Як была напісана аповесць «Сотнікаў»
Як была напісана аповесць «Сотнікаў»
На канферэнцыях чытачоў, у пісьмах і асабістых размовах мне часта даводзіцца чуць пытанне: «Як вы, не маючы асабістага вопыту партызанскай вайны, рашыліся напісаць гэтую аповесць?» Прызнацца, кожны раз, адказваючы на яго, хочацца пачаць здалёк, спаслацца на прыроду мастацкага ўяўлення, законы літаратуры, прыклад вялікіх. Але, падумаўшы, знаходзіш іншы адказ, які ляжыць значна бліжэй і фармулюецца таксама ў выглядзе пытання:
— А ці ж гэтая аповесць аб партызанскай вайне?
— Не зусім. Але ж… Сапраўды, але ж…
Партызанскага вопыту вайны ў мяне сапраўды няма, і, зразумела, каб я ім валодаў у дастатковай меры, магчыма, аповесць атрымалася б больш багатай на дэталі, акалічнасці, з больш канкрэтным і змястоўным фонам. Але справа ў тым, што, беручыся за яе, я ўсё ж меў неабходныя веды, якія ўзяў з успамінаў партызанскіх кіраўнікоў, са шматлікіх вусных апавяданняў радавых удзельнікаў барацьбы, маіх землякоў. Вось, скажам, авечка, якую героі аповесці хочуць прынесці ў свой лагер. Гэты эпізод быў запазычаны мной у Аляксея Карпюка, які дасканала ведае ўсё, што датычыць своеасаблівасцей партызанскага быту. Такога роду расказаў, успамінаў багата ў кожным кутку Беларусі, і толькі лянівы або глухі можа ігнараваць іх. У гэтым сэнсе галоўная мая цяжкасць заключалася не ў недахопе інфармацыі, а хутчэй у яе празмернасці, якая абцяжарвала адбор, у «непрычасанасці» і разнастайнасці фактаў, іх нежаданні падпарадкавацца звыклым сюжэтным схемам.
Але, зразумела, я ўзяўся за аповесць не таму, што вельмі многа дазнаўся аб партызанскім жыцці, і не затым, каб дадаць да яго штосьці мною асабіста адкрытае. Перш за ўсё і галоўным чынам мяне цікавілі два маральныя моманты, якія, спрасціўшы, можна сфармуляваць так: «Што такое чалавек перад знішчальнаю сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?»
Кожны, хто ведае пра вайну не па чутках, лёгка разумее ўсю значнасць гэтых пытанняў, што не адзін раз паўставалі перад тымі, хто змагаўся са зброяй у руках. Мне думаецца, як франтавікам, так і партызанам аднолькава памятныя выпадкі з іх уласнага баявога вопыту, калі гэтае і падобныя пытанні даводзілася вырашаць не разумова, а практычна, цаною крыві, ставячы на карту жыццё. Але ж нікому не хацелася страціць сваё адзінае і такое дарагое яму жыццё, і толькі неабходнасць да канца заставацца чалавекам прымушала ісці на смерць. У той жа час знаходзіліся людзі, якія спрабавалі сумясціць несумяшчальнае — захаваць жыццё і не паграшыць супраць чалавечнасці, што ў пэўных трагічных абставінах аказвалася неверагодна цяжкім, калі не зусім безнадзейным.
Шмат год у маёй памяці жыў адзін выпадак, які недарэчнай сваёй парадаксальнасцю настойліва бударажыў маю свядомасць.
Здарылася гэта ў жніўні сорак чацвёртага, у самы разгар Яска-Кішынёўскай аперацыі, калі нашы войскі паспяхова прарвалі абарону ворага, акружылі кішынёўскую групоўку, узялі вялікую колькасць палонных. Неяк у час наступлення за Прутам начальнік артылерыі палка, у якім я служыў камандзірам узвода, паслаў мяне за некалькі кіламетраў у тыл, каб сустрэць і павярнуць на другую дарогу затрыманы дзесь транспарт з боепрыпасамі. Удвух з разведчыкам мы прыскакалі на конях у нейкае румынскае сяло на захад ад станцыі Унгены. Тут у вялікім, абнесеным драцяной загародкай двары размяшчаўся зборны пункт для ваеннапалонных, і ў вялізным загоне стаялі, сядзелі і ляжалі на стаптанай траве сотні румын і немцаў. Праязджаючы каля іх, я няўважлівым позіркам слізгаў па іх сумных тварах, на якіх ужо не было і цені ваяўнічасці, а быў тупы выраз стомленых, размораных спёкай людзей. I раптам загарэлы няголены твар аднаго з тых, што паныла сядзелі ў канаве ля самай загародкі, здаўся мне знаёмым. Палонны таксама затрымаў на мне свой безуважны позірк, і ў наступнае імгненне я пазнаў у ім колішняга свайго саслужыўца, які з восені сорак трэцяга лічыўся забітым. Болей таго, за стойкасць, праяўленую ў цяжкім баі на Дняпроўскім плацдарме, за ўмелае камандаванне акружаным батальёнам, у якім ён быў начальнікам штаба, гэты чалавек пасмяротна быў удастоены высокай узнагароды. Аб ім расказвалі новаму папаўненню, аб яго подзвігу праводзілі гутаркі, на яго вопыце вучылі ваяваць. А ён вось сядзеў цяпер перада мной у прапацелым нямецкім кіцелі з трохкаляровым шаўронам на рукаве, на якім красамоўна паблісквалі тры знаёмыя літары «РОА».
