28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя

Даўно людзьмі заўважана, што бяда ня ходзіць адна, бяда любіць кампанію. Хаця наступныя за першай беды ўжо ўспрымаюцца інакш, часам з гумарам, са зьедлівай самаіроніяй. Як у мяне з абмундзіроўкай, якая для маладога вайскоўца заўсёды нямала значыць. Хацелася выглядаць «як усе», лічылася нягожа, калі на цябе будуць паказваць пальцам. Тым болей у горадзе.

Тады ў Сафіі ў мяне ўзьніклі менавіта такія праблемы: не было гожай абмундзіроўкі. Яшчэ ў Аўстрыі пачаў зьдзяваць гімнасьцёрку і адарваў каўнер, які амаль сапрэў за зіму. Выдалі з падменнага фонду б/у. Быццам і ніштаватая гімнасьцёрка, але зь дзьвюма лапікламі: ззаду на левай лапатцы і сьпераду на грудзях, — пэўна, зьнятая з забітага. Шынэлак мой аказаўся з падпаленымі поламі, бо ляжаў у машыне, а як прарываліся ў Венгрыі, тая машына згарэла, пасьпелі выхапіць толькі гэты падгарэлы шынэлак. (У рэчмяшку згарэлі і малюнкі ў альбоме. Маляваў жа…) I во ў такім шынялі з падпалінамі прыехаў у Сафію. Улетку нічога, але ж пачалася восень, насталі халады. Неяк стаю на Арловым мосьце ў сваёй гімнасьцёрцы, чакаю аўтобус на Плоўдзіўскую шашу. А ўжо зімна, падае рэдкі сняжок. Побач ідуць балгары, чую гамоняць: «Братушка — сібірак, сібірак…». Я ўвесь азяблы, а яны думаюць, што загартаваны, мне цёпла, бо сібірак.

Каб неяк даць сабе рады, купіў шынэль у аднаго балгарскага генэрала. Балгарскую ж армію разагналі, афіцэраў звольнілі. А форма ў іх была такая, як у царскай Расеі, толькі з шасьцю гузікамі, — падобная да нашай. Шынэлак быў харошы, хіба з адным немалым недахопам — чырвонай падкладкай. Ну але калі добра затуліць полы, дык і нішто. Хіба надта шыкоўны матэрыял, зь якога пашыты…

Першы раз надзеў той шынэлак у выхадны, калі мы зь сябрам і ягонай сяброўкай зрабілі паход на Віташу. Усё лета пазіралі на гэту цудоўную гару паблізу Сафіі, а ўзьлезьці на яе не даводзілася. Дабраліся да яе зімой, па сьнезе і, добра стаміўшыся, заначавалі ў паляўнічай хіжыне. Мой сябра старшы лейтэнант Валодзя зь сяброўкай засталіся, а я павінны быў ранкам пасьпець на развод. Таму на сьвітаньні мусіў рушыць з гары. На шашы сьпяшаюся, але адчуваю, што спазьнюся, і тут якраз — «віліс» і ў ім камандзір брыгады. Ну, спыніўся — сядайце! Сеў, едзем. Пад’ехалі да прахадной, я хацеў неяк сашмыгнуць, каб пасьпець у свой строй, бо на пляцы ўжо пастроена брыгада, чакаюць камбрыга. Але той мне — пастойце! I вядзе на пляц. А там, як звычайна, дзяжурны камандуе строю «сьмірна», аддае камбрыгу рапарт. Я стаю побач і ўжо адчуваю, што зараз будзе штосьці дурное. Так і здарылася. Падаўшы каманду «вольна», камбрыг гучна гаворыць дзяжурнаму: «Ну, а цяпер адрапартуйце во гэтаму гаспадзіну генэралу! Яму, ці бачыце, не даспадобы савецкая форма, дык ён абрадзіўся ў балгарскую. — I паднімае маю палу на чырвонай падкладцы. — Во палюбуйцеся, „как попугай“!..» У страі рагочуць. Але ня надта. Камбрыг быў чалавек новы, прыехаў з акадэміі і дужа энэргічна змагаўся за «парадак», ад якога мы за вайну адвыклі. Я і падвярнуўся яму пад руку. А камандзір палку палкоўнік Парамонаў тады мне сказаў: «Каб я цябе болей у гэтым шынялі ня бачыў!». Ну што мне было рабіць? Прадаў я гэты шынэлак нашаму ўзводнаму, лейтэнанту Крывавязу, які зь яго пашыў сабе кіцель і брыджы. Мне выдалі зноў нейкі падменны, англійскі, — добры шынэлак, але кароткі. Давялося падшываць унізе… Але з тым і Крывавязу не пашэнціла. Увогуле ён быў хлопец задзірысты і аднойчы, выпіўшы, пабіўся з маёрам, начальнікам сяржанцкай школы, які быў таксама на добрым падпітку. Лейтэнант быў маладзейшы і, мабыць, перамог у бойцы. Маёру стала крыўдна. I ўжо ноччу ён пайшоў у інтэрнат, дзе жыў Крывавяз, каб прадоўжыць бойку. Але той спаў, маёр яго не дабудзіўся. Затое тут жа на тумбачцы была складзена ягоная абмундзіроўка з таго шыняля. Тады маёр узяў са стала чарніліцу і добра паліў чарнілам — і кіцель і брыджы. Гэта цяпер проста — здаў у хімчыстку і вычысьцяць, а тады… Чым толькі ня цёр яе Крывавяз — і мылам, і бэнзінам — нічога не памагло. Так і прапала абмундзіроўка з майго шыкоўнага генэральскага шыняля. Сапраўды, з чужога няшчасьця сабе шчасьця ня будзе.

