15. СП

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

15. СП

Усё гэта, канечне, добра, але ўсё гэта не тое.

Нельга пісаць і мець у планах — вось напішу і за гэта ўступлю ў СП, потым у метро буду натыкацца на дабрадзеяў-фантастаў, а на вакзалах — на ўсемагутных бомжыкаў.

Хай іншыя паспрабуюць. Гэта не заканамернасць. Гэта латэрэя. Гэта зусім не гарантыя, не аксіёма, не жалезнае правіла, якое пры кожным павароце лёсу можа быць успомнена і прыцягнута на дапамогу, якое, як лінейку (Ян Скрыган казаў — «прымернік»), можна прыкладваць-прымерваць да любога выпадку.

І СП, і Гігевіч, і бомж (ні імя, ні прозвішча якога і цяпер не ведаю), і Расійская Акадэмія навук, і Парыж, і бальніца — усё гэта выпадковасці, з серыі «пашэнціла — не пашэнціла».

Сёння ты ў Парыжы, а заўтра ў Богам забытай мінскай бальнічцы, трымаешся на адных наркотыках і няма каму з-пад цябе нават вынесці; сёння ты ў Саюзе пісьменнікаў, а заўтра і Саюз невядома дзе і чый…

Да таго ж такі стымул, як уступленне ў СП — дужа недаўгавечны; ён, калі і існаваў, мог быць дзейсным толькі на пэўны, кароткі перыяд. Ну, уступіў, а далей? Хіба мала ў нас творцаў, якія, дабіўшыся членства ў СП, адразу ж пераставалі пісаць? Значыць, толькі такая — часовая, максімальна-мінімальная задача стаяла, і калі яна была дасягнута, патрэба тварыць знікала.

Шчыра кажу — не. Не Саюз пісьменнікаў. Не ўступіў бы ў яго — спрацаваў бы варыянт Гігевіча, ці нейкі любы іншы варыянт.