Сяргей Залыгін

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Сяргей Залыгін

Перш чым стаць пісьменнікам, Сяргей Залыгін займаўся навукай, працаваў у Сібіры, меў справу з гаспадарчымі і навуковымі праблемамі, якія пэўным чынам адбіліся на яго літаратурнай творчасці. Напісаная ім кніга аб літаратуры — «Літаратурныя клопаты» — плён сур’ёзнага роздуму аб ёй чалавека, не толькі спакушанага жыццём, але і рознабакова адукаванага, настойлівая і даволі паспяховая спроба асэнсаваць мастацтва з пункту погляду мастака, узброенага эстэтычнымі і тэхнічнымі ведамі нашага веку.

Літаратуразнаўчыя развагі пісьменніка мацней за ўсё ўражваюць паглыбленай здольнасцю пранікаць у галіну інтэлектуальную, у галіну ўласна мастацтва, чалавека і літаратуразнаўства. Сяргей Залыгін паказаў сябе тут не толькі вучоным-даследчыкам з ярка выражаным дарам аналітыка, але таксама і паэтам. Яго ўсхваляванае эсэ аб любімым ім Чэхаве не менш хвалюе таксама чытача. Зрэшты, гэта і зразумела. Як ужо неаднойчы здаралася ў літаратуры, перасячэнне ў адной кропцы поглядаў сапраўдных мастакоў, якія належаць да розных эпох, дае цікавы сплаў адносін, думак, пачуццяў. Колькі б мы ні ведалі аб мастаку мінулага, мы нязменна зачароўваемся тым, што ў ім з новай сілай адкрываецца праз талент, што жыве ў іншую эпоху, асабліва калі гэты талент яшчэ і наш шаноўны сучаснік.

Даследчыя здольнасці Сяргея Залыгіна ў галіне літаратуры, эстэтыкі цесна звязаны з яго не менш глыбокай здольнасцю мастацкага пранікнення ў жыццё. Як і ў літаратуразнаўчых работах, у яго прозе мы знаходзім паглыбленае даследаванне чалавечых характараў. Для нас застаюцца нязменна захапляючым і цікавым аўтарскія адносіны да ўсяго, што ён адлюстроўвае, тым больш што ўлюбёныя тэмы для творчасці Залыгін шукае, як правіла, у самых кардынальных і пераломных момантах нашай гісторыі. Так, лепшы з яго раманаў — «Салёная Падзь» — твор пра народ, які робіць рэвалюцыю, і ў той жа час пра чалавека, узнятага рэвалюцыяй да ўзроўню гістарычнай асобы, якім з’яўляецца галоўны персанаж рамана, партызанскі глаўком Яфрэм Мешчаракоў. Надзелены многімі, іншы раз супрацьлеглымі якасцямі, ён больш за ўсё ўзрушвае несакрушальнай сваёй чалавечнасцю, што нярэдка праяўляецца ў абставінах, якія, здавалася б, менш за ўсё для таго падыходзяць. «Задыхнуўся Яфрэм. Заплакаў Яфрэм. Дзіка ўзвыў і кінуў сваю мярлушкавую папаху на зямлю, на лядовыя іскры інею, што пакрываў рудаватае ржышча, а Грышка Лыткін падняў папаху і падаў яе зноў, а ён зноў кінуў, а Грышка зноў падняў, і глядзелі на гэтую бессэнсоўнасць партызаны з акопаў… I што б там ні было, на якую б ганьбу ні штурхалі белыя Яфрэма — яму трэба было ісці, прымаць на сябе бясслаўе і ўсялякі пакутны суд хоць бы ад самога сябе, нават ад свайго ўласнага, а не чужога сумлення і гонару… Трэба было ваяваць супраць баб і дзяцей зноў жа бабамі і дзецьмі, гэта значыць, праклятай арарай».

