[Прадмова да кнігі «Финал Краба» Мікалая Чаргінца]

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

[Прадмова да кнігі «Финал Краба» Мікалая Чаргінца]

Для мастацтва, як і для гісторыі, асаблівую каштоўнасць маюць сведчанні відавочцы, удзельніка, чалавека бывалага, які ведае ўсё аб прадмеце свайго апавядання і нават трошкі болей. Гэтая каштоўнасць яшчэ павялічваецца, калі аўтар, апроч уласнага жыццёвага вопыту і ведаў, валодае і літаратурным талентам, які дазваляе яму з найбольшай паўнатой і даходлівасцю данесці сутнасць падзей і даць сваю ім ацэнку.

Мікола Чаргінец адносіцца да ліку менавіта такіх людзей. Адзін з непасрэдных кіраўнікоў крымінальнага вышуку і літаратар адначасова, ён з’яўляецца аўтарам трох кніг аб трывожнай і неабходнай людзям рабоце савецкай міліцыі.

«Фінал Краба» — яго чацвёртая кніга. Як і ў папярэдніх аповесцях, у гэтай апошняй аўтар пераплавіў многае з уласнага вопыту службы з пэўнай доляй літаратурнага вымыслу, без якога звычайна цяжка абысціся ў прозе. А магчыма, у гэтым і няма неабходнасці, бо такая ўжо ўласцівасць таленту — вымышленае ім часта больш праўдападобнае, чым рэальнае і ўжо напэўна болей цікавае. Ва ўсякім разе ў Міколы Чаргінца трудна аддзяліць адно ад другога, бо абедзве гэтыя якасці зліты ў адзіны дынамічны малюнак крымінальнага дэтэктыву з загадкавай таямніцай злачынства, яго выкрыццём, небяспекамі і пагонямі.

Як правіла, аўтар шчасліва пазбягае многіх яўных і таемных пастак, нарыхтаваных асаблівасцямі дадзенага жанру. Мы амаль не знойдзем тут аблегчаных рашэнняў, халастых захадаў і прыёмаў дзеля цікавасці. Раскрыццё злачынства з’яўляецца цяжкай працай, поўнай рызыкі і небяспекі. Тым больш сур’ёзна і значна выглядае штодзённая, а часам і штоночная праца аператыўных работнікаў крымінальнага вышуку: стрыманага і разумнага маёра Вятрова; маладога і яшчэ малавопытнага Майскага; лейтэнанта Скалава, які на працягу некалькіх дзён, рызыкуючы ўласным жыццём, пад выглядам рэцыдывіста пранікае ў самае логава медзвяжатнікаў. Праца гэтых і многіх іншых людзей праходзіць, як правіла, непрыкметна для старонняга вока. Але менавіта гэта праца сапраўдных герояўпрацаўнікоў нашай міліцыі, ад якіх залежаць спакой і дабрабыт насельніцтва. Яны супрацьстаяць, выкрываюць і нарэшце арыштоўваюць заканспіраваную шайку злачынцаў, якую ўзначальвае мацёры бандыт Крокет-Краб, што спецыялізуецца па дзяржаўных сейфах, але не грэбуе і маёмасцю некаторых грамадзян. Менавіта гісторыя раскрыцця, арышту групы Краба і складае дэтэктыўны сюжэт гэтай аповесці.

[1979]