Сябраваў я там з многімі, былі адпаведныя майму чыну кампаніі. Займеў у іх пэўную рэпутацыю, асабліва пасьля здарэньня з камсамольскімі ўзносамі. Гэта начальства за тое на мяне ўзьелася, а сябры — зусім наадварот. Неяк зблізіўся зь лейтэнантам Дзібнерам, які служыў у штабе. Той быў родам зь Ленінграду, у якім жыве і дагэтуль (мы зрэдку перапісваемся, перазвоньваемся. Ён цяпер — доктар геалягічных навук, спэцыяліст па геалёгіі Арктыкі). Тады мы зрэдчас хадзілі разам у горад. Віталь любіў выпіць шклянку віна, а галоўнае — шмат расказваў пра свой Ленінград, які я ніколі ня бачыў. Ён быў старэйшы за мяне, да вайны скончыў унівэрсытэт і быў дужа адукаваны, што вельмі імпанавала мне.

Другі мой сябра быў хлопец іншага складу. Ня буду называць яго прозьвішча, але гэта таксама быў наш узводны, старшы лейтэнант, якога я [зваў] Валодзя. Родам ён быў з Уладзівастоку, хаця ня надта распавядаў пра свой горад. Ён быў захоплены іншым горадам — Соф’яй, як яго называлі балгары. I аднойчы захапіўся дзяўчынай, балгаркай. Канешне, на сваю бяду… Рэч у тым, што тады ўсе і ўсялякія нашы кантакты з іншаземцамі ня толькі не дазваляліся, а жорстка прыпыняліся. Нельга было і небясьпечна пасябраваць з балгарынам, калі выпіць зь ім ці нават некалькі разоў запар сустрэцца, каб тое не рабілася вядома нашаму міламу сьмершу, які за мяжой шчыраваў з падвоеным імпэтам. Валодзя ня толькі пасябраваў, ён закахаўся ў студэнтачку Веру, дачку нейкага высокага балгарскага ўрадоўцы, члена ЦК балгарскай кампартыі. Валодзя меркаваў, што тая акалічнасьць — членства яе бацькі ў ЦК — яму штосьці дазволіць. Аказалася, нічога не дазволіла.

У балгарскі пэрыяд нашага жыцьця хутка ўспыхнуў і незвычайна абвастрыўся сум па далёкай радзіме. Дужа хацелася дамоў. Для спатканьня з роднымі, якіх ня бачылі даўгія гады, а таксама са звыклай зь дзяцінства прыродай, ландшафтам, побытам. Родныя мясьціны сьніліся ноччу і клікалі да сябе, кранаючы душы, гучалі галасы бацькоў, што даходзілі ў сумных лістах. На радзіме быў голад і бязладзьдзе, мы ж у Балгарыі жылі ў адноснай сытасьці, хацелася дапамагчы, чым было можна. Аднак, выслаўшы атэстат, сам застаўся з капейкамі — толькі на цыгарэты. Toe дужа хутка азмрочыла мой паўсядзённы побыт.

