4. Люда

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

4. Люда

Два чалавекі ў Мікашэвічах найбольш паўплывалі на мяне: маладая незамужняя полька Люда В…ская і Міша, бетоншчык з нашай брыгады.

Люда. Мне 18, ёй 25, а выглядае таксама на 18. Рослая, бялявая, красуня… У яе невядома ад каго маленькае дзіця. Заляцанні да яе ўсёй мужчынскай палавіны Мікашэвічаў. І раптам — я. Хто я і хто яна? Яна ў бухгалтэрыі, здаецца, нават галоўным бухгалтарам, я — цягаю бетон, у бруднай робе, у казённых чаравіках…

Тым не менш у нас сяброўства. Я ўжо ўмею чытаць па вачах. Яны ў яе так мякка, па-добраму свецяцца, калі яна на мяне глядзіць, яна ведае, што я закаханы, і ёй падабаецца, яна ўхваляе гэта.

Мясцовыя хлопцы нічога не разумеюць. Толькі я разумею: я — не вы, я асаблівы, яна адчувае гэта, бо таксама не такая, як усе. Вось і выбрала свая свайго.

Нічога паміж намі няма: ні кветак, ні пацалункаў, ні провадаў. Сустракаемся толькі ў абедзенны перапынак. Гаворым пра музыку, прыроду-пагоду, трохі пра літаратуру. Ніколі не згадваем пра яе дзіця: адкуль яно, хто бацька, дзе ён? Яна так сябе паводзіць, і такія падбірае словы, і такую ўкладвае ў іх інтанацыю, што я забываю розніцу ва ўзросце. Наадварот, усё часцей адчуваю сябе старэйшым за яе. І, можа, усё склалася б інакш, калі б мяне ў хуткім часе не падстрыглі ў войска.

«Ну вось, так заўсёды: толькі добры чалавек сустрэнецца ў жыцці, так расстанне…» І далей: «Хочаш, я буду пісаць табе і чакаць з арміі?»

У Шукшына ёсць апавяданне, як маладога салдата, што вяртаўся з вайны, заманіла да сябе жанчына, падаравала яму начное каханне, а калі салдацік заснуў, абрабавала і знікла. Але салдату напляваць аказалася на шмоткі і нават на такі жорсткі падман, ён бы і сам ёй усё аддаў, для яго гэта было першае каханне і ён запомніў яе на ўсё жыццё, як штосьці яркае, светлае і чыстае.

І калі добразычліўцы нашэптвалі мне яшчэ ў Мікашэвічах, а потым і пісалі ў войска, што мая прыгожая, мілая, не ад гэтага свету Люда — звычайная мясцовая давалка, мне, як таму шукшынскаму салдаціку, глыбока пляваць было…