Юрый Бондараў

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Юрый Бондараў

Думаецца, Юрый Бондараў не мае патрэбы, каб яго знаёмілі з чытачом — на працягу вось ужо болей двух дзесяцігоддзяў яго імя добра вядома самаму шырокаму чытальніцкаму колу. Амаль усё напісанае ім, пачынаючы са славутай, у многім этапнай для нашай ваеннай прозы аповесці «Батальёны просяць агню» і канчаючы нядаўнім раманам «Гарачы снег», нязменна выклікала самую гарачую цікавасць чытачоў як навізной трактоўкі многіх праблем вайны, так і незвычайнай яркасцю выяўленчага майстэрства.

На гэты раз Юрый Бондараў выступае з новым раманам, які з’яўляецца своеасаблівым мастацкім сінтэзам тэмы вайны і міру, сінтэзам, які ўвабраў у сябе многае ад праблем маральных, псіхалагічных, праблем мірнага суіснавання ў Еўропе, па-ранейшаму раздзеленай граніцамі, блокамі, ідэйнай і маральнай несумяшчальнасцю, псіхалагічнымі забабонамі, што ў наш час не можа не выклікаць заклапочанасці ўсіх сумленных людзей зямлі.

«Бераг» — твор складаны па сваёй будове, раздзелы аб сучаснасці чаргуюцца ў ім з шырокімі рэтраспекцыямі, якія адлюстроўваюць апошнія дні вайны. Але ўвесь гэты, здавалася б, разнародны і рознаструктурны матэрыял падпарадкаваны агульнай ідэі і па-майстэрску сплецены ў непарыўнае апавяданне аб людзях вайны і міру, вобразы якіх выпісаны з надзвычайнай глыбінёю і псіхалагічнай дакладнасцю, без найменшай спробы згладзіць якія б там ні было шурпатасці іхніх характараў або цяжкасці іх узаемаадносін. Перш за ўсё — гэта розныя людзі: юны і эмацыянальны лейтэнант Нікіцін, і такі ж цудоўны ў сваім маладым рыгарызме лейтэнант Княжко, уладарны і імпульсіўны камбат Гранатураў, і зусім новы характар у ваеннай літаратуры — камандзір гарматы сяржант Мяжэнін, натура складаная і ў той жа час прымітыўная сваім груба замаскіраваным жывёльным эгаізмам. Канфлікт паміж ім і Нікіціным, іх фатальная сутычка пасля пагібелі лейтэнанта Княжко пры ўсёй сваёй канкрэтнасці носяць пашыраны, амаль сімвалічны характар. У маральных адносінах гэта дзве процілеглыя натуры, магчымасць суіснавання якіх ва ўмовах, калі знікла нядаўняя мэта іх сумеснай барацьбы супраць агульнага ворага, зрабілася вельмі праблематычнай. Але аўтар не ідэалізуе і Нікіціна, малюючы ва ўсёй супярэчлівай складанасці характар маладога чалавека, які раптоўна зрабіў крок з вайны на няпросты рубеж міру і да таго ж захоплены больш чым драматычным па тым часе, раптоўным пачуццём да нямецкай дзяўчыны Эмы — усё гэта напісана з сапраўды мастацкім натхненнем. Трудная, поўная напружанага драматызму гісторыя гэтага кахання прывяла да нечаканай, як і разлука, іхняй сустрэчы ў сучасным Гамбургу, не многае, аднак, праясніўшы ў іх адносінах і многае сапраўды ўскладніўшы. I гэта зразумела, бо мінула тры дзясяткі доўгіх, занадта па-рознаму пражытых імі гадоў, на працягу якіх так шмат перамянілася ў свеце і так мала засталося ад іх юнацкага кахання.

У нямногіх творах нашай літаратуры з такой яркасцю і глыбінёй створаны вобразы розных прадстаўнікоў сучаснай заходняй інтэлігенцыі, як гэта зроблена ў «Беразе». Пазбягаючы звычайнага ў такіх сітуацыях гратэску, не згладжваючы і не выпінаючы цяжкасцей маральнага і ідэйнага парадку, якія стаяць на шляху да ўзаемаразумення паміж буржуазнай інтэлігенцыяй і савецкімі людзьмі, Юрый Бондараў робіць паспяховую спробу пранікнуць у свядомасць лепшых прадстаўнікоў гэтай інтэлігенцыі, каб разабрацца ў яе заблытаных перакананнях, таксама як і ў прыродзе яе крытыцызму ў адносінах да сытай бездухоўнасці свайго грамадства. Свежа і па-майстэрску выпісаныя сцэны быту і нораваў вялікага заходнегерманскага горада, які захлынаецца ў азарце «свабоднага» прадпрымальніцтва і такога ж матэрыяльнага спажывання, выклікае гнятлівае адчуванне чалавечай малацэннасці ў гэтым перасычаным дабрабытам асяроддзі. Прытым становіцца відавочным, што бездухоўнасць надзвычай шматлікая і рознахарактарная ў сваіх праяўленнях як у вялікім, так і ў малым, у адносінах да чалавека, рэчаў, прыроды.

Усё сказанае, аднак, нават у малой ступені не вычэрпвае зместу гэтага твора. «Бераг» — раман ваенны і раман сацыяльны, раман псіхалагічны і раман філасофскі. Удумлівая назіральнасць аўтара, непрадузятасць яго меркаванняў, імкненне да паглыбленага пранікнення ў жыццё, няпростыя падзеі і значныя характары робяць яго адной з самых адметных з’яў сучаснай еўрапейскай літаратуры.

[1975]