Аўтабіяграфія
Аўтабіяграфія
Я, Быкаў Васіль Уладзіміравіч, нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 г. у в. Чарапоўшчына Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1939 г. пасля сканчэння 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Восенню 1940 г. у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча бацькоў і адменай дзяржаўных стыпендый пакінуў вучобу, вярнуўся дадому і пайшоў у дзясяты клас Кубліцкай с[ярэдняй] ш[колы]. Вясной 1941 г. зноў паехаў у Віцебск і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў мабілізаваны на абаронныя работы. У складзе інжынернага батальёна будаваў розныя інжынерныя збудаванні і адступаў ад Гомеля да Варонежа. Зіму 1941/42 г. жыў на ст[анцыі] Салтыкоўка і г. Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 г. быў прызваны у Савецкую армію, скончыў Саратаўскае артвучылішча і з 1943 г. удзельнічаў у баях на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Пасля сканчэння вайны дэмабілізаваўся ў 1947 годзе, прыехаў у Гродна і працаваў у рэдакцыі «Гродненской правды». У 1949 г. зноў быў прызваны ў Савецкую армію, у розных часцях якой праслужыў да апошняй дэмабілізацыі ў 1955 г. З 1956 г. зноў працую ў рэдакцыі «Гродненской правды» на пасадзе стылькарэктара.
7 ліпеня 1958 г.