[Выступленне на вечары з нагоды 50-годдзя]

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

[Выступленне на вечары з нагоды 50-годдзя]

Я вельмі ўдзячны ўсім, хто сёння прыйшоў сюды, хто сказаў пра мяне шчырае слова, хто прынёс цёплае пачуццё да бел[арускага] слова і беларускай л[ітарату]ры.

З гэтай, можа, не надта для мяне вясёлай нагоды я хацеў бы сказаць, што талент, які ён ні ёсць, не вырастае на пустым месцы, што ён можа існаваць толькі за кошт сокаў роднай зямлі, роднай культуры, узрошчанай потам, лёсам, крывёю яе лепшых працаўнікоў у стагоддзях. Толькі сумленне, праца, пакуты даюць найбольшае капіталаўкладанне ў культуру, толькі яны вызначаюць яе кошт у скарбонцы вялікай культуры свету, вартасці якой прама прапарцыянальны ўкладзеным у яе талентам і сумленню. Таму ўсё тут сказанае ў мой адрас я ўспрымаю як аванс на няздзейсненае, якое я мушу цяпер здзейсніць у адведзены мне час жыцця.

Я вельмі ўдзячны ўсім, хто чытаў мае творы, у нейкай меры падзяляў мае думкі, разумеў мае, можа, і не заўжды, як належыць, выражаныя, але заўжды шчырыя турботы.

Я ўдзячны тым, хто некалі дапамог мне на пачатку майго літ[аратурнага] шляху, і чыю дапамогу я буду памятаць да скону сваіх дзён. Я маю на ўвазе найперш тых, каго ўжо няма — Г. Шчарбатава, М. Васілька, А. Т[вардоўскага] і тых, хто, на маю радасць, жыве і творыць: П. Панчанку, А. Кулакоўскага, Р. Сабаленку, А. Адамовіча, А. Асіпенку.

Я ўдзячны роднаму майму часопісу «М[аладосць]», з якім звязана амаль што ўсё мной напісанае.

Дзякуй маім крытыкам, злым і добрым, кожны з якіх зрабіў сваю справу і так ці інакш паспрыяў майму літ[аратурнаму] лёсу.

Дзякуй кіраўніцтву СПБ, дзе я ніколі не адчуваў сябе пасынкам, а нават у трудныя часы сустракаў разуменне і спагаду. Дзякуй кіраўніцтву Рэспублікі, якое з клопатам і разуменнем адносілася да таго, што выходзіла на друкаваных старонках за маім подпісам і, калі ў тым была неабходнасць, папраўляла і накіроўвала маю творчасць.

Дзякуй маім чытачам, без падтрымкі і спачування якіх не мела б ніякага сэнсу ўся нашая творчасць.

Дзякуй вам, дарагія сябры!

[19 чэрвеня 1974 г.]