28. Абвяржэнне

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

28. Абвяржэнне

Занадта проста, каб быць праўдай. Крыху наіўна, каб цягнуць на «тэорыю шчасця».

Атрымоўваецца, што любы дыскамфорт, любая хвароба па большасці сваёй надуманыя, несапраўдныя, уяўныя, і яны імгненна знікаюць, калі ты толькі падумаеш і прааналізуеш, да каго ідзеш, каго чакаеш. А так як куды б мы ні йшлі, каго б ні чакалі і што б у нас ні балела — сустрэчы з жанчынаю не пазбегнуць; вось вам і разгадка…

Я хацеў з іроніяй (і прашу прабачэння, што гэтага не атрымалася) перадаць вышэйсказанае.

Вялікіх, паталагічных, ці што, комплексаў у сувязі з г. зв. «усіхнымі хворымі» прадметамі я ніколі не адчуваў. Плаваю, як паплавок, — рыбацтва абавязвае быць з вадою на «ты», са спіртным абыходзіцца навучыўся, крыві і слёз набачыўся больш, чым іншыя вады, шум, гул, стук у вялікім горадзе да таго непазбежны, да таго прытупляе, што хутчэй забаішся цішыні дзе ў лесе, на прыродзе, у адзіноце.

Рука? — трэба проста ведаць, што той, хто «цвёрдую» руку прымяняе, робіць стаўку на кулак — сам няўпэўнены, непаўнацэнны, слабейшы за цябе, і адказаць яму можна або тым самым (калі вы аднолькавых вагавых катэгорый), або смелым позіркам у вочы. І тады кулак абавязкова расціскаецца і ўладальнік «цвёрдай» рукі пачынае больш смяшыць, чым палохаць.

«Не боюсь я обид, ни крутых кулаков, ни воды, ни огня — а при ней словно вдруг подменяют меня…»

Што ж тычыцца жанчыны з яе нагамі і цыцкамі, дык на яе зусім не абавязкова зырыцца, можна ціхенька, апусціўшы вочы, прашмыгнуць міма і за вуглом тройчы сплюнуць.

У перыяд адной з сваіх кантрастных межаў (пра іх мы яшчэ пагаворым), менавіта — у 30 гадоў, я напісаў адну самаабарончую, самаахоўную аповесць, «Банальнае дарожнае знаёмства». Дарослыя мае кнігі тады чамусьці мёртва застопарыліся, не выходзілі, і я вымушаны быў адаптаваць яе да дзіцяча-падлеткавага чытва, і вось яна, усечаная, абрэзаная, кастрыраваная, да гэтага часу гуляе па калектыўных зборніках і кнігах «для сярэдняга школьнага ўзросту». Хачу прывесці ўрывачак з яе арыгінальнай.