Аляксандр Твардоўскі

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Аляксандр Твардоўскі

Ён доўга і цяжка хварэў, неймаверна пакутуючы, і ўсе, каму дарагая літаратура, не пераставалі сачыць за гэтым амаль двухгадовым адзінаборствам вялікага чалавека са смерцю, у якім, як гэта ні прыкра і ні балюча, урэшце перамагла смерць. Ніколі ўжо больш мы не пабачым ягоную мажную постаць, не сустрэнем ягонага такога зменліва-пранікнёнага позірку, не пачуем голасу, у якім было так шмат рознага — ад шчырае радасці, захаплення да клопату, абурэння і гневу. Так, ён не быў бессмяротны і ўрэшце пайшоў ад нас, і як сціплае суцяшэнне для нас засталіся яго кнігі, яго неўміручыя паэмы, якія доўга яшчэ будуць саграваць чалавечыя душы сваім, назапашаным у іх, святлом.

Ад самай маладосці і амаль праз усё складанае і нялёгкае жыццё яму спадарожнічаў тым не менш надзіва шчаслівы літаратурны лёс. Нячаста гэтак бывае ў мастацтве, каб слава, якая прыйшла да чалавека ў пару яго маладосці, з такой нязменнасцю заставалася вернай яму ўсё жыццё. Але тут, мабыць, справа не так у вартасці самой славы, як у пэўнай удачлівасці яе ўвогуле прывярэдлівага выбару — гэты чалавек, несумненна, заслугоўваў яшчэ большага.

Ён пражыў нямнога болей за 60 год, на працягу якіх ім, можа, больш, чым кім-небудзь іншым, зроблена для росквіту і без таго не беднай на таленты рускай літаратуры.

Глыбока нацыянальны і ў той жа час надзвычай агульначалавечы ягоны герой паўстае са старонак шматлікіх кніг, прысвечаных, як правіла, самым кардынальным момантам пяцідзесяцігадовай савецкай рэчаіснасці — ад карэннай перабудовы сельскай гаспадаркі ў гады калектывізацыі, праз фінскую і Вялікую Айчынную войны, пасляваенны аднаўленчы перыяд, гады заваёвы космасу. Ягоныя паэмы «Краіна Муравія», «Васілій Цёркін», «Дом ля дарогі», «За даллю — даль», «Цёркін на тым свеце» даўно ўжо сталі класікай савецкай паэзіі. Кожная з гэтых паэм была ў свой час з’яваю, за кожнай з іх — складаная гісторыя яе стварэння, крытычныя баталіі ці аднадушнае прызнанне пры іх першым жа паяўленні ў друку. Сапраўды зайздросны лёс!

Як і ў ранейшыя гады, так і цяпер, пасля яго смерці, будзе шмат спроб разгадаць яго паэтычны феномен, адкрыць сакрэт яго надзвычайнай папулярнасці, разабрацца ў багатай разнастайнасці яго творчасці, пачатай больш за сорак пяць год назад невялічкім вершыкам пад сціплаю назвай «Новая хата». Як заўжды ў такіх выпадках, цяжка пазбегнуць пэўнае рызыкі і безумоўнай адноснасці ў вызначэнні паэтычнай сутнасці мастака, аснова якой, вядома, грунтуецца на ягоным адметным таленце. Але, здаецца, ёсць усе падставы сцвярджаць, што ягоную крыштальную па класічнай чысціні паэтыку больш за ўсё вызначае, сярод безлічы іншых талентаў, яго незвычайная і нязменная ў гадах вернасць такім вызначальным у мастацтве катэгорыям, як Праўда, Прастата і Шчырасць.

