9. Слівы
9. Слівы
12 гадоў. Рэчка ад маёй хаты метраў пяцьдзесят. Лета. Я лаўлю таптухаю ўюноў. Валодзя, аднагодак і сябар, узахвоціўся насіць па беразе вядро. У яго сястра Ната (тая самая колішняя «падпольшчыца»), я кахаю яе, памагаю рабіць ёй урокі, мне прыемна ўсё, што з ёю звязана: кнігі, якія яна чытае, адзенне, якое яна носіць, брат Валодзя, якога яна мае…
Ловіцца слабавата, за пяць заходаў адзін-два ўюны, праўда, вялікія, з ікрою.
— Давай я буду ў двор адносіць, — кажа Валодзя. У сэнсе, будзе чамусьці насіць у мой двор.
Я тугадум, я нічога не разумею ў людской хітрасці, не разумею асалоды падману, хаця здагадваюся, што такая павінна быць.
Чаму ты хочаш насіць у двор, калі вядро ў цябе ў руках? Але насі… Раз панёс. Другі панёс, трэці — няма і няма. Я злавіў уюна, пусціў у вядро… І раптам цюкнула — ён жа ў хату лазіць! Грошы там… Увогуле, лазіць у чужую хату… Яна адкрытая, бо рэчка блізка, і хто б заходзіў у двор, відаць было б.
Іду, мокры, злы, больш таго — спалоханы крыху. Усё правільна — дзверы насцеж у веранду. Заходжу ў хату — Валодзя саскоквае з поліка, закрываючы рукамі галаву, прашмыгвае паўз мяне ў веранду, на двор, і ўцякае… На поліку — вядзерца сліў, было поўнае, цяпер — напалову пустое. Носячы ўюны, ён забягаў у хату і ласаваўся слівамі.
Сліў у тым годзе было столькі, што ламаліся галіны і дзерліся напапалам ствалы, іх, слівы, давалі бясплатна людзям, дачнікам, і ніхто браць не хацеў. Самы большы слівовы сад быў акурат у Валодзі.