Жывыя — памяці мёртвых

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Жывыя — памяці мёртвых

Гады, якія мінулі пасля заканчэння вайны, многім даюць падставу лічыць ваенную тэму амаль гістарычнай. Мала хто рашаецца назваць яе ў шэрагу іншых тэм сучаснасці, справядліва лічачы, што людзі жывуць цяпер іншымі клопатамі, хочуць адвыкнуць ад цяжкіх уражанняў вайны. Зноў жа — колькі ўжо напісана аб ёй!..

Безумоўна, напісана нямала. Не так ужо многа — добра і праўдзіва, болей — пасрэдна і, вядома, нямала — дрэнна, або, як цяпер гавораць, несучасна. Але чым далей ад нас адсоўвае час гэтае велізарнае з народных выпрабаванняў, тым усё больш настойліва адчуваецца ў літаратуры імкненне многае асэнсаваць, зразумець і захаваць у чалавечай памяці. Урокі вайны, аказваецца, вучаць сёння вельмі і вельмі многаму, «указующий перст» іх працягнуты цераз галовы пакаленняў у будучыню. I з кожным годам, з кожнаю новай кнігай яно, гэтае асэнсаванне вайны, ідзе ўглыб і ўшыр, і тэма вайны часам гучыць вельмі сучасна. Поспех жа ці няўдача тут залежаць хутчэй ад пісьменніцкага метаду (зразумела, і ад таленту таксама), чым ад спецыфікі гэтай тэмы.

Цяпер ужо мы можам больш-менш выразна бачыць поспехі і тыповыя недахопы многіх твораў на ваенную тэму. Саракавыя гады далі нашай літаратуры шэраг выдатных вобразаў герояў. Прыняўшы іх як эталоны, мы прывыклі за шмат год да мужнага і вясёлага радавога Васілія Цёркіна, да дзейсных і высакародных герояў А. Ганчара, да нязломнага ў сваёй свяшчэннай упартасці стаць у строй байцоў Марэсьева, да мужных разведчыкаў Э. Казакевіча. Маральную сутнасць гэтых вобразаў нарадзілі тыя высокія і суровыя патрабаванні, якія вайна прад’явіла да грамадзян — абаронцаў Радзімы. Жыццёвымі прататыпамі іх з’явіліся героі з вялікай літары: Аляксандр Матросаў, Мікалай Гастэла, Юрый Смірноў, Алег Кашавы і тысячы іншых. Гераізм, высокая самаадданасць, любоў да Радзімы і нянавісць да ворага — вось якасці, у значнай меры ўласцівыя гэтым людзям.

I таму зразумела, што асноўным і галоўным матывам твораў тых год пра вайну быў гераізм ва ўсіх яго відавочных праявах.

Аднак праўда пра вайну і подзвіг народа была выказана далёка не ўся, далёка не поўнасцю. I гэта зразумела. У першы пасляваенны час пісьменнікі, ідучы па гарачых слядах падзей, не мелі парой ні часу, ні магчымасці для асэнсавання ўсіх праяў вайны, яе адлюстравання ў чалавечых лёсах. Мастацкі ўзровень шмат якіх твораў таксама прымушаў жадаць лепшага.

Напрыклад, даволі частымі былі сітуацыі, калі героі прыходзяць у сябе менавіта ў момант набліжэння танка (не пазней!), трапна наводзяць (а як жа інакш!) і ўраз, з зайздроснай ліхасцю прабіваюць яго браню; калі лётчыкі падбітага самалёта з неймавернай вытрымкай адкідваюць парашуты і накіроўваюць палаючыя машыны на скапленне (абавязкова скапленне!) тэхнікі ворага; камісары для падняцця духу байцоў з’яўляюцца на флангах у самыя крытычныя моманты, і ні на хвіліну пазней, а якая-небудзь партызанская цётка, валодаючы аўтаматам не горш, чым чапялой ля печы, бярэ ў палон адразу чатырох эсэсаўцаў. Многія з такіх твораў былі створаны па метаду кабінетнага сачыніцельства, без дастатковых ведаў і разумення гісторыі і прыроды вайны, на аснове літаратурных (чытай: газетных) крыніц, таропкіх гутарак з удзельнікамі партызанскага руху, той або іншай бітвы і г. д. «Выхаванне подзвігам» нярэдка ператваралася ў ілюстратарства, у замалёўкі бесшабашнай ліхасці, лёгкай перамогі над ворагам. Скажалася само ўяўленне аб подзвігу як моманце надзвычайнай душэўнай мэтанакіраванасці, мабілізаванасці лепшых чалавечых сіл.

У выдадзенай, болей дакладна, перавыдадзенай у 1961 годзе кнізе Ц. Жураўлёва «Была вайна» (апавяданні, напісаныя ў гады вайны) выступаюць такія байцы-ўдальцы, якія «пархатага немца» абводзяць вакол пальца.

