Права на праўду

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Права на праўду

Гэта вельмі зманліва і важна — вызначыць нейкія спецыфічныя рысы літаратуры нашага часу — веку кібернетыкі, тэрмаядзерных рэакцый і прарыву ў космас. Думаецца, аднак, што Міхась Стральцоў крыху перабольшвае, калі піша ў сваім артыкуле, што «наш час небывалы па размаху ўзаемапранікнення розных ведаў, навук і з’яў мастацтва». Відавочная справядлівасць гэтага вызначэння ў адносінах да навук не дужа дастасуецца да такіх розных у сваёй спецыфічнасці сфер чалавечае дзейнасці, як навука і мастацтва.

У найбольш развітых краінах свету навука і асабліва тэхніка, усё больш узаемаўплываючы ў сваім паступальным развіцці, узняліся бязмерна высока, аднак пры ўсім гэтым практычнае ўздзеянне іх сенсацыйных дасягненняў на жыццё народаў часта мізэрнае. Таксама як і тысячу год назад, чалавецтва б’ецца над вырашэннем усё тых жа праблем вайны і міру, хлеба, адносін паміж поламі, свабоды, сацыяльнай справядлівасці. Ды і людзі на зямлі за гэты фенаменальны ў развіцці тэхнікі перыяд наўрад ці сталі адзін да другога бліжэй. Мы знішчылі ў свеце найвялікшае зло ў самым яго пачварным праяўленні — нямецкі фашызм, але ці яно апошняе? Ці не нараджаюцца новыя яго ўвасабленні, узброеныя найноўшымі навукова-тэхнічнымі сродкамі знішчэння, і таму ці меншай стала небяспека для жыцця на зямлі? Наша літаратура і мастацтва з прагнасцю накідваюцца на чорны хлеб праўды, па якім згаладнелі за шмат гадоў культу Сталіна, і ў той жа час сапраўды здзіўляюць і захапляюць заваёвы космасу, пазнанне мікраі макрасвету… Пэўна, апроч відавочнага ўсім апераджальнага развіцця навукі і тэхнікі, у гэтым тоіцца нейкі парадокс часу, які прымушае задумацца аб многім. Вось чаму нельга не пагадзіцца з многімі слушнымі наконт гэтага думкамі Івана Навуменкі, бо ці так ужо важна дбаць аб адлюстраванні ў літаратуры нейкага своеасаблівага рытму часу. Куды больш варта, здаецца, паклапаціцца аб праблемах старых, але затое больш важных, такіх, як наданне літаратуры яе законнага права на высокі інтэлектуалізм, філасафічнасць і нястомныя пошукі праўды жыцця, без чаго ні літаратура, ні адно з мастацтваў не могуць не толькі развівацца, але і колькі-небудзь працягла існаваць. У гэтай сувязі мне хацелася б выказаць некаторыя, можа, і не новыя, але, на мой погляд, не страціўшыя надзённасці думкі.

Самаю адметнай, самаю характэрнай і самаю важнай рысай літаратуры нашых дзён вельмі хацелася б бачыць праўду.

«Жыццё — гэта праўда», — пісаў чэшскі літаратар Карэл Палачак незадоўга да сваёй гібелі ў крэматорыі Асвенціма. І, напэўна, з усіх жывых істот на зямлі праўда найбольш патрэбна чалавеку.

Думаецца, не зусім справядліва некалі класік нашай літаратуры падзяліў праўду на некалькі розных праўд, якія дастасоўваліся да патрэб розных класаў. Можа быць, той падзел і правамерны быў для мінулага, але ён зусім беспадстаўны для нашага сёння, у якім праўда толькі адна — гэта праўда жыцця народа, бо нашыя цяжкасці амаль заўжды — агульнанародныя, радасці таксама. Таму пісьменнік, маючы магчымасць схаваць сваю аўтарскую тэндэнцыю, не можа без шкоды для твора абысціся без праўды або абмежавацца паўпраўдай. Цяперашнія нашы чытачы (пра якіх мы пішам, што яны вельмі выраслі) — яны яшчэ і сведкі апісаных падзей, яшчэ і самі героі твораў. Яны проста не возьмуць на павер фальшу, не будуць чытаць выдумку або спекуляцыю, і кніга застанецца ў магазіне або на складзе, паліцы і стэлажы якіх заўжды з вялікаю красамоўнасцю сведчаць аб вартасці літаратуры.

