З пяшчотаю ў душы
З пяшчотаю ў душы
Так ужо заведзена на гэтай зямлі, што час ніколі і нідзе не замаруджвае сваёй хады і, не зважаючы ні на якія абставіны, з нязменнай бясстраснасцю адмервае свае хвіліны. Вось ужо шэсцьдзесят год і Аляксею Слесарэнку, нашаму нястомнаму жартаўніку, аматару дасціпнага выразу, нястомнаму прапагандысту беларускага мастацкага слова і пісьменніку.
Што і казаць, як і шмат каму з ягонага пакалення, лёс наканаваў Аляксею Слесарэнку нялёгкую долю з самага дзяцінства, шмат чаго давялося яму вытрываць у гэтым жыцці, не адзін раз здаваць экзамен не толькі на прафесійную, але і на чалавечую годнасць. Аднак, воляй выпадку яшчэ з дзіцячых гадоў далучаны да трапяткой святыні мастацтва, Аляксей Аляксеевіч пранёс праз усе віхуры жыцця нязменную пяшчоту да ўсяго прыгожага, высокага і разумнага.
Гэтую пяшчоту не аслаблялі ў ягонай душы ні цяжкое дзяцінства, ні вайна, калі ён, будучы камандзірам узвода ў стралковым батальёне, займаўся далёкімі ад мастацтва справамі, ні пакуты цяжкога ранення. Вайна, безумоўна, паклала свае адмеціны на ўражлівай душы юнака, але яна і выхавала ягоную волю, якая надта была патрэбна, каб прайсці ўвесь агнявы шлях ад Вялікіх Лук да рэйхстага. Усё пасляваеннае жыццё Аляксея Слесарэнкі ўжо моцна і назаўжды павязалася з мастацтвам і беларускай літаратурай.
Мабыць, самым найпершым у нашай рэспубліцы ўзяўшыся за турботную, але і такую ўдзячную справу прапаганды роднай літаратуры, ён за кароткі час спасціг усе таемныя сакрэты гэтага складанага майстэрства, а руплівасці ў яго хапала. Мабыць, няма ў Беларусі самага далёкага куточка, самай непрыкметнай вёсачкі, дзе б хоць аднойчы не пабываў са сваім канцэртам артыст і чытальнік Аляксей Слесарэнка. I цяпер многія іх жыхары як светлую падзею ўспамінаюць той даўні зімовы ці летні вечар, калі артыст з Мінска цэлыя гадзіны чытаў на памяць «Новую зямлю» Я. Коласа, «Сцяг брыгады» А. Куляшова ці іншыя славутыя або меней каму вядомыя творы. Сем з палавінай тысяч выступленняў перад працаўнікамі вёсак, пасёлкаў і гарадоў — такі творчы рахунак мастацкага чытальніка Аляксея Слесарэнкі.
Але для няўрымслівай ягонай душы адных толькі чытанняў было замала. У сталыя гады ён плённа заняўся літаратурай і напісаў паўдзясятка кніжак, зноў жа прысвечаных людзям мастацтва, іх самым дарагім у нашай гісторыі імёнам. Лепшыя з гэтых кніжак не залежваюцца ў магазінах ці на паліцах бібліятэк, па іх мільёны чытачоў краіны спасцігаюць высокі сэнс тэатральнага мастацтва, урокі выдатных яго майстроў.
I вось яму ўжо шэсцьдзесят. Узрост, безумоўна, не самы юнацкі, але, ведаючы Аляксея Слесарэнку, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ён можа і скажа яшчэ шмат цікавага і значнага, што спее ў ягонай душы. Зарукай таму — ягоная невычарпальная няўрымслівасць, яго пяшчотнае пачуццё да прыгожага, якое ніколечкі не прыгасілі ні гады, ні жыццёвыя буры.
Дык няхай жа і далей шчасціць табе ў жыцці, дарагі Аляксей Аляксеевіч!
[1979]