Рыгор Бакланаў

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Рыгор Бакланаў

Для многіх з нас, былых франтавікоў, у першыя гады пасля вайны далёка не ўсё, напісанае аб ёй, мела прыцягальную сілу. Хутчэй наадварот. Хацелася па магчымасці вызваліцца ад нядаўна перажытай ваеннай рэчаіснасці, увайсці ў мірнае жыццё, з якога мы былі так нечакана вырваны ў гады свайго ранняга юнацтва і аб якім марылі ў баях. Але дзіўная справа: мінуў час, і гэта наша ваеннае мінулае стала набываць усё больш ёмісты і хвалюючы сэнс, у якім бачылася многае не толькі з вайны.

Першая ваенная кніга Рыгора Бакланава ўразіла мяне, як не ўражвалі іншыя прачытаныя да яе кнігі пра вайну. Гэта было ў канцы пяцідзесятых гадоў, яшчэ да з’яўлення яго «Пядзі зямлі», якая зрабіла яго імя шырока вядомым у нашай літаратуры. Назва той яго, дарэчы, не самай папулярнай кнігі — «На поўдзень ад галоўнага ўдару», і расказваецца ў ёй аб некалькіх днях цяжкіх баёў ля возера Балатон у Венгрыі. Гэта таленавіта напісаная аповесць — канцэнтрат суровай праўды аб вайне, якой яна навек адбілася ў свядомасці перажыўшых яе франтавікоў, варты помнік тым многім тысячам нашых аднагодкаў, што навек засталіся ля меліярацыйных каналаў і вінаграднікаў венгерскай зямлі. Потым з’явіліся іншыя яго аповесці — славутая «Пядзя зямлі», яркая, як успышка ракеты, «Мёртвыя ганьбы не імуць», ёмісты і мудры «Ліпень 41 года», у якіх мінулая вайна паўстала ў новых, не менш праўдзівых і хвалюючых вобразах. Але гэтая першая ваенная аповесць Бакланава з’явілася для мяне надзвычай наглядным прыкладам таго, як непадмаляваная ваенная рэчаіснасць пад пяром сапраўднага майстра ўвачавідкі ператвараецца ў высокае мастацтва, поўнае хараства і праўды. Ва ўсякім выпадку, з хваляваннем прачытаўшы гэты невялікі твор, я зразумеў, як трэба пісаць пра вайну, і думаю, што не памыліўся.

Сіла бакланаўскага таленту, на мой погляд, заключаецца перш за ўсё ў яго мудрай, ёмістай памяці — на дэталі, атмасферу, псіхалагічны стан тых непаўторна адыходзячых у мінулае год. Менавіта чэрпаючы з гэтай памяці, мастак плавіць у тыглі сваёй душы высокую праўду аб вайне, умела пазбягаючы разбуральных наносаў прыгажосці, прыблізнасці, шаблоннай рыторыкі. Ва ўсім, што б ні напісаў Бакланаў, ён надзіва дакладны і канкрэтны. Так, напрыклад, у акопным артылерыйскім побыце пасля выхаду ягоных кніг проста стала цяжка знайсці свежую, не выкарыстаную ім дэталь, стварыць колькі-небудзь новы тып салдата або малодшага афіцэра. Ён намаляваў цэлую галерэю цудоўных па сваёй дакладнасці характараў франтавікоў, кожны з якіх мог бы стаць гонарам для любога аўтара — столькі ў іх вернасці натуры, псіхалагічнай і сацыяльнай ёмістасці. Пры гэтым нельга забываць, што такія характары, як Багачоў, Матавілаў, Ішчанка, Прышчаміхін, прыдумаць немагчыма, іх трэба назіраць шмат год, жыць з імі, праліць кроў і перажыць вайну, каб пасля з такой яркасцю ўвасобіць іх у літаратуры.

Вернасць факту ваеннага мінулага, рэаліям і людзям вайны зрабілі прозу Р. Бакланава такой ёмістай, дакладнай і разумнай, з’яўлення якой трудна было чакаць праз два дзесяцігоддзі пасля вайны, маючы на ўвазе колькасць аб ёй напісанага. Але ў ягоных кнігах вайна зажыла новым жыццём, у ёй з’явіліся новыя жывыя людзі з іх горам і радасцямі, прастадушшам і хітрасцю — з усёй складанасцю непрыдуманых салдацкіх натур. Да таго ж кожная яго ваенная аповесць — гэта не проста твор пра вайну наогул, гэта яшчэ і дакумент, мноствам яўных і ледзьве ўлоўных прыкмет прывязаны да канкрэтнага перыяду вайны, пэўнага месца баёў. Так, «Пядзя зямлі» — гэта адзін з днястроўскіх плацдармаў 1944 года. «Мёртвыя ганьбы не імуць» — франтавы эпізод зімы таго ж года на Украіне. «На поўдзень ад галоўнага ўдару» — Секешфехервар, Венгрыя. Адны толькі назвы шмат аб чым гавораць слыху франтавікоў, бо за кожнаю з іх крывавыя баі, раненні, смерці таварышаў. Што і казаць, бакланаўскія кнігі не для лёгкага чціва, у іх, можа быць, надта многа смерцяў, крыві, горычы баявых няўдач, затое не меней і доблесці, стойкасці, душэўнай прыгажосці і мужнасці. Ды і ці ж магчыма інакш! Хіба вялізнейшая з нашых перамог не далася нам самай вялікай цаной, якую калі-небудзь у гісторыі плаціў наш народ?

Знамянальна, што проза Бакланава, апрача таго, што яна глыбока драматычная па сваёй сутнасці, яшчэ і напоўнена тонкім, чароўным лірызмам, як бы асветлена поглядам добрага чалавека, які ўсё разумее, шчыра і па-сапраўднаму любіць людзей. Многія яе старонкі авеяны ціхім смуткам душэўнага спачування. У той жа час, напэўна, рэдка хто іншы ў нашай літаратуры такі непрымірымы да рознага роду подласці і фальшу, як Рыгор Бакланаў. Але нават у сваім асуджэнні ён нешматслоўны і стрыманы. I гэта цудоўна.

I яшчэ — галоўны герой яго кніг амаль заўжды малады чалавек.

Можа, гэта таму, што наша пакаленне вельмі маладым пайшло на тую, магчыма, апошнюю вайну і наша маладосць вызначыла ў ёй і наш лёс. Мы былі салдатамі або лейтэнантамі, адпаведным нашаму чыну аказаўся і наш вопыт — вопыт франтавікоў-акопнікаў, — салдацкі вопыт, які атрымалі на вайне мільёны. Наўрад ці хто з нас разлічваў дажыць не толькі да генеральскага чыну, але і да генеральскага ўзросту, мары такога роду былі не для нас. I калі ўсё ж лёс злітаваўся над некаторымі з нас і мы сёння маем магчымасць вітаць аднаго з нашых аднагодкаў, дык робім гэта з радасным усведамленнем таго, што сляпы выбар лёсу не аказаўся марным. Што датычыць Рыгора Бакланава, дык ён са шчодрасцю, уласцівай значнаму таленту, аплаціў гэтыя падараваныя яму вайной гады, стварыўшы нямала сапраўды цудоўных старонак аб нашым трудным і гераічным мінулым.

[1973]