Паэзія дабрыні і мужнасці
Паэзія дабрыні і мужнасці
Мабыць, самы прыгожы з усіх беларускіх шляхоў — лясны шлях з Мінска на Полацк. Люба ездзіць па ім улетку, калі лясы набіраюць сваю лісцёвую моц і стаяць па абодва бакі, нібы трапічныя джунглі; люба ўвосень, у пару залатога лістапада азіраць яго страката-маляўнічую прыгажосць ці нават зімой, маразамі, калі бары абапал гасцінца апранаюць свой срабрысты ўбор і ўсё навакол замірае ва ўрачыстым маўчанні.
Пасля Плешчаніц стужка шашы нырае ў самыя лясныя нетры, і стромкія сосны жоўтай медзяной сцяной сціскаюць асфальтку, якая то віляе з пагорка на пагорак, то пераскоквае рэчкі, то доўга ўецца між баравых цяснін. Але перад Бярэзінай бары расступаюцца, даючы месца паселішчу, якое нечакана вынікае за чарговым пагоркам россыпам сваіх несамавітых дамкоў, аўтобуснай станцыяй, некалькімі шэрымі сілікатнымі збудаваннямі. Гэта Бягомль. Тут прамінулі далёкія ўжо дзіцячыя гады выдатнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі.
Нездарма я пачаў з дарогі і лесу — трэба да іх прыглядацца пільней і бачыць больш, чым мы прывыклі бачыць звычайна. Гэта асабліва дарэчы, калі гаворка ідзе пра паэта і яго маленства — выток яго душэўнай і паэтычнай сутнасці. Уражлівая дзіцячая душа, сама не ведаючы таго, найперш бярэ ад прыроды, ад звыклага для сябе асяроддзя ўсё тое, што пасля пераплавіцца ў дыямент паэтычнасці і на шмат год, калі не на ўсё жыццё, вызначыць характар светаўспрымання паэта. Пімену Панчанку ў гэтым сэнсе пашэнціла: мусіць, не шмат знойдзецца ў Беларусі такіх першаісных лесавых мясцін, дзе чалавек і прырода на працягу стагоддзяў суіснавалі ў добрай згодзе, у гарманічным адзінстве, без фальшу і хцівасці, дабром і ласкай уплываючы адзін на аднаго.
Канешне, за гады жыцця Пімен Панчанка нагледзеўся рознага; у свой час адбылося і знаёмства з хцівасцю свету, яго сподам і злом; нямала лепшых гадоў адабрала вайна, калі вырашалася элементарнае: жыць ці не жыць. Але першаіснае, аснова характару Панчанкі-паэта і Панчанкі-чалавека, мабыць, бярэ свой пачатак менавіта ад зямлі, на якой пралеглі яго першыя дзіцячыя крокі — ад ягонай Бягомельшчыны.
Панчанка, як паэтычны характар, надзвычай гарманічны і цэласны, ён не дужа імкнецца да навізны тэм, здаецца, не надта займаюць яго фармальныя паэтычныя пошукі, — здаўна і надоўга яго цікавяць «ісціны простыя, як хлеб, і праўдзівыя, як плач дзіцяці».
Мусіць, гэта і правільна, бо час, на які прыпадае паэтычная дзейнасць паэта, не дужа спрыяў пошукам паэтычнай вытанчанасці, затое густа агалашаўся дзіцячым плачам; і хлеб для мільёнаў быў даражэйшы за золата. Ён даваў жыццё, адстаяць якое было не дужа проста ў свеце, дзе грымелі баі і ліліся рэкі крыві. У той агняны час Панчанка выдаў тры паэтычныя зборнікі, у якіх мноства выдатных вобразаў, нібы на камені выбітых думак. Але мяне асабіста да ўтрапёнай нематы ўражвае ягоны невялічкі вершык «Герой» з яго шырокавядомымі, такімі бязлітаснымі ў сваёй крывавай праўдзівасці радкамі:
Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне».
I лёг на змяіныя скруткі дроту,
I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.
Думаецца, калі б ён пра фронт не напісаў болей нічога, дык адных гэтых радкоў хапіла, каб з такой яркай канкрэтнасцю выказаць усю пакутніцка-гераічную сутнасць мінулай вайны.
Калі прырода Бягомельшчыны заклала ў будучым паэце асновы дабра і гармоніі, дык цану справядлівасці ён зазнаў трохі пазней, у гады сваёй агнявой маладосці, на франтах вялікай вайны. Менавіта на вайне ва ўсім бляску раскрыліся перад ім непарушная сутнасць сяброўства, салдацкае вернасці, значэнне таварыскасці і ўзаемавыручкі.
Вайна была доўгая і жорсткая, яна патрабавала мільёнаў ахвяр і безлічы чалавечых намаганняў. «Мы перакапалі паўЕўропы, перш чым перамогу адкапаць», — скажа паэт трохі пазней. Але наша перамога накладвае і на пераможцаў свой немалы абавязак, — у мірны час і пасля вайны чалавек найперш павінен заставацца чалавекам.
А хто не паспрыяў людскому шчасцю,
Каго і сёння гне халуйскі страх,
Дык той не франтавік, не нашай часці,
А недзе акалачваўся ў тылах, —
з усёю бескампраміснай катэгарычнасцю сцвярджае Пімен Панчанка.
