59. Хэмінгуэй, Рэмарк
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
Як я з часам пераканаўся, жыцьцё ў правінцыі мае хіба ўяўную перавагу перад сталічным жыцьцём, дзе ў сучаснага чалавека сапраўды ёсьць магчымасьць схавацца ў мурашніку шматлюдзьдзя. Насуперак пашыранаму меркаваньню, у правінцыі тое немагчыма. Па-першае, тут ён пад няспынным наглядам начальства, суседзяў, органаў, якія заўсёды імкнуцца ўсё і пра ўсіх ведаць. Зноў жа — візыты. У Горадні, дзе мы шмат год жылі з Карпюком, не мінала тыдня, каб хто не прыехаў да нас — зь Менску, Масквы ці з Польшчы. Вядома ж, прыяжджалі сябры, харошыя людзі, журналісты, якім мы былі радыя. Звычайна пасьля такіх знаёмстваў завязвалася сяброўства, якое часам доўжылася гадамі. Але сярод іх траплялі і падазроныя ці яўна падасланыя па лініі бясьпекі людзі. Ды як было ўведаць пра тое? Iншыя пісалі пісьмы ці тэлефанавалі па справах зь Менску або Масквы. Часта званіў Мікола Матукоўскі. Ён працаваў у «Известиях» і, вядома, шчыраваў для сваёй газэты. Што-нішто я пісаў так, як разумеў з праблемаў літаратуры ці мовы, ён, вядома ж, перапісваў, і тое друкавалі, мала, аднак, робячы радасьці аўтару. Аднойчы да нас прыехаў любы ўсімі Уладзімер Караткевіч. Тады ён пісаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і хацеў паглядзець на гродзенскія «касталомныя вежы». Не чакаючы, калі яму гаспадары наладзяць пачостку, сам склікаў тутэйшых літаратараў у рэстаран «Беларусь» (які яшчэ тады быў), пачаў адкаркоўваць бутэльку шампанскага і абліў любую ім Дануту. Пасьля гжэчна выбачаўся і цалаваў яе ручкі. Незадоўга да свае сьмерці прыехаў з Варшавы слынны польскі паэт Віктар Варашыльскі, якога пасьля затрымалі на гродзенскай мытні, зрабілі ганебны, зьневажальны ператрус па поўнай праграме. Варашыльскі тут нарадзіўся і з бацькамі жыў у вайну. Немцы ня вынішчылі сям’ю славутага гродзенскага яўрэя-гінэколяга толькі з тае прычыны, што ўсе гады акупацыі яе ратавала беларуская жанчына, былая работніца раддому. Віктар распавядаў, як тая цягала па начах трох малых і трох старых, перахоўвала ў скляпах і закінутых хлеўчуках, рызыкуючы ўласным жыцьцём і жыцьцём сваіх крэўных. I выратавала, ніхто не загінуў. Памерла тая жанчына ў 70-я гады, не адзначаная ні беларускай уладай, ні ізраільскім Ёдяшэм. Дрэўца ў яе гонар ля славутай менскай Ямы нікім не пасаджана.
На дзень ці два мы з Карпюком мелі прыемнасьць сустракаць у Горадні ўжо тады слыннага пісьменьніка з Беластоку, апальнага Сакрата Яновіча. У часе прагулянак па гарадзенскіх ваколіцах ён распавядаў пра свой перасьлед ад польскіх уладаў, а мы распавядалі яму пра свой. Тым і паразумеліся. Як паказаў час, — назаўжды.
