Маладая няўрымслівасць таленту

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Маладая няўрымслівасць таленту

Яго драматургія населена цэлым натоўпам самабытных народных характараў, кожны з якіх — увасабленне аўтарскай думкі, мары, ідэі. Ад п’есы да п’есы ідзе развіццё ягонага таленту камедыёграфа, які заваяваў тэатры краіны і за мяжой; мільённыя натоўпы гледачоў сталі ягонымі паклоннікамі. Пачынаючы са славутай камедыі «Выбачайце, калі ласка!», што ўбачыла святло рампы ў 1953 годзе, аж да нашых дзён з-пад яго пяра выходзяць усё новыя і новыя п’есы, і яго імя даўно ўжо стала поруч з імёнамі самых прызнаных драматургаў краіны.

Андрэй Макаёнак выдатна валодае сцэнічным сакрэтам гумару, які ў яго, аднак, не самамэта, а дасканалы сродак выяўлення ідэі, мастацкая зброя ў барацьбе з наяўнымі заганамі жыцця. Смех у Макаёнка — заўжды адмаўленне ў імя сцвярджэння нават там, дзе дзейнічаюць, здавалася б, адны толькі адмоўныя персанажы. Як правіла, абвостраная канфліктнасць ягоных п’ес ёсць вынік максімалізму макаёнкаўскай жыццёвай пазіцыі, аўтарскае непрыманне і сцвярджэнне адначасна.

А. Макаёнак напісаў багата, тэматыка ягоных камедый надзвычай разнастайная. Пачаўшы з драматургічнага даследавання замежнага жыцця («На досвітку»), ён выдатна развіў гэтую тэму ў «Зацюканым апостале», які прынёс яму заслужаную славу майстра сатыры. Сапраўды, сіла выкрывальнага сарказму гэтай п’есы, багацце падтэксту, філасофская насычанасць рэплік робяць яе ўніверсальнай зброяй сучаснасці супраць свету, дзе фальш з такім намаганнем імкнецца замаскавацца пад праўду.

Поспех «Зацюканага апостала» несумненны і агульнапрызнаны, але ён не стаў вызначальным для далейшай творчасці драматурга, улюбёнай стыхіяй якога ўсё ж засталася вёска і адвечныя яе праблемы. Тут ён падняў самыя глыбінныя пласты народнага жыцця і стварыў вобразы-тыпы, якім жыць доўга. Далёка на тэатральных падмостках разышліся ягоныя Калібераў і Мошкін, Лявон Чмых са сваёю Лявоніхай, Цярэшка Калабок, дзед Каравай, персанажы яго апошняй камедыі. I гэта зразумела. Валодаючы багатым жыццёвым вопытам, пільна прыкмячаючы змены грамадскай атмасферы краіны, выдатна адчуваючы душу селяніна наогул і селяніна-калгасніка ў прыватнасці, з густам наследуючы лепшыя мастацкія традыцыі класічнага тэатра, Андрэй Макаёнак таленавіта і дакладна стварае яркія народныя характары ў тыповых абставінах іх жыцця.

Талент драматурга безумоўны, ён ушанаваны ў многіх краінах свету, але, мусіць, яго было б недастаткова для ўсяго ім створанага. Гэты талент памножыўся яшчэ гарачым сэрцам грамадзяніна, ягонай няўрымслівасцю, тым несумненным фактам, што ягоны характар апаліла вайна. Так, вайна, якая сама па сабе ўвасабленне драматызму; што датычыць Андрэя Макаёнка, дык яна для яго стала драматычнай яшчэ і ў асабістым сэнсе. Перажыўшы на фронце шэраг цяжкіх баёў, палітрук Макаёнак быў цяжка паранены ў Крыме і цудам застаўся жыць, каб стварыць тое, што ён стварыў у мастацтве да сваіх шасцідзесяці гадоў. Нягледзячы на немаладыя гады Андрэя Макаёнка, яго драматычны талент знаходзіцца ў самым росквіце, і народны пісьменнік Беларусі, прызнаны майстар-камедыёграф здольны яшчэ на многае. Дык пажадаем яму новых выдатных камедый і шматлікіх вобразаў-тыпаў, выхапленых з нашага неспакойнага, складанага, вірлівага жыцця.

[1980]