На ўсю сілу таленту

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

На ўсю сілу таленту

У пярэдадзень ХХV з’езда Камуністычнай партыі Беларусі ў Мінску адкрываецца рэспубліканская мастацкая выстаўка, на якой выступілі са сваімі работамі і мастакі Гродна. Што яны прадставілі на ўсебеларускі агляд, з чым сустрэлі з’езд КПБ, якія поспехі і недахопы іх творчасці — аб гэтым і хацелася б пагаварыць у даным артыкуле.

Даўно і плённа працуе ў жывапісе выдатны гродзенскі мастак І. П. Пушкоў.

Вопытны і працавіты жывапісец, ён выпрабаваў свае здольнасці ў многіх жанрах выяўленчага мастацтва, але ў апошнія гады спыніў творчы выбар галоўным чынам на пейзажным жывапісе. Амаль усе яго работы гэтага жанру прыемна ўражваюць спелым прафесіяналізмам, карціннай завершанасцю, амаль у кожнай мастак праяўляе незвычайнае майстэрства кампазіцыі. Гарманічнасць колерных спалучэнняў — гэта галоўнае патрабаванне жывапіснага майстэрства — у яго заўсёды беззаганная. Выстаўлены ў Гродна і экспанаваны на рэспубліканскай выстаўцы пейзаж «Воблачны дзень» — гэта, бадай, лепшае з усяго створанага Пушковым за апошнія гады. Непатрабавальная па манеры выканання, вельмі сціплая ў сэнсе аб’екта адлюстравання (можна яшчэ дадаць: вольная ад некаторай прэтэнцыёзнасці, уласцівай, напрыклад, «Нёманскім далям») гэта работа ў той жа час вельмі паэтычная сваёй лірычнай настроенасцю, добрай усхваляванасцю, дынамічнасцю ветранага летняга дня.

Другая яго работа «Вячэрняя зара» па кампазіцыі падобная да першай — тая ж рэчка, тыя ж берагі, толькі асвятленне тут іншае, перадзмрочнае, і неба супакоенае, зацягнутае хмарамі з вузенькай пунсовай палоскай удалечыні. Ад танальнай лаканічнасці гэтага пейзажу вее паэтычным, амаль левітанаўскім смуткам, але смуткам добрым, поўным светлай веры, якую як бы сімвалізуе далёкая палоска зары. Яна, гэта палоска, якая знаходзіцца ў вельмі слушным кантрасце да ўсёй астатняй плошчы карціны, і заключае ў сабе сэнсавы і глядзельны цэнтр усёй кампазіцыі.

Амаль цалкам на света-колеравых кантрастах заснавана трэцяя карціна Пушкова «Летнія зоры». Вельмі маляўнічае чаргаванне ценяў і светавых палос у перадвячэрнім асвятленні позняга лета стварае поўную ілюзію перспектывы і паветранасці. Бадай, ні ў адной з іншых работ мастак не дасягае такой гарманічнасці колеравых спалучэнняў, як у гэтай. Увесь каларыт аб’яднаны адным цёплым патокам святла ад праменняў заходзячага сонца. Асабліва добры далёкі план — поле, лес на ўзгорку, неба.

У адрозненне ад папярэдніх чацвёртая работа I. Пушкова «Рака Бяроза» — эцюд з усімі ўласцівымі яму годнасцямі і недахопамі. Тут няма той паслядоўнасці ў дасягненні арганічнага адзінства тонаў, няма завершанасці малюнка, затое тут — спрадвечная гучнасць фарбаў, правільнасць намёкаў, удачная рытмічнасць сілуэтаў. Гэта, несумненна, лепшы з эцюдаў, хоць, да слова сказаць, Пушкоў — майстар выкарыстання эцюда, які заўсёды для яго — не ўзор, а ступенька, падмога, лішняе назіранне для будучай карціны.

Лепшыя работы I. Пушкова — яшчэ адно сведчанне таго, як многа можа даць мастаку родная прырода. Агульнавядома, што радзіму ўвасабляюць не толькі тысячы кіламетраў яе працягласці, але і маленькія прыватнасці — бярозка ля ганка, вячэрняя зара, рэчка, лес на гарызонце і г. д.