Асаблівую прыязнасьць госьці праяўлялі да Карпюка, тым болей, што ён быў заўсёды даступны, днямі сядзеў у сваім офісе, стукаў на друкарцы. Неяк зачасьціў у Горадню журналіст і пісьменьнік Олек Амельяновіч, таксама з Беластоку. Карпюк звычайна не любіў пачостак і ў пэўных выпадках запрашаў мяне або прыводзіў каго да мяне на кватэру. Амельяновіч быў просты, таварыскі хлопец, ахвотна піў і шмат распавядаў пра свае экзатычныя вандроўкі на поўдзень, у Лацінскую Амэрыку. Але аднойчы, перад тым, як ён меўся прыехаць, у Карпюковым офісе раздаўся ананімны званок, і хтось папярэдзіў, каб Олека не прымалі. Мы апынуліся ў разгубленасьці — чый гэта званок, зь якога боку? Памятаю, тады ўтрох — я, Карпюк і Клейн, — адышоўшыся ў парк ля Каложы, абмяркоўвалі тое здарэньне. Што гэты званок — зь бясьпекі, не выклікала сумневу, але зь якой? Карпюк кажа: а раптам то зь іхняй? Разумны Клейн адказвае: і з нашай ня лепш. Так мы нічога і ня вырашылі. Але, здаецца, пасьля гэтага Амельяновіч не прыехаў зусім. Затое, калі неўзабаве ў Карпюка зьявілася патрэба зьвярнуцца да яго ў Беластоку, той яго выручыў, як ня мог выручыць ніхто ў Беларусі.
Запомніўся прыезд зь Ленінграду інжынэра Вайцяхоўскага, былога партызанскага камбрыга. Памятаю, тады было добрае надвор’е, мы ўзялі колькі бутэлек і паехалі на прыроду ў Пышкі. Як выпілі, камбрыг і яго колішні падначалены, якога ён прызначыў камандзірам атраду, пачалі ўспамінаць шмат якія эпізоды свайго сумеснага партызанства.
Вайцяхоўскі тады вельмі добра выказваўся пра Карпюкакамандзіра, яны ўспаміналі шматлікіх агульных сяброўпартызан. Называлі імёны — тых, хто загінуў, хто і дзе жыве, якую кар’еру зрабіў па вайне. Вайцяхоўскі дакараў, але і хваліў Карпюка, што той не застаўся пасьля вызваленьня ў 44-м мацаваць савецкую ўладу на Гродзеншчыне, як гэта рабілі ці ня ўсе партызанскія камандзіры, а падаўся на фронт, дзе яго скалечыла.
А. Карпюк, як распавядаў, трапіў на фронт праз той самы «вальтэр», якім абзавёўся перад вызваленьнем у 44[м] г. Як і шмат якіх партызанскіх начальнікаў, яго на фронт ня бралі, пакідалі для аднаўленьня савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Але сказалі: пісталет трэба здаць. Перад разьвітаньнем са сваім «вальтэрам» Аляксей пайшоў у гумно і прыцэліўся ў сучок у сьцяне. І якраз трапіў. Шкада яму стала такі дакладны пісталет, і ён не наважыўся разьвітацца зь ім. Лепш пайшоў на фронт.
А там яшчэ на фарміроўцы «вальтэр» яго адабралі начальнікі. Хутка чырвонаармеец Карпюк атрымаў кулю ў плячо, а затым асколак у лёгкія, тады ўжо стала не да пісталетаў.
