Гады, аддадзеныя мастацтву

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Гады, аддадзеныя мастацтву

Народнаму артысту БССР Мікалаю Мікалаевічу Яроменку споўнілася 50 гадоў, 28 з якіх аддадзена сцэне.

Сваё творчае жыццё М. Яроменка пачаў яшчэ навучэнцам тэатральнай студыі пры Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. За час работы ў тэатры імя Якуба Коласа акцёр стварыў цэлую галерэю каларытных вобразаў у спектаклях класічнага, зарубежнага і сучаснага рэпертуару. Сіла духу, цэласнасць натуры, упэўненасць у перамозе дабра — вось асноўныя рысы характараў яго герояў. Інсараў у інсцэніроўцы паводле рамана Тургенева «Напярэдадні», Азорыч у драматычнай паэме П. Глебкі «Святло з Усходу», Бахіраў у інсцэніроўцы паводле рамана Г. Нікалаевай «Бітва ў дарозе» і іншыя ролі, створаныя акцёрам, вылучылі М. Яроменку ў шэраг вядучых, цікавых акцёраў тэатра.

Вялікім дасягненнем у яго творчасці стала роля Бахірава. У гэтай рабоце акцёру ўдалося праўдзіва паказаць складанае інтэлектуальнае жыццё сучаснага чалавека, узняць праблемы, якія хвалююць.

У Віцебскім тэатры М. Яроменка вырас да сталага майстра сцэны. Яго працавітасць і патрабавальныя адносіны да сябе прыносілі жаданыя вынікі. Гады, праведзеныя ў гэтым тэатры, былі насычаны цікавымі пошукамі.

У 1959 годзе М. Яроменку запрашаюць у Беларускі акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Адным з вышэйшых дасягненняў яго на сталічнай сцэне з’явілася стварэнне вобраза Канстанціна Заслонава ў аднайменнай п’есе А. Маўзона. У гэтай рабоце вялікую дапамогу акцёру аказаў народны артыст СССР Б. В. Платонаў, які з любоўю перадаваў М. Яроменку свой вопыт і майстэрства. Акцёр з велізарнай стараннасцю падышоў да работы. На кожную рэпетыцыю ён прыносіў штосьці новае. Тыя складаныя псіхалагічныя працэсы, якія адбываліся ў душы Заслонава, акцёр даносіў з вялікай сілай і дакладнасцю. Ролю Заслонава М. Яроменка праводзіць на кантрастах. Вялікая стрыманасць, як бы прыглушанасць пачуццяў — і раптам моцны выбух пачуццяў. Вобраз, створаны М. Яроменкам, вызначала незвычайная душэўная прыгажосць, грамадзянскі пафас. Гэта роля стала вялікім творчым узлётам акцёра і прынесла яму заслужаны поспех. У 1967 годзе М. Яроменка быў удастоены высокага звання народнага артыста БССР.

М. Яроменка на працягу раду гадоў быў сакратаром партарганізацыі тэатра. Ён заўсёды вядзе вялікую грамадскую работу. Яго, актыўнага члена мастацкага савета тэатра, пастаянна хвалявалі і хвалююць праблемы рэпертуару, рэжысуры, выхавання маладой тэатральнай змены. Ён шчодры на параду, заўсёды гатовы падзяліцца вопытам.

Цяпер М. Яроменка — адзін з папулярнейшых беларускіх кінаакцёраў. Гэту славу стварыла яму перш за ўсё роля Паўлава ў фільме С. Герасімава «Людзі і звяры». Праўдзівы вобраз, створаны М. Яроменкам, усхваляваў сэрцы гледачоў. Акцёр стварае яркія вобразы ў многіх іншых фільмах. Ён іграе Русакова ў фільме «Масква — Генуя», Івана Макаравіча у «Пагоні», Бутрова з «Прарабскага ўчастка», бальшавіка Ваўліна ў «Крушэнні імперыі», бацьку ў «Іване Макаравічу» і рэвалюцыянера ў «Вечным клічы»…

За 28 гадоў работы Мікалай Яроменка сыграў каля 90 роляў у тэатры і больш за 30 — у кіно. Але як на сцэне, так і ў кіно работу артыста заўсёды вызначае самабытнасць, свой уласны почырк. Акцёрскаму таленту М. Яроменкі ўласціва імкненне ствараць цэласныя натуры, чые жыццё падпарадкавана адной мэце, адным пачуццям.

[1976]