«Немца ашукаць — гэта справа няхітрая, — разважае сяржант з апавядання „Самі з вусамі“. — А вось быў у нас, таварыш капітан, адзін яфрэйтар у батальёне, Ягор Іванавіч Каліна, дык ён, можна сказаць, ашукаў усю нямецкую дывізію… На што камандзір дывізіі быў у нас такі глазасты, а і той прызнаўся, што Каліна вочы яму раскрыў на ўсю аперацыю…»

У апавяданні расказваецца пра гэта «ашуканства», сутнасць якога няцяжка зразумець кожнаму камандзіру ўзвода, нават не франтавіку. I ўсё тут ёсць, у гэтым кароценькім апавяданні: кемлівасць, хітрасць, храбрасць, апроч аднаго — праўды.

Аднак, як гэта ні дзіўна, ствараецца такое ўражанне, што аўтарам большасці рэцэнзій, напісаных на падобныя творы, няма ніякай справы да відавочнай падмены праўды вымыслам, да спрошчанасці і шапказакідальніцкага бахвальства — відаць, меркаванні злабадзённасці затуляюць ад вачэй рэцэнзентаў і алагічнасць сітуацый і фальш характараў. Вось так і паяўляюцца падробкі, якія выдаюцца непатрабавальнымі рэдактарамі і крытыкамі за «летапісы» народнай барацьбы.

Нямала кніг пра вайну стваралася пісьменнікамі або журналістамі, якія не мелі, у сілу іх абмежаванага ўдзелу ў баявых дзеяннях, ведаў і ўражанняў, неабходных для напісання добрага твора. Гэтым у значнай ступені тлумачацца многія з няўдач ваеннай літаратуры, бо вядома, што ні вывучэнне матэрыялаў, ні апавяданні іншых асоб не могуць даць таго, што не адчута і не перажыта асабіста. Каб напісаць пра адчуванні чалавека ў баі, у атацы, трэба самому іх зведаць. Пры гэтым удзел у баі радавым не раўназначны ўдзелу ў ім у якасці камандзіра, на плячах якога агромністым цяжарам ляжыць асабістая адказнасць як за жыццё падначаленых, так і за выкананне баявой задачы. Маральны цяжар падобнай нагрузкі можа ўявіць сабе толькі той, хто яе перажыў.

Але вось прайшоў час, вярнуліся з вайны яе радавыя ўдзельнікі. Гэта былі людзі, якія многа пабачылі і многа перажылі. Версіфікатарства і літаратурныя рэмінісцэнцыі ўжо не маглі іх спакусіць. (Гэтыя людзі не маглі напісаць: «над галавой свісталі кулі», бо франтавік ведае, што палёт кулі з сучаснай зброі зусім не падобны на свіст.) I з’явіліся кнігі, якія ўнеслі нешта новае ў адлюстраванне вайны, паказалі яе ў іншых фарбах і вобразах. Я маю на ўвазе аповесці Ю. Бондарава, Р. Бакланава, невялічкую кніжачку М. Пархомава і некаторыя іншыя. Я не хачу тут сказаць, што цяпер трэба пісаць пра вайну толькі так, як піша Ю. Бондараў, або так, як піша Р. Бакланаў, і ніяк інакш! Але творчая манера, ды і сам матэрыял, напрыклад, Р. Бакланава, мне зразумелыя і блізкія, і таму хочацца падкрэсліць тое лепшае, што адкрыў ён і падобныя да яго па творчай манеры пісьменнікі. На мой погляд, у ягоных аповесцях чытач убачыў вайну, якую бачылі франтавікі, і цяпер сілай аўтарскага таленту яны нібыта пераносяцца на поле бою і зноў адчуваюць сябе ўдзельнікамі былой барацьбы. Мноства дакладна і жыва выхапленых дэталей, падрабязнасці бою і франтавога быту, эмацыянальная паўната і праўдзівасць перажыванняў — усё гэта стварала яркую праўду вайны.