За час культу Сталіна ў грамадскім жыцці краіны накапіліся вялізныя нераспрацаваныя літаратурай залежы праўды, гадамі ў своеасаблівых звалках няўвагі прэлі сапраўдныя жыццёвыя канфлікты і ўсенародныя праблемы, у той час, калі абавязак літаратуры бачылі ва ўслаўленні мудрасці сталінскае асобы і ўсяго, што па яго волі адбывалася ў краіне. Ілюстрацыйнасць стала адметным стылем мастацтва таго часу, пры поўнай пагардзе да жыцця народа сталінскія лозунгі ілюстравалі з усяе сілы, у поўную меру здольнасцей, у той час як не толькі парушаўся элементарна-чалавечы ўклад жыцця, але нават і характар вытворчых сіл шмат у чым перастаў адпавядаць патрабаванням далейшага прагрэсу. У такіх умовах, што і казаць, незайздросны быў лёс літаратуры, якую пазбаўлялі яе гуманістычнага пачатку, у якой адбіралі права даследаваць жыццё і адкрываць ідэі, першай заўважаць сімптомы значных канфліктаў. Пустаслоўе, апісальнасць, наіўна-рамантычная ўзнёсласць там, дзе ў жыцці адбывалася драматычнае і трагічнае, баязлівая нерашучасць у адлюстраванні адмоўнага, вядома, не маглі запаліць сэрцы чытачоў. У творах знікла шчырасць пісьменніка — гэтая нічым не кампенсаваная ўмова творчасці, а менавіта адсутнасць яе не дала магчымасці многім, нават тым, чый літаратурны талент быў агульнапрызнаны, стварыць паўнацэнныя творы. Наўрад ці можна сумнявацца ў тым, што аўтары тагачасных т. зв. лакіровачных кніг ведалі і разумелі сапраўднае становішча тагачаснага калгаснага сялянства, але калі яны стваралі свае «феерыі» на калгасныя тэмы, дык толькі таму, што задушылі ў сабе і шчырасць, і грамадзянскую адказнасць. Але, відаць, у літаратуры мала аднае шчырасці, трэба яшчэ разумець жыццё, тэндэнцыі яго накіроўваючых сіл, трэба яшчэ мець сваё стаўленне да гэтага жыцця, карацей кажучы, трэба яшчэ высокая інтэлектуальнасць, якая заключаецца не толькі ў суме ведаў, але і ў асаблівым, высокім стаўленні да свету духоўнага ў чалавеку, у разуменні і павазе чалавечага, у гуманістычнай аснове творчасці. Вядома, і ў часы культу аб гэтых патрабаваннях было нямала напісана, аднак практыка літаратурнай творчасці ў адрозненне ад дэмагагічнага пустаслоўя ведала свае неадольныя, часта дыяметральна процілеглыя тэорыі, шляхі. Вось чаму так сталася, што шмат якія з твораў тагачаснай літаратуры, што выдаваліся за ўзоры, не толькі не задавальняюць нас зараз, але і з’яўляюцца як бы жывым напамінкам аб тым, што чакае творчасць пісьменніка ў выпадку ягонай няўвагі да народнай праўды жыцця. З гэтай прычыны мы, аддаючы належнае тэмам сучаснасці, павінны зрабіць усё, каб тыя змрочныя старонкі нашай гісторыі ва ўсёй іх суровай, часам трагічнай праўдзе былі засведчаны мастакамі. Пакуль яшчэ не позна, пакуль жывуць сведкі, праўду аб тым часе трэба сказаць, у гэтым я бачу самы першы наш абавязак.

