24. Тэорыя Паўлава

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

24. Тэорыя Паўлава

Куды больш цікавая за вучэнне Фрэйда.

Іван Паўлаў, акадэмік, сусветна вядомы фізіёлаг (прататып усіх булгакаўскіх прафесараў-геніяў), першы рускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі, які застаўся пасля рэвалюцыі жыць у Савецкай Расіі, славуты быў рознымі дзівацтвамі, нпр., з’яўляўся на савецкія афіцыйныя прыёмы з поўным «іканастасам» царскіх узнагарод і ордэнаў, а ў святочныя дні царкоўнага календара на дзвярах лабараторыі красавалася запіска: «Зачынена, з нагоды Святой Пасхі» (іншаму ЧК за такое рукі б адсекла); адзіны ва ўсім Савецкім Саюзе адкрыта не прызнаваў савецкай улады і не баяўся гаварыць аб гэтым з кафедры.

У адрозненне ад Фрэйда, які здаровых спрабуе пераканаць, што яны хворыя, Паўлаў зрабіў крок наперад (лепш сказаць, «назад», у падсвядомасць) — ён даказаў, што чалавек і сімвалы прадметаў у ім фармуюцца задоўга да ўзнікнення лібіда.

Усе комплексы дзіця набывае яшчэ ў той страшэнна цёмны, дасюль не вывучаны (і які, хутчэй за ўсё, ніколі не будзе вывучаны) перыяд, калі яно практычна бясполае.

Усё пабудавана на рэфлексах. Рэфлексы закладваюцца, а потым робяцца ўмоўнымі, з вельмі абмежаванай колькасці прадметаў. Што можа бачыць, чуць, успрымаць немаўля? Белую столь. Які-небудзь узор на шпалерах. Матчыну цыцку, руку. Чуць крокі, галасы, шум вады… Вось, бадай, і ўсё. Вось тыя няхітрыя рэчы, якія фармуюць нашую будучую дарослую псіхіку.

Гэтыя рэчы могуць быць здаровымі — калі дзіця радавалася вадзе, крокам, матчыным грудзям — ежы, а могуць быць «хворымі», калі гэта суправаджалася якімі-небудзь адхіленнямі, анамаліямі.

Калі ж у дзіцяці да ўсяго вострая, тонкая, асаблівая псіхіка, «не такая, як ва ўсіх», калі яно, дапусцім, цягнулася да цыцкі, а яе яму не давалі, адштурхоўвалі, у яго можа стварыцца ўмоўны рэфлекс, узнікнуць ілжывая сувязь, што «цыцка — ежа», «маці — жанчына» (пазней гэта, канечне, трансфармуецца яшчэ і ў секс) — забарона, сорам, і ў жанчыне і ў ежы ён будзе бачыць адначасова і неабходнасць, і небяспеку.