Кузьма Чорны
Кузьма Чорны
Кузьма Чорны — класік беларускай літаратуры, да гэтага вызначэння мы прывыклі яшчэ ў школе. Сапраўды, усё створанае ім — прыклад глыбіні і складанасці, мастацкасці і праўдзівасці, да яго небывалых у беларускай літаратуры.
На шырокім матэрыяле шматпакутнага народнага жыцця Чорны стварыў хвалюючую галерэю нацыянальных характараў, у якіх з незвычайнай яркасцю адлюстраваўся мяцежны дух часу, поўны драматычнай барацьбы за хлеб і чалавечую годнасць. Найперш у гэтым несумненныя заслугі перад нацыянальнай культурай мастацкай прозы Кузьмы Чорнага.
Аднак значэнне К. Чорнага выходзіць далёка за межы адной толькі нацыянальнай культуры. Як і кожны сапраўдны мастак, ён не змяшчаецца ні ў рамках сваёй культуры, ні ў сферы свайго часу. Раманы К. Чорнага чытаюць многія народы свету, знаходзячы ў іх сугучныя сваім думкам мыслі, пазнаючы ў далёкім сваё, цераз асобнае і чужое спасцігаючы вялікае і агульнае. У яго лепшых рэчах выяўляецца духоўная роднасць з ідэямі такіх гігантаў думкі, як Л. Талстой і Ф. Дастаеўскі. Улюбёныя матывы журботнай іх музы дзе прыглушана, а дзе і яўна гучаць між радкоў беларускага мастака слова, уліваючыся ў агульны хор апосталаў дабра і справядлівасці.
Мастацкі геній К. Чорнага такі ж беларускі, як і агульнанацыянальны. Яго дараванне глыбока рэалістычнае, а яго гуманізм высокі і агульначалавечы па маштабах ахопу народнага жыцця і сіле суперажывання прыгнечаным і абяздоленым. К. Чорны — адзін з бессмяротных мастакоў свету і наша нацыянальная гордасць.
У гэтым двуадзінстве — несакрушальная веліч гэтага цудоўнага мастака Белай Русі.
[1980]