5. Хлеб

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

5. Хлеб

Ранняя вясна. Сонныя пчолы, лёд і снег. І гісторыя пра чырвоную лотаць — як у школе задалі заданне намаляваць гэтую ранню кветку, а ў дзяўчынкі не аказалася жоўтага алоўка, і сяброўка ёй свой пашкадавала, і давялося карыстацца чырвоным — усё роўна яе лотаць атрымалася лепшаю. Выдатнае апавяданне, з падтэкстам: мастацтва не ёсць фатаграфія.

Высыпалі на поплаў, на сонейка. Расквашаная зямля, у футбол гуляць рана, ды і малыя яшчэ — па 5–6 гадкоў нам. Гуляем у разведчыкаў. Адзін дурань, наслухашыся сваіх «багатых» бацькоў (дзве каровы ў іх), пагарджае намі, «беднымі». Ён хоць і гуляе цераз сілу, але ўсё плявузгае: хэ, разведчыкі, рабіць няма чаго, работу рабіць трэба… Нам па 5–6 гадоў, паўтаруся.

Цяпер гэта дарослае дурыла, двое дзяцей у яго і ўсе іншыя, неабходныя для такіх рабацяг кампаненты; завуць яго, смела пішу — Адам — бо ніколі ён гэтых слоў не пачытае, тут мы, беларускія пісьменнікі, у выйгрышы, можам пісаць пра сваіх блізкіх, знаёмых, суседзяў без асаблівай рызыкі быць выкрытымі.

Нехта з «нашых» трапляе ў палон, трэба перадаць яму ежу праз адзіную сярод нас дзяўчынку, «падпольшчыцу» Нату. Я выношу з дому лусту хлеба, добры кусман; хлеб свежы, мяккі, цёплы — рукі грэе — пахучы… Раптам стрымгалоў гэтае дурыла, гэты Адам кідаецца да мяне, выхоплівае хлеб і:

— В-в-в-в! — круцячы правай рукою, нібы газу паддае ў матацыкле, уцякае па вуліцы з незвычайнай хуткасцю.