Амаль увесь вольны час, якога, зрэшты, было няшмат, мы бавілі ў горадзе, мілай Сафіі. Там былі мастацкія музэі, дзе я зь цікавасьцю і ўпершыню разглядаў некаторыя творы буржуазнага, «салоннага» жывапісу, першы раз пабываў у оперы, вядома ж, на расейскіх спэктаклях («Евгений Онегин», «Князь Игорь»). Балгары тады і пасьля ставілі найболей расейскія творы. Неяк у вулічным натоўпе са зьдзіўленьнем назіраў, як адмыслова прывезеныя для таго з Расеі экскаватары і бульдозэры бурылі каменную агароджу царскага палацу ў цэнтры Сафіі. Які энтузіязм панаваў тады сярод люду — прагналі цара-крывапійцу! (Каб праз паўстагодзьдзя зь няменшым энтузіязмам вітаць ягонае вяртаньне.) Палітычны клімат у краіне ўсё болей вызначалі камуністы — мясцовыя з падтрымкай і пад кіраўніцтвам прыезджых дарадцаў. Неўзабаве пачалі выкрываць ворагаў балгарскага народу, здраднікаў, кшталтам Васіла Каларава, якіх патрабавалі расстраляць. Што і было зроблена. (Ведама ж, як не зрабиць, калі народ просіць.) На такім палітычным фоне пачалося і доўжылася Валодзева каханьне: бацька ягонай каханкі, здаецца, трапіў у апалу.

Валодзя пачаў таіцца, усяляк хаваць свае сустрэчы зь Верай. На вуліцы тое было складана, на кватэры ў яе бацькоў немагчыма. У гарнізоне за ім, вядома, было наладжана сачэньне, сьмерш сачыў за кожным крокам. Некалькі разоў яго выклікалі і папярэджвалі. У парткаме пагражалі выключыць з партыі. Валодзя не хацеў быць выключаным, бо тады б яго адразу выслалі на радзіму, ён хацеў быць зь Верай. У такі час ён даверыўся мне і прасіў дапамагчы. Гэта мы зь ім хадзілі ў той выхадны на Віташу, дзе ён астаўся начаваць. Чамусьці той факт яму трэба было ўтаіць, і ён папярэдзіў мяне, каб я сказаў (калі паклічуць), што мы ўвечары разам вярнуліся ў горад і я ўвесь час быў зь імі. Розныя запіскі Веры, яе фотаздымкі ён хаваў сьпярша пад верхняй дошкай нашага стала ў інтэрнаце, пасьля, як згледзеў, што іх там хтось апароў, перадаў мне. Я насіў іх у сваёй палявой сумцы — на заняткі, у поле, артпарк. Але аднойчы не знайшоў іх там — скралі, калі я абедаў у сталоўцы. Мяне паклікалі ў аддзел контрразьведкі і пыталіся пра Валодзю. I пра тое, што было ў ягоных тых паперах. Я сказаў, што чужых папераў не чытаю. А калі б там былі шпіёнскія зьвесткі, — спыталіся ў мяне, — і вас залічылі ў шпіёнскія сувязьнікі? Што я мог ім сказаць? Там былі лісты пра каханьне, я ведаў гэта, хоць і не чытаў іх.

Валодзю арыштавалі, паклікаўшы ў палітаддзел. Iдучы туды, ён прадчуваў тое і толькі шапнуў мне: у шэсьць нуль-нуль схадзіць на Арлоў мост і перадаць Веры, каб не чакала. Што я і зрабіў. Пра лёс Веры нічога не дазнаўся, бо хутка расфармавалі брыгаду і нас раскідалі па розных месцах Балгарыі. Адрасу яе я ня ведаў. (Вось яшчэ адзін нерэалізаваны — «негатыўны» сюжэт з маёй далітаратурнай біяграфіі.)