Я прытрымаў каня, злез на абочыну каля некалькіх іржавых нітак калючага дроту і доўга не мог сказаць ані слова. Я глядзеў на яго, а ён таксама моўчкі глядзеў на мяне, але ў адрозненне ад мяне не здзівіўся. Ён ужо перастаў здзіўляцца, але, відаць, зразумеўшы, што маўчаннем не абысціся, сказаў пасля цяжкога ўздыху:
— Вось як яно атрымліваецца!
— Як жа гэта здарылася? — запытаў я.
У яго сумных вачах не было ні злосці, ні адчаю, была толькі ціхая пакора лёсу, на які ён неўзабаве спаслаўся.
— Што рабіць? Такі лёс.
Потым мы пагаварылі трохі. Ён папрасіў закурыць і коратка паведаміў сумную і адначасна страшную ў сваёй знішчальнай прастаце гісторыю. Аказваецца, у тым памятным баі на плацдарме ён не быў забіты, а быў толькі паранены і трапіў у палон. У лагеры, дзе ён апынуўся, сотнямі паміралі з голаду, а ён хацеў жыць і, надумаўшы абхітрыць немцаў, запісаўся ва ўласаўскую армію з надзеяй знайсці момант і перабегчы да сваіх. Але, як на тое ліха, здатнага моманту ўсё не было, фронт знаходзіўся ў жорсткай абароне, а за ўласаўцамі строга сачылі немцы. З самага пачатку нашага наступлення яму давялося прыняць удзел у баях супраць сваіх, хоць, зразумела, ён страляў угору: ці ж ён вораг сваім? — суцяшаў ён сябе. Урэшце аказаўся ў палоне, вядома ж, здаўся сам, інакш бы тут не сядзеў…
Я слухаў яго і верыў яму: ён гаварыў праўду. Безумоўна, ён не быў з ліку тых, якія прагнулі служыць ворагу, яго асабістая храбрасць і воінскае майстэрства былі пацверджаны высокай узнагародай. Проста, апынуўшыся ў палоне, ён вышэй за ўсё паставіў уласнае жыццё і вырашыў абхітрыць фашыстаў. I вось варты жалю вынік гэтых хітрошчаў…
Такі не вельмі складаны, хоць і не просты шлях прывёў мяне да асэнсавання той маральнай ідэі, якая паслужыла асновай аповесці «Сотнікаў». Для мастацкага ажыццяўлення яе патрабаваліся адпаведныя характары і прыдатныя для іх абставіны. Можна было б спыніцца на вышэй прыведзенай гісторыі або на падобным матэрыяле з франтавой рэчаіснасці, але мне больш прывабным здалося партызанскае мінулае з яго меншай рэгламентаванасцю, значна большай доляй выпадковага, стыхійнага, са стракатай рознахарактарнасцю яго чалавечай масы. У якасці асноўных герояў я ўзяў двух партызан, амаль таварышаў, але не сяброў, не добрых і не благіх — розных. У кожнага з іх свае прынцыпы, абумоўленыя выхаваннем, маральнай і духоўнай сутнасцю. Сотнікаў па натуры зусім не герой без «страху і дакору», і калі ён сумленна памірае, дык перш за ўсё таму, што яго маральная аснова ў дадзеных акалічнасцях не дазваляла яму зрабіць інакш, шукаць іншы канец. Рыбак таксама не нягоднік па натуры: складзіся абставіны інакш, магчыма, праявіўся б зусім іншы бок ягонага характару і ён прадстаў бы перад людзьмі ў іншым святле. Але няўмольная сіла ваенных абставін вымусіла кожнага зрабіць самы рашучы ў чалавечым жыцці выбар — годна памерці або застацца жыць подла. I кожны выбраў сваё.
