнела, мінамётны агонь спыніўся, і камандзір батальёну капітан Сьмірноў загадаў выстрайвацца ў паходную калёну, якую павёў кудысьці ў стэп. Пасьля агнявога напружаньня трохі павальнела, стала на душы спакайней. I вось мы ідзем, у стэпе даволі сьветла, хоць месяца не было. Нейкая дарожка палявая, трошкі наежджаная. Я іду побач з нашым другім узводным, які нядаўна прыбыў у роту. Ён — старшы лейтэнант, артылерыст, але з акружэнцаў, і таму яго паслалі ў пяхоту — на перавыхаваньне. Наперадзе ідуць камандзір батальёну, далей разьведка, а мы ў сярэдзіне калёны. Можна расслабіцца. Бой грыміць, але дзесь зводдаль і збоку, а тут быццам ціха. Раптам гляджу — побач у зарасьніку кукурузы нейкія людзі. Толькі я іх згледзеў і нават не пасьпеў яшчэ што падумаць, як адтуль густа паласнулі чэргі — трасіруючымі па ўсёй калёне. Чорт ведае, што вакол пачалося, такі ўраганны кінжальны агонь. А паводле загаду камбата ў выпадку нападу нашая рота разгортваецца зьлева ад дарогі, іншыя — справа. Я, канешне, зьбег з дарогі, упаў на сьнег. У мяне быў аўтамат, але пры ім толькі адзін магазын. Чаму адзін?
Перад наступленьнем кінулі нам невялікае папаўненьне з тылавых падразьдзяленьняў. У нашу роту далі ручны кулямёт і прыслалі батальённага пісара. У пісара быў аўтамат, але без патронаў… Але сьпярша пра кулямёт. Вось пачынаюць выцягваць калёну, а ў мяне ніхто ня хоча браць кулямёт. Шмат людзей зь Сярэдняй Азіі — мая ні бяльмеса, мая ні бяльмеса. I астатнія адмаўляюцца: я не служыў, ня ведаю, як зь яго страляць. Каб ня кідаць кулямёт, аддаў яго нейкаму дужаму дзядзьку, каб ён хоць нёс. Нельга ж губляць кулямёт… А тут стаіць пісар без патронаў, мармыча: што мне рабіць, толькі блытацца пад нагамі? Хітраваў, мабыць, хацеў, каб яго адправілі з роты. Тады камандзір роты кажа: Быкаў, аддай ты яму дыск, каб ён ня ныў. Ну я і аддаў, бо болей аўтаматаў ва ўзводзе не было, усе толькі зь вінтоўкамі. А сам застаўся з апошнім, што пры аўтамаце. Toe было, канешне, памылкай. А можа, і паратункам, як пасьля выявілася.
А тут, упаўшы, бачу, што справы нашыя — швах. Па-першае, з кукурузы ідуць танкі. Колькі іх там, не зразумець, можа, чатыры ці пяць. Ці яшчэ болей. Узраўлі рухавікі, і яны рушылі, загрукацелі іх кулямёты. А між танкамі — аўтаматчыкі, і крычаць: рус, здавайся! Так яны заўсёды крычалі, калі заганялі нас у якую пастку. Ну, я пачаў біць з аўтамата, здалося, задаў ім агню. Але во аўтамат змоўк, значыць, патроны ўсе. Азірнуўся назад, а нашы далёка ўжо бягуць у полі. Тут засталіся толькі тыя, што ўжо не кратаюцца. I я ліхаманкава рашаю для сябе: ляжаць ці ўскокваць? Калі праляжу яшчэ хвіліну, дык яны мяне возьмуць жывым. Калі ўскочу, дык буду расшкуматаны кулямётнай чаргой. Што лепей?
