Пазначана высокаю гармоніяй
Пазначана высокаю гармоніяй
Кожнага, хто знаёміцца з ім, найперш уражваюць ягоныя рукі — мазалявыя, працавітыя далоні з абпаленымі травільнай кіслатой пальцамі. Спярша цяжка нават паверыць, што гэтымі далёка не артыстычнымі, абмазалелымі рукамі працаўніка Арлен Кашкурэвіч робіць свой мастакоўскі цуд. Тым не менш менавіта гэтыя рукі здольныя на самую тонкую рыску, на самы непрыкметны рух, якімі поўная і з якіх складаецца ягоная цудоўная графіка.
Так, гэта майстра тонкай, філіграннай і вельмі выразнай лініі, на якой звычайна трымаецца ўся кампазіцыя ягоных графічных работ, яна — выразнік яго эмоцый і яго філасофскага зместу. Безумоўна, гэта вельмі не проста — у кніжнай ілюстрацыі або ў станковых работах галоўны сэнс выявіць праз некалькі скупых ліній; трэба знайсці гэтыя лініі, адпрацаваць іх, давёўшы да гранічнай выразнасці, і, апроч таго, яны павінны быць эстэтычна дасканалыя, надзеленыя выключнай гармоніяй, без якой графіка перастае быць мастацтвам.
Арлен Кашкурэвіч мастак «божай міласцю» і менавіта графік па характару свайго таленту. Ужо першыя работы пацвердзілі яго немалыя здольнасці, а далейшы ягоны шлях у мастацтве быў поўны прызнання, удач і, зразумела, штодзённай напружанай працы. Можа, найперш ён працаўнік, самаадданы і добраахвотны катаржнік, як ён кажа, навечна прыкуты да цяжкой і нязменнай тачкі, назва якой мастацтва. Ягонае імя звярнула на сябе ўвагу знаўцаў і шанавальнікаў мастацтва яшчэ ў пяцідзесятыя гады, адразу пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, пасля ўдзелу ў першых выстаўках. Але сапраўднае прызнанне яго як аднаго з самых лепшых майстроў нацыянальнай графікі прыйшло пазней, калі ён ад паасобных удалых работ на літаратурныя тэмы перайшоў да графічных цыклаў. Сын народа-будаўніка і народа-барацьбіта, ён лагічна звярнуўся ў сваёй творчасці да тэмы гераічнай барацьбы беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і стварыў выдатную графічную серыю пад агульнаю назвай «Партызаны». Эпічная значнасць зместу і драматычнае напружанне кожнага ліста гэтай серыі не могуць не ўзрушыць таго, каму дорага наша гісторыя. Сапраўды, бясконца хвалююць драматычныя паставы яго партызан, што, выбіваючыся з сілы, праз агонь нясуць па балоце параненага таварыша, або група жанчын, звычайных вясковых бабулек, якія заняты зусім не бабульчынай справай — яны набіваюць патронамі магазіны і стужкі для сваіх сыноў-партызан. Нельга раўнадушна адысціся ад ліста, дзе чалавек і конь дапалі да вады і з аднолькавай апантанасцю спатольваюць смагу, або ад наступнага, дзе ў ваеннае ліхалецце жэняцца двое маладых, і мы бачым іх дзве танклявыя постаці, побач дзве іх вінтоўкі і дзве свечкі — на шчасце і на гора, на доўгае ці кароткае іх лясное жыццё. Так, станковая графіка — афорты, аквацінты, літаграфіі — прынесла Арлену Кашкурэвічу ўсеагульнае прызнанне ў мастацтве, званне заслужанага дзеяча мастацтваў і Дзяржаўную прэмію БССР.
Але Арлен Міхайлавіч яшчэ і выдатны майстра кніжнай ілюстрацыі. Не менш паспяхова ён ілюстраваў кнігі вялікага Янкі Купалы, Лакснеса, а таксама творы I. Шамякіна, А. Адамовіча, I. Пташнікава, У. Караткевіча. Вайна і тут упарта трымае яго ў палоне сваім драматызмам, напалам эмоцый, бязмернасцю народных перажыванняў. Вы не знойдзеце ў Кашкурэвіча шырокіх кампазіцый, як правіла, ягоныя лісты не шматфігурныя, — усяго некалькі постацей, а часам і зусім адна пастава — торс, плячо, профіль і заўжды рух, у якім увесь згустак сэнсу, усё галоўнае, выражанае скупа і выразна. Мабыць, з усіх частак чалавечага цела ён найбольш любіць рукі і босыя ногі, якія ў ягоных творах часам гавораць больш, чым твары ці вочы. Ну, але затое якія гэта рукі і якія ногі! Кожная — характар, вузел, напружанне, лёс. Як ніхто з сучасных майстроў мастацтва, Кашкурэвіч валодае зайздроснаю здольнасцю праз малое, нейкую прыватнасць, дэталь паказаць многае, выразіць часам ашаламляльны змест народнага гора і народнага подзвігу.
Некалькі год назад Арлен Кашкурэвіч здзейсніў даўнюю і, не баюся гэтага слова, грандыёзную творчую мару — ілюстраваў «Фаўста» Гётэ. Каля дваццаці старонкавых ілюстрацый упрыгожылі гэта выданне, надалі яму новы сэнс і разам з цудоўным перакладам В. Сёмухі зрабілі яго выдатнаю з’явай беларускага кнігадруку і нашай нацыянальнай графікі.
У верасні Арлену Міхайлавічу Кашкурэвічу спаўняецца пяцьдзесят год. Ён шмат зрабіў у беларускім выяўленчым мастацтве і яшчэ болей зробіць. Мастак у творчым росквіце сваіх сіл, поўны цікавых задум. I без таго бездакорнае яго майстэрства робіцца ўсё болей змястоўным і дасканалым.
Пажадаем жа плёну яго мудрым рукам.
[1979]