Прызнаючы заслужаны поспех такіх твораў, як «На поўдзень ад галоўнага ўдару» Р. Бакланава, «Батальёны просяць агню» Ю. Бондарава і асабліва іх жа «Пядзі зямлі» і «Апошніх залпаў», крытыка спачатку апынулася ў недаўменні: дзе ж герой? Знік герой у звыклым яго разуменні. Новікаў пры ўсёй яго сабранасці і мужнасці гіне пад залпам сваіх жа «кацюш», лейтэнант Матавілаў схільны да рэфлексіі і адчувае вайну як салдат, пазбаўлены ў яе аналізе маштабаў, уласцівых па меншай меры начальніку штаба фронту. Аказалася таксама, што на вайне можа спалохацца і савецкі салдат, і што бывае яму вельмі цяжка, і, здараецца, гіне ён у самых недарэчных сітуацыях і нават без патрыятычных воклічаў (успомніце смерць камбата Бабіна), і што побач з доблесцю і мужнасцю на фронце ўжываюцца таксама і кар’ерызм (Яцэнка), трусасць і нізкасць (Мезенцаў, Ішчанка). Усё гэта не траплялася ў многіх ранейшых творах і таму выклікала розныя крыватолкі нават пасля прызнання аўтарскіх удач у гэтых кнігах. Паявіліся разважанні аб вузкасці бакланаўскага плацдарма ў тым сэнсе, што цяжкасці баёў, якія Р. Бакланаў з геаграфічнай дакладнасцю «прывязаў» да днястроўскіх плацдармаў Трэцяга Украінскага фронту ў 1944 годзе, не былі ўласцівы для ўсіх франтоў у цэлым. Аўтара «Пядзі зямлі» папракалі ў згушчэнні фарбаў, у прыземленасці герояў. Але мне здаецца, што некаторая прыземленасць, якая сапраўды ўласціва аповесці Р. Бакланава і выклікала незадавальненне крытыкаў, не так ужо і пашкодзіла ёй, як гэта, на першы погляд, здаецца. Яна канкрэтызавала малюнкі баёў і вобразы салдат і афіцэраў, напоўніла іх плоццю і пачуццямі, не выдуманымі, а рэальнымі. За кожным з герояў аповесці стаіць сапраўды жывы чалавек, ва ўсёй ягонай складанасці, мы бачым яго і верым яму, бо ён пазбаўлены і намёку на позу, жэст, ён без фальшывага пафасу і ўвесь складзены з праўды, падмечанай мастаком-сведкам. I ад гэтага не стаў меншы яго патрыятызм, яго вернасць воінскаму абавязку, ён не замкнуўся ў сваю шкарлупіну, хаця і не вымаўляе напышлівых фраз пра абавязак і подзвіг, але ён разважае зусім не вузка. Галоўны герой аповесці Матавілаў так думае аб сабе і сваіх аднагодках: «Дзе-небудзь у той жа Аўстраліі вярнуўся зараз мой аднагодак з работы, мой аднагодак вячэрае ў сябе дома. Вайна там, у Расіі, за неагляднай далеччу, за снягамі. Аб ёй ён ведае па газетах, а свае клопаты блізка, непакояць кожны дзень. Можа, не такія вялікія гэтыя клопаты, але ж свае.

Ці разумееш ты, мой равеснік, што гэта і за цябе вайна ідзе, за будучых тваіх дзяцей? Бывалі і раней войны, канчаліся — і ўсё рабілася па-ранейшаму. Гэта вайна не паміж дзяржавамі. Гэта ідзе вайна з фашызмам за жыццё на зямлі, каб не быць тысячагадоваму рабству, названаму тысячагадовым рэйхам».

Здаецца, не адмовіш Матавілаву ў разуменні гістарычнай ролі яго і ягоных аднагодкаў у нашай вялікай барацьбе. Ды і вузкасць плацдарма — паняцце ўмоўнае. Хіба важна, з якога НП (батарэі або камандарма) глядзіць на вайну герой? Куды важней, як ён глядзіць, што бачыць і што адчувае пры гэтым. Мы ж памятаем, што плацдарм батарэі Тушына ў «Вайне і міры» — гэта ўся ваюючая Расія, плацдарм усенароднай героікі, мужнасці, стойкасці. Хіба справа, нарэшце, у тым, паказаны ў баі аддзяленне ці полк, баец ці камандзір — справа ж у асэнсаванні сябе і блізкіх, барацьбы народа. Мы ведаем нямала прыкладаў, калі ў адным герою-байцу (напрыклад, «Васіліі Цёркіне») увасабляецца вельмі многа, і ведаем прыклады іншага парадку, калі найшырэйшы размах у ахопе падзей вайны і тылу нічога не даў літаратуры з прычыны бегласці, скорагаворкі, слізгання па паверхні жыцця. Напрыклад, у рамане I. Гурскага «У агні» дзеянне займае сапраўды шырокі прастор, мноства людзей удзельнічаюць у ім, аднак у наяўнасці тыповая для такога роду літаратуры няўдача, выкліканая імкненнем не столькі пранікнуць у глыбіню, колькі ахапіць у шырыню. Аўтар узяў больш, чым ён здолеў творча асвоіць. У малым можа выдатна адлюстравацца вялікае, таксама як у вялікім, шырокім — нікчэмна малое; ды і вялікае можа адлюстравацца да крыўднага дробна.

Праўда вайны патрабавала пакончыць з сачыніцельскай прыгажосцю, эфектнасцю, бесканфліктнасцю. У літаратуры, як і ў чытачы, абудзілася прагная патрэба ў паказе шырокіх дыяпазонаў чалавечай душы, паказе без прыкрас, без пустога выхваляння, без лакіроўкі. Нам няма чаго саромецца, няма чаго ўтойваць, наша гісторыя і наша рэчаіснасць, як сказаў на XXII з’ездзе КПСС А. Твардоўскі, «дастаткова высокая і велічная з усімі сваімі цяжкасцямі і недасканаласцямі», а салдат «ганарыцца не толькі сваімі подзвігамі ў баі, але і тымі пакутамі, якія ён перанёс у паходзе». I таму галоўная вартасць кніг Ю. Бондарава, Р. Бакланава, аповесці В. Раслякова, апавядання У. Багамолава «Іван» — у іх сучаснасці, абумоўленай грамадзянскай сумленнасцю, праўдай і талентам іх аўтараў. Праўда, сказаная імі да канца, атмасфера баёў і настрой, перададзеныя праз мноства розных, часам вельмі шматзначных падрабязнасцей, робяць цяпер, як мне здаецца, проста немагчымым зварот да дурнога, хаця і эфектнага сачыніцельства, уласцівага нейкай частцы літаратуры пра вайну.

