Памяці мастака

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Памяці мастака

Добрыя весткі ў жыцці прыходзяць кожная ў сваю чаргу, з’яўляючыся вынікам нейкіх прычын, узгодненых з логікай характараў, учынкаў людзей. Благія ж — заўжды алагічныя, ашаламляльна недарэчныя. Да іх прывыкаеш доўга, на працягу ўсяго жыцця, а часам і жыцця не хопіць, каб прымірыцца з імі. У аўтамабільнай катастрофе загінулі работнікі «Масфільма» — кінарэжысёр Ларыса Шапіцька і яе калегі.

Я добра ведаў Ларысу Яфімаўну Шапіцька. Яе смерць — балючая страта для ўсіх, хто ведаў яе, бачыў яе трудныя і вельмі чалавечныя, не падобныя ні на якія іншыя фільмы — палымяныя творы яе незвычайнага таленту, яе неспакойнага духу, поўнага боляў і пакут нашага веку. Цяжка зразумець гэтую страту, яшчэ цяжэй прымірыцца з ёю.

Але што рабіць — смерць сляпая, выпадак заўсёды пазбаўлены сэнсу. Чорны і недарэчны выпадак, так непапраўна і ўраз перакрэсліў чалавечы лёс, жыццё вялікага мастака ў самым росквіце яго творчых сіл.

Быццам прадчуваючы свой фатальны канец, яна заўсёды спяшалася. Усё ёй здавалася мала, яна баялася не паспець, спазніцца. Ужо былі зняты выдатныя карціны, якія прынеслі ёй прэміі і сусветную вядомасць, а прагнасць яе да працы не меншала з гадамі. Здаецца, яна заўсёды ведала, што няма «вечнасці», і няспынна білася над удасканаленнем сродкаў выяўлення сваіх ідэй мовай кіно, імкнучыся да высокага сэнсу і высокай артыстычнасці ў кожным фільме. Мабыць, як нямногія ў сучасным кінематографе, яна разумела сэнс духоўнага зместу мастацтва і ўмела гарманічна ўвасобіць яго ў кожнай рабоце. Часта гэта было няпроста. Усе, хто працаваў з ёю над «Узыходжаннем», ведаюць, як давалася ёй гэтая далёка не «жаночая» карціна, але і Ларыса была надзелена безумоўным разуменнем таго, што толькі яна можа зрабіць тое, што яна робіць. Так ужо здарылася, што менавіта гэта яна — слабая жанчына і цудоўны рэжысёр — узваліла на сябе цяжкую глыбу труднейшага матэрыялу і ўпэўнена паднялася з ёю на адну з вышынь сучаснага кінематографа. У ёй жыў мужны мастак сучаснага кіно, урокі якога не страцяць сэнсу і для будучых пакаленняў кінематаграфістаў.

Яна заўсёды дакопвалася да першапрычын і каранёў, шукала ў глыбінях народнага жыцця, у таямніцах чалавечага духу. Логіка яе мыслення часам здзіўляла, часам захапляла, што наогул зразумела — яна была мастаком, які напружана думаў. I яшчэ — яна заўсёды была аптымісткай, ніколі і ніякія няўдачы не маглі кінуць яе ў роспач. Яна свята верыла ў сваю шчаслівую зорку, гэтак жа, як і ў шчаслівы зыход сваіх творчых намераў, якія б церні ні ляжалі на яе далёка не лёгкім шляху. Цяпер я разумею, чаму так: думкі яе былі светлыя, а дзейсная яе натура таіла ў сабе невычэрпныя запасы энергіі.

Яна заўсёды была ў працы. Яе мастакоўскае ўяўленне заўсёды тварыла цікавыя вобразы, яе задумам не было канца. I ў яе верылі, ад яе многага чакалі…

Але што рабіць — даўно і не намі сказана, што жыць — значыць губляць. Канешне, губляць заўсёды горка, і як бы мы ні суцяшалі сябе тым, што пасля Шапіцькі застанецца многае, як бы ні кляліся памятаць яе цудоўныя фільмы і яе мілы вобраз, — дрэнная гэта ўцеха. Назаўсёды абарвалася жыццё чалавека, спыніўся творчы шлях мастака, і ніхто болей на гэтай зямлі не створыць таго, што магла і хацела стварыць Ларыса Шапіцька, ніхто і ніколі не заменіць яе. Мастацтва кіно страціла аднаго з самых цудоўных сваіх мастакоў, і наш смутак няўцешны.

[1979]