Другі мастак нашага горада, прызнаны майстар жанравага сюжэта В. Савіцкі напісаў для выстаўкі два партрэты і пейзаж. Талент Савіцкага, па годнасці прызнаны і ацэнены ў рэспубліцы, у многім адрозніваецца ад талентаў іншых яго сучаснікаў. Савіцкі — мастак удумлівы, заўсёды ў пошуках, упарта, часам пакутліва дабіраецца да сутнасці прадметаў і з’яў — аб’ектаў яго адлюстравання. Наведнікі папярэдніх выставак памятаюць яго гісторыка-рэвалюцыйнае палатно «Фрунзе ў Мінску», паэтычную «Завочніцу» і інш. Цяперашнія работы мастака не менш цікавыя.

На першым партрэце — брыгадзір брыгады камуністычнай працы, будаўнік азотнатукавага завода Міхаіл Ярашэвіч.

З даволі вялікага палатна ўпэўненым позіркам гаспадара, будаўніка новага жыцця, глядзіць на гледача магутны, амаль волатаўскага складу чалавек, адзін выгляд якога адразу тлумачыць, чаму мастак спыніў на ім сваю ўвагу. Партрэт напісан у абагульнена-дэкаратыўнай манеры, з наўмысным агрубленнем сілуэта, у «акантураванай» лініі якога, бадай, галоўная выразнасць малюнка. Савіцкі далёкі ад ўсялякага натуралізму. Ён шукае свой колер, як правіла, заўсёды вельмі гучны, амаль «чысты» (напрыклад, ярка-ізумрудныя палосы на заднім плане партрэта), шукае самы выразны сілуэт, не баючыся іншы раз, можа быць, і занадта рызыкоўных ракурсаў. У гэтым сэнсе выдатны другі яго партрэт — «Брыгадзір Селіванаў» (з гэтай жа будоўлі азотнатукавага). Непрыкрыты загарэлы торс будаўніка ў ваеннай шапцы, з накінутай на плячо сіняй курткай, на фоне чырвонага цаглянага будынка, удумлівапільны позірк немаладых ужо вачэй стварае тыповы вобраз нашага чалавека нялёгкага лёсу, з вайной і яе разбурэннямі і з пафасам стварэння пасляваенных год. Паўнагучнасцю характару, умелым спалучэннем колераў, пластычнасцю, а таксама самым моцным у выяўленчай манеры Савіцкага — гранічнай выразнасцю малюнка гэтыя два партрэты выгадна адрозніваюцца ад многіх іншых работ гродзенскіх мастакоў. Тая ж манера ў дастасаванні да новага жанру ўласцівая і трэцяй яго рабоце — пейзажу «Макі», цікаваму ўжо па кампазіцыі, аснову якой склалі блізкія да перпендыкуляра лініі. Але асаблівую прыгажосць гэтай рабоце прыдае колеравае спалучэнне макавых градак, зеляніны пярэдняга плана і спакойнага неба над вячэрнім сілуэтам хат.

Несумненны поспех самых здольных гродзенцаў — Пушкова і Савіцкага, на жаль, не стаў прадметам творчага раўнення для другіх мастакоў Гродна. Не многія з іх праявілі колькі-небудзь значныя намаганні для падрыхтоўкі да выстаўкі. Гэта асабліва непрыемна таму, што сярод іх ёсць такія таленавітыя і кваліфікаваныя мастакі, як А. Кох, Д. Парахня, Д. Старалаўнікаў. Праўда, у апошнія напярэдадні выстаўкі дні яны сёе-тое зрабілі, аднак гэтыя іх спробы былі настолькі ж непераканальныя, як і малапрадуктыўныя. А. Кох, вельмі добры майстар партрэта, мастак, які найбольш плённа валодае традыцыйнай акадэмічнай манерай, у мінулым — аўтар шырока вядомых партрэтаў, на гэты раз выставіў толькі два эцюды. Партрэт Героя Сацыялістычнай Працы даяркі Марыі Занеўскай мастаку не ўдалося закончыць.