Вайна была часам небывала аголеных адчуванняў — рэзкіх кантрастаў ва ўзаемаадносінах людзей. Нідзе і ніколі не праяўлялася з такой відавочнасцю чалавечая сутнасць, як на вайне. Сотні тысяч людзей у мірны час пражылі б жыццё, так і не праявіўшы сябе з іншага боку, лічыліся б пасрэднымі работнікамі вытворчасці, калгаснікамі, членамі прафсаюза; мала хто адкрыў бы ў сабе смельчака ці баяку, тым больш праявіў бы сябе ворагам або нягоднікам.

Герой цудоўнага апавядання Э. Казакевіча «Пры святле дня» Віталій Мікалаевіч Нячаеў ціха жыў у Маскве, баяўся скразнякоў, прастуджваўся і сарамліва-добра ўсміхаўся людзям, быў трохі няўважлівы, ціхманы, пабойваўся інстытуцкага начальства. Ніхто з ягоных знаёмых, нават жонка, не маглі разгледзець у ім незвычайную асобу, чалавечнасць і мужнасць воіна, які выстаяў у самых жорсткіх абставінах перад тварам смерці. З глыбокім пранікненнем у псіхалогію людзей пісьменнік гаворыць аб тым, як недаравальна няўвага да бліжняга, і тонка, па-чэхаўску разумна засцерагае людзей ад самага згубнага — ад раўнадушша да чалавека.

Сапраўдны гуманізм, высакароднае пачуццё таварыскасці, абвостраная чалавечнасць і самаадданасць ва ўсіх яе праяўленнях пакінулі вельмі прыкметны след у нашай ваеннай літаратуры, след, які будуць спасцігаць і на якім будуць выхоўвацца яшчэ многія наступныя пакаленні. Як гераічныя прыклады, так і прыклады чалавечай нізкасці, асветленыя сілай сапраўдных талентаў, не пакінуць чытача безуважным. Успомнім мітуслівую разгубленасць далёка не баязлівага лейтэнанта Аўчыннікава з «Апошніх залпаў», якая ў цяжкую хвіліну выклікае ў капітане Новікаве не жаль, а суровую цвёрдасць. Хоць Новікаў і малады, але ён многае спасціг на вайне, і — калі трэба — ён бязлітасны і да сябе, і да іншых. «Жыццё чалавека на вайне было для яго тады большай каштоўнасцю, калі гэтае жыццё не шукала выратаваныя за кошт іншых, не хітрыла, не ўвільвала». У гэтай фразе заключана маральная сутнасць калектывісцкага светапогляду Новікава — сутнасць чалавека глыбока прынцыповага, пазбаўленага «гуманізму наогул». Гэтая сутнасць праяўляецца ў многім — у адносінах да падначаленых (Аўчыннікаў, Калакольчыкаў, Рамяшкоў) у такой жа меры — да самога сябе. Паслаўшы ў агонь маладзенькага салдата Калакольчыкава, ён сам праз некаторы час на чале групы салдат ідзе той самай дарогай, каб выратаваць трох параненых.

Вельмі праўдзівы прыклад франтавога братэрства знаходзім у «Пядзі зямлі» Р. Бакланава. Лейтэнант Матавілаў у разгар бою выпадкова сустракаецца з незнаёмым сяржантам, разам з якім яны адбіваюць танкавую атаку ворага. I калі праз некалькі хвілін немцы знаходзяць іх і разбіваюць танк, Матавілаў, рызыкуючы сваім жыццём, выносіць параненага сяржанта і ратуе яму жыццё. Фармальна лейтэнант не адказваў за яго перад начальствам, у танку не было сведкаў, ён мог бы пакінуць параненага, апраўдваючы сябе тым, што ў яго былі свае нялёгкія абавязкі ў баі. Але Матавілаў выратоўвае таго, хто ў цяжкі час стаў для яго даражэй за яго самога. У гэтым зноў жа праяўляецца той самы высокі дух братэрства, калі жыццё таварыша даражэй за ўласнае, тое самае свяшчэннае братэрства, якое ў душы савецкага байца асабліва выразна бачыцца пад штохвіліннай пагрозай смерці і якое ў выніку мацней за смерць.