Стаўшы распараджальнікам лёсаў тысяч людзей, сібірскі селянін Мешчаракоў, сам штодзённа рызыкуючы жыццём, не страціў і каліва свайго прастадушша, цярпімасці да чужой слабасці, здольнасці да суперажывання чужому гору. Можа, яшчэ і болей — у процілегласць яго земляку, начальніку галоўнага штаба Брусянкову, пачуццё чалавечнасці ў Мешчаракова ў новым для яго становішчы абвастрылася яшчэ і таму, што нярэдка менавіта інтарэсы высокай чалавечнасці прымушалі партызанскага глаўкома на даволі рызыкоўныя ў маральных адносінах, а то і загадзя нядобрыя ўчынкі. Але ж у цяжкім сялянскім і франтавым жыцці ніхто яго асабліва не вучыў маралі, хутчэй наадварот. Навуку камандаваць палкамі на полі бою ён спазнаў сам, на ўласным вопыце, цаной рызыкі і пралітай крыві. Вераломства белых, якія ў рашаючы момант прымянілі «слёзную сценку», вымусіла Мешчаракова на крайні сродак, супраць якога ён у прастадушным пратэсце і кінуў аб зямлю сваю мярлушкавую папаху…

Калі Мешчаракоў, які нясе на сваіх плячах галоўны цяжар абароны Салёнай Падзі, нават у самыя цяжкія моманты не траціць вытрымкі і ўласцівай яму чалавечнасці, заўсёды застаючыся справядлівым і велікадушным, дык Брусянкоў — перакананы прыхільнік самых рашучых мер у адносінах да кожнага — ад свяшчэнніка, якога ён расстрэльвае, да камфронту Кракаценя, які таксама не пазбег той жа трагічнай развязкі.

У той час, як для Мешчаракова рэвалюцыйная барацьба вызначаецца галоўным чынам формулай за (за ўладу Саветаў), дык Брусянкова яна куды болей вабіць сваёй другой часткай — супраць (супраць контррэвалюцыі), тут ён адчувае сябе болей упэўнена і праяўляецца больш поўна.

Так, Мешчаракоў цудоўны ў сваёй адвазе і ў сваёй нерашучасці ў атацы на чале арары і ў начной горніцы каля сонных дзяцей — ва ўсёй нявыдуманай праўдзе сваёй натуры. Увесь ён нібы крута замешаны на гэтай яго народнай праўдзе, якая ўжо сама па сабе, апроч таго, што ісціна, яшчэ і высокая паэзія. Мешчаракоў — тое лепшае, што ўзняла з народных глыбінь рэвалюцыя, без якой ён проста не мог бы адбыцца як асоба, і ён несумненна лепшы вобраз рамана.

Галерэя рэвалюцыйных важакоў з народа, прадстаўленых у савецкай літаратуры перш за ўсё вобразамі Кожуха, Чапаева, Левінсона, у асобе Мешчаракова папоўнілася яшчэ адным выдатным характарам, таленавіта створаным нашым сучаснікам Сяргеем Залыгіным.

Літаратурны талент Залыгіна нязменна прываблівае сваёй ёмістасцю і шматграннасцю, нярэдка ўражваючы шырынёй пісьменніцкага пазнання, глыбінёй яго адчування. Залыгін умее пачуць і перадаць на сваіх старонках і гнеўны гул рэвалюцыйнага натоўпу, і ціхі спакутаваны голас жанчыны, якая асуджана марнець ад страху за жыццё малых дзяцей.

Найвялікшая ломка ў сельскай гаспадарцы, калі спрадвечная сялянская краіна Расія абагульняла свае дробныя малазямельныя гаспадаркі і прыступала да будаўніцтва загадкавага ў сваёй невядомасці калектыўнага жыцця, — гэта стала тэмай аповесці «На Іртышы». Калі ліквідоўвалася кулацтва, абнаўлялася вёска, недзе ў далёкай Сібіры «за балотам» згубіўся лёс працавітага, разумнага і ўмелага селяніна Сцяпана Чаўзава. Ці варта было праз трыццаць гадоў уваскрашаць гэты лёс, разбірацца ў яго паўзабытай драме, калі такімі выразнымі і бясспрэчнымі для ўсіх сталі поспехі некалі загадкавага калгаснага жыцця.

На самай справе, што там лёс адной сям’і, адной кінутай на лесасецы трэскі, калі секлі спрадвечны лес і адбывалася небывалае ў жыцці народа. Але справа ў тым, што ўсё ж такі гэта не трэска, а чалавек, і нават двое, апроч некалькіх малых, якім, як бы там ні было, суджана жыць у інакшым і больш справядлівым грамадстве. Зноў жа Сцяпан Чаўзаў зусім і не кулак, а серадняк, які адным з першых у сяле паверыў у бясспрэчную перавагу калгаса і сам па сваёй волі ўступіў у яго, каб будаваць новае жыццё.

Але — не атрымалася.