Эцюды Коха, прадстаўленыя выстаўкаму («Свежы вецер», «Сцірты», «Мосцік» і інш.), не выходзяць за рамкі жывапісных практыкаванняў, хоць выкананы лёгка і каларытна. Лепшы з іх, бадай, «Мосцік», насычаны колерам, смела скампанаваны і свабодна напісаны. Паэтычная сваёй лёгкай паветранай смугой і вячэрнім асвятленнем «Ускраіна».

Вядомы сваёй працавітасцю і любоўю да прыроды Гродзеншчыны М. Плужнік падрыхтаваў да гэтай выстаўкі два пейзажы, вельмі каларытны «Восень» і «Зіма» — лаканічны па колеры, пабудаваны на рэзкіх кантрастах асветленай сонцам абочыны і зацененай дарогі. Увесь пейзаж — амаль у дэкаратыўнай манеры, выразны і непатрабавальна просты. Думаецца, што ў гэтай прастаце і яго несумненная вартасць. Цалкам прафесіянальныя і месцамі цікавыя эцюды Д. Старалаўнікава, аднак яны амаль ніколі не перарастаюць гэтай сваёй эцюднасці, і такім чынам, з’яўляючыся прыватным, не могуць прэтэндаваць на колькі-небудзь значнае абагульненне, без якога немагчымы ні адзін з твораў мастацтва.

На жаль, нічога не падрыхтаваў для выстаўкі такі здольны жывапісец, як Парахня, а таксама А. Арнаутаў і К. Пятроў. К. Вісловіч выставіў толькі эцюд і нацюрморт.

Вопыт гродзенскіх мастакоў, іх поспехі і промахі вучаць і наводзяць на думкі. Несумненна, што большасць з іх цалкам валодае пэндзлем, прафесійна пісьменная, бадай, нікому з іх нельга адмовіць у любві і разуменні прыроды, ва ўменні бачыць у ёй многае, адкрытае толькі востраму воку сапраўднага мастака. Гэта блізкасць да прыроды, багацце яе натуры, сканцэнтраванне самых разнастайных праяўленняў жыцця — добрая ўмова, якая дае магчымасць ствараць паўнакроўныя творы мастацтва. Аднак гэта магчымасць выкарыстоўваецца не ў поўную меру.

Галоўны недахоп многіх (выключаючы хіба Пушкова і Савіцкага) у няўменні адысці ад эцюда, узбагаціць яго, выкарыстаць яго як падмогу для стварэння паўназначнага — карціны. У многіх выпадках выдатна напісаны, звычайна маленькі па размерах эцюд так і застаецца вяршыняй дасягнутага. Калі ж мастак паспрабуе на яго аснове напісаць пейзаж, то ў лепшым выпадку ён паўторыць эцюд, а ў горшым (і гэта нярэдка) створыць горшы, хоць і павялічаны ў размерах яго варыянт.

Грэбаванне шматфігурнай кампазіцыяй не дазваляе гродзенцам стварыць значныя жанравыя палотны. Мы памятаем толькі некаторыя прыклады мінулых год, дзе ў гэтым нашы мастакі дабіваліся поспехаў (Савіцкі, Парахня); часцей яны пазбягаюць многафігурнасці, у радзе выпадкаў абмяжоўваючыся 1–2 чалавечымі сілуэтамі. Зразумела, што гэта істотная загана мастацкага метаду, таксама як і адсутнасць вялікай ахвоты ўрывацца ў эмацыянальныя сферы жыцця народа не дазволяць стварыць нічога колькі-небудзь значнага ў выяўленчым мастацтве, якія б ні былі вялікія жывапісныя здольнасці мастакоў. Ілюстрацыйнасць, вельмі прыкметная ў радзе цяперашніх і ранейшых работ, А. Арнаутава, М. Плужніка, Д. Старалаўнікава не можа стварыць поспеху мастакам, бо яна як метад, не хвалюючы аўтара, не здольная эмацыянальна ўздзейнічаць і на гледача. Калі да гэтага яшчэ дадаць адсутнасць пошукаў у форме, поўнае здавальненне трафарэтна-кананічнымі прыёмамі ў жывапісе, якія ў радзе выпадкаў перасталі каго-небудзь вабіць з прычыны сваёй збітасці, то стане зразумела, як многа яшчэ недахопаў трэба пераадолець гродзенцам, каб усёй сілай таленту выйсці на шырокую дарогу творчасці.

[1961]