Пры гэтым зразумела, што дух братэрства, узаемадапамогі, выручкі, уласцівы савецкаму воінскаму калектыву, якасна іншы, чым дух славутага «акопнага братэрства», якое так любілі апяваць некаторыя пісьменнікі Захаду. Ім было выгадна згладжваць з дапамогай прыкладаў гэтага братэрства, салдацкага зямляцтва супярэчнасці паміж людзьмі розных сацыяльных пластоў. Братэрства ж нашых салдат мацнела на прынцыпова іншай аснове: сапраўдным адзінстве іх палітычных і маральных пазіцый, вернасці Радзіме, высокім ідэалам яе будучыні.

Агульнавядома, што ў мінулай вайне праявіўся масавы гераізм нашага народа на фронце, у акупіраваных абласцях, у тыле; тысячы воінаў атрымалі Залатыя Зоркі, сотні тысяч — ордэны. Але асноўная маса байцоў — мільёны і мільёны — не была «героямі» ў вузкаканкрэтным разуменні гэтага слова. Але ж перамога над нямецкім фашызмам здабыта ў значнай (а можа, большай) ступені менавіта іхнімі рукамі, іх вялікай крывёю, іх потам.

Гэта ён, радавы вялікай бітвы, нічым не прыкметны ў мінулым калгаснік або рабочы, сібірак ці разанец, доўгія месяцы мёрз пад Дзямянскам, перакапаў сотні кіламетраў зямлі пад Курскам і не толькі паліваў агнём немцаў, але і круціў баранку на разбітых франтавых дарогах, пракладваў і трымаў сувязь, будаваў дарогі, наводзіў пераправы. Ён многае перажыў, гэты баец, галадаў, пакутаваў ад спёкі, пабойваўся смерці, але сумленна рабіў сваю малапрыкметную салдацкую справу. I, прайшоўшы праз усе выпрабаванні, ён не страціў сваёй чалавечнасці, пазнаў і моцна засвоіў у вялікім калектыве грунтоўную праўду жыцця і многае іншае. Кінематограф, здаецца, ужо стаіць на шляху да стварэння такога абагульненага вобраза рускага салдата мінулай вайны (успомніце Ямшчыкова і Рукавіцына з «Міру ўваходзячаму»), літаратура ж нічога падобнага яшчэ не стварыла. Замусоліўшы да хадульнасці ўсіх родаў «гераізм», літаратары нерашуча падступаюць да вобраза такога вось салдата-працаўніка. А трэба б смялей. Не бяда, што ён, гэты радавы, прынёс з вайны толькі якія два-тры медалі, што баяўся пры страшнай бамбёжцы, што недзе азіраўся назад, стукаў зубамі і заікаўся ў часе танкавай нямецкай атакі, што цела яго, падпарадкуючыся інстынкту, імкнулася назад, у тыл, да бяспекі, а ён з намаганнем, але ўсё ж стрымаў сябе ў цесным акопчыку, сціскаючы ў руках цяжкую РПГ. Ці можна грэбаваць праўдай чалавечых паводзін перад тварам смерці? У такой жорсткай вайне, якую перажылі мы, вытрымка, вернасць свайму салдацкаму (часам надта сціпламу) абавязку былі не менш важныя, чым легендарная адвага асобных смельчакоў.

У гэтых адносінах мае выключную цікавасць раман А. Адамовіча «Вайна пад стрэхамі». Узяўшы папулярную тэму партызанскага руху ў Беларусі, аўтар знайшоў новы, зусім інакшы, чым у ранейшых творах, аспект гераічнага. Многія яго папярэднікі, захапіўшыся бяздумным гераізаваннем «лясных салдат», не заўважалі мноства «не герояў» — падлеткаў, дзяцей, жанчын, якія, застаючыся пад роднымі стрэхамі на акупіраванай тэрыторыі, аралі зямлю, кармілі шматтысячную партызанскую армію, давалі прытулак лясным гасцям, працавалі сувязнымі, здабывалі медыкаменты. Часам яны рызыкавалі не менш за тых, хто граміў гарнізоны або хадзіў на жалезку, бо за падрыў цягніка і за дапамогу параненаму, за напад на гарнізон і за спробу ўкрасці ў паліцая гранату немцы прымянялі толькі адну кару — смерць. I на гэтую смерць ішлі і знайшлі яе тысячы безыменных герояў-падлеткаў, дзяўчат, жанчын. А. Адамовіч узняў і па-майстэрску паказаў чытачам цэлы пласт някранутай залежы там, дзе, здавалася б, усё ўжо апісана і распрацавана літаратурай. У гэтым свежасць і навізна рамана «Вайна пад стрэхамі».