Аднак гэта, відаць, будзе нялёгка, першы вопыт нашых літаратараў, іхнія няўдачы ўжо сведчаць аб тым. Мабыць, у гэтай справе трэба мець на ўвазе тую акалічнасць, што псіхалогія культу жывучая, што шматгадовае выхаванне людзей у яе духу пакінула свой плён. Яшчэ знаходзяцца чытачы (і ці ж толькі чытачы), якія, змалку ўвераваўшы ў разналікасць праўд, не хочуць ведаць, што праўда мае толькі адно значэнне, што яна не можа дзейнічаць супраць інтарэсаў перадавога грамадства, што няма другіх, якасна іншых гуманістычных стымулятараў для выхавання высокага ў чалавеку, апроч праўды. Ёсць яшчэ людзі, якія і сёння памылкова лічаць, што прыгожая мана можа быць болей карысная за горкую праўду, і таму, маўляў, навошта літаратуры поркацца ва ўсёй мярзотнасці, звязанай з часам культу Сталіна. Адсюль такая падазронасць да многіх спроб літаратараў разабрацца ў акалічнасцях таго часу, таму — пратэст супраць рэалістычнага адлюстравання жыцця, калі гэта адлюстраванне, у аснову якога пакладзена рэалістычнае як ёсць, а не як павінна быць. Здараецца яшчэ, што ўчынкі і думкі герояў атаясамліваюцца з пазіцыяй аўтара, і гэта дае падставу для гнеўнага разносу твораў. У гэтым сэнсе прыхільнікам рэалістычнага напрамку даводзіцца не салодка, і чым болей таленавіты твор, чым з большаю сілай у ім адлюстравана жыццёвая праўда, тым большую супраціўляльнасць сустракае ён сярод гэтага кола чытачоў і крытыкаў. У нас часта забываюць, што «вышэйшы крытэрый, асяродак сацыялістычнага рэалізму — мастацтва і жыццёвая праўда, якой бы суровай яна ні была», — як сказаў на сустрэчы з дзеячамі культуры сакратар ЦК КПСС Л. Ф. Ільічоў.

Сапраўды, гэта вельмі прыкра і крыўдна, калі шмат якія акалічнасці народнага жыцця, асабліва гадоў культу асобы, набыўшы ў літаратуры абагульненае значэнне, выклікаюць пярэчанні крытыкаў. Варта ўспомніць, што партыя не пабаялася выкрыць факты куды больш красамоўныя і непажаданыя ў жыцці, чым тыя, што трапляюць у некаторыя кнігі, што крытыка аджыўшага, старога не можа служыць нечаму іншаму, апроч як сцвярджэнню перадавога ў грамадстве. І тым не менш знаходзяцца беспрынцыпныя аглабельшчыкі з ліку лёгкіх на падхоп крытыкаў, якія сапраўды чорнымі фарбамі абмазваюць творы, у каторых, на іх думку, не вытрымліваюцца невядома кім устаноўленыя дозы дадатнага і адмоўнага, якія з ног на галаву ставяць усенародную праўду жыцця і вартасці твора не саромеюцца выдаць за хібы. Вядома, можна ашальмаваць кожны твор, можна яго замаўчаць, але ўсё ж, калі ён надрукаваны, нельга навязаць чытачу несправядлівую ацэнку яго, бо і сапраўды чытач наш вырас настолькі, каб самастойна адрозніць праўду ад паклёпу. Крытык жа, які адважваецца ва ўгоду кан’юнктуры выступіць супраць мастацкае праўды, мякка кажучы, проста страчвае ўсякі давер да сябе.

