6. Стрыечны брат

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

6. Стрыечны брат

Чаму адно так убіваецца ў секір-башку, чаму адны ўспаміны-выпадкі пракручваеш у памяці 100 разоў, а другія не ўспомняцца пад пісталетам?

Цудоўная старая мініяцюрка Брыля ў звязі з гэтым. Швэндаецца ў рэдакцыю раёнкі кабеціна з Наваградка, паэтэса з такім узорам паэзіі:

Пры Польшчы быўшы халуём —

Цяпер у «Волгі» за рулём…

І вось жа, піша Брыль, колькі класікі ведаю, колькі сапраўнай паэзіі наслухаўся ў цудоўным выкананні, а засела ж у памяць менавіта гэтае!

Другі клас. Я люблю школу, добра вучуся, бо рана ўмеў чытаць, а гэта — умець чытаць і пісаць — галоўнае, дзеля чаго нас і вучаць. Пасля ўрокаў накідваецца на мяне цэлая банда, лупяць снежкамі, нагамі, рукамі, партфелямі… Нехта абараняе, нехта крычыць: «Утапіць яго, павесіць! Скажам, што сам!»

Нарэшце адступаюцца, я ў крыві, самае жахлівае — гэта ж кожны дзень такое можа быць!

Матцы сказаў, што катаўся на лыжах з трампліна і ўпаў. Назаўтра раніцай з запечанай ў носе крывёю іду ў школу. І ўсё роўна адчуваю, як соладка, вельмі моцна пахне снег. Раптам бачу наперадзе дваіх учарашніх завадатараў, адзін, канечне ж, той самы Адам.

У адчаі, упэўнены, што паўторыцца ўчарашняе, падыходжу.

— Ой, Андрушка, ты такі разумненькі…

— Не кажы настаўніцы, Воль Савелеўне… Не скажаш?

— Ты скажы, што Сцяпан цябе біў. А мы цябе за гэта будзем хваліць, дружыць з табою…

Божа! Бываюць жа дзівы на свеце! Ды я за вас… гатовы… Як жа мне пашэнціла! Сцяпан — мой старэйшы стрыечны брат, але чаго не зробіш дзеля шчасця быць прынятым у камнанію!

Настаўніца, у якой я любімчык, глянула на маю морду і пляснула рукамі.

— Цябе што, білі ўчора? Хто?

— Сцяпан, — мармычу. Сцяпан сядзіць тут жа, пачатковыя класы, і першы і трэці, у адным памяшканні.

У Вольгі Савелеўны ад гневу твар ідзе плямамі. Яна падскоквае і лупіць непавіннага чалавека лінейкаю, рукамі…

Сцяпан плача горкімі слязьмі.