Крытыка нярэдка схільная падштурхоўваць пісьменніка да шчаслівай развязкі ў творах на ваенную тэму. Аб творы, дзе ўсё ўладжваецца найлепшым чынам, дзе здзяйсняецца подзвіг, які, натуральна, выяўляе веліч духу савецкага чалавека, а герой застаецца жывы, аб такім творы кажуць, што яго фінал гучыць аптымістычна, што і адпавядае, маўляў, канонам сацыялістычнага рэалізму. Калі ж такая аптымістычная струна не гучыць у фінале, дык аўтара папракаюць у песімізме. Яшчэ лічаць колькасць забітых адносна да жывых, і не дай бог, калі забітых будзе больш, чым тых, што засталіся жыць. У гэтым бачаць дыспрапорцыю праўды, а галоўнае, зноў-такі падазраюць аўтара ў песімістычных тэндэнцыях. Так, пасля выхаду ў свет «Трэцяй ракеты» адзін з рэцэнзентаў скардзіўся на тое, што ў многіх маіх апавяданнях «смерць нібыта стаіць у цэнтры ўвагі аўтара». Гэта не падабалася крытыку, які, мабыць, хацеў, каб апавяданні аб вайне заканчваліся толькі перамогай над ворагам, — малой крывёй і магутным ударам.

Але, на жаль, на вайне смерць была пастаянным спадарожнікам усіх — і тых, хто перамог і выжыў, і хто загінуў у баях. Смерць і абавязак у сваім няспынным змаганні былі тым вызначальнікам, які непадзельна ўладарыў над душамі байцоў, незалежна ад іх інтэлекту, адукацыі, узросту, бо ўсе яны былі аднолькава смяротныя і як грамадзяне ўсе выконвалі аднолькавы абавязак абаронцаў Радзімы. Праўда, усё кепскае хутка забываецца. Мы выдатна памятаем нашы перамогі, але мы часам можам забываць нашыя няўдачы, «катлы», у якія траплялі не толькі нямецкія, але і нашы дывізіі. Вядома, цяпер ніхто ўжо не рве па сабе валасы, успамінаючы перажытае, але ў радасці мірнага жыцця зусім недарэчы бяспамятнасць, няўважлівыя адносіны да памяці тых, хто мог быць, але каго ўжо няма паміж намі. Нельга ніколі забыць тысячы магіл адзіночных і брацкіх (такіх, як у польскім горадзе Крэйцбургу, дзе на ваенных могілках пахавана разам 6300 савецкіх воінаў), магіл, якія густа ўсеялі ўсю Еўропу. Іх нельга забыць таму, што ў іх ляжаць тыя, хто сумленна заслужыў права на мірныя радасці, але аддаў людзям сваё найвялікшае права — жыць.

I абсалютна справядліва пісаў Георгій Гулія, што ўпартая цяга некаторых чытачоў і крытыкаў да шчаслівых канцовак ёсць не што іншае, як рэцыдыў шматгадовай прывычкі, народжанай тэорыяй і практыкай бесканфліктнасці ў нашай літаратуры. Але ж кнігі на тэму мінулай вайны не «пацешнае чціва», тыя, у каго «пашальваюць нервішкі» і хто не трывае ўпамінанняў аб смерці, могуць выбраць сабе што-небудзь іншае.

Мы сказалі многае з вялікай праўды аб вялікай вайне, але сказалі яшчэ не ўсё. I перш за ўсё гэта адносіцца да так званай «горкай праўды», не пазнаўшы якую, немагчыма праўдзіва адлюстраваць для гісторыі гэтую найвялікшую з войнаў. Замоўчванне «горкай праўды» можа саслужыць кепскую службу народу. Усе памятаюць, якімі нечаканымі былі нашы першыя няўдачы на франтах у сорак першым годзе, якую траўму ў свядомасці нашых людзей пакінула часовая непераможнасць нямецкіх армій. I той факт, што нямецкія полчышчы наступалі на вялізным фронце ад Балтыкі да Чорнага мора, часам выклікаў збянтэжанасць і непаразуменне. Адсюль узнікаў празмерны страх здрады, якая ў той год мроілася нам на кожным кроку. Усяго гэтага можна было б пазбегнуць, калі б мы ведалі свае слабасці і слабасці сваёй арміі да 22 чэрвеня, а не пачулі пра іх толькі 7 лістапада з вядомага даклада Сталіна.

У апошні час сярод некаторай часткі рэдактараў з’явілася невыказная пагарда да тэмы вайны, тэндэнцыя адхрысціцца ад клопатаў і разнатолкаў, звязаных з ёю, забыць усё цяжкое, памылковае і задаволіцца толькі апісаннем гераічнага штурму рэйхстага або наступлення на Волзе. Пэўная прадузятасць доўгі час не давала магчымасці нашай літаратуры адлюстраваць самы цёмны і трагічны пачатковы перыяд вайны. Грамадзянскае сумленне былых ваеннапалонных доўга знаходзілася пад сумненнем, магчымасць іх гераічнай барацьбы ў палоне наогул не прызнавалася. I з гэтай прычыны памятнае выступленне С. С. Смірнова з нарысамі аб абаронцах Брэсцкай крэпасці прагучала адкрыццём у нашай літаратуры. Пазней выйшлі іншыя кнігі, мемуары, напісаныя былымі зняволенымі канцлагераў; падзеяй у літаратуры з’явілася выдатнае апавяданне М. Шолахава «Лёс чалавека». У 1958 годзе выйшла з друку аповесць кіеўскага пісьменніка М. Пархомава «Мы расстраляны ў сорак другім», зусім нядаўна надрукаваны ў «Новом мире» апавяданні С. Славіча «Ты і я — нас многа», аповесць М. Бірзе «I пад лёдам рака цячэ», апавяданні I. Навуменкі і М. Лупсякова. Гэтыя творы аб мінулай вайне прагучалі нова і сучасна, яны не заляжаліся на паліцах кніжных магазінаў, у бібліятэках яны самыя зачытаныя. Ці не сведчыць гэта аб імкненні народа пазнаць пра вайну ўсю праўду — «горкую», «салодкую», — такой, якая яна ёсць на самой справе? Ці не ў гэтым даніна павагі да памяці забітых, вернасць іх запаветам?

