Зайздросны лёс

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Зайздросны лёс

Доўгі час у раннім дзяцінстве я быў зачараваны ягонай «Дрыгвой», пасля прыйшло захапленне «Новай зямлёй» і «Сымонам-музыкам»; здаваліся амаль цудам створаныя ім гэткія жывыя і яркія малюнкі жыцця, думалася: на гэта здольны толькі чалавек незвычайны, волат думкі і чараўнік слова. Калі ж праз колькі гадоў прыйшло разуменне законаў літаратурнай творчасці, грамадскіх абставін і эстэтычных вытокаў таленту, тады шчасліва і радасна адкрылася, што між усяго і, можа, найперш за ўсё, у ім жыў таленавіты вясковы настаўнік, адзін з тых бескарыслівых падзвіжнікаў у нашым народзе, якія на зары яго нацыянальнага абуджэння спасціглі сэнс сусветнай культуры і да вострага болю ў сэрцы адчулі свой гістарычны абавязак перад беднай, пагарджанай, цёмнай старонкай.

I толькі цяпер, з нашага сёння, з усёй выразнасцю бачыцца, што ён быў не тое і не другое паасобку, а быў разам і чараўніком слова, і вясковым настаўнікам — народным інтэлігентам, які праз усё жыццё горда пранёс свой шматпакутны абавязак перад народам, і што ўсё гэта ў адзіным сваім спалучэнні выкрышталізавалася ў ім у нацыянальнага генія, аднаго з першых, чыё імя цяпер ужо назаўжды ўвойдзе ў гісторыю культуры народа і будзе жыць у ім, пакуль будзе існаваць адораны ягоным словам народ.

Слаўны, нялёгкі і велічны лёс яго будзе навек асвятляць нашу сціплую працу ўсё на той жа аранай і пеставанай ім і такімі, як ён, беларускай ніве.

[1972]