Праўда, я схільны дапусціць, што цяпер, ва ўмовах, калі многае змянілася, адстаялася і праяснілася, калі з’явіліся і атрымалі шырокае прызнанне таленавітыя і смелыя рэчы рускай літаратуры, цяпер многія з былых беспрынцыпных аматараў аглабельнай расправы над праўдзівымі творамі проста развядуць рукамі — маўляў, хто ж яго ведаў, што ўсё так абернецца? Што з’явіцца ў «Новом мире» адобраны Прэзідыумам ЦК КПСС «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» і многае іншае. Гэта так. Наватарскія і праўдзівыя творы задаюць шмат клопату, куды прасцей было з такімі рэчамі, як «Святло над зямлёй», «Шырокія гарызонты», але чаго ж варты тады людзі, якія выракліся свае шчырасці, страцілі прынцыповасць і ператварыліся ў прыказчыкаў кан’юнктуры.

Для таго, каб літаратура ў меру сваіх сіл дапамагала грамадству на яго шляху да прагрэсу, мала аднаго адлюстравання існуючага (хоць важнасць станоўчага ў літаратуры бясспрэчна), трэба яшчэ і адмаўленне ганебнага, рабскага, якое прыніжае чалавечую годнасць. Двуадзінасць гэтай канцэпцыі, відаць, ні ў каго не выклікае пярэчання, але меру аднаго перад другім у кожным канкрэтным выпадку павінен вырашыць толькі аўтар у адпаведнасці са сваім эстэтычным густам, сваім характарам, стылем сваёй творчасці, урэшце ў адпаведнасці з тэмаю і матэрыялам. Тут вялікую важнасць набываюць магчымасці аўтарскага самавыражэння, якое толькі і можа ўдыхнуць у твор самабытнасць і без якога творы становяцца блізнятамі, асабліва калі мець на ўвазе аднолькавасць ідэйных поглядаў і метаду творчасці.

Менавіта з гэтай прычыны шматлікія творы культаўскага часу былі такія нівеліраваныя, як спіты чай, пазбаўленыя паху і смаку, і менавіта з прычыны найбольшага аўтарскага самавыражэння так свежа загучалі вобразы ў творах маладзейшых — І. Пташнікава, Б. Сачанкі, М. Стральцова, В. Адамчыка, У. Дамашэвіча. (Безумоўна, прычына таго не толькі ў самавыражэнні, але і ў таленце, таксама як і ў тым, што маладзейшыя ў найменшай меры зведалі на сабе многае, што поўнаю доляй дасталося за гады культу старэйшым.) Як бы там ні было, здавалася б, усім нам варта было б толькі радавацца гэтай светлай маладой з’яве ў літаратуры. Аднак жа і тут не абышлося без «праработкі», без вокрыкаў і недаверу. І няўцям гэтым праработчыкам, што «заганныя», «неўладкаваныя», «рэфлекціруючыя» героі Б. Сачанкі, напрыклад (нават тая ж славутая брыгадзірша, што бегае да студэнта ў каноплі), з куды большым выклікам працуюць на выхаванне чалавечага ў чалавеку, чым цэлая кагорта зусім станоўчых, але і зусім нежывых, па сутнасці, надуманых і фальшывых персанажаў з шматлікіх кніг нарысаў, якія амаль што нечытаныя ўхваляюцца, па зялёнай вуліцы і ў дарагім афармленні выдаюцца, ахвотна рэцэнзуюцца і затым мёртвым грузам марнеюць на складах кнігагандлю. А колькі там абсалютна «правільных» герояў і колькі там станоўчага!

Дарэчы, хіба можна патрабаваць ад літаратуры, як і наогул ад кожнага з мастацтваў, неадкладных вынікаў яе ўздзеяння? Толькі людзі зусім далёкія ад разумення прыроды мастацтва могуць так утылітарна і вузка ставіцца да найскладанейшага з чалавечае дзейнасці і прынароўліваць яго творы да патрэб дня, моманту, кан’юнктуры. Гэта ж агульнапрызнаны, хоць на першы погляд і парадаксальны факт, што, напрыклад, «Ганна Карэніна», створаная, як вядома, па-за метадам сацрэалізму і да таго ж на тэму жыцця чужога нам класа, дапамагае ў выхаванні чалавека непамерна лепш, чым напісаныя з улікам усіх, але часам сумніцельных патрабаванняў сучаснасці шмат якія тоўстыя раманы нават і апошніх год.