Думаецца, менавіта гэтыя якасці пры высокай ступені грамадзянскай сумленнасці і адметнасці паэтычнага таленту забяспечылі такое доўгае жыццё яго паэмам, яго сціплай, стрыманай і такой ёмістай на пачуцці лірыцы. Тут, мабыць, яму ў пэўным сэнсе пашанцавала ў самым пачатку, бо тое, да чаго нярэдка прыходзяць пад канец шляху, пасля шэрагу пакутных няўдач і доўгіх пошукаў і без чаго немагчыма мастацтва, калі яно не хоча ператварыцца ў пустую забаўку для снобаў, гэта неабходнае ён спасціг у самым пачатку. У зачыне сваёй «Кнігі пра байца», пералічыўшы тое, без чаго немагчыма на вайне, аўтар выказвае найважнейшую сваю выснову, што «всего иного пуще не прожить наверняка — без чего? Без правды сущей, правды, прямо в душу бьющей, да была б она погуще, как бы ни была горька».

Гэтай яго пранізлівай, «прямо в душу бьющей» праўдай моцна азначаны ўсе ягоныя паэмы, артыкулы, яго выступленні, уся яго ваенная лірыка — ад вершаў, напісаных ім у снягах Карэльскага перашыйка, да славутага «Я забіты пад Ржэвам» або нядаўняга адзінаццацірадкоўя, зусім ужо бяздоннабязлітаснага ў сваёй сэнсавай і эмацыянальнай ёмістасці:

«Я знаю, никакой моей вины в том, что другие не пришли с войны, в том, что они — кто старше, кто моложе — остались там, и не о том же речь, что я их мог, но не сумел сберечь, — речь не о том, но все же, все же, все же…» Можна доўга і падрабязна разважаць аб тым, што датычыць ягоных паэм і вершаў — даўніх і напісаных у апошняе дзесяцігоддзе, аб яго чалавечых і грамадзянскіх якасцях. Пісаў ён увогуле небагата і ў апошні час друкаваўся мала, затое кожны яго радок быў радасцю для чытача незалежна ад таго, ці гэта кароткі лірычны верш накшталт прыведзенага вышэй, або «В живых-то меня уже нету…», ці грунтоўны літаратуразнаўчы артыкул, як, напрыклад, аб творчасці I. Буніна, ці прадмова да чыіх-небудзь публікацый у часопісе, які ён шмат год узначальваў. Некалькі год назад надрукаваны яго дзённікі-ўспаміны «З Карэльскага перашыйка», якія не маглі не ўразіць кожнага сваёю ўзноўленай навізной у адлюстраванні той невялікай, амаль ужо забытай вайны. Цікава заўважыць, што гэта невялічкая рэч адкрывае сабой выразна акрэсленыя вытокі Твардоўскага-баталіста, аўтара бессмяротнай «Кнігі пра байца». Менавіта там зімою 1940 года з’явілася для яго тэма Васіля Цёркіна, якую затым ён пранёс усю пакутна доўгую Айчынную вайну і якая канчаткова замацавала за ім славу аднаго з самых лепшых савецкіх паэтаў.

Апрача шмат якіх іншых якасцей, у гэтых запісках уражвае незвычайная аўтарская назіральнасць, яго надзіва свежая, нічым не замутнёная памяць, якая проста неверагодная без нечага істотна-душэўнага, чым валодае далёка не кожны з нашых нават і таленавітых мастакоў. Мастацкая дакладнасць кожнай самай нязначнай на першы погляд дэталі, глыбінная пранікнёнасць думкі, адсутнасць нават аддаленага напамінку на другаснасць, рэмінісцэнтнасць пры выразнай наяўнасці сапраўды гуманістычнае першаасновы збліжаюць гэтую прозу з самымі лепшымі творамі рускай літаратуры і найперш — з «Севастопальскімі апавяданнямі» Л. Талстога. Абедзве гэтыя рэчы ляжаць у гуманістычным рэчышчы сусветнай літаратуры на тэму вайны.

