Жывапісец
Жывапісец
Проза Івана Мележа — сведчанне майстэрскага спалучэння лепшых традыцый нацыянальнай літаратуры і яе наватарскіх пошукаў, уласцівых новаму часу.
Ягоны зварот да грунтоўнага даследавання народнага жыцця 20–30-х гадоў пазначыў сабой як бы паўторны заход нашай літаратуры ў даволі ўжо распрацаваныя пласты беларускай гісторыі, які пад пяром сапраўднага мастака даў нечакана багаты плён. Мусіць, гэта ўжо аксіёма, што не бывае няўдзячных тэм або тэм другарадных, малаістотных — чалавечае жыццё, апрамененае святлом гуманізму, якраз і ёсць тое самае значнае ў мастацтве, што не траціць свайго кошту ніколі. Іван Мележ сваімі раманамі даказаў таксама, што самыя сціплыя вобразы самых звычайных, здавалася б, далёкіх ад колькі-небудзь вытанчанага інтэлекту, людзей, вясковых сялян, калі яны сагрэты цяплом сапраўднага чалавекалюбства, зацікаўленасцю і пашанай, здольны скінуць з сябе транты правінцыяльнай абмежаванасці і набыць агульначалавечую значнасць.
Мележаўскія Ганна, Васіль, Міканор, Апейка блізкія і зразумелыя чытачам розных краін, розных адукацыйных узроўняў і розных ступеняў духоўнасці. Сакрэт гэтай даходлівасці — у глыбіні псіхалагічнага пранікнення, меры сацыяльнай напоўненасці, мастацкай праўдзівасці.
Пры ўсім тым нельга забываць, што Іван Мележ не адразу і нялёгка адкрыў у сабе таго, кім ён сёння з’яўляецца, — адкрыццю гэтаму папярэднічала шмат гадоў пошукаў і працы. I тым важней для ўсіх нас здаецца гэты ягоны ўрок. Кожнаму бязмерна важна ў свой час знайсці сябе і ў сабе — тое самае значнае, на што вымагае талент. Мележ — прызнаны майстра эпічнага жанру прозы, вартасць якога ён пераканана засведчыў сваёй літаратурнай практыкай. Але мастацтва рэдка задавальняецца аднойчы атрыманым доказам і патрабуе нястомна практычнага пацвярджэння ягоных спрадвечных ісцін. Таму будзем спадзявацца, што талент і сілы Івана Мележа і надалей не здрадзяць яго зайздроснай прыхільнасці да шырокай эпічнасці ў даследаванні самых складаных часоў народнай гісторыі. I пажадаем яму ў гэтым пісьменніцкай мужнасці, гатоўнасці да непазбежнай салдацкай рызыкі і ў выніку — безумоўнай творчай удачы.
[1971]