У наш час трэба хіба што заплюшчыць вочы, каб перастаць бачыць няўтольную цягу да праўды ва ўсіх сферах інтэлектуальнай творчасці. Без праўды немагчыма мастацтва. І тут, вядома, не абысціся без пошукаў новай формы, якая б з найбольшай ёмістасцю акумулявала і з найменшымі стратамі данесла б да мільёнаў гэтую праўду. У выяўленчым мастацтве нараджаецца новы, адметны ад шматгадовага стыль адлюстравання рэчаіснасці, асноўны характар якога можна характарызаваць як максімальна набліжаны да жыцця рэалізм. Агрубленасць сілуэтаў, своеасаблівы, пазбаўлены натуралістычнага «прыгоства» каларыт, знарочыстая імітацыя няўмеласці, нязграбнасці ў графіцы ёсць не што іншае, як імкненне да непасрэднасці, аб’ектыўнасці, да перадачы істотнага, унутранага ў чалавеку. У гэтым, вядома, шмат ідзе ад рэакцыі на пампезна-прылізаны стыль культу, калі не столькі чалавек, колькі яго палажэнне, «удобствы» яго дабрабыту былі прадметам мастацтва. Адзінства імкненняў да праўдзівага не можа не з’ядноўваць нас, літаратараў і мастакоў, і шкода, што мы ўсё ж дрэнна ведаем творчасць адзін аднаго, скупа ўзаемаўзбагачаемся, часта ўзаемаабыякавыя да нашых пошукаў. Крыўдна бачыць у кніжках і часопісах ілюстрацыі, якія не толькі не дапамагаюць уяўленню чытача, а скажаюць яго, бо здараецца, відаць, калі мастакі не чытаюць тое, што ілюструюць, дзе ўжо тут унікаць ва ўнутраную сутнасць вобразаў. Мы плацім ім тым жа.

Некалькі месяцаў ужо вісіць на рэспубліканскай мастацкай выстаўцы карціна М. Данцыга «Навасельцы». Варта хоць крыху пастаяць перад гэтым творам нават чалавеку, недасведчанаму ў тонкасцях мастацтва, каб зразумець, што твор гэты — выдатны ў многіх адносінах, а галоўнае ў сваёй ціхай, сціплай і сардэчнай праўдзівасці. Толькі светлай душы, чуйнай да чалавечых боляў і радасцей, дадзена было падгледзець такую, на першы погляд, звычайную сцэнку жыцця і гэтак таленавіта і лаканічна ператварыць яе ў мастацкі твор. У гэтай карціне радуе яе дакладна і без прэтэнзій выражаная сучаснасць ва ўсім. Я не ведаю ў беларускім жанравым жывапісе нічога, дзе б з большым майстэрствам спалучалася сучаснае — і ў каларыце, кампазіцыі, лаканізме сродкаў, і ўрэшце ў глыбокай яе чалавечнасці, як бы сканцэнтраванай з асабліваю сілай у фігуры дзяўчыны. Навокал ёсць нямала добрых работ («Хлеб» М. Савіцкага, «Вясна» А. Малішэўскага і інш.), аднак «Навасельцы» М. Данцыга лепшая за ўсё. Але ці заўважыў гэта хто з нас, літаратараў, ці паспрабаваў хто напісаць пра гэты твор у друку (як гэта зрабіў у «ЛіМе» выкладчык А. Скір), ці напісаў хто аб ёй у «Советскую культуру», якая ў інфармацыі аб выстаўцы сярод пераліку шматлікіх твораў гэтай работы нават не ўпамінае.