Хто ў тым вінаваты? Вінаваты, безумоўна, і Сцяпан, яго ўпарты мужыцкі нораў, яго самачынныя дзеянні ў адносінах да падпальшчыка калгаснага збожжа Ударцава, але больш за яго вінаваты іншыя, увогуле самі па сабе, можа, і някепскія людзі: малады Міця-ўпаўнаважаны, гарадскі жыхар-юрыст, якія не змаглі або не захацелі абараніць невінаватага. Але больш за ўсіх вінаваты Каракін, што ўзначальваў тройку «па давыяўленні» кулацтва. Гэты апошні — родны брат Брусянкова, над якім у рашучы момант не аказалася Мешчаракова, які некалі пры першым сваім паяўленні ў Салёнай Падзі вызваліў з-пад расстрэлу Власіхіна… Калектыўная справа ў вёсцы перамагла канчаткова і беспаваротна, але ў гэтай перамозе засталася адна маленькая стрэмка, адна незадача — лёс Сцяпана Чаўзава. Менавіта яна праз шмат гадоў і прымусіла пісьменнікагуманіста расказаць нам аб гэтай забытай драме, якой бы сумнай або выключнай яна ні была.

Пасля апублікавання «Сцежак Алтая», «На Іртышы» і асабліва «Салёнай Падзі» за Сяргеем Залыгіным трывала зацвердзілася рэпутацыя пісьменніка вострасацыяльнай тэмы, чыя ўвага нязменна скіравана да надзённых і кардынальных пытанняў дня сённяшняга і не надта аддаленага мінулага, урокі якога не бескарысныя для сучаснасці. Стала звыклым бачыць на яго старонках выдатна выпісаную сялянскую масу, чуць вясковых філосафаў, якія многа і разумна гавораць на сваіх сельскіх сходках. Аўтар так авалодаў іх мовай, што мову персанажаў яго твораў стала амаль немагчыма адрозніць ад аўтарскай — так арганічна яны зліліся ў адну дабротную рускую мову.

Відаць, у значнай ступені з гэтай прычыны для некаторых залыгінскіх чытачоў аказалася нечаканасцю паяўленне яго новага рамана «Паўднёва-амерыканскі варыянт» з зусім іншай праблематыкай, іншым асяроддзем адлюстравання, іншай, чым раней, «гарадской» мовай і сучасным, «тэхнічным» і ў многіх адносінах мадэрновым, стылем. Шмат хто здзівіўся: чаму раптам пісьменнік, які выдатна валодае мужчынскай псіхалогіяй, глыбока разумее мужыка-хлебароба, раптам галоўным персанажам рамана выбраў жанчыну?

Трэба прызнаць, такое здзіўленне небеспадстаўнае. Сапраўды, у ранейшых творах С. Залыгіна жаночыя вобразы не карысталіся асаблівай увагай аўтара, і мы можам успомніць з іх хіба што сімпатычную Клаўдзію Чаўзаву, Дору Мешчаракову ды Тасю Чарненка — не так ужо і многа. Але, відаць, у тым і справа, што тэма жанчыны да пары да часу заставалася нібы «ў запасе»: нявыдаткаваныя жыццёвыя назіранні, роздум, высновы патрабавалі свайго літаратурнага ўвасаблення. I вось пісьменнік іх рэалізуе ў новай раманнай ёмкасці, амаль цалкам запоўніўшы яе вобразам Ірыны Віктараўны Мансуравай.

Калі хоць бы ў агульных рысах прасачыць за эвалюцыяй першых гераінь Залыгіна да яго Ірыны Мансуравай, дык стане зразумела яе важнасць і непазбежнасць у гэтым нешматлікім шэрагу залыгінскіх жаночых вобразаў. Бясспрэчна, з часу Тасі Чарненка, Доры Мешчараковай і Клаўдзіі Чаўзавай у лёсе жанчыны змянілася многае — іншым, не падобным на ранейшае, жыццём жывуць цяпер іх зямлячкі — сібірскія калгасніцы. Але ці азначае гэта, што праблема жаночага лёсу вырашана і нішто больш не стаіць на шляху да жаночага шчасця? Нягледзячы на шматлікія перамены да лепшага ў сацыяльным жыцці народа, адно застаецца нязменна: сучасная жанчына па-ранейшаму выконвае сваю нарыхтаваную ёй прыродай ролю прадаўжальніцы чалавечага роду, выхавальніцы яго будучых пакаленняў, што ўжо само па сабе немагчыма без атмасферы любові і чалавечнасці. Сучасная жанчына ніколькі не менш, чым у свой час Ганна Аркадзьеўна Карэніна або Ганна Сяргееўна фон Дзідэрыц, занята ўсё тым жа велізарным для яе пытаннем кахання, без якога шчасце яе не можа быць поўным нават у самым сацыяльна-гарманічным грамадстве. Аказваецца, што там, дзе яго няма, гэтага злашчаснага кахання, трэба яго прыдумаць і накіраваць на аб’ект рэальны або выдуманы, бо нават каханне ўяўнае надае свету жанчыны новы змест, напаўняе яго духоўнасцю, без чаго не надта ўтульна было б на гэтай зямлі і той палавіне чалавецтва, якая па магчымасці цалкам прысвячае сябе барацьбе за навукова-тэхнічны і іншы прагрэс — мужчынам.