У пераважнай большасці сваіх водгукаў чытачы становяцца на бок Сотнікава, хоць некаторым і не зусім па душы яго чалавечая жорсткасць, аскетычны максімалізм, якія некалькі сушаць вобраз, збядняюць яго жыццёва. Але нельга выпускаць з-пад увагі тое, як шмат давялося перажыць гэтаму яшчэ маладому чалавеку (разгром палка, палон, уцёкі, хвароба, раненне і новы палон), каб зразумець, як разцялася ягоная душа. Некаторым больш імпануе прагматычная натура Рыбака, які амаль да канца наогул цярпіма адносіцца да Сотнікава і ў жахлівых умовах палону не траціць надзеі на выратаванне, хоць, можа, і не зусім прыстойным чынам. Са свайго боку, я б мог заўважыць толькі, што «прагматызм» цярпімы, калі ён не пераступае сацыяльна-маральных асноў нашага чалавечага супольнага жыцця. Так, зразумела, цяжка патрабаваць ад чалавека высокай чалавечнасці ў абставінах бесчалавечных, але ж існуе мяжа, за якой чалавечнасць рызыкуе ператварыцца ў сваю процілегласць!
Аб гэтым аповесць.
Фон, як я ўжо казаў, мог бы атрымацца болей канкрэтны, хоць ва ўсім, што датычыць абставін, акалічнасцей, я стараўся быць максімальна дакладным. Здаецца, наогул гэта ўдалося, я пазбег прыблізнасці, тым больш недакладнасці ў дэталях і абставінах. Пасля некалькіх публікацый чытачы не знайшлі колькі-небудзь сур’ёзных пагрэшнасцей, апроч хіба адной. Чытач-астраном з Масквы паведаміў, што малады месяц, які тою парой паяўляецца ў небе вечарам, не можа свяціць і ноччу: да поўначы ён павінен зайсці. Гэта правільна, і я пасля гэта выправіў.
Аповесць гэтая, як ні дзіўна, калі мець на ўвазе вышэйсказанае, пісалася адносна лёгка. Уся работа ішла строга паслядоўна. Адштурхнуўшыся ад першага, шчасліва знойдзенага, хоць, магчыма, і не новага ў літаратуры вобраза начной зімовай дарогі і наогул ведаючы сваіх герояў, адчуваючы іх характары, я ўяўляў сабе іх мінулае, лёгка кіраваўся логікай іх паводзін, іх рэакцыяй на падзеі. Як заўсёды, галоўная цяжкасць была ўпачатку. «Адкуль пачаць?» — вось пытанне, якое звычайна займае празаіка больш за якія іншыя. Пачаць трэба так, каб гэта не было не занадта далёка, але і не занадта блізка. У першым выпадку экспазіцыя пагражае зацягнуцца, з’явяцца не заўсёды абавязковыя падрабязнасці, у другім — не паспее чытач прыгледзецца, прывыкнуць да герояў, як пачынаюцца рашаючыя падзеі. Паколькі дзеянне гэтай аповесці развіваецца няспынна (або амаль няспынна) і працягваецца якіх-небудзь двое сутак, давялося канцэнтраваць падзеі, часам фарсіраваць сюжэт, каб кожная гадзіна літаратурнага жыцця герояў была максімальна насычана сэнсам і дзеяннем.
Я не вёў запісных кніжак, папярэдне не запасаўся дэталямі, але задуму стараўся абдумаць грунтоўна і так распрацаваць сюжэт, каб да пачатку работы над аповесцю мне было ўсё аб ёй вядома. Зразумела, у ходзе работы сталі непазбежнымі некаторыя адступленні ад першапачатковага плана, з’явіліся нейкія новыя, больш выйгрышныя хады, ад нейкіх, нават вельмі зманлівых момантаў давялося адмовіцца. Так, першапачаткова ўся перадгісторыя дзяўчынкі Басі была пададзена асобным раздзелам, але потым прыйшлося гэтым раздзелам ахвяраваць — перадаць словы самой гераіні.
