12. Гарантыйны ліст

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

12. Гарантыйны ліст

Калі адкінуць тагачасную сацыяльную лухту, палітычную атмасферу, якія — толькі фон, у гэтым урывачку як на далоні, як у люстэрку ўсе бліжнія і дальнія планы. Во калі і куды яно сягалася! А яшчэ ж не было ў паміне ні красуні (Г)Алі, ні аднапакаёўкі, ні службы, ні тэорый-прыкідак, як тое гіпатэтычнае, будучае «шчасце» ўтрымаць і зафіксаваць!

Самае дзіўнае, што часткова гэта спрацавала. У Саюзе пісьменнікаў мяне заўважылі, выдалі паперу, у якой на імя рэктара пісалася, што ў выпадку вольнага размеркавання мне гарантуецца праца і жыллё ў сталіцы.

Размахваючы гэтым магічным, усемагутным дакументам (які для блатной інстытуцкай кодлы быў «фількінай граматай»), я — малады, ранні, перспектыўны, удачлівы і шчаслівы — залятаю ў кабінет да дэканшы.

— Вы хочаце вольны дыплом? — будзённа спытала Р.А. — А дзе вы будзеце жыць і працаваць? Трэба хоць маленькая, ілюзорная гарантыя…

— Вось! Не маленькая і не ілюзорная. Ліст з самога Саюза пісьменнікаў.

— А! Тады — усё. Няма праблем. Жалезна. Я падрыхтую рэктара, усіх, усіх… Вы толькі прыдзеце на папярэдняе размеркаванне і распішацеся. І ўсё ў вас будзе цудоўна, у тэатры хадзіць будзеце, на машынах катацца, можа нават кніжку напішаце… Пашэнціла вам!