Карпюк толькі ўсьміхаўся. Яны добра ведалі і паважалі адзін аднаго, і я міжволі зайздросьціў ім. У мяне не было жаднай магчымасьці для такіх сустрэчаў: мае сябры або ляжалі ў братніх магілах ад Дняпра да аўстрыйскіх Альпаў, або былі раскіданыя па сьвеце. Мінула небагата часу, і я перастаў зайздросьціць. Давялося спачуваць…
Недзе з часоў хрушчоўскай адлігі ў савецкім друку пачалі паяўляцца кнігі славутых заходніх аўтараў, да таго ў нас невядомых. Можа, першым з гэтага шэрагу пачалі выдаваць раманы Рэмарка, які адразу знайшоў немалую папулярнасьць сярод чытацкай моладзі. (Парыж, жанчыны, кальвадос. Але і «На Заходнім фронце безь пераменаў».) Калі французскіх жанчын і свабоднае каханьне ўлады неяк трывалі, дык «Заходняга фронту безь пераменаў» стрываць не маглі. Як заўжды, апэратыўна было пушчана ў абарот зьняважлівае ў нас азначэньне рэмаркізм, які, бы бірку быку на рогі, вешалі на таго ці іншага аўтара. Першым такой «пашанай» быў ганараваны Булат Акуджава зь яго невялічкай, але ёмістай аповесьцю «Будзь здароў, шкаляр», выдадзенай у скандальных «Тарусских страницах» у Калузе. То была добрая аповесьць. Але болей пра вайну Акуджава, здаецца, не пісаў — аддаўся паэзіі і шансону, якія зрабілі яго знакамітым у сьвеце. Пасьля Рэмарка ў літаратурны савецкі ўжытак адразу ўвайшоў Хэмінгуэй, хоць яго самы значны раман «Па кім звоніць звон» ніяк не хацелі выдаваць у Маскве, а як выдалі, дык аказалася, што амаль траціна тэксту была страчана ў купюрах. Мне далі ў Маскве надрукаваны на тонкай паперы рукапіс, які я ўважліва прачытаў дома і адчуў сябе дужа бедным. I дужа неадукаваным таксама. Toe, што мы намагаліся і ніяк не маглі зразумець у вайне, знакаміты Хэм зразумеў і напісаў яшчэ ў 30-я гады. З таго часу, а можа, і раней, сутнасьць вайны не зьмянілася. Ваенная сутнасьць наогул наўрад ці мяняецца праз стагодзьдзі. Толькі на першы погляд здаецца, што наша вайна не такая, як папярэдняя, у чымсь кожная наступная вайна інакшая, а ў выніку ўсе аднолькавыя. Мінае час, і ўсё зьліваецца ў адно ёмістае і ненавіснае людзям азначэньне — вайна. Хэмінгуэй адкрыта сказаў, што «вайна — гэта бардак» і што вайна ў 30 год здаецца зусім іншай, чым у 18–20 гадоў, што даўнім уражаньням і пачуцьцям ня варта занадта верыць. I што найлепшая школа для пісьменьніка — нешчасьлівае дзяцінства (Твардоўскі, аднак, лічыў, што — юнацтва), і што проза — гэта «архітэктура, а не майстэрства дэкаратара». А мы столькі шчыравалі над стылем, прысмакам слова, забыўшыся пра выснову іншага знакамітага аўтара (Уільяма Фолкнэра), што калі надта клапаціцца над стылем, дык не застанецца нічога, апроч стылю. Хэм ня надта клапаціўся наконт узаконенага стылю, затое яго хутка прызналі заснавальнікам уласнага стылю. Але, можа, самае значнае, што знайшлося для мяне ў вялікага гуманіста Хэмінгуэя, была праставатая, але дужа ёмістая думка: «Добра, калі вырашыш ня быць дрэньню».
Праўда, у нас аднаго рашэньня для таго было мала, патрабавалася яшчэ шмат чаго, што часам было вышэй за жыцьцё, вышэй за твой чалавечы лёс.
Задума з «Круглянскім мостам» высьпявала паволі, на гэты раз болей пад уплывам прачытанага, а ня ўспомненага, перажытага. У літаратуры і асабліва ў журналістыцы, а таксама ў т. зв. дакумэнтальнай літаратуры пра вайну тым часам падабралі ўсе і ўсялякія праявы сапраўднага і выдуманага гераізму, дайшла чарга да дзяцей. Ствараўся вобраз малога помсьлівага героя, які так ненавідзеў фашыстаў, што толькі і імкнуўся аддаць супраць іх жыцьцё. Дарослыя дзядзькі, вядома ж, разумелі яго і ўсяляк садзейнічалі яму. Хаця і было шкода малечу, але калі ён так просіць, дык адмовіць яму не маглі. I яны яго навучаюць, як тое зрабіць з найбольшым вынікам — узарваць мост, цягнік, ці хоць бы аўтамабіль са снарадамі. Вядома, ён гіне, але па-геройску, тое ўсё вытлумачвае і апраўдвае. Пра маральны бок справы таго акту звычайна не згадвалася — мараль там адсутнічала.
Мяне ж прыцягвала менавіта мараль, з таго і зьявіўся.