Але, напэўна, з часам каханне будзе каштаваць усё больш дорага. Як ужо заўважана ў жыцці, спрадвечны аб’ект жаночага кахання — мужчына, прыкметна губляе ўласцівы яму прымат больш моцнага ў параўнанні з жанчынай, а значыць, і лепшага, якім ён з’яўляўся ў мінулым, будучы воінам-абаронцам (Мешчаракоў) або клапатлівым земляробам-гаспадаром (Чаўзаў), і нярэдка становіцца такім жа, як і яна (Ірына Віктараўна), служачым, «тэхнаром», загадчыкам аддзела, які стаіць на службовай лесвіцы часам трохі вышэй за яе, а часам і ніжэй. Але як тады жанчыне кахаць таго, хто «ніжэй» і не толькі ў службовых адносінах, а ў іншых таксама, як, напрыклад, Мансураў — Курыльскі?

Можна гэтую праблему разглядаць як хочаш і тлумачыць ці то гістарычным ростам сацыяльна-грамадскай ролі жанчыны, ці зніжэннем ролі мужчыны, можна яе разумець як дабро ці наадварот, але сутнасць праблемы ад гэтага не зменіцца. Для рэалізацыі натуральнага чалавечага дару кахання патрэбны варты гэтага кахання аб’ект, інакш каханне пагражае ператварыцца ў нешта вельмі рацыянальнае, пазбаўленае і страсці, і паэзіі.

Мне думаецца, што апошні раман С. Залыгіна менавіта аб гэтым.

Ва ўсякім выпадку відавочна, што праблематыка яго ўжо сама па сабе здольна навесці на спрэчкі, і такія спрэчкі, як вядома, ужо ўзнікалі. Я дапускаю, што да рамана можна паставіцца па-іншаму, прачытаць яго інакш, але ж наватарскі твор заўжды спрэчны. I нават аспрэчваючы сацыяльнамаральную праблематыку рамана, ці варта праходзіць міма многіх яго безумоўных вартасцей — па-майстэрску выверанай формы, беззаганнага, нават віртуознага стылю, дзе амаль кожная фраза — закончаная мастацкая фігура, а ўвесь раман — суцэльны, амаль непарыўны псіхалагічны ланцуг, які складае ўнутраны свет гераіні, падрабязна даследаваны і скрупулёзна выкладзены моваю аўтара.

Наўрад ці хто адважыцца аспрэчваць зараз той факт, што наша літаратура прыкметна ўзбагацілася выдатнымі старонкамі, якія выйшлі з-пад пяра таленавітага майстра Сяргея Залыгіна. Талент таму і талент, што, прыглядаючыся да жыцця, бачыць у ім далей і чуе больш, чым многія іншыя, і таму павучальныя нават яго яўныя, а тым больш уяўныя недахопы.

Для Сяргея Залыгіна гэты год юбілейны. Яму спаўняецца шэсцьдзесят, што можна лічыць узростам творчай сталасці. Пісьменнік пастаянна ў рабоце. Вялікая грамадская і літаратурна-выкладчыцкая дзейнасць не з’яўляецца перашкодай для яго галоўнай справы — літаратуры, якой ён аддаецца нястомна, без перадыху. Ён ведае, што за яго ніхто не можа напісаць таго, што дадзена напісаць толькі яму аднаму. Следам за пісьменнікам мы можам паўтарыць яго ж словы, сказаныя ім з іншай нагоды, але яны ў аднолькавай ступені адносяцца і да таго, хто сказаў іх, — аб тым, што літаратура для яго зусім не мэта, а толькі сродак выяўлення ісціны, якая куды больш высокая і значная, чым яго мастацтва і ён сам.

[1973]