Але немцы ў той час перанесьлі агонь на тых, што адбегліся далей, мусіць, блізка ля сябе яны цэляў ня бачылі. Агняны напор нібы павальнеў. Я ўскочыў і кінуўся перабежкамі. Нават не перабежкамі, а рыўкамі. Ускокваю, а праз тры-пяць крокаў падаю. Затым зноў ускокваю і зноў падаю. I так трошкі адарваўся ад немцаў. Прытым я навучыўся пазнаваць, калі яны страляюць па мне. Як чэргі пачынаюць мільгаць вакол, падаю. А як перамяшчаюцца па іншых, ускокваю. I ў такі момант, як бег, па лытцы моцна ўдарыла, бы палкай. I я ўпаў. У боце адразу стала горача, гэта палілася кроў. Я думаю: відаць, перабіла нагу. Калі так, дык усё, скончыўся Быкаў… Але ўсё ж праз колькі сэкунд ускочыў, чакаю, падломіцца нага ці не? Не, быццам не падломваецца. Толькі баліць і ў боце ўжо хлюпае. Аўтамат без патронаў, але ў мяне і безь яго навешана: палявая сумка, дзьве гранаты, адна супрацьтанкавая, кумулятыўная, — даволі несуразная штуковіна. Па-першае, цяжкая, далёка ня кінеш, па-другое, трэба, каб яна ўдарыла аб браню сваім донцам, зь якога толькі і можа тую браню праламіць. А каб граната так ударыла, у яе рукаятцы зроблены стабілізатар — такая стужка з тканіны. Увогуле кідаць яе вельмі нязручна. I тармозіць яна сама сябе, ды яшчэ гэты палёт… Кідануў я гэтую гранату няўдала. Відаць, недакінуў, і яна не ўзарвалася. Або я ня трапіў, і цяпер не разумею, што атрымалася.
А з танку мяне заўважылі, і той рашуча давярнуў у мой бок… Ну, тое расказваць доўга, а так гэта сэкунды… I вось я закруціўся, бы вуж, на сьнезе, ледзьве пасьпеў выхапіць з-пад танка ногі, як ён гусеніцай — па полах майго шынялю і пайшоў далей. Здалося, я ўжо разьвітаўся з жыцьцём. Але гляджу: там, дзе танк, хтось ускоквае і шырока размахваецца гранатай, аж адлятае ўбок палявая сумка. З палявой сумкай у нас быў толькі ротны, лейтэнант Міргарад. Выбух, танк засмылеў і неўзабаве запалыхаў на сьнезе. Там усчалася страляніна, але гэта ўжо нашы забахалі, мабыць, па танкістах. А я з гэтага месца ўсяляк — то бокам, то на каленях пачаў пад дымам прабірацца далей. I тут якраз побач надарыўся санінструктар нашае роты, аказваецца, ён бачыў, як мяне параніла. Санінструктар і кажа: ня трэба туды, за ўсімі, немцы якраз туды і цаляюць. Давай у гэты бок, дзе кукуруза, там быццам лагчынка. I праўда, мы павярнулі ўбок, дзе тырчэла нейкае будыльлё, і выйшлі з-пад удару, які кіраваў на сьцірту. Пасьля патрапілі на нейкую дарожку. Там ён сьцягнуў мой бот, перавязаў нагу. Рана была скразная, прабіла галёнку, як пасьля аказалася, адшчапіла частку касьці. Нага ад таго не падламілася, але боль быў страшэнны, я потым праваляўся ў шпіталі студзень, люты, сакавік — амаль тры месяцы. Не зажывала…
Яшчэ забыўся сказаць, што, як бег, яны абстрэльвалі нас і з танкавых гарматаў. I вось адзін снарад разарваўся якраз наперадзе, мяне моцна выцяла ў жывот, — у гарачцы здалося, што я атрымаў яшчэ і асколак. Асколак у жывот — то вельмі кепска. Хаця сьпярша боль невялікі, гэтыя параненыя доўга не жывуць. Я ўжо бачыў такіх. Цела ўсё мокрае — не зразумець, ці ад поту, ці ад крыві. Перавязаў мяне санінструктар і пакінуў на дарозе, яму трэба было ў роту. У нашай жа арміі быў загад, што байцам забаранялася пакідаць поле бою дзеля суправаджэньня параненых. Ля сьціртаў грымеў бой, туды пайшлі танкі, і мой санінструктар быў там патрэбны. Дарэчы, ён там і загінуў. Там жа загінуў і камандзір роты Міргарад ды і шмат іншых. Сьцірты гарэлі ярка ўначы, і адтуль на дарозе паявілася фурманка з параненымі. Але то была фурманка ня нашай — суседняй часці, і ў ёй сядзела дзяўчынасанінструктарка. Мяне пасадзілі таксама. Празь нейкі час мы спусьціліся з пагорачку, наперадзе ляжала вялікае сяло з царквой. Там дзяўчына ў кагось папытала, дзе санчастка, куды везьці параненых? (Далей было тое, што апісана ў аповесьці «Мёртвым не баліць». З абсалютнай дакладнасьцю.)