Эстэтычная глухата да лепшых нашых здабыткаў, грамадзянская абыякавасць у пытаннях элементарнае справядлівасці не ўзбагачае наш інтэлект, калі не сказаць болей. У гэтым сэнсе нельга не заўважыць пісьменніцкую і проста грамадзянскую інертнасць некаторых нашых старэйшых літаратараў да пытанняў сучаснай нацыянальнай літаратуры. Мякка кажучы, здзіўляе іх абыякавасць да хвалюючых і кардынальных літаратурных праблем, умяшанне ў якія іх, людзей з аўтарытэтам і вялікім вопытам, засцерагло б агульную справу ад шматлікіх хібаў. Сапраўды, хто і дзе з старэйшых надрукаваў артыкул аб надзённых пытаннях нашага мастацтва, хто з іх прывёў каго маладзейшага ў літаратуру, дапамог у пачатку шляху? За апошнія 10–12 год вядомы толькі адзін выпадак некаторай такой зацікаўленасці — гэта рэцэнзія Піліпа Пестрака на першы зборнік Рыгора Барадуліна. Яшчэ некалькі слоў аб маладых надрукаваў Міхась Лынькоў. Болей падобных прыкладаў, здаецца, няма. Некаторыя ў гэтых адносінах бачаць старую, як свет, праблему бацькоў і дзяцей, але, здаецца, у наш час і ў нашай краіне няма такой праблемы ў шырокім яе разуменні — ёсць другая, вузейшая — праблема некаторых беспрынцыпных, запалоханых за доўгія гады культу бацькоў, і хіба што здараецца — абыякавых да народнага лёсу дзяцей. Пры іншых сваіх якасцях і бацькі, і дзеці ідуць поплеч і разам змагаюцца за чалавечае ў чалавеку.

У гэтай сувязі хочацца выказаць, мабыць, і не дужа новае меркаванне — папрок, у прыватнасці, нашай паэзіі, захапленне якой поспехамі касмічных дасягненняў часам адрываецца ад рэальнага. Я не маю намеру пярэчыць супраць касмічнае тэмы наогул, але пры гэтым думаецца, што наўрад ці варта забывацца на тую старую ісціну, што найбольшая вартасць мастацтва — чалавек. Літаратура ўсё ж не касмагонія, а, як вядома, чалавеказнаўства. Што датычыць вызначэння духу часу, дык ён, відаць, у большай меры ўвасабляецца ў навіслай над светам ядзернай пагрозе. Нягледзячы на перыядычныя часовыя палёгкі, свет прадаўжае жыць пад задыякам вадароднае бомбы.

Літаратура — справа старая. Вопыт шматлікіх пакаленняў яе стваральнікаў усіх нацый шмат чаму вучыць, варта, мабыць, часцей азірацца назад, варушыць гістарычныя прыклады, і ў мінулым знойдзецца многа адказаў на праблемы сучаснага. Было б толькі жаданне праўды жыцця. Служыць народу можна парознаму, з рознаю мерай аддачы, і калі ўжо казаць пра матыў пераадолення, закрануты ў сваім артыкуле Б. Бур’янам, дык, відаць, шмат каму з тых, хто становіцца літаратарам, перш за іншых трэба намагчыся, каб пераадолець у сабе і жабрака, і ўласніка, і раба. З гэтага і пачынаецца мастацтва.

Складаны наш век, складаныя часам да невырашальнасці яго праблемы. Лясканне зброі часта парушае спакой і цішыню вялікаю крывёю заваяванага міру. І ў такі час, ясна ўсведамляючы сваю пісьменніцкую адказнасць перад чалавецтвам, вельмі хочацца творамі апраўдаць так цяжка здабытае права на праўду, без якой горкі смак жыцця і анемічна мастацтва.

За выключэннем некаторых прыватнасцей, варты падтрымкі багатыя слушнымі думкамі артыкулы М. Стральцова, Б. Бур’яна, І. Навуменкі, В. Тараса, А. Мальдзіса і іншых. Гэта радуе, калі пісьменнікі выразна разумеюць свой абавязак і поўны рашучасці яго выканаць. У гэтым добры грунт пад заўтрашні дзень нашай літаратуры.

[1963]