Як правіла, рабоце над кожным творам у мяне папярэднічае, акрамя максімальна распрацаванага плана, яшчэ і скрупулёзна прадуманы фінал. Без яснага ўяўлення аб тым, чым павінна закончыцца аповесць, я не прыступаю да яе пачатку. У тых некалькіх выпадках, калі давялося брацца за работу, адклаўшы распрацоўку фіналу «на потым», рэчы рашуча не ўдаліся менавіта па прычыне незадавальняючага фіналу. Зразумела, гэта толькі маё асабістае правіла, магчыма, што іншыя працуюць інакш і метад іх работы болей для іх паспяховы, але для мяне лепшы мой, у тым я дастаткова пераканаўся. Наогул жа, паколькі проза, як вядома, патрабуе думак, кожны сюжэтны паварот, кожны вобраз у ёй трэба асэнсоўваць максімальна, да самых малых драбніц, не спадзеючыся на ўладарную сілу няхай сабе і верна ўгаданых характараў. Наша асэнсаванне характараў і абставін і ёсць наш дыктат над літаратурнай мадэллю, у якой усё або амаль усё вызначае аўтар адпаведна са сваёй мэтай, ідэяй, мастацкім густам. Вядомую пушкінскую фразу пра свавольства Таццяны, на мой погляд, не варта разумець літаральна — яна не болей чым жарт, да якога часам схільны пісьменнікі.
У «Сотнікаве» я з самага пачатку ведаў, чаго хачу ў канцы, і паслядоўна вёў маіх герояў да сцэны пакарання смерцю, дзе адзін дапамагае вешаць другога. Не жадаючы таго, амаль пакутуючы. Але такая ўжо логіка фашызму, які, ухапіўшы сваю ахвяру за мезенец, не спыніцца да той пары, пакуль не праглыне яе цалкам.
Напісаная па-беларуску, аповесць гэтая спачатку з’явілася ў перакладзе на рускую мову і толькі праз паўгода была надрукавана ў беларускім часопісе «Полымя». Для таго было некалькі прычын, і адной з іх з’явілася праблема мастацкага перакладу, якая заўсёды востра стаіць перад нашымі брацкімі літаратурамі. Я назаўжды ўдзячны перакладчыкам, што нямала зрабілі для папулярызацыі маіх твораў сярод шматмільённага ўсесаюзнага чытача, але мой асабісты вопыт дастаткова пераканаў мяне ў тым, што перакладаць на рускую мову павінен па магчымасці сам аўтар. I справа тут не ў ступені літаратурнага майстэрства аўтара або перакладчыка, — як правіла, апошні валодае рускай мовай больш дасканала, — але ў недастаткова яшчэ вывучаных асаблівасцях перакладу на рускую мову з блізкіх да яе моваў. Уяўная лёгкасць перакладу, значнае падабенства беларускай і рускай моў уладарна трымаюць перакладчыка ў палоне прыблізнасці, нараджаючы ў выніку нешта «трацічнае», пасрэднае і бескаляровае што хоць і напісана па-руску, але нясе на сабе ўсе прыкметы сырога падрадкоўніка. Але ж самы дасканалы падрадкоўнік яшчэ не пераклад, і каб ператварыць яго ў твор рускай літаратуры, трэба нанова пераасэнсаваць вобразны строй арыгінала, надаць яму новае ўвасабленне на сучаснай рускай літаратурнай мове. Канешне, гэта цяжкая і складаная праца, і яна наўрад ці пад сілу каму, апроч самога аўтара, калі ён адчувае ўпэўненасць у тым, што ў дастатковай ступені валодае рускай мовай.
Звычайна пры рабоце над перакладам працягваецца і работа над мовай арыгінала. У перакладзе адразу, часам зусім нечакана, праяўляюцца розныя стылёвыя недасканаласці арыгінала, удакладняецца псіхалогія герояў, некаторыя матывіроўкі іхніх учынкаў. У радзе выпадкаў тая ці іншая думка або вобраз атрымлівае большую выразнасць менавіта на рускай мове, у іншых жа — наадварот: дакладнаму беларускаму выразу так і не ўдаецца знайсці вычарпальны рускі эквівалент. Асабліва гэта датычыць народных выразаў, дыялектызмаў, а таксама некаторых сінонімаў і метафар, якія ўласцівы беларускай і адсутнічаюць у рускай мове. Абедзве мовы ў працэсе аўтарскага перакладу няспынна ўзаемадзейнічаюць, уплываючы адна на адну. Зразумела, мова арыгінала застаецца пераважнай, вызначальнай, але нярэдка яна траціць сваю перавагу і сама мяняецца, прыстасоўваючыся да мовы перакладу. Гэта цікавая, часам захапляльная і яшчэ па-сапраўднаму не вывучаная галіна літаратурнай творчасці, якая на поўную сілу праяўляе сябе толькі пры аўтарскім перакладзе…
Зразумела, усё сказанае — толькі частка майго асабістага аўтарскага вопыту, некаторыя рысы з гісторыі стварэння адной невялікай аповесці. У іншых выпадках, магчыма, усё будзе выглядаць інакш, і пісьменнік можа толькі вітаць гэту «тэхналагічную» разнастайнасць, якая з’яўляецца перадумовай разнастайнасці творчай.
[1973]