Міхась Савіцкі

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Міхась Савіцкі

Творчасць Міхася Савіцкага глыбока драматычная ў сваёй аснове, кожная тэма на яго палотнах набывае рысы завостранай значнасці, часам падкрэсленай трагедыйнасці. Пачынаючы з адной з першых сваіх работ «Партызаны», ён не перастае распрацоўваць тэму вайны, ідучы па шляху эпічнага даследавання ўсенароднага подзвігу.

Цыкл ягоных карцін, прысвечаных партызанам і вылучаных на атрыманне Дзяржаўнай прэміі СССР, — мабыць, самая значная з’ява ў беларускім нацыянальным жывапісе. Усяму свету вядома яго «Партызанская мадонна». Старажытны сюжэт, які стагоддзі натхняў мастакоў мінулага, загучаў на палатне Міхася Савіцкага свежа і ўсхвалявана. Маладая маці з дзіцём на руках, гаротны твар старой жанчыны, развітальны позірк партызана, які ідзе ў бой, — усё тут напоўнена драматызмам, дыханнем грознай сілы вайны. Але з гэтай бязлітаснай сілай нібыта дысаніруе задуменна скіраваны ўдалячынь позірк той, якая болей за ўсіх рызыкуе ў атмасферы небяспекі і найменш абаронена ад тае небяспекі. У гэтым пакутлівым позірку, аднак, вялікая мацярынская любоў і надзея, якіх не ў стане пазбавіць нават такая бязлітасная сіла, якой была мінулая вайна.

Мастакоўская манера Міхася Савіцкага яркая і своеасаблівая, яе немагчыма зблытаць ні з якой іншай. Кампазіцыя і каларыт — вось два самыя моцныя бакі ягонага майстэрства; дэталізацыя ж мала цікавіць мастака. «Для мяне вельмі важна пісаць не як бачыш, а як ведаеш», — кажа ён. I кожны раз нельга не здзіўляцца ягонаму веданню з’яў і падзей, якія сталі аб’ектамі яго адлюстравання.

Напэўна, таму ў ягоных палотнах так многа абагульненасімвалічнага, выкананага ў агрубленай, амаль плакатнай манеры, якая несумненна ідзе ад жадання максімальна выявіць ідэю, што амаль заўжды ляжыць у Савіцкага ў глыбіні вобраза, за рамкай карціны. На палатне ж толькі яе пластычны сімвал, выяўлены ў гранічна лаканічнай форме, але вычарпальны ў сваім вобразным змесце.

Адна з яго лепшых работ партызанскага цыклу мае ёмістую і вельмі канкрэтную назву — «Віцебскія вароты» і прысвечана падзеям у вузкім калідоры сярод нямецкай лініі фронту, праз які доўгі час ажыццяўлялася сувязь партызанскай Беларусі з Вялікай зямлёй.

Гэта вялізная карціна складаецца з паралельных сюжэтаў, кампазіцыйна надта насычаных і напружаных эмацыянальна. На агняным фоне неба чорныя галіны дрэў, пад якімі тры людскія патокі, два — туды і адзін, цэнтральны, — адтуль; у ім беларускія жанчыны з клункамі, параненыя, што ідуць на выратавальную Вялікую зямлю. Убачыўшы іх аднойчы, ужо немагчыма забыць цёмныя, спакутаваныя твары, самотна сціснутыя вусны. Ва ўсёй карціне — ніводнай лішняй дэталі, ніводнага неабавязковага мазка.

Дыханне мінулай вайны прысутнічае ў М. Савіцкага ўсюды, незалежна ад таго, што паказана на ягоных палотнах. Нават у самых мірных сюжэтах яно выразна напамінае аб сабе то ў журботным нахіле плячэй старога чалавека, то ў строгім, з пакутай, позірку немаладой жанчыны, то ў асаблівых, амаль свяшчэнных яе адносінах да бохана толькі што спечанага хлеба. Мабыць, гэта і зразумела, калі мець на ўвазе ўсе тыя небывалыя пакуты, якія перажыў народ за гады вайны, вялізарныя ахвяры сярод насельніцтва Беларусі.

Шмат якія карціны М. Савіцкага менавіта пра іх, простых сялян, рабочых, жанчын, маці. Вось яны спыніліся чамусьці пасярод жытнёвага поля, пяцёра сельскіх працаўнікоў: пажылы, працавіты, умудроны жыццём селянін, яго малады сын ці, можа, аднавясковец, дзяўчына ў камбінезоне і дзве жанчыны ў цёмных хусцінках. Яны ў дзелавой заклапочанасці вырашаюць лёс поля, ягонага ўраджаю, магчыма, успамінаючы ў гэтыя хвіліны тых, хто тут працаваў раней, а можа, і загінуў на гэтай зямлі, багата палітай чалавечым потам і крывёю. Карціна так і называецца: «У полі».

Міхась Савіцкі заўжды шмат ведае пра аб’ект свайго адлюстравання і шмат памятае аб ім. Біяграфія народа, уласная біяграфія мастака абавязваюць яго ашчадна захоўваць у памяці ўсё ім перажытае і сваім яркім талентам нястомна служыць памяці тых, хто разам з ім адстойваў Севастопаль, гінуў у Бухенвальдзе і Дахаў, хто чатыры разы ўцякаў на волю і цудам застаўся жывы. Але перш пра тых, хто аддаў жыццё ў барацьбе з фашызмам.

Савіцкім створана шмат выдатных палотнаў на тэмы вайны і міру. Ягоныя работы выстаўляліся ў дзясятках краін свету, шматлікія з іх адзначаны прэміямі, дыпломамі і медалямі. За дзесяць гадоў пасля заканчэння інстытута імя Сурыкава мастак стварыў некалькі дзясяткаў палотнаў, якія патрабавалі тытанічнай працы. Сярод іх шэраг складаных шматфігурных кампазіцый, у іх ліку і манументальны роспіс у Музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску плошчай сорак восем квадратных метраў. А зусім нядаўна масквічы і госці сталіцы на выстаўцы «На варце Радзімы» знаёміліся з новай, не менш цудоўнай работай мастака «Поле», карцінай, якая дае падставу гаварыць пра яе аўтара, як пра майстра высокай грамадзянскай адказнасці і выдатнага жывапісца нашага часу.

[1973]