Пры самых, можа, празмерных дапушчэннях цяжка перабольшыць ягоны ўплыў на савецкую паэзію пасляваенных год ды і прозу таксама. Наўрад ці знойдзецца хто другі ў нашай літаратуры, хто б мог з ім параўнацца ў выхаванні маладзейшых рускіх і не толькі рускіх пісьменнікаў. Я думаю, што ў гэты жалобны час развітання разам з многімі іншымі не абмінуць яго шчырай удзячнасцю шмат якія і беларускія аўтары, пачынаючы ад Аркадзя Куляшова, творчасць якога ён заўжды надзвычай высока цаніў, да маладзейшых — А. Вярцінскага, В. Адамчыка, аўтара гэтых радкоў, чые творы ў свой час мелі гонар трапіць на яго рэдактарскі стол. Праходзячы ў яго суровую па сваёй патрабавальнасці школу літаратуры, мы спасцігалі вышыню яе ідэалаў, пазбаўляліся рэштак правінцыяльнага верхаглядства, вучыліся не баяцца несправядлівае жорсткасці крытычных прыгавораў. I калі такія прыгаворы здараліся, ён не меў звычаю пакідаць сам-насам безабароннага аўтара або паспешліва пазбаўляць яго крэдыту даверу. Наадварот: якая б няўдача ні спасцігла аўтара, калі ён паверыў у каго, дык ужо не мяняў гэтае свае веры і падтрымліваў, як толькі мог. Адступніцтва было не ў яго характары.

Літаратура ствараецца не для аднаго дня і не для якой-небудзь чарговай кампаніі — яе жыццё мераецца дзесяцігоддзямі, і кожны твор жыве тым даўжэй, чым болей у ім закладзена ад праўды народнага жыцця. Іменна клопатамі аб даўгавечнасці літаратуры і яе праўдзівасці былі прасякнуты яго вядомыя выступленні на партыйных і пісьменніцкіх з’ездах, на сустрэчах з журналістамі і чытачамі. Адказваючы на папрокі некаторых крытыкаў адносна ягонай нібыта непрыхільнасці да рамантычнай плыні ў літаратуры, ён гаварыў, што справа не ў плыні, а ў кожным канкрэтным літаратурным творы. I калі гэты твор захоплівае душу, дае чытачу жыццёвую радасць пазнання, «я менш за ўсё заклапочаны высвятленнем таго — рамантызм гэта ў чыстым выглядзе або яшчэ што. Я проста ўдзячны аўтару за добры падарунак, — гаварыў ён. — Але калі мне падносяць штосьці хадульнае, дзе жыццё даецца ў такіх умоўных дапушчэннях так званай „прыўзнятасці“, што хочацца вочы заплюшчыць ад няёмкасці, і кажуць, што гэта трэба чытаць, гэта рамантызм, то я кажу — не».

Ён часта напамінаў аб вядомай у літаратуры ісціне, што галоўным крытэрыем вартасці любой кнігі з’яўляецца ступень абавязковасці яе паяўлення ў даны час. Адмятаючы ўсе фармалістычныя штукарствы, хоць і не адмаўляючы значэння літаратурнага эксперыменту ў цэлым, ён рашуча станавіўся на абарону інтарэсаў чытача. У гэтым сэнсе ён высока цаніў такія далёка не традыцыйныя па форме, але поўныя сацыяльнага значэння творы заходняй літаратуры, як «Чума» А. Камю, «Насарог» Э. Іянеску, «Па кім звоніць звон» Э. Хемінгуэя, фільм «Евангелле ад Мацвея» Пазаліні. Разважаючы на тэму злітнасці формы і зместу, ён гаварыў, што безадказнасць, бесклапотнасць адносна формы вельмі часта цягне за сабой абыякавасць чытача да зместу твора, таксама як і бесклапотнасць адносна зместу здольна абярнуцца абыякавасцю чытача да самай вытанчанай формы.

— Мастацтва помслівае, — гаварыў ён. — Яно жорстка распраўляецца з тымі мастакамі, якія свядома ці несвядома здраджваюць яго асноўным законам — законам праўды і чалавечнасці.

I вось яго ўжо няма.

Як заўжды, сляпая і страшная ў сваім недарэчным выбары смерць вырвала яго з жыцця, і тут ніякія суцяшэнні не апраўдаюць ягонае адсутнасці сярод нас. Смуткуючы да глыбіні душы, мы, аднак, не можам нічога, апроч як на развітанне сказаць з жалобай і горыччу:

Пухам табе зямля, дарагі Аляксандр Трыфанавіч!

[1971]