Так, мірны пасляваенны час не дае супакоіцца, тым болей расслабіцца, барацьба за ўсё лепшае ў чалавеку, супраць пошасці прыстасавальніцтва вымушае паэта на радкі, прасякнутыя пафасам непрымірымасці:
А як ачысціць муць?
Скажы, якімі фільтрамі?
Жывуць і ў вус не дзьмуць
Прыстасаванцы хітрыя!
З іх кожны быццам б’е
Старое грозна розгамі,
А сам дабро грабе,
Схаваўшыся за лозунгі.
Болевы парог паэтычнай натуры Пімена Панчанкі надзвычай нізкі, а ягоная здольнасць да суперажывання ўсяму сапраўды чалавечнаму зайздросна абвостраная нават як для паэта. У той не такі ўжо даўні час, калі ён болей пісаў і часцей друкаваўся, кожны ягоны верш або падборка вершаў адразу ж пасля выхаду ў свет рабіліся паэтычнай з’явай, студэнты іх вывучалі на памяць, іх чыталі з эстрады, перадрукоўвалі ў розных выданнях. Мусіць, гэта таму, што вершы Пімена Панчанкі, як правіла, былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, неслі ўвесь напал яе творчага пафасу, і не адно пакаленне чытачоў захаплялася імі. У гэтых вершах не толькі не было месца фальшу, прыблізнасці або ашуканству, але кожнае слова гучала, як звон, бо выказвала ўсеагульны боль ці ўсеагульны клопат.
Толькі б захаваць
Усё найлепшае,
Толькі б пахаваць
Усё найгоршае,
Бо без чалавечнасці
Не будзе і вечнасці.
Пімен Панчанка, як ніхто іншы з паэтаў, ведае і адчувае, што трэба людзям у дадзены момант іх гістарычнага існавання і чаго ўжо не трэба, што падлягае пафаснаму праклёну навек. («Хлусяць не багі, а людзі, крывадушнічаюць не багі».) Публіцыстычная завостранасць цэлых цыклаў панчанкаўскіх вершаў рабіла іх баявой зброяй народа ў барацьбе з бюракратызмам, пустазвонствам і раўнадушшам, якія з такой цяжкасцю выкарчоўваюцца з нашага жыцця.
Асцерагайцеся падробкі
Ва ўсім, усюды, ўсё жыццё.
. .
Сябры мае,
Прашу цішэй паліць. Зямлі яшчэ баліць,
I мне баліць.
Самаадданая ў пачуццях сяброўства натура Пімена Панчанкі ўмее надзвычай прыгожа радавацца чужым удачам, таксама як і глыбока засмучацца чалавечымі бедамі, няўдачамі мастакоў на іх творчым шляху. Агульнавядома, з якой шчырай зацікаўленасцю ён сочыць за поспехамі маладзейшых і як радуецца, калі іх новыя творы спраўджваюць яго надзеі. Так, ён вельмі высока цэніць творчасць Рыгора Барадуліна, у асобе якога беларуская паэзія знайшла свайго самага галасістага салоўку; яго радуе «шчыры, прынцыповы, па-грамадзянску мужны» талент Генадзя Бураўкіна, ён захапляецца таленавітай паэзіяй Міколы Аўрамчыка, Янкі Сіпакова, Веры Вярбы.
«Я глыбока перакананы, што паэзія без страснасці, без грамадзянскага гучання — непаўнацэнная паэзія», — сцвярджае прызнаны майстра паэтычнага слова.
Будучы шмат гадоў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», Пімен Панчанка выхаваў цэлую пляяду маладых тады беларускіх паэтаў; іншыя ж выхоўваліся ў літаратуры не без уплыву ягонай надзвычай чалавечнай паэзіі. Але ён уплываў не толькі на паэзію. У якасці галоўнага рэдактара ён меў даволі рэдкую па тым часе (а па цяперашнім і тым болей) завядзёнку першым чытаць аўтарскія рукапісы і тым вызначаць іхні лёс у часопісе. З яго рэдактарскага блаславення ў «Маладосці» з найменшымі стратамі былі надрукаваны шмат якія з аповесцей аўтара гэтых радкоў. У шматлікіх выпадках ён цалкам давяраў аўтару, калі бачыў у ім несумненны талент, і на розныя прэтэнзіі сваіх супрацоўнікаў звычайна казаў: «Нічога не чапайце, хай так ідзе!» Панчанка, калі было трэба, не скупіўся на пахвалу, хоць, валодаючы дасканалым літаратурным густам, мог быць прыдзірлівым і патрабавальным, калі таго вымагаў твор. Але гэтая патрабавальнасць ішла ад неспатольнага клопату за росквіт роднай літаратуры, развіццё роднай мовы.
Песню сваю, мову сваю
Я да грудзей прытульваю.
Пімен Панчанка нямала стварыў у беларускай літаратуры за амаль паўстагоддзе сваёй творчай дзейнасці. Значэнне яго паэзіі цяжка пераацаніць. Яго паэтычныя вобразы даўно жывуць у свядомасці яго чытачоў, вывучаюцца дзецьмі ў школах. На лепшых здабытках ягонай лірыкі выхоўваліся дзясяткі маладзейшых, цяпер шырока вядомых паэтаў Беларусі, яна склала яркую і непаўторную старонку ў гісторыі нацыянальнай паэзіі.
[1980]