Памяць пра іх жыве ў народзе. Маці ніколі не забудуць сваіх дзяцей, дзеці — сваіх бацькоў. Душэўныя раны баляць доўга і многім не зарубцавацца ніколі. I думаецца: якія з сучасных чалавечых эмоцый па сваёй глыбіні і сіле можна параўнаць з горам людзей, жорстка абпаленых вайной?

Беларуская зямля ў гады вайны стала тым агнявым плацдармам, дзе праходзіла выпрабаванне дружбы розных народаў. Людзі розных нацыянальнасцей доўгія гады змагаліся побач, радаваліся аднымі радасцямі, сумавалі адным сумам; жылі і паміралі разам. У цяжкі час нарадзілася баявое братэрства беларусаў і чэхаславакаў. Гэта на нашай зямлі нядоўга, але гераічна біўся з ворагам храбры чэх Ян Налепка, а наш сціплы зямляк, сельскі кінамеханік з-пад Віцебска, былы дэсантнік Аляксандр Грынеўскі стаў ганаровым грамадзянінам чэшскага горада Фрыштык. Як жа можна дазволіць завянуць гэтаму братэрству цяпер, у час новага ўздыму германскага рэваншызму, як можна лічыць пазбаўленымі сучаснага значэння народныя слёзы, калі злачынцы не пакараны і зноў абдумваюць сваю чорную справу.

У канцы лета 1960 года ў рэдакцыю абласной газеты «Віцебскі рабочы» прыйшло калектыўнае пісьмо жыхароў пасёлка Слаўнае. Неўзабаве газета надрукавала гэта пісьмо пад загалоўкам: «Хойзінгера — да адказнасці!» Здавалася б, якія адносіны маюць жыхары маленькага беларускага пасёлка да гэтага наваяўленага заправілы нямецкага фашызму? Аказваецца, іх пісьмо ў рэдакцыю — гэта страшнае абвінавачанне, прад’яўленае ад імя сотняў замучаных і забітых непакаранаму злачынцу.

28 жніўня 1942 года партызанская брыгада Героя Савецкага Саюза Жуніна разграміла нямецкі гарнізон на станцыі Слаўнае. У адказ на запытанне начальніка тылу групы арміі «Цэнтр» генерал Хойзінгер, які быў тады начальнікам аператыўнага ўпраўлення Генштаба сухапутных войск, загадаў:

«Фюрэр патрабуе прыняцця рэпрэсіўных мер з прымяненнем самых жорсткіх мер устрашэння ў сувязі са зробленым нападам партызан на станцыю Слаўнае. Аб намечаных мерах данесці».

Загад Хойзінгера быў неадкладна прыняты да выканання і праз некалькі дзён гітлераўскія карныя часці наладзілі нечуваную расправу над ні ў чым не вінаватымі жыхарамі Слаўнага. Вось як апісваюць гэту расправу ўцалелыя яе відавочцы:

«Свежавыкапаная магіла. Убаку стаяць сем крытых машын. З іх выводзяць па пяць-шэсць чалавек… Хто лепш апрануты, прымушаюць распрануцца. Жывымі кідаюць у магілу. Пасля раздаюцца аўтаматныя стрэлы.

Вось з машыны выводзяць дзвюх дзяўчат. Яны моцна абняліся і так прайшлі свой апошні шлях. З першых жа крокаў ціха, але выразна заспявалі „Інтэрнацыянал“.

Маладая маці моцна прыціскае да сябе маленькае дзіця. Гітлераўцы вырываюць дзіця з рук маці і кідаюць жывым у магілу. Жанчына галосіць. З яе зрываюць вопратку і штурхаюць следам за дзіцем.

Старая гадоў шасцідзесяці прайшла моўчкі. Таксама моўчкі сама распранулася, перахрысцілася, кінула на катаў гняўлівы позірк і скокнула ў яму».

Так у той далёкі вераснёўскі дзень загінула сто жыхароў гэтай маленькай беларускай станцыі.

Цяпер Адольф Хойзінгер, генерал бундэсвера, адзін з галоўных кіраўнікоў НАТО. Гэта ён нядаўна дамогся раскватаравання нямецкіх салдат на Брытанскіх астравах і інспектуе ракетныя ўстаноўкі НАТО, нацэленыя на нашу зямлю. Другі недабіты фашыст Вільгельм Майнберг стварыў з былых эсэсаўцаў і маладых людзей ФРГ неафашысцкую імперскую партыю. Маладых немцаў такога ўзросту, як нашы дапрызыўнікі, фарміруюць у групы з красамоўнымі назвамі «Маладыя штурмавікі», «Маладыя вікінгі», яны носяць знаёмую рудую форму і кіруюцца ў сваёй дзейнасці «Апошнім пісьмом Германа Герынга». Як жа ў такіх умовах можа ўстарэць, стаць кніжна-гістарычнай вялікая тэма нашай нядаўняй барацьбы з нямецкім фашызмам?

Адразу ж пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў савецкім і зарубежным друку адбылася цікавая размова аб тым, хто напіша новую «Вайну і мір». Выказваліся розныя меркаванні, называліся славутыя імёны. Нехта, нарэшце, напісаў, што новую «Вайну і мір» створыць дагэтуль невядомы аўтар, які ў мінулай вайне камандаваў ротай ці батарэяй. I час пераконвае, што ў гэтых словах закладзены глыбокі сэнс. Іменна камандзір роты — батарэі вынес на сваіх плячах галоўны цяжар вайны. Вайна выкавала яго як чалавека. Ён вырас на ёй як грамадзянін і ў поўнай меры спазнаў цану жыцця і смерці. I таму ўжо цяпер лепшыя кнігі пра вайну напісаны радавымі яе ўдзельнікамі, малодшымі афіцэрамі запасу, і хоць няма яшчэ новай «Вайны і міру», але яна будзе. Сведчанне таму — тое лепшае з нашай ваеннай літаратуры, што складае несумненныя подступы да грандыёзнай эпапеі.

Вельмі хацелася б, каб вечна жылі ў людзях вялікія пачуцці братэрства, любові і нянавісці, народжаныя мінулай вайной. Няхай нашы сэрцы ніколі не чарсцвеюць да ахвяр і ранаў вайны. Нельга будаваць будучыню без памяці аб мінулым, нельга грэбаваць найвялікшым з чалавечых выпрабаванняў — усенародным подзвігам, які даў людзям векапомны ўрок свабоды і непадлегласці.

І ў гэтай сувязі хочацца ўспомніць тыя свяшчэнныя словы, якія ад імя расстраляных маракоў напісаў у сваёй аповесці Міхаіл Пархомаў: «Мы ведаем, за што ідзём на смерць. За тое, каб наша зямля была свабоднай. Але мы паміраем не толькі за гэта, але і за тое…

Каб людзі не забылі пра старэнькую адзінокую маці Пятра Харытонава, якая жыве недзе пад Курскам. Каб браты Барыса Бляхера ніколі не пачулі ганебнага слова „жыд“, каб, калі выжыве маёр Падлесны — такія людзі жывучыя! — ніхто не падаў яму рукі. I Валя, якую я сёння бачыў, — таксама. I каб ні адна дзяўчына не зрабіла хлопцу столькі гора, колькі ператрываў Сухараў.

Людзі вернуцца з вайны. Многія прыйдуць з ордэнамі. Другія — без. Вернуцца некаторыя з тых, хто быў з намі ў палоне. Дык вось — няхай іх ніхто не папракне за гэта. Хто ведае, быць можа, некаторыя з гэтых былых палонных ваявалі не горш за тых, у каго грудзі ў крыжах?

I яшчэ нам хочацца, каб нас не забылі. Мы стаім тварам да твару са смерцю. За намі — голы бульвар. Што ж, пасадзяць новыя таполі. Зямлю, на якой мы стаім, зальюць асфальтам. I па ім будуць хадзіць людзі. Дык няхай яны помняць, што гэта зямля густа паліта нашай жывой крывёю…

Магчыма, што калі-небудзь там, дзе мы стаім, паставяць помнік. Дык каб ля падножжа гэтага помніка ніколі не вянулі кветкі. I каб пад ім гулялі дзеці.

Мы бярэмся за рукі. Жыць застаецца менш за секунду. Я набіраю поўныя лёгкія паветра. I апошняе, пра што я яшчэ паспяваю падумаць, гэта пра тое, што…

Людзям патрэбна вось так моцна трымацца адзін за аднаго…»

Здаецца мне, гэтыя словы здольны ўзрушыць кожнага. Іх немагчыма забыць, бо ў іх — запавет мёртвых жывым, запавет вялікага, амаль сімвалічнага сэнсу. I таму, думаецца, мы, літаратары, ды і ўсе тыя, хто перажыў незабыўнае, хто мае што сказаць людзям і спазнаў цану чалавецтву ў самы цяжкі час ягонай гісторыі, усе тыя, колькасць якіх па няўмольных законах прыроды змяншаецца з кожным годам, — мы павінны сведчыць аб сваім вопыце